менш, прысл.

1. Выш. ст. да прысл. мала. Дзядуля ляжаў на канапе, накрыўшыся старым кажушком: апошнія дні яму нездаровілася, і ён стараўся менш хадзіць. Якімовіч. Пра сябе самога [Нічыпар] гаварыў мала і яшчэ менш пра сваю жонку. Кулакоўскі.

2. У спалучэнні з прыметнікамі, дзеепрыметнікамі і прыслоўямі ўтварае апісальную форму ступені параўнання. Над цёмнымі руінамі і рэдкімі агнямі горада ізноў пераклікаюцца гудкі заводаў. У адказ ім, з вакзала або з далёкай ускраіны даносіцца не менш задорны свіст паравоза. Брыль. Дзед быў узрушаны не менш, чым Міколка. Лынькоў.

•••

Больш-менш гл. больш.

Менш за ўсё — ужываецца пры ўзмоцненым адмоўі; тое, што і зусім не...

Ні больш ні менш (як) гл. больш.

Сама менш — а) менш за ўсіх; б) не менш чым.

Тым не менш — нягледзячы на гэта, аднак, усё ж.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

невыра́зны, ‑ая, ‑ае.

1. Такі, у якім дэталі, моманты вылучаюцца няярка, неяскрава. Андрэй Міхайлавіч бачыў усё, як праз сіта, і таму постаці людзей былі невыразнымі. Самуйлёнак. Хутка поўнач. Дзядуля спіць... У кутах — Невыразныя цені. Лявонны. Дзесьці з-за лесу, нарастаючы і ўзмацняючыся, набліжаўся невыразны шум... Ваданосаў. // Не зусім яскравы; цьмяны. На дарогах і ў нізінах цямнеюць мутныя лужыны халоднай дажджавой вады. А над усім гэтым панурым, невясёлых, пейзажам такое ж шэрае невыразнае неба. Ігнаценка. Як даўні сон, успамінаю трывожныя крыкі, невыразны бляск аўтамабільных фар. Жычка.

2. Не зусім зразумелы; няпэўны. Я падыходзіў да.. [вёскі] з невыразным пачуццём смутку і болю. Лупсякоў. Палонны спыніўся ля крайняй прыступкі, зрабіў невыразны жэст рукой — нешта падобнае на прывітанне. Казлоў.

3. Выказаны недакладна, няясна. Невыразныя думка. Невыразны адказ. □ Галілей муркнуў у невыразным тоне: — Кхе-кхе... Маладосць!.. Зарэцкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дзя́куй,

1. часціца; каму і без дап.; за што, на чым і са злучн. «што». Ужываецца як выражэнне падзякі; дзякую. Дзякуй вам. Дзякуй на добрым слове. □ [Карнейчык:] Дзякуй табе, гаспадынька, няхай цябе бог надорыць усім, чым ты сама хочаш. Крапіва. [Ігнась:] — Дзякуй за прытулак, Дзякуй за хлеб-соль. Сёння, мой дзядуля, Мне пайсці дазволь! Бядуля. Дзякуй глебе, што кожнае зернетка сокам, нібы маці грудзямі, ўскарміла, ўспаіла. А. Вольскі.

2. у знач. наз. дзя́куй, нескл., н. Падзяка, удзячнасць. І ўсёй неабсяжнай радзімы ваякам Мы шлем прывітанне — народнае дзякуй! Броўка. Заслонаў перадаў Дакутовічу партызанскае дзякуй за зброю. Шчарбатаў.

•••

Дзякуй (дзякаваць) богу — а) (у знач. вык.) добра. — Што ў горадзе? — Спакойна. — Дзякуй богу! Гурскі; б) (у знач. вык.) добры, нядрэнны. [Язва:] Праўда, глянуўшы на вас, адразу можна сказаць, што справы ў вас — дзякуй богу. Крапіва; в) (у знач. пабочн.) на шчасце, слава богу. — Ну, дзякуй богу, разышліся, — з палёгкай уздыхнула Вера. Машара.

Дзякуй за ласку (іран.) — ужываецца для выражэння нязгоды з чым‑н.

За дзякуй (іран.) — бясплатна, дарма (зрабіць, выканаць што‑н.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Та́та ’бацька’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Ласт., Касп., Бяльк.), ’тата (памяншальна-ласкальнае)’ (Растарг.), ’бацька (дзіцячае слова)’ (Шымк. Собр.), та́туль ’бацька’ (Сцяшк.), та́тка ’бацька; ласкавы зварот не толькі да мужчын, але і жанчын’ (Ян.), та́то, та ’бацька’ (ТС), та́то ’тата, бацька’ (маст., пруж., кам., Сл. ПЗБ; Федар. 4; Горбач, Зах.-пол. гов.), тату́ля ’бацька’ (Ласт., Мат. Маг.), ’тата (памяншальна-ласкальнае)’ (Растарг.), тату́лё ’хросны бацька’ (Сцяц. Сл., Сцяц.), тату́ля, тату́ня ’ласкавы зварот да бацькі, святара і дзіцяці’ (Нас.), тату́лька ’тата’ (Касп.), ’хросны бацька’ (віл., Сл. ПЗБ), ’пачцівы зварот да святара’ (Нас.), тату́ленька ’бацюшка, святы айцец — зварот да святара; зварот да чужой асобы пры здзіўленні’ (Нас.), тату́лечка ’тс’ (Нас.), та́тусь ’бацька’ (Скарбы, Сцяц. Сл., Сцяшк.), ’тата (ласкальнае)’ (воран., шчуч., Сл. ПЗБ), ’хросны бацька’ (Мат. Маг.), ’тата (зневажальнае)’ (Сцяц.), та́тусь ’бацька’ (Ласт.), ’хросны бацька’ (Сл. Брэс., ТС, Касп.), ’бацюшка, святы айцец — пра святара’ (Нас.), та́туська ’хросны бацька’ (Мат. Маг.), та́тушко ’татка’ (Сцяц., Сцяц. Сл.), тату́лечка, тату́лька, тату́сечка, тату́ся, тату́хна ’тата (памяншальна-ласкальнае)’ (Растарг.), ’татуля (ужываецца ў песнях)’ (Бяльк.), та́ты ’тата’ (Сцяшк.), та́тычка ’памяншальнае да тата’ (Бяльк.), ст.-бел. тато ’тата’ (XVII ст., КГС). Укр. та́то ’тата’, дыял. та́та ’тс’, рус. дыял. та́та ’тс’, польск., н.-луж. tata, tato, в.-луж. tata, чэш. táta, славац. tata, tato, славен. táta, tátek, серб.-харв. та̏та, та́та, та́то, дыял. та̏тe, балг. та́те, тато, дыял. та́та ’мой бацька’, макед. тате ’татка, бацька (пры звароце)’, ст.-слав. тата. Прасл. *tata ’бацька, тата’ з першаснага дзіцячага падваення складоў, як і паралельныя ст.-інд. tatáḥ ’тата’, tātaḥ ’тата, сын, мілы’, хец.-лув. tati‑ ’бацька’, грэч. τέττα, τάτᾶ — клічная форма (пры звароце да бацькі), лац. tata ’тата’, карнуэлск. tat ’тс’, літ. tė̃tis, tė̃tė ’тс’, лат. tētis, tēte ’тс’, прус. thetisдзядуля’ (ЕСУМ, 5, 527; Фасмер, 4, 26; Брукнер, 567; Махэк₂, 637; Борысь, 629). Частка слоў адлюстроўвае клічныя ці ўсечаныя формы або ўскладнена памяншальна-ласкальнымі суфіксамі.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

адку́ль, прысл.

1. пытальнае. З якога месца? — Адкуль самі будзеце, дзядуля? — запытаўся я. Скрыган. Баян замоўк. Да баяніста Падходзіць дзед. — Скажы, браток, Адкуль ты? Дзе твой край-куток? Колас. Выраз яўнага здзіўлення мільгануў на тварах: што гэта за чалавек, адкуль з’явіўся ён у такую пару... Лынькоў. // З якой крыніцы? ад каго? — Эдэм! Эдэм!.. — смяялася яна. — Адкуль бярэш ты гэтакія словы! А. Астапенка. — Адкуль у цябе гэтулькі дабра? — пытаецца багаты брат у беднага. Якімовіч. // Ужываецца ў клічна-пытальных сказах пры выказванні нязгоды, адмаўлення чаго‑н. [Суседка:] — А я казала свайму: не сёй у панядзелак. Пільнуйся старога Юстыня! Не паслухаў. Ну і вырас лянок... Толькі адна кудзеля і будзе. Адкуль той кужаль! Чарнышэвіч.

2. адноснае. Ужываецца як злучальнае слова: а) для падпарадкавання даданых сказаў месца (часта ў адпаведнасці з суадноснымі словамі «там», «туды», «адтуль» у галоўным сказе). Крамарэвіч ускінуў руку, і граната разарвалася там, адкуль крычалі. Чорны. Маша хітра ўсміхнулася і глянула туды, адкуль усё мацней і мацней даносіўся стукат матацыкла. Кулакоўскі. [Лабановіч:] — Унь там Мікуцічы, а вось дарога на станцыю. Ідзіце, адкуль прыйшлі. Колас; б) для падпарадкавання даданых азначальных сказаў (часта ў адпаведнасці з суадносным словам «той» у галоўным сказе). Дзед прытаіўся за дубам і стаў углядацца ў той бок, адкуль даносілася.. шорганне ног невядомага чалавека. Колас. Мы з бацькам стаім і глядзім у той бок, адкуль да нас ідзе, па лугавой дарозе чалавек. Брыль. Каця.. згладжвае крайкі зляжалае зямлі, адкуль толькі што выняла мадэлі. Скрыган; в) для падпарадкавання даданых дапаўняльных сказаў. [Дзед Бадыль:] Пакутуем, чалавеча. Проста гінем і не ведаем, адкуль паратунку чакаць. Крапіва. Адкуль у старой бяруцца сілы, цярплівасць, прывет — ніхто з нас не дзівіцца. Брыль.

•••

Адкуль (толькі) ногі ўзяліся гл. нага.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сячы́, сяку, сячэш, сячэ; сячом, сечаце, сякуць; пр. сек, ‑ла; незак.

1. каго-што. Удараючы з размаху чым‑н. вострым, раздзяляць на часткі; рассякаць. Ідучы ў інтэрнат паўз дрывотню, хлапец бачыў, як старэнькі дзядуля, начны вартаўнік, сячэ дровы. Кулакоўскі. Людзі секлі трыснёг на кавалкі, расшчэплівалі на пласцінкі і склейвалі іх. Атрымліваліся лісты. Мяжэвіч. // Шматкратна ўдараючы чым‑н. вострым, здрабняць. Баба секла ў цэбрыку сырую бульбу. Сякач так і мільгаў уніз-уверх у яе руках. Паўлаў. А дворніца гэтак стараецца І наледзь няшчадна сячэ. А. Вольскі. // Ударамі збіваць, пашкоджваць. Стаяць халмагоркі, Крычаць певуны, Памост капытамі Сякуць скакуны. Калачынскі. // Рассякаць хуткімі рухамі, ударамі (паветра, ваду). Сякуць крыламі ластаўкі Распалены блакіт. Панчанка. Два шырокія промні секлі цемру, палохалі яе, жахалі. Пташнікаў. // Высякаць, здабываць (вугаль, гліну і пад.). Сячы вугаль.

2. каго-што. Падсякаць, валіць на зямлю, аддзяляць ад асновы; ссякаць. Сячы лес. □ Тут жа, на лабяку паўз дарогі, жанчыны секлі лысыя качаны капусты. Дуброўскі. Некалькі чалавек ачышчалі месца пад забудову — секлі кусты і раўнавалі грунт. Чорны. / у перан. ужыв. — За такія памылкі галовы сякуць, — сказаў шэф. Новікаў. // Паражаць халоднай зброяй. Відаць, як узнімаюцца і апускаюцца постаці людзей, што махаюць вінтоўкамі з вострымі штыкамі, як рвуцца коні табун на табун, і людзі сякуць адзін аднаго шаблямі... Кавалёў.

3. што. Спец. Абчэсваць (камень). Сячы камень. // Вырабляць (з каменя) абчэсваннем; высякаць.

4. каго-што. Біць, караць (розгамі, бізуном і пад.). Маці таксама хвастала чым папала. Але секла яна з асцярогай. Асіпенка. Прадзеда майго пан Хвастуноўскі часта сек за грубіянства. Гарэцкі.

5. каго-што і без дап. Ліць моцна, струменямі. А дождж сячэ, і ўсё цячэ, у грум бяжыць вада. А. Вольскі. // З сілай біць, хвастаць (пра дождж, град і пад.). Жыта сек за хатай град І ў сосны, біўся ён са звонам. Куляшоў. Пасля дажджу, які некалькі дзён запар сек пажоўклую траву і збіваў чырвонае лісце з дрэў, усюды блішчалі лужыны. Хомчанка. // Хвастаць, удараць чым‑н. Ногі грузлі ў .. торфе, і нябачнае ў змроку вецце секла ў твар. Навуменка. // Рэзаць (пра траву і пад.). Маладая асака сячэ босыя ногі. Бажко.

6. Разм. Весці бесперапынны моцны абстрэл. Па гасцініцы зноў ударыла артылерыя, кулямёты секлі шквальным агнём. Грахоўскі.

7. каго-што. Разм. Кусаць (пра насякомых). Аваднёў цяпер многа, і сляпні сякуць жывёлу. Рылько.

8. перан. Гаварыць, выказвацца пра каго‑, што‑н. вельмі рэзка, рашуча. Аўдзей Іванавіч у крэсле закрактаў: — Цыц! Зноў языку ты [Сымон] волю даў? Вунь, пасівелі твае скроні, А розуму ніяк не нажывеш, Усё з пляча сячэш... Валасевіч.

9. што. Разм. Грызці, прагрызаць дзіркі дзе‑н. (пра мышэй). Мышы сякуць салому.

10. што і без дап. Разм. Рабіць што‑н. хутка, у тэмпе. Гадзіны паўтары Савоська не пераставаў сячы на цымбалах. Чарот.

•••

Сячы ў вочы — адкрыта гаварыць праўду.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)