магу́тнасць, ‑і, ж.

1. Уласцівасць магутнага (у 2, 3 знач.); вялікая сіла, моц. Магутнасць дзяржавы. Магутнасць арміі. □ Сталіца! Магутнасць твая незлічона. Броўка.

2. Спец. Таўшчыня пласта (мінералаў, паветра, вады і пад.). Магутнасць тарфянога залежу. Магутнасць пласта калійнай руды. Магутнасць атмасферы.

3. Спец. Велічыня, якая паказвае адносіны работы да часу, на працягу якога яна выканана. Магутнасць рухавіка. Магутнасць электрастанцыі.

4. толькі мн. (магу́тнасці, ‑ей). Вытворчыя аб’екты (заводы, машыны і пад.). Дадатковая электраэнергія можа быць выпрацавана на гідраэлектрастанцыях без устаноўкі новых магутнасцей. «Звязда».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Здо́лець, здале́ць ’магчы, змагчы’. Параўн. до́ліць ’перамагаць’ (Нас.). Рус. пск. сдолять, сдолить ’перамагчы’, пск., цвяр., дан. здо́лить, смал., прыбалт. вздо́леть ’тс’, укр. здола́ти, здолі́ти ’перамагчы’, польск. zdoleć ’змагчы’, чэш. zdolati, zdoliti ’змагчы, перамагчы’, славац. zdolať ’тс’. Ст.-рус. съдолѣти ’перамагчы, умацавацца’ (XIV ст.). Прасл. (паўн.) sъ‑doliti, *sъdolěti — прэфіксальны адыменны дзеяслоў з коранем dol‑ (гл. дол) і значэнне ’змясціць унізе — паваліць’, адкуль перан. ’перамагчы’ (параўн. рус. одолеть, укр. подолати ’тс’) > ’змагчы’. Трубачоў, Эт. сл., 5, 62; Трубачоў, Дополн., 1, 525 (доли́ть ’перамагаць’, doliti). Іначай менш верагодна: ад доля праз значэнне ’дзяліць’ Бернекер, 1, 206–207; Фасмер, 1, 525; Слаўскі, 4, 63; Брукнер, 92; Голуб-Копечны, 104. Яшчэ іначай: да і.-е. кораня *dher‑ ’трымаць’, ’падтрымліваць’, Махэк₂, 123. Але Покарны (1, 252–253) не ўказвае фармацый на ‑l‑ з гэтым коранем; таму патрэбна дадатковая аргументацыя.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

прэ́мія, ‑і, ж.

1. Грашовае або іншае матэрыяльнае заахвочванне як узнагарода за поспехі, заслугі і пад. Міжнародная Ленінская прэмія «За ўмацаванне міру паміж народамі». □ Некалі да калектывізацыі Шаройка штогод атрымліваў прэміі за лепшага ў раёне каня, за лепшую свінаматку, за найвышэйшы ўраджай бульбы. Шамякін. [Фёдар Сапожнікаў] прадстаўлены да Ленінскай прэміі за распрацоўку і ўкараненне новых метадаў будаўніцтва цеплавых электрастанцый са сборнага жалезабетону. Дадзіёмаў. // Дадатковая грашовая ўзнагарода да заработнай платы за перавышэнне вытворчых норм. Прэмія за перавыкананне плана.

2. Спец. Грашовая сума, якая выдаецца некаторымі ўрадамі як заахвочванне за вываз некаторых тавараў. Экспартныя прэміі.

3. Спец. Розніца паміж біржавай і намінальнай вартасцю каштоўнай паперы.

4. Спец. Грашовая сума, якую выплачвае страхавальнік страхавой установе за рызыку, якую яна нясе.

5. У дарэвалюцыйнай Расіі — бясплатны дадатак да часопіса або газеты, а таксама бясплатная прыдача пры пакупцы некаторых тавараў.

•••

Нобелеўская прэмія — міжнародная прэмія за адкрыцці ў навуцы, за поспехі ў літаратуры і пад., якая прысуджаецца з працэнтаў на капітал, завешчаны шведскім прадпрыемцам А. Нобелем.

[Ад лац. praemium — узнагарода.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Калды́га1, колды́га ’крывы, кульгавы чалавек, які павольна ідзе’ (Нас.), колдыгаць ’кульгаць’ (Нас.). Дакладны адпаведнік у суседніх смал. гаворках: колдыга ’кульгавы чалавек’, колдыгай ’тс’ (тут дадатковая суфіксацыя, як у смал. колдыбай ’тс’), колдыгать ’кульгаць’. Утварэнне, аналагічнае калдыба1 (гл.). Рэгіянальны наватвор, інавацыя ва ўсх.-бел. гаворках. Звяртае на сябе ўвагу яшчэ і росл., смал. колдыка, смал. колдыкаць ’кульгаць’. Відаць, няма патрэбы разглядаць бел. калдыга як звонкі дублет да прыведзеных слоў. Суфіксацыя ў бел. слове з’яўляецца натуральнай, параўн. маг. утварэнні хварыга ’хворасць, прыпадак’ (Нас.). Падобную смал. суфіксацыі адзначае Сцяцко, Афікс. наз., 76, у некаторых беларускіх гаворках, параўн. полац. хадыка ’хадок, хадуля’. Што датычыць мяркуемай намі суфіксацыі ў калдыба (гэты элемент лёгка выдзяляецца, параўн. прыведзеныя словы), можна думаць, што яна нерэгулярная, магчыма, трасфармацыя ‑ыг‑а пад уплывам дзеяслова дыбаць ’кульгаць’. Падрабязней гл. кандыба, відаць, роднаснае гэтаму кругу лексікі.

Калды́га2 ’скіба дзярністай зямлі на раллі, вялікія кавалкі сухой зямлі на заскароджаным молі’ (слаўг., Яшк.). Утварэнне, аналагічнае калдыба2. Суфіксацыя (па тыпу) у даным выпадку не вельмі ясная, аднак іншы варыянт тлумачэння таксама не высвятляе гэтага пытання. Параўн. рус. дыял. колча ’кульгавы чалавек’, ’купіна’, пск., кур. колчеватый ’ухабісты, няроўны, купісты (звычайна пра дарогу)’, колчи ’ўхабіны, камкі замёрзлай гразі на дарозе, ворыве і да т. п.’. Аднак, думаецца, няма патрэбы суадносіць семемы ’кульгавы’ і ’ўхабісты’, відаць, тут незалежныя ўтварэнні ад асновы колт‑. У такім выпадку тут не толькі семантычная паралель да разглядаемага слова, але і генетычна роднасная лексіка (дэрываты ад kl̥t‑/kl̥d‑).

Калды́га3 ’парода лесуна’ (Кірк.). Дакладных адпаведнікаў да гэтага слова няма. З фармальных паралелей бел. калдыга ’кульгавы’, параўн. у Насовіча колдыга ’крывы, кульгавы, які павольна ходзіць’. Вельмі сімптаматычная інфармацыя ў Насовіча, 241: «Колдыга… хромой чортъ. Колдыга чортовъ, усе круциць да муциць», відавочна, сведчыць на карысць таго, што калдыга3 паходзіць ад калдыга ’кульгавы’. Адносна этымона гл. калдыга1.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Талака́1 ’калектыўная дапамога пры выкананні сельскагаспадарчых работ’; ’група людзей, запрошаных на дапамогу’ (Нас., Шымк., ТСБМ, Некр. і Байк., Сержп. Прымхі, Сл. ПЗБ), ’грамадская дапамога ў працы’ (Сцяшк:, Бяльк.), ’дадатковая праца па жаданні ў часы прыгону’ (Федар. 4), ’грамадская дапамога аднаму чалавеку нешта перавозіць’ (Варл.), ’пасьба коней ноччу’ (Мат. Гом.), талака́ і тало́ка ’дапамога ў працы гуртам’ (Ласт.), тала́ка ’праца грамадой за пачастунак’ (Ян.), ’дапамога’ (Касп.), то́лака ’паншчына’ (капыл., ЛА, 3), то́лока ’група людзей, запрошаных на дапамогу’ (ТС), толо́ка ’тс’ (Вруб.), талако́ю ’гуртам’ (калінк., З нар. сл.). Укр. толо́ка́ ’праца гуртам для хуткага выканання вялікай па аб’ёме справы, на якую клічуць суседзяў, сваякоў, сяброў (без платы, за пачастунак’)’, рус. дыял. толо́ка ’тс’, польск. tłoka, каш. otłoka ’ўзаемная суседская дапамога на жніве’, славен. tláka, серб.-харв. тла́ка, балг. тлака́, макед. тлака ’тс’. З прасл. *tolka ’тс’, звязанае з *tolkti ’таўчы’. Адносна матывацыі параўн. талакня́ ’таўкатня’ (Жд. 2), тало́к ’натоўп’ (Сл. Брэс.). Сярод індаеўрапейскіх адпаведнікаў літ. talka ’талака’, лат. tàlka ’тс’, з іншым вакалізмам літ. telkti ’збіраць на талаку’, гэта, паводле Мартынава (Лекс. балтызмы, 25), дае падставы лічыць слова пранікненнем з балтыйскіх моў (гл. таксама Лаўчутэ, Балтизмы, 24), што, аднак, немагчыма давесці (гл. Анікін, Опыт, 287 з літ-рай), як і адваротнае (Брукнер, 571–572). Старажытнае значэнне слова, відаць, звязана з архаічным спосабам калектыўнай малацьбы пры дапамозе жывёлы, гл. Мяркулава, Этимология–1974, 72. Агляд версій — Янышкава, Studia Etym. Brun., 6, 139–141. Параўн. талок, гл.

Талака́2 ’ялавіна’ (Мат. Гом.), толока́ ’выган’ (Сл. Брэс.), тала́ка ’поле пад папарам’ (Ян.), тало́ка ’абложная зямля’ (б.-каш., добр., ЛА, 5), ’папар’ (гом., ЛА, 2), ’паша’ (паст., там жа), толо́ка ’папар’ (рэч., там жа), сюды ж талако́уе (tałakóŭja) ’патаптаныя логвы ў збожжы ці ў вялікай траве’ (Варл.), талакава́ць ’пуставаць некалькі гадоў (пра зямлю)’ (Ян.), толокова́ць ’таўчыся; бубнець’ (ТС). Укр. то́ло́ка ’пакінутае пад папар поле, на якім пасуць скаціну; вольная дзялянка каля сяла, дзе моладзь збіралася гуляць’, толо́ка ’горная раўніна, паша’, толокува́ти ’быць пад папарам (пра поле)’. З прасл. *tolk‑ ’таўчы, мяць, таптаць’, гл. папярэдняе слова (ЕСУМ, 5, 594; Фасмер, 4, 72; Брукнер, 571–572; Голуб-Ліер, 386; Махэк₂, 644).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

шчы́льны, ‑ая, ‑ае.

1. Такі, у якім цесна злучаны састаўныя часцінкі; які змяшчае вялікую колькасць рэчыва ў малым аб’ёме. [Дзядзя Міша:] — Што ж ён [Грышка], небарака, будзе адчуваць, калі спадарожнік пачне зніжацца, увойдзе ў шчыльныя паветраныя пласты? Паслядовіч. Урэшце, лакатары бачаць і ў больш шчыльным асяроддзі. Шыцік. Пыл шчыльным слоем накрываў.. галовы [Міколы і Дзімы]. Аляхновіч. Аж па дах шчыльны снег замятае барак. А. Вольскі. // Густы, праз які не пранікае святло; непранікальны. Сонца не магло правіць шчыльную заслону. Савіцкі. З усіх бакоў насоўвалася чарната — шчыльная, злавесная. Карпаў. / у перан. ужыв. Трохтонка вырвалася З цішыні шчыльнай — Прастуе па бальшаку. Барадулін. // З частым перапляценнем (пра тканіну). Вялікія вокны былі напалову заценены цяжкімі шчыльнымі барвова-чорнымі парцьерамі. Новікаў.

2. Які складаецца з блізка размешчаных адзін ля другога асоб, прадметаў, частак; часты. Быў гэты гарадок: маленькі, ціхі, пусты, з вузкімі кароткімі вуліцамі, з нізкімі драўлянымі домікамі за шчыльнымі і высокімі платамі. Адамчык. Дрэвы адступаюць .. [падарожніка] шчыльнай сцяной, нібы свядома перашкаджаючы выбрацца з лесу. В. Вольскі. Садзяцца хлопцы ў шчыльны круг Каля рыбацкага кастра. Смагаровіч.

3. Які мае мала прасторы, з абмежаванай прасторай; цесны. У ракавіне шчыльнай Вандроўнік сядзяць. Танк.

4. перан. Дасканалы, плённы, прадукцыйны. Дадатковая электраэнергія можа быць выпрацавана на гідраэлектрастанцыях без устаноўкі новых магутнасцей. У гэтым выпадку толькі больш шчыльным стане рэжым іх работы. «Звязда». // Насычаны, напоўнены якімі‑н. падзеямі, мерапрыемствамі і пад. У летнія месяцы спартыўны каляндар бывае асабліва шчыльным. «Беларусь». // Хуткі, безупынны. — А дзе ён сёння, Сцяпан Антонавіч? — улучае хвіліну, каб утачыцца ў шчыльную Марыніну гаворку, Зіна. Палтаран. // Моцна звязаны, з’яднаны агульнымі інтарэсамі, мэтамі, задачамі і пад. Узаемная прыязнь,.. загартаваная выпрабаваннямі ў агні, стварала шчыльную баявую сям’ю. Брыль. Такі быў склаўся шчыльны дружны гурток, засяроджаны ў прытульным пакойчыку Веры Засуліч. Зарэцкі. На шчыльную еднасць з народам нас заўсёды накіроўвае партыя. Лужанін. Трымаючы шчыльную сувязь з атрадам, .. [Лялькевіч] рабіў нешта значна большае... Шамякін.

•••

Шчыльны агонь — абстрэл, пры якім па кожны ўчастак фронту, плошчы, якая абстрэльваецца, падае вялікая колькасць мін, куль, снарадаў і пад.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)