Лі́па1 дрэва ліпы, Tilia L.’ (ТСБМ, Касп., Бяльк., Яруш., Сцяшк., Бес., Сл. паўн.-зах., ТС, Кіс.) і ліпа́ ’тс’ (смарг., віл., іўеў., воран., трак., Сл. паўн.-зах.), маг. лі́пнік ’тс’ (Кіс.), іўеў. ’ліпавы цвет’ (Сл. паўн.-зах.), ’кара, лыка’ (трак., навагр., Сл. паўн.-зах., ТС), лі́піна ’асобнае ліпавае дрэва’, ’драўніна з ліпы’ (Касп.; міёр., Нар. словатв.), ’белы, бяскроўны’ (Янк. III, Гарэц.), ’ліпавае лыка’ (Ян.), ’ліпа’ (лудз., Сл. паўн.-зах.), драг. лэ́па, пін. лы́па, лы́піна ’ліпа’ (КЭС). Укр., рус. липа, польск. lipa, палаб. lai̯po, луж. lipa, чэш. lípa, славац. lipa, славен. lípa, серб.-харв. ли̏па, макед. липа, липата, балг. липа́ ’тс’, страндж. ’лыка’. Прасл. lȉpa ’ліпа’. Найбольш блізкія і.-е. адпаведнікі: літ. líepa, лат. liẽpa, ст.-прус. leip‑ (у тапоніме Leipiten), — якія з’яўляюцца роднаснымі да прасл. lьpěti ’прыклейвацца, ліпнуць, гарнуцца’, параўн. бел. ліпець (гл.), а таксама, відаць, кімр. llwyf ’ліпа, вяз’, ст.-грэч. (Гесіхій) ἀλίφαλος δρῦς ’від дуба’ < і.-е. lēipa ’ліпа’ (Голамб, Зб. Якабсону, 1, 1967, 778; Махэк₂, 334). Матывацыя назвы дрэва — яго ліпкі сок (Міклашыч, 178 і інш.; Фасмер, 2, 499; Слаўскі, 4, 271; Скок, 2, 305; Бязлай, 2, 143). Паўн.-слав. lipъka. Сюды ж бел. ліповы, лі́павы (Шат., Сцяшк., Мат. Гом., ТС, ТСБМ, Сл. паўн.-зах.), ліпавый (Яруш., Бяльк.), ст.-бел. липовый ’зроблены з ліпы, адносіцца да ліпы’ (Булахаў, Гіст. прым., 117), лі́павіна ’адна ліпа’ (гродз., Сцяшк. Сл.), ліпава́ты ’мяккі (пра драўніну)’ (ТС), лі́павец (Грыг.), лі́пка ’лыка з вяза’ (Маш.), лі́пнік ’лыка з ліпы’ (лун., Шатал., ТС), ’малады ліпняк’ (б.-каш., лун., Шатал., Мат. Гом., ТС), ліпнёг ’сушанае лісце ліпы’ (лаг., Жд. 2).

Лі́па2 ’пра нешта’ фальшывае, несапраўднае’ (ТСБМ). Запазычана з рус. арго зладзеяў (Ушакоў, 2, 66). Сюды ж лі́павы ’падроблены’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ту́ліць ‘вадзіць у гульні ў хованкі’: у хованкі гулялі, адзін ту́ліць, а ўсе хаваліса (гродз., Нар. словатв.). Магчыма, да тулі́ць (гл.) у значэнні ‘закрываць вочы’.

Тулі́ць ‘прыхіляць, гарнуць да сябе з ласкай, пяшчотай, шчыльна прыціскаць, гладзіць, прытульваць’ (ТСБМ, Гарэц.), ‘прымаць каго-небудзь пад заступніцтва, ахову (напр., сірату)’ (Нас.), ‘закрываць, затуляць’ (Яруш.), ‘утойваць, хаваць’ (ТС, Байк. і Некр., ТСБМ, Нас.), ‘служыць прытулкам для каго-небудзь’ (ТСБМ, Ласт.), перан. ‘гаварыць праўду ў вочы’: ён вока ня ту́ліць (Шат.); тулі́цца ‘хавацца, затойвацца’ (Нас., Байк. і Некр., Шат.), ‘размяшчацца дзе-небудзь у зацішным месцы, пад аховай чаго-небудзь’ (ТСБМ, Касп.), ‘гарнуцца, з любасцю прыхінацца’ (Некр. і Байк., Варл.), ‘хінуцца, прыязна адносіцца, песціцца, прыхіляцца’ (Касп., Сл. ПЗБ, ТС, Яруш.), тулі́тисʼе ‘прыціскацца, хавацца’ (Вруб.), тулэ́тысь ‘тс’ (драг., Лучыц-Федарэц, вусн. паведамл.). Укр. тули́ти, тули́тися ‘туліць, абдымаць’, рус. тули́ть ‘хаваць, закрываць’, тули́ться ‘хавацца, затойвацца’, польск. tulić (się) ‘чулліва прыціскаць, -цца’, ст.-польск. tulić ‘хаваць’, н.-луж. tuliś ‘гнуць’, ‘утаймоўваць’, ‘хаваць’, в.-луж. tuleć, tulić ‘прыціскаць, гнуць’, чэш. tuliti se ‘сціскаць’, ‘туліцца, прыціскацца’, славац. túliť sa ‘тс’, славен. дыял. tuliti ‘загортваць, звіваць у рулон’, ‘мяць’, túliti se ‘сціскаць’, ‘прыціскаць’, серб. дыял. ту́лʼит ‘гасіць полымя’, ‘згортваць, згібаць’, ‘схіляць галаву’, макед. тули ‘хаваць, прыкрываць’, тули се ‘хавацца’, балг. ту́ля (се) ‘тс’, ц.-слав. затулити ‘схаваць’. Прасл. *tuliti (sę) ‘прыціскаць, туліць, хаваць, утаймоўваць; заспакойваць’ суадносяць з *tulъ ‘калчан’ (гл. тул2), што сустракаецца з пэўнымі семантычнымі цяжкасцямі, гл. Фасмер, 4, 117. Трубачоў (Дополн., 4, 118) услед за Якабсонам (IJSLP, 1/2, 1959, 273) звязвае рус. тули́ть з тул, туловище, тулья (гл. тулава). Гл. таксама ЕСУМ, 5, 671–672; Арол, 4, 115–116. Борысь (653) бачыць у прасл. *tuliti (sę) адыменны дзеяслоў, утвораны ад прасл. *tulъ/*tulo ‘труба, трубка, калчан’, першасным значэннем якога было б ‘навіваць на трубку’. Значэннем і формай лексема *tuliti злілася з блізкім прасл. *toliti ‘заспакойваць, утаймоўваць’: ст.-польск. tolić ‘ахопліваць рукамі, гарнуць да сябе’, ст.-рус. толити ‘прысаромліваць, сарамаціць’, рус. толить ‘заспакойваць’, укр. толи́ти ‘стрымліваць, заглушаць, уціхамірваць’, серб. то̀лити, харв. tòliti ‘заспакойваць, суцяшаць, спатольваць’, бел. напато́ліць, пато́ля (гл.), якое ад і.-е. асновы *tel‑/*tol‑/*tl̥‑. Меркаванні аб запазычанні з польск. tulić się (Сл. ПЗБ, 5, 145) не маюць падстаў. Гл. таксама туляць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

хілі́цца, хілюся, хілішся, хіліцца; незак.

1. Прымаць нахіленае становішча; нахіляцца, нагінацца. Выносныя стромкія хвоі з хрыпаватым стогнам хіліліся зялёнавалосай аснежанай галавой. Крапіва. І хіліцца хмызняк, І сцелецца лазняк. Бабоўнік, сітнік, хвошч Страсаюць росны дождж. Пушча. // Кланяцца. Стараліся ўсе ім у пояс хіліцца — сваты былі важныя — Воўк і Лісіца. Танк. // Хістацца ад знямогі. [Андрэй] зноў павярнуўся да яе [Балюты] спінай і нагнуўся ўперад. Пачуў, што і яна хіліцца разам з ім. Пташнікаў. [Палонныя] хіляцца ад лёгкага подыху ветру, ад лёгкага дотыку.. кованага бота. Лынькоў. // Прысланяцца да чаго‑н., апускацца на што‑н. Хілілася галава на гармонік. Валасы лезлі ў вочы, гарманіст хвіліну спаў, потым рэзка ўзнімаў, шырока расцягваў гармонік. Мікуліч. Аксана хіліцца галавой да .. [Кастусёвага] пляча. Галавач. // Падыходзіць, падступаць да чаго‑н. Там, дзе к рэчцы хіліцца бальшак, Можа век стаіць, людзьмі пакінуты, З крыл[а]мі зламанымі вятрак. Астрэйка.

2. Нахіляцца набок (пра судна, самалёт і пад.). А потым бег, падскокваючы па мёрзлым полі, самалёт. Падняўся. Хіліўся на адзін бок, робячы круг над мястэчкам. М. Стральцоў. Хрупнула пад перадком падводы, і яна памалу пачала хіліцца набок. Капыловіч.

3. перан.; да чаго. Набліжацца да якой‑н. мяжы, пэўнага моманту. Дзень хіліцца к вечару, і пакрысе цямнее панурае неба. Чарнышэвіч. Ноч хілілася да свайго канца, калі.. [Валодзя] зноў пастукаў да Наталі. Чорны. / у безас. ужыв. Калі пачало хіліцца к вечару, Грыцко ніводнай хвіліны не мог уседзець на месцы. Кулакоўскі. // Схіляцца (пра нябесныя свяцілы). Сонца ўжо зусім хілілася за лес, і цень зрабіўся шэры, невыразны. Асіпенка.

4. перан. Накіроўвацца, ісці да чаго‑н. (пра гутарку, справы, учынкі і пад.). Хаця справа даўно ўжо хілілася да такога канца, Люба раптам падумала: — А ці дасць шчасце Віне такая самаахвярнасць? Васілевіч. З кожным днём рабілася відавочней, куды хіляцца падзеі. Новікаў.

5. Пяшчотна туліцца, гарнуцца да каго‑н. Тацяна хілілася да маленькага, што ляжаў побач з ёю, і глыбока ўдыхала паветра. Кавалёў. // перан. Мець цягу да каго‑н., сімпатызаваць каму‑н. Але да бабы.. [Косця] так прывык, што хіліўся больш, чым да маці. Грамовіч. Выбіраў, сама, хіліся да таго, хто любы, ідзі з ім, шануй знойдзенае шчасце, бо лепшага за гэта ў жыцці не бывае. Дуброўскі.

6. Мець схільнасць, ахвоту да чаго‑н., захапляцца чым‑н. Да работы па гаспадарцы [у Казіміра] не хілілася сэрца, не падымаліся рукі. Пестрак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)