Кана́рхаць, кынаркыць ’чытаць каноны і казаць стыхіры ў царкве’, ’дакучліва і са слязьмі выпрошваць’, кынаркыньня ’вымаганне’, кынаркыла ’вымагальнік’ (Гарэц., Нас., Яўс.), канархіст(а) ’лобры спявак, пачынальнік спеваў’, ’запявала’, ’забаўнік’ (Нас.). Рус. конархать ’чытаць каноны ў царкве’, смал. ’дакучліва прасіць’, укр. канархати ’спяваць на клірасе’ ’гаварыць у нос’, ’гібець’, ст.-рус., ц.-слав. конархати. З грэч. κανοναρχώ ’чытаю каноны’ (Фасмер, 2, 307). Значэнне ’прасіць’ узнікла ў XVIII ст., калі бедныя вучні спяваннем канонаў •зараблялі сабе па пражытак (Насовіч, 229).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тухля́к1 ‘нешта смярдзючае, гніючае’ (Нас.; мёрск., Нар. лекс.), сюды ж, магчыма, і ‘лямпачка без шкла, капцілка’ (Бяльк.). Да тухлы (гл.), апошняе можа быць звязана і з тухнуць1 ‘пераставаць гарэць, кепска свяціць’.

Тухля́к2 ‘кухталь, штуршок’ (мёрск., Нар. лекс., Вушац. сл.), рус. смал. тухля́к ‘удар кулаком, тумак’. Відаць, з кухталь пад уплывам ту́хаць ‘біць, стукаць’, гл. тух.

Тухля́к3 ‘соня, сонька’ (ваўк., Федар. 4). Да тухнуць2 у значэнні ‘спаць’, сюды ж тухля́ць ‘марнець, гібець, пазбягаць працы, валяцца’ (Зайка Кос.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

марне́ць, ‑нею, ‑нееш, ‑нее; незак.

1. Засыхаць, чахнуць, чэзнуць. — Вы ж увесь свой век сады садзілі.., — не адступалася ад дзеда Наталька, — скажыце, што вы рабілі, калі расліна на вашых жа вачах сохла, марнела? Кулакоўскі.

2. Гібець, чахнуць (пра чалавека). [Мальвіна:] Людзі ў шчасці ды ў багацці жывуць, як мак у гародзе квітнеюць, а я марнею сабе ды сохну, як тая былінка занядбаная пры дарозе. В. Вольскі. Марнеў сын увачавідкі — нібы той лісток на бярозе, прыхоплены прымаразкам. «Беларусь».

3. Занепадаць, марна прападаць. Марнее гаспадарка. □ Так ён і марнеў, гэты кавалак [зямлі], без карысці, нават і жывёлу на ім не пасвілі. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Скле́ць ‘зябнуць, мерзнуць, стыць’ (ТСБМ; кіраў., Нар. сл.), ‘гібець, чэзнуць’ (ТС). Параўн. укр. дыял. склі́ти ‘чэзнуць, уміраць’, славен. skleti, skeleti ‘прычыняць востры рэзкі боль’. Паводле Бязлая (Eseji, 106), з прасл. *tъsklěti, рэфлексы якога захаваліся ва ўкр. тоскли́вий, рус. тоскли́вый, польск. ckliwy, н.-луж. tesliwy, чэш. tesklivý. Сюды ж рус. скли́во ‘млосна, моташна’, цкли́во ‘тс’, польск. ckliwo ‘моташна, нудна’, славац. cklivo ‘тс’, што ўзыходзяць да *tъska ‘сум, гора’ (гл. таскаваць). Гл. Фасмер, 4, 642; Слаўскі, 1, 106; ЕСУМ, 5, 276–277. Шывіц–Дулар (Зб. Лекаву, 318–323) мяркуе, што ў аснове славенскага дзеяслова назоўнік *kъlъ ‘расток’ і ‘зуб’ (гл. ікол), ад якога ўтвораны дзеясловы *kъlěti і *kъkiti, што маюць адпаведныя формы з рухомым s‑. Параўн. скліць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

адзіно́та, ‑ы, ДМ ‑ноце, ж.

1. Адасобленасць у выніку страты родных ці блізкіх або ў выніку жадання пабыць (пажыць) асобна ад іншых. Гадзіна адзіноты. Гібець у адзіноце. Не пакінуць у адзіноце. На адзіноце (сам) з сабою. Пабыць (быць) на адзіноце. □ Упершыню ў гэтую хвіліну Максімка адчуў, што яго назаўсёды пакідае трывожны страх сіроцкай адзіноты. Якімовіч. [Яснотка:] — Люблю, ведаеце, адзіноту. А .. тут такі прыгожы лес, што так і цягне мяне. Крапіва.

2. Бязлюднасць, сіратлівасць. Адзінотай і пустэчай Ўсюды веяла з палёў. Колас.

3. Стан адзінокага чалавека як вынік адчужанасці, разрыву з навакольныя асяроддзем; адзіноцтва. Адчуць адзіноту. Пачуццё адзіноты. □ [Наталя] адчувала, што.. памылка яе прывяла да самага страшнага — да адзіноты, калі ты хаваеш сябе ад другіх. Скрыган.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

інтарэ́с, ‑у, м.

1. Увага, цікавасць, якія праяўляюцца да каго‑, чаго‑н. Каб выклікаць у Лаўрэна Карпавіча інтарэс, пачаў [Павел расказваць] аб сваім дзяцінстве. Гроднеў. // Тое, што прыцягвае ўвагу; што‑н. цікавае, займальнае. У сяле не меней інтарэсу. Многа спраў чакае вашых рук. Прануза.

2. звычайна мн. (інтарэ́сы, ‑аў). Імкненні, мэты. Эканамічна, сацыяльна і духоўна разняволены сучасны селянін жыве тымі ж ідэаламі, тымі ж інтарэсамі, што і ўвесь савецкі народ. Машэраў. [Паходня і Марынка] жылі рознымі інтарэсамі і, здавалася, не заўважалі адно аднаго. Хадкевіч.

3. звычайна мн. (інтарэ́сы, ‑аў). Патрэбы, імкненні, неабходнасць у чым‑н. Класавыя інтарэсы. Інтарэсы грамадства. // Разм. Дзелавая патрэба, інтэрас (у 1 знач.). — Скажыце, ці можна будзе, назад едучы, да вас заглянуць... інтарэс у мяне ёсць... Гурскі.

4. Карысць, сэнс. Навуковы інтарэс. Практычны інтарэс. □ — Вялікі то мне інтарэс гібець тут з вамі... Лынькоў.

•••

Пры сваіх інтарэсах — у тым самым становішчы, з тым, што мелася (астацца, застацца і пад.).

[Ад лац. interest — мае значэнне, важна.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Ма́рна, ма́рня ’бедна жыць, апранацца’ (ваўк., шальч.), гродз. ’дрэнна выглядаць’ (Сл. ПЗБ); ма́рна, ма́рне, ма́рня, марня́ ’дарэмна, бескарысна, упустую’ (ТСБМ, Нас., Касп., Булг., Растарг., Шат., Ян., Янк. 2; КЭС, лаг.; паст., Сл. ПЗБ), ма́рно, ма́рне, ’марна, кепска’ (ТС, Сцяшк. Сл.), калінк. ма́рне ’зусім’ (З нар. сл.), ма́рнасць ’дарэмнасць, бескарыснасць’ (ТСБМ, Нас., Яруш.), ма́рны ’дарэмны, бескарысны’ (ТСБМ, Нас.), ’слабы, змарнелы, чэзлы’, ’невялікі па велічыні’, ’нязначны’, ’дрэнны (аб надвор’і)’, ’нешчаслівы’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ, ТС); марне́ць ’засыхаць, чэзнуць, нудзіцца, гібець, чахнуць, жыць без уцехі, занепадаць’ (ТСБМ, Яруш., Мядзв., Шат., Касп., Бяльк., Растарг., ТС; КЭС, лаг.); марня́віць ’марнаваць без карысці’, ма́рніць ’губляць дарэмна час, без карысці’ (Нас.), марніцца (БЛ, 10, 17), марнава́ць ’збыткаваць, нішчыць, марнатравіць’, ’мучыць, стамляць’, ’псаваць’ (ТСБМ, Янк. БП, Шат., Касп., Сл. ПЗБ), марнавацца ’гінуць’ (Яруш.). Укр. марно́, ма́рни́й, марнува́ти, марні́ти, ма́рність, рус. пск. марный, пск., смал. марнеть; польск. marnie, marnieć, marność, marny; н.-луж. marnjeś, marny, в.-луж. marność, marny; чэш. marný, marnost, marnivý, ганацк. zmárnit ’страціць’, márné ’слабы’; славац. marný, márnosť, márniť, márnivý, славен. máren ’руплівы, старанны’. Прасл. marьnъ. Бернекер (2, 21), Фасмер (2, 575) і за імі Шустар-Шэўц (12, 888–889) выводзяць гэтую лексему з мара́ (гл.). Махэк₂ (352–353) мяркуе, што ў чэш. mařiti < marьnъ сышліся дзве лексемы: адна ’пазбаўляць жыцця’, роднасная да mříti (mьrěti) — фактытыў да mořiti (прасл. moriti), а другая mařiti ’разбіваць (планы, надзеі), траціць (маёнтак)’, якая роднасная да ст.-в.-ням. marrjan ’перашкаджаць, забараняць’, англ. mar ’псаваць’. Кюнэ (76) бел. лексему марна выводзіць з польск. marny. Бел. марне, марня — з польск. мовы.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ту́хлы ‘пратухлы, з непрыемным пахам гніення’ (ТСБМ, Байк. і Некр., Сцяшк., ТС, Варл., Вруб., Сл. ПЗБ), тухлы́ ‘які задыхаецца, не можа дыхаць (пра тоўстага чалавека)’ (ТС), сюды ж ту́хлены ‘тухлы’ (Нас., Байк. і Некр.), тухле́ный ‘смярдзючы’ (Бяльк.), тухля́вый ‘крыху смярдзючы’ (Юрч. Вытв.), тухлю́чый ‘тс’ (там жа), тухлі́вы ‘тухлы’ (Мат. Гом.). Параўн. укр. ту́хлый, сту́хлый, рус. ту́хлый, польск. stęchły ‘пратухлы’, в.-луж., н.-луж. stuchły, чэш. stuchlý ‘нясвежы, пратухлы’, славац. stuchlý ‘тс’, харв. tuhljiv ‘вільготны, сыры; вадкі; дажджлівы’, ‘смярдзючы’, славен. tohél ‘затхлы, прытохлы’. Утворана ад асновы прасл. *tux‑, звязанай чаргаваннем галосных з *tъx‑, параўн. ту́хнуць2, тхнуць ‘пратухаць’ (гл.); гл. таксама то́хнуць ‘тс’, параўн. рус. то́хнуть ‘здыхаць (пра рыбу)’; польск. tęchnać ‘пратухаць, псавацца, плеснявець’, як і славен. tohél, што дае падставы выводзіць прасл. *tǫxnǫti (Скок, 3, 520) з асновай *tǫx‑, якую Брукнер (570) і Фасмер (4, 128) разглядаюць як другасную. Сюды ж вытворныя ту́хлік ‘пратухлы, гнілы’ (Касп.), тухля́к ‘што-небудзь гнілое, тухлае’ (мёрск., Нар. сл.), ‘тое, што смярдзіць’ (Юрч. Вытв.), ‘смярдзючы’ (Нас.), тухъль ‘пах тухлага’ (ушац., Жыв. сл.), ту́хлець (túchlić) ‘смурод ад вільготнага, затохлага паветра’ (Варл.), тухлё ‘смурод’ (Бяльк., Яруш.), тухляццё ‘тухляціна’ (Сцяшк. Сл.), ‘тое, што смярдзіць’ (Юрч. СНЛ), тухло́ ‘тс’ (Вушац. сл.), ту́хля ‘тухліна’ (мёрск., Нар. сл., Юрч. Вытв.; мядз., Сл. ПЗБ), ту́хлась ‘гніль’ (рагач., там жа), тухляні́на ‘тухліна’ (Сцяшк. Сл.), тухля́ціна ‘пратухлыя прадукты’ (ТСБМ, Нас., Байк. і Некр.), тухлі́на ‘гніласць, смурод ад гніення’ (Нас.), ту́хленне ‘давядзенне да тухласці’ (там жа, Юрч. Вытв.), ту́хлосць ‘пратухласць’ (ТС), ту́халь ‘тленне, гніенне, гніль’ (Байк. і Некр.; Вушац. сл., Адм.), тухле́нне ‘смурод, пах тухляціны’ (Юрч. Вытв.), тухле́ць ‘смярдзець’ (Яруш.), ту́хліць ‘даводзіць да псавання і гніення’ (Нас.), ту́хляць ‘марнець, гібець’ (Зайка Кос.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)