Ня́хаць ’бегаць у пошуках спажывы’. Няясна; магчыма, звязана з Ахаць (яхыць) ’брахаць (пра сабаку, які праследуе здабычу)’, гл. Параўн. таксама нах‑нах! ’падзыўныя воклічы для сабакі’ (мсцісл., З нар. сл.), якое разглядаецца як фанетычнае перайманне голасу сабакі, што праследуе звера (Тура, Этнолингвистика текста. Семиотика малых форм фольклора, І. Тез. и предв. мат-лы к симп. М., 1988, 107); у такім выпадку змякчэнне можа мець экспрэсіўны характар, параўн. ня‑ня ’тс’ (гл.), рус. нех‑нех ’словы, якімі падклікаюць сабак’.

Няха́ць, няхаіць ’адкладваць справу з-за гультайства ці нядбальства’ (Нас.), укр. нехати ’не рухаць’, нехаяти ’не дбаць; ігнараваць што-небудзь’, рус. нехати ’пакідаць, пушчаць’, польск. niechać ’дапускаць, дазваляць; не рухаць, пакідаць у спакоі, не звяртаць увагі’, чэш. nechati ’тс’, славац. nechať ’тс’, в.-луж. njechać, н.-луж. njechaś ’не цікавіцца, не мець жадання’, палаб. nechat ’пушчаць’, славен. nehati ’перастаць, пусціць’, серб.-харв. не xäjam ’не звяртаць увагі, не клапаціцца’, балг. нехая ’не турбавацца, не клапаціцца’. Прасл. *nechajati/*nechatiy утворанае ад *chajati/*chatiy этымалагічна не зусім яснага, параўн. Бязлай, 1, 190; Шустар-Шэўц, 13, 1010; Фасмер, 3, 70; Махэк₂, 394. Параўн. хаяць (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

раскашава́цца, ‑шуюся, ‑шуешся, ‑шуецца; заг. раскашуйся; незак.

Разм.

1. Жыць у раскошы, мець усяго ў дастатку. [Шэмет:] — Я ведаю, што табе цяжка. У цябе дзяцей поўная хата. А хто, скажы, некалі раскашаваўся, калі трэба было хату ставіць? Лобан. Ведама, і сябе не крыўдзіць [Мікалай Мікалаевіч]. Хто там важыў, колькі жыта ўрадзіла; .. хто лічыў, колькі свіней закалолі. От і раскашуецца. Грахоўскі. // Дазваляць сабе што‑н. лішняе, звыш патрэбы. — Ну, добра, дзядзька Клеманс... Толькі там не надта раскашуйся! — Не бойся, я лішняга [лесу] не ссяку. Чарнышэвіч.

2. і (рэдка) зак. Жыць (пачаць жыць) або размяшчацца (размясціцца) дзе‑н. вельмі свабодна, на вялікай плошчы. «Цесната. Не вельмі яны тут раскашуюцца», — падумала Яніна, але ўраз жа ўспомніла пра чаканую новую кватэру. Марціновіч. Да Мінска Міхед раскашаваўся адзін, а ў Мінску ў купэ зайшлі мужчына з дзвюма жанчынамі, з выгляду калгаснікі. Сабаленка. // Расці (парасці) буйна, на прыволлі. Там [на пустыры] нават трава людская не расце. Адзін, сівец з быльнягом толькі раскашуюцца ўлетку. Якімовіч. Было ціха і спакойна, густа пахла .. тарфяным пылам, крапівой, якая раскашавалася пад платамі. Кудравец. Рэдка пасеюць — раскашуецца, забуяе; густа — таксама не разгубіцца, уверх пачне расці. Сачанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Ра́чыць ’жадаць, спрыяць, быць ласкавым’ (Нас., Мат. Гом., Сл. рэг. лекс.), ’раіць’, ’зрабіць ласку, уважыць просьбу’ (Варл.), рачы́ць ’ласкава запрашаць’ (Ласт.), ра́чыты ’жадаць’ (кобр., Жыв. сл.), ст.-бел. рачити ’любіць, турбавацца; рабіць ласку, згаджацца’ (Ст.-бел. лексікон). Сюды ж рачы́цца ’адгаворвацца, адракацца’ (маладз., Жыв. сл.), а таксама ў спалучэнні бажыцца‑рачыцца: бо́жыцца‑ро́чыцца, што не ён (Янк. 3.), магчыма і рачо́н ’рады, задаволены’: рачон быў куску хлеба (Сл. ПЗБ). Традыцыйна разглядаецца як запазычанае з польск. raczyć ’хацець, жадаць’ (Кохман, Polonica, 71; Булыка, Запазыч., 275), што цяжка давесці ў сувязі з ужываннем у народнай мове і шырокай вядомасцю ў славянскіх мовах, параўн. укр. ра́читидазваляць, рабіць ласку’, рус. ра́чить ’жадаць, садзейнічаць, клапаціцца, старацца’, польск. raczyć, чэш. račiti, славац. račiť, славен. ráčiti ’хацець, рабіць ласку’, серб.-харв. ра́чити ’жадаць’, балг. ра́ча ’хацець, жадаць’, ст.-слав. рачити ’тс’. Прасл. *račiti, хутчэй за ўсё, да *rekti ’сказаць, заявіць’ (гл. рэкнуць), каранёвае a адлюстроўвае ступень падаўжэння (*rōk‑), звычайную для ітэратываў (Фасмер, 3, 451; ESJSt, 12, 744, з аглядам версій і літ-ры); лічыцца роднасным ст.-в.-ням. ruohhen ’клапаціцца’, ням. geruhen ’рабіць ласку’ (Бязлай, 3, 143; БЕР, 6, 193).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

веле́ть

1. сов. сказа́ць; (приказать) загада́ць, наказа́ць; (распорядиться) распарадзі́цца; (не велеть) не дазво́ліць, забарані́ць;

полко́вник веле́л прийти́ палко́ўнік загада́ў прыйсці́;

князь велел кла́няться князь сказа́ў кла́няцца;

он велел перенести́ ве́щи в другу́ю ко́мнату ён распарадзі́ўся перане́сці рэ́чы ў другі́ пако́й;

2. несов. каза́ць; (приказывать) зага́дваць; нака́зваць; (распоряжаться) распараджа́цца; (не велеть) не дазваля́ць, забараня́ць;

так велит мне долг так ка́жа мне абавя́зак.

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

Лад ’згода, дружба’, ’узорны парадак’, ’спосаб, манера, узор’, ’уклад жыцця’, ’дзяржаўная ці грамадская сістэма’, ’настрой, гумор, тон’ (Нас., Бяльк., Яруш., Шат., КЭС, лаг.), ’звычай’ (Сл. паўн.-зах.), ’змовіны сватоў’ (Шат.), (бабскі) лад ’распараджэнне’ (Нас.), ла́дам ’прыгожа, у згодзе, у лад’ (Нас.), лады́ ’згода’ (Юрч. Вытв.), ’змовіны’ (Сл. паўн.-зах.), не з лада мужык, не з лада жонка ’без кахання’ (паўд.-усх., КЭС). Укр. лад ’парадак, упарадкаванне’, ’звычай, агульнапрынятыя правілы прыстойнасці’, ’спосаб, манера’, ’такт’, ’распараджэнне’, ’узаемная згода’; рус. лад ’торг, дамаўленне’, ’змовіны’, ’згода, мір’, ’парадак’; польск. ład ’гарманічны ўклад, парадак’. Чэш. lad ’гармонія, прыгажосць’ < рус. лад; славац. lad ’упарадкаванне, спосаб’ < чэш. lad; в.-луж. ład ’парадак, планавасць’ < чэш. ці з польск.; літ. lõdas ’сужыццё, згода’ < польск., бел. ці з рус. моў. Існуючыя слав. лексемы можна ўзвесці да паўн.-слав. ladъ ’парадак, гармонія, урэгуляванасць’, якое не мае надзейнай этымалогіі. Так, Мікала (UG, 3, 24) звязвае яго з гоц. lētan ’пускаць, дазваляць’ < і.-е. *lēd‑. Міклашыч (159), Младэнаў (268), Праабражэнскі (1, 426) суадносяць са слав. lagoda. Зубаты (AfslPh, 16, 397; Studie, 1 (2), 102) рэканструюе аснову *lā‑. Фасмер (2, 447) рашуча адмаўляе меркаванне Бернекера (1, 683) аб сувязі ladъ з ірл. laaim ’кідаю, кладу, пасылаю, стаўлю’ і ст.-грэч. ἐλάω і інш. ’ганю’, які выводзіў з гэтага агульнае значэнне ’парадак, гармонія, слой, каханне’ і збліжаў гэта з польск. skład, składny. Бел. лад як музычны тэрмін — сэнсавая калька з рус. мовы (Крукоўскі, Уплыў, 151).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

предоставля́ть несов.

1. (давать в пользование чего-л., давать возможность обладания) дава́ць; аддава́ць; уступа́ць;

предоставля́ть возмо́жность дава́ць магчы́масць;

предоставля́ть ме́сто дава́ць ме́сца;

предоставля́ть свою́ кварти́ру в чьё-л. распоряже́ние аддава́ць (уступа́ць) сваю́ кватэ́ру ў чыё-не́будзь распараджэ́нне;

2. (давать возможность делать что-л., распоряжаться чем-л.) дава́ць (магчы́масць, пра́ва, дазво́л і да таго́ падо́бнае); пакіда́ць; дазваля́ць;

предоставля́ть все удо́бства дава́ць усе́ выго́ды;

предоставля́ть вы́бор дава́ць магчы́масць (пра́ва) выбіра́ць (вы́браць);

предоставля́ть реше́ние вопро́са кому́-л. пакіда́ць вырашэ́нне пыта́ння на каго́е́будзь, дава́ць магчы́масць (пра́ва) вы́рашыць пыта́нне каму́е́будзь;

предоставля́ть чьему́-л. усмотре́нию пакіда́ць на чыё-не́будзь меркава́нне (вырашэ́нне);

предоставля́ть до́брой во́ле пакіда́ць на до́брую во́лю;

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

Луна́1 ’зарава’ (Бес.), у выразе: хадзіць па луне ’быць лунацікам’ (віл., Сл. ПЗБ), луна́ ’рэха’ (Растарг.), ’маладзік’ (добруш., Бел. хр. дыял.). Укр. луна́ ’водбліск, зарава’, ’рэха, водгулле’, рус. луна́ ’месяц’, ’водбліск на небе’, ’промень святла’, ’асветленае праменямі святла неба’, паўд. ’рэха’; польск. łuna ’водбліск моцнага святла, вялікага агню’, ’святло’, ’вясёлка’, ’чырвонае неба’, ’чырвань на шчоках’, каш. łu̇na, łǫna ’чырвань агню’, палаб. lau̯nǝ, lai̯nǝ ’месяц’, чэш. і славац. (паэтыч.) luna, ст.-чэш. luna ’промень, святло, бляск’, ’месяц’, славен. lúna ’месяц’, młȃdạ, pȍu̯nạ łȗnạ ’маладзік’, серб.-харв. чак. lunȁ, дуброўн. lȗna ’вясёлка’, макед. (паэтыч.) луна і серб.-харв. лу́на ’месяц’, балг. луна́ ’тс’, ст.-слав. лоуна ’тс’, ц.-слав. ’святло месяца’. Прасл. luná ’бляск, водбліск’, ’месяц’, ’вясёлка’, якому адпавядаюць: ст.-прус. lauxnos ’свяцілы’, лац. lux ’святло’, lūna ’месяц’ (у больш старажытным напісанні losna), авест. raōχšmā‑ ’святло, бляск’, ст.-ірл. lūan ’тс’, ’месяц’, ст.-грэч. λευκός ’светлы’, λύχνος ’свяцільнік, ліхтар’, ст.-в.-ням. liehsen ’ясны’, арм. lusin ’месяц’, тах. lukśanu ’які свеціцца’. І.‑е. праформа *louk‑s‑nā ’свяціла’, ’якая свеціцца’ суадносіцца з дзеясловам *leuk‑/*louk‑ (Бернекер, 745; Фасмер, 2, 533; Слаўскі, 5, 308–311; Мее, Études, 130, 442, 444; Скок, 2, 330–331; Махэк₂, 344; БЕР, 3, 509–510; Аткупшчыкоў, Из истории, 234). Мартынаў (Балта-слав.-іт. ізагл., 30) мяркуе, што прасл. luna з’яўляецца інфільтрацыяй іт. louksnā на зах.-балт. арэале.

Луна́2 ’ленасць, гультайства, нерухавасць’ (КЭС, лаг.). Да лунь3 ’гультай’ (гл.). Магчыма, тут назіраецца пэўны ўплыў на семантыку з боку лексем лунацік, хадзіць па луне́.

Луна́3 ’невялікая хмарка’ (гродз., бяроз., Сл. ПЗБ), ваўк. лунёк ’хмарка’ (там жа). Першапачаткова было лунь (ці ⁺лунъ), а жаночы род з’явіўся пад уплывам лексемы хмара (а, магчыма, і луна ’водбліск’), параўн. лунь, лунёк ’невялікая дажджавая хмара’ (віл., Жыв. сл.), ’здань, прывід’, луні́ ’кучаравыя воблакі’ (віл., Нар. лекс.), лунь ’белы балотны туман’ (ТСБМ). Названа паводле бела-шэрага колеру, бледнага водбліску. Генетычна да лупа́1 (гл.). Сюды ж луні́сты ’хмарны’ (віл., Сл. ПЗБ).

Луна́4 ’незарослае вадзяное месца ў балоце, якое адсвечваецца’ (зах.-бел., Яшк.). З лума́ > лу́міна (гл.). Відавочна, сема ’водбліск’ і вызначыла фіналь, аформіўшы яго ў ‑на, як ⁺луна́ (гл. луна́1), якое зафіксавана ў в.-дзв. гаворках у мн. ліку: луны́ ходзюць ’блішчаць, пераліваюцца, льсняцца’ (Сл. ПЗБ). Параўн. таксама лу́нка, лу́нька (гл.).

Луна5 ’няшчасце, бедства’ (Шат.). Генетычна роднаснае да укр. лун, лунь у выразе лу́на пійма́ти ’памерці’, рус. луна́ ’смерть’ і, магчыма, да балг. лу́на ’моцны вецер з віхром’, лу́на і лу́ня ’бура’ (Дурыданаў, Болг. русистика, 1979, 4, 32–34), а таксама чэш. кіёўск. luňák ’хуткі вецер’. Утвораны пры дапамозе старога суфікса ‑на (< прасл. ‑na) ад асновы лу‑, якую Буга (Rinkt, 2, 373), Фасмер (2, 533), разглядаючы рус. луна́ ’смерць’, бачаць у роднасных літ. lavónas і liavónas ’труп’, liáujuosi gyvenęs, прус. au‑laũt ’памерці’, liáutis, paliáuti ’спыняць’, лат. ļaũt ’дапускаць, дазваляць’; сюды ж прасл. lěviti: укр. ліви́ти ’слабець’, чэш. leviti ’палягчаць’; гоц. lēwjan ’аддаваць на што-небудзь’. Сюды ж лу́нуць (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

трыма́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго-што.

1. Узяўшы ў рукі (зубы, рот і пад.), не даваць выпасці. Трымаць лыжку. Каршун трымаў у дзюбе кураня. □ Настаўніца трымала ў руцэ бліскучы цыркуль. Даніленка. Ён кол маланкаю хапае: — Тхор! тхор! Дзяржы яго! — галосіць, Гарачка дзядзьку так і носіць, Бяжыць, тхара ён даганяе, Напагатове кол трымае. Колас. // Браць, атрымліваць што‑н. — Быў Хвядос у нас у атрадзе, дык ён яму [бандыту] вінтоўку ў зубы, трымай, кажа. Галавач. // Мець сілы, магчы рабіць што‑н. [Сымон:] — Дні ўжо мае мін[у]лі. Рукі не так ужо моцна Вёслы трымаюць. Танк. А ўсе, хто мог трымаць у руках рыдлёўку, ад цямна да цямна працавалі на балоце. Паслядовіч. // Умець карыстацца якім‑н. інструментам, прыладай і пад. Васіль таксама ездзіў з маткаю, прывучаўся трымаць плуг, праганяць разору. Кулакоўскі. // Схапіўшы за што‑н., не адпускаць ад сябе або перашкаджаць руху. Воддаль слуга трымаў за павады пару асядланых коней. Крапіва. // Абняўшы рукамі, утрымліваць каго‑, што‑н. Трымаць дзіця на руках. □ Бо гэта вельмі цяжка — трымаць у абдымках маці, гаварыць ёй пяшчотныя словы, што бярог доўгія гады, і бачыць, што яна іх не чуе. Мехаў.

2. перан. Захоўваць за сабою; утрымліваць у сябе. За добрую работу калектыў .. трымае пераходны Чырвоны сцяг. «Маладосць». Так, нялёгка трымаць званне першага футбаліста ў вёсцы! Гамолка. // Захоўваць некаторы час. Іх [сосен] цёмна-зялёны кажух яшчэ трымае ўчарашняе нагрэтае сонцам паветра. Федасеенка. Пра Хмару нават гутаркі няма, яе слядоў я [Вецер] не пакіну ў небе. А Сонца жар не здолее трымаць, я прахалоду дам людзям і глебе. Дубоўка. // Утрымліваць, абараняць што‑н. ад непрыяцеля. Кустамі, пералескамі прабіралася Настачка да лініі абароны, якую мужна трымалі партызаны. Кавалёў. // Утрымліваць у асадным становішчы. Трымаць ворага ў асадзе. // Стрымліваць, спыняць каго‑, што‑н. Дамба трымае ваду. □ Няспынна, цеснаю сцяною Мяцежнікі ідуць да гор; Шахцёры мужнасцю адною Трымаюць іх круты напор. Глебка.

3. Прымушаць знаходзіцца, пакідаць дзе‑н. супраць волі, не выпускаць. Трымаць пад арыштам. Трымаць у палоне. Трымаць у турме. □ [Салдат:] — Было страшна, калі білі, калі ў пакаранне па цэлых сутках трымалі без яды, калі саджалі ў карцэр — сыры цёмны склеп, дзе вяліся пацукі і кажаны. Васілевіч.

4. Мець у сябе, у сваёй уладзе; кіраваць кім‑, чым. Трымаць у руках дзяржаўную ўладу. □ Трымаюць людзі катоў не так за іх работу, як з ласкі: жывому ж недзе жыць трэба. Калюга. [Паасобныя галасы:] — Тут трэба так, як па статуту належыць, а ты сабе хоць і карову трымай. Скрыган. // Мець у сябе ў якасці работніка. [Бабрук:] — Парабкаў, кажа, ды наймічак трымаў. Час быў такі, не я адзін трымаў. Брыль.

5. перан. Мець у духоўным падпарадкаванні. [Сцёпка:] — Бог, рай, той свет — усё гэта выдумкі, каб трымаць народ у страху і паслушэнстве. Колас. // Мець пад наглядам, пад прыцэлам. Сам прыстаў трымаў .. [Адася Гушку] перад сабою нешта гадзін са тры, а пасля пусціў, загадаўшы сваім людзям не спускаць яго залішне з вока. Чорны. // Разм. Абыходзіцца з кім‑н., адносіцца да каго‑н. нейкім чынам. [Гаспадыня:] — [Трахім] мне што казаў? Тое ж самае: трымай Гараньку ў строгасці. Савіцкі. // Мець пастаянна пры сабе (у якасці паклонніка, сімпатыі і пад.). [Анна Паўлаўна:] Нашто табе наогул трымаць яе [Зёлкіну] каля сябе? [Гарлахвацкі:] Як жа каля сябе? Проста яна працуе ва ўстанове, як і ўсе. Крапіва.

6. Надаўшы чаму‑н. якое‑н. становішча, захоўваць яго на некаторы час. Трымаць дзверы адчыненымі. // Падтрымліваць, захоўваць у якім‑н. становішчы, парадку. Трымаць кватэру ў чысціні. □ Гаспадарлівыя рукі, у меру патрэбы, давалі сценам рамонт і трымалі іх у ашчадзе ад вільгаці. Чорны. // Падтрымліваць, прытрымлівацца, выконваць. Трымай нагу ў паходны такт. Гарніст, іграй, звіні! Броўка.

7. Быць, служыць апорай чаму‑н.; падтрымліваць. Страху трымаюць кроквы і латы. □ Намеснікавы ногі, відаць, трымалі свайго гаспадара не дужа надзейна, бо ён абедзвюма рукамі ўхапіўся за лаўкі. Навуменка.

8. Аддаваць куды‑н. на які‑н. час; захоўваць дзе‑н. Трымаць грошы ў ашчаднай касе. Трымаць сшыткі ў шафе. // Мець пры сабе. [Скіба:] Дакументаў я вам не пакажу, бо пры сабе іх не трымаю. Крапіва. Недарэмна ён [камуніст] дбае, працуе як след, Каля сэрца трымае партыйны білет. Куляшоў. // Пакідаць што‑н. у сябе, не аддаваць. Тварыцкі трымаў у сябе ўкрадзеныя ў банку дзяржаўныя грошы. Чорны.

9. Забяспечваць сродкамі на жыццё. З жалем зірнуў Андрэй на маці і зразумеў, што яна больш не работніца. Ён павінен замяніць яе, каб трымаць сям’ю, а думаць пра вышэйшую адукацыю няма чаго... Чарнышэвіч. Праца чалавека трымае і ўзбагачае, а гультайства псуе. Прыказка. // Мець у рэзерве што‑н. Трымаць канцэнтраваны фураж на пасяўную. // Мець на продаж або для іншага выкарыстання. Трымаць качак і курэй. // Уст. Мець якое‑н. прадпрыемства. [Юрый:] — Мой бацька паравы млын трымаў, быў першым чалавекам на ўсё сяло. Навуменка. [Савулеску:] — Я і Андрыяна пераехалі ў Канстанцу. Там Андрыяніна цётка карчму трымала. Хомчанка.

10. Разм. Здаваць каму‑н. за плату памяшканне. [Старая:] — А .. [падчарыца з мужам] сабе, як панкі, — усё па курортах ездзяць. Дзіва: гэтулькі кватарантаў трымаюць, а ён, яшчэ ў нейкай канторы за начальніка. Вышынскі.

11. Разм. Рухацца ў якім‑н. напрамку. На Варшаву шлях трымалі. Бядуля. Пазняку спадабаўся такі рэцэпт, і ён амаль кожны дзень, скончыўшы службовыя справы, садзіўся на веласіпед і трымаў кірунак за горад, у лес. Дуброўскі. — Трымай, Бажэнка, правым бокам, На ворага ў абход! Броўка.

12. Мець кантакты з кім‑, чым‑н. Загадчыца бібліятэкі Аляксандра Панцюхова трымае цесную сувязь з мясцовай школай. «ЛіМ».

13. перан. Наводзіць сябе адпаведным чынам. Умець трымаць сябе сярод людзей.

14. перан. Не выпускаць з памяці, з думак; не забываць пра каго‑, што‑н. Трымаць у памяці наказ сяброў.

15. Утрымліваць, трымацца (пра мароз і пад.). Лёд трашчыць, але трымае. □ Раніцамі трымаў марозік, днём свяціла сонца. Чарнышэвіч.

16. У спалучэнні з некаторымі назоўнікамі азначае: ажыццяўляць, выконваць, здзяйсняць тое, аб чым гаворыць назоўнік. Трымаць экзамен. Трымаць ініцыятыву. Трымаць адказ.

•••

Ногі не трымаюць гл. нага.

Так трымаць! — а) каманда рулявому трымаць курс; б) працягваць работу, як і пачалі.

Трымаць банк — паставіўшы грошы на кон, весці гульню супраць партнёраў.

Трымаць вуха востра — не быць вельмі даверлівым, быць асцярожным, пільным.

Трымаць вуха трубкай — пільна прыслухоўвацца да чаго‑н., сачыць за чым‑н., каб не наклікаць бяды на сябе.

Трымаць высока сцяг — з годнасцю прадаўжаць і развіваць што‑н.

Трымаць галаву высока — паводзіць сябе горда, з пачуццём уласнай годнасці.

Трымаць за язык — не дазваляць гаварыць каму‑н.

Трымаць камень за пазухай — тое, што і насіць камень за пазухай (гл. насіць).

Трымаць курс (кірунак) — рухацца ў пэўным напрамку.

Трымаць лейцы ў руках — мець у сваіх руках уладу, кіраўніцтва.

Трымаць (вытрымліваць) марку — падтрымліваць сваю рэпутацыю, годнасць.

Трымаць на аброці — трымаць у пэўных рамках, у паслушэнстве. [Лукавіцын] умеў трымаць сэрца сваё на аброці, прыкрываючы яго .. панцырам практычнага розуму ад небяспечных стрэл амура. Крапіва.

Трымаць на адлегласці — пазбягаць блізкіх адносін, сувязей з кім‑н.

Трымаць на ланцугу; трымаць на прывязі каго — не даваць каму‑н. свабоды ў дзеяннях, учынках і пад.

Трымаць на мушцы — пазіраць, сачыць за кім‑, чым‑н.

Трымаць нос па ветры — прыстасоўвацца да абставін, беспрынцыпова мяняць свае паводзіны, свае погляды.

Трымаць пад замком каго-што — а) не выпускаць з памяшкання (арыштаванага, злачынца і пад.); б) не даваць карыстацца чым‑н.

Трымаць пад сваім крылом каго-што — апекаваць каго‑, што‑н., заступацца за каго‑, што‑н.

Трымаць пад сукном — не даваць ходу чаму‑н.; неаператыўна вырашаць якую‑н. справу.

Трымаць порах сухім — быць заўсёды гатовым да абароны.

Трымаць пры сабе (думкі, погляды) — не выказваць уголас, публічна.

Трымаць рукі па швах — слухаць і не пярэчыць.

Трымаць руку каго, чыю — заступацца за каго‑н., быць на чыім‑н. баку, адстойваць думку каго‑н. Па судзе я буду трымаць тваю руку. Скрыган.

Трымаць слова — выконваць абяцанне.

Трымаць сябе ў руках — стрымліваць свае пачуцці, падпарадкоўваць іх сваёй волі, валодаць сабой, захоўваць вытрымку.

Трымаць у галаве (у думках, у памяці, наўме) — пастаянна думаць, помніць пра каго‑, што‑н.

Трымаць у кулаку — а) трымаць у поўным падпарадкаванні. Валя таксама засмяялася: вельмі ж непадобна было, што такога чалавека, як Пятро Аляксеевіч, трэба трымаць у кулаку. Шамякін; б) сабраць разам каго‑, што‑н. Было нешта і станоўчае ў тым, што Гаруноў усё [справы, людзей] трымаў у сваім кулаку. Дуброўскі.

Трымаць у полі зроку — наглядаць за кім‑, чым‑н., не спускаць з вачэй каго‑н.

Трымаць у сабе — не выказваць, стрымліваць свае пачуцці.

Трымаць у сакрэце — не выдаваць таго, што павінна захоўвацца ўпотай.

Трымаць у сваіх руках — мець у сваім падпарадкаванні каго‑н., не даваць волі каму‑н.

Трымаць у струне — не распускаць, трымаць вельмі строга. Антон трымаў унука ў струне. Вітка.

Трымаць у шорах — прымушаць паводзіць каго‑н. пэўным чынам; абмяжоўваць свабоду дзеянняў каго‑н.

Трымаць у чорным целе — сурова, строга абыходзіцца з кім‑н.

Трымаць фасон — а) прытрымлівацца адпаведных норм паводзін; б) трымацца з шыкам; фарсіць.

Трымаць язык за зубамі — маўчаць, не гаварыць лішняга, быць асцярожным у выказваннях.

Трымаць язык на прывязі — маўчаць, не гаварыць лішняга.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)