хіліцца, хілюся, хілішся, хіліцца; незак.
1. Прымаць нахіленае становішча; нахіляцца, нагінацца. Выносныя стромкія хвоі з хрыпаватым стогнам хіліліся зялёнавалосай аснежанай галавой. Крапіва. І хіліцца хмызняк, І сцелецца лазняк. Бабоўнік, сітнік, хвошч Страсаюць росны дождж. Пушча. // Кланяцца. Стараліся ўсе ім у пояс хіліцца — сваты былі важныя — Воўк і Лісіца. Танк. // Хістацца ад знямогі. [Андрэй] зноў павярнуўся да яе [Балюты] спінай і нагнуўся ўперад. Пачуў, што і яна хіліцца разам з ім. Пташнікаў. [Палонныя] хіляцца ад лёгкага подыху ветру, ад лёгкага дотыку.. кованага бота. Лынькоў. // Прысланяцца да чаго‑н., апускацца на што‑н. Хілілася галава на гармонік. Валасы лезлі ў вочы, гарманіст хвіліну спаў, потым рэзка ўзнімаў, шырока расцягваў гармонік. Мікуліч. Аксана хіліцца галавой да .. [Кастусёвага] пляча. Галавач. // Падыходзіць, падступаць да чаго‑н. Там, дзе к рэчцы хіліцца бальшак, Можа век стаіць, людзьмі пакінуты, З крыл[а]мі зламанымі вятрак. Астрэйка.
2. Нахіляцца набок (пра судна, самалёт і пад.). А потым бег, падскокваючы па мёрзлым полі, самалёт. Падняўся. Хіліўся на адзін бок, робячы круг над мястэчкам. М. Стральцоў. Хрупнула пад перадком падводы, і яна памалу пачала хіліцца набок. Капыловіч.
3. перан.; да чаго. Набліжацца да якой‑н. мяжы, пэўнага моманту. Дзень хіліцца к вечару, і пакрысе цямнее панурае неба. Чарнышэвіч. Ноч хілілася да свайго канца, калі.. [Валодзя] зноў пастукаў да Наталі. Чорны. / у безас. ужыв. Калі пачало хіліцца к вечару, Грыцко ніводнай хвіліны не мог уседзець на месцы. Кулакоўскі. // Схіляцца (пра нябесныя свяцілы). Сонца ўжо зусім хілілася за лес, і цень зрабіўся шэры, невыразны. Асіпенка.
4. перан. Накіроўвацца, ісці да чаго‑н. (пра гутарку, справы, учынкі і пад.). Хаця справа даўно ўжо хілілася да такога канца, Люба раптам падумала: — А ці дасць шчасце Віне такая самаахвярнасць? Васілевіч. З кожным днём рабілася відавочней, куды хіляцца падзеі. Новікаў.
5. Пяшчотна туліцца, гарнуцца да каго‑н. Тацяна хілілася да маленькага, што ляжаў побач з ёю, і глыбока ўдыхала паветра. Кавалёў. // перан. Мець цягу да каго‑н., сімпатызаваць каму‑н. Але да бабы.. [Косця] так прывык, што хіліўся больш, чым да маці. Грамовіч. Выбіраў, сама, хіліся да таго, хто любы, ідзі з ім, шануй знойдзенае шчасце, бо лепшага за гэта ў жыцці не бывае. Дуброўскі.
6. Мець схільнасць, ахвоту да чаго‑н., захапляцца чым‑н. Да работы па гаспадарцы [у Казіміра] не хілілася сэрца, не падымаліся рукі. Пестрак.