Каба́к1 ’карчма’ (КТС). Крыніца — рус. літар. мова, куды слова запазычана або з н.-ням. дыял. форм тыпу kabacke, kaback ’халупа’ або з усходу; агляд меркаванняў гл. Фасмер, 2, 148.

Каба́к2гарбуз’ (Мат. Гом.). Пранікненне з суседніх рускай або ўкраінскай моўных тэрыторый, дзе кабак, кабачок — адзін з відаў расліны Cucurbita. Параўн. кабачок (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

нехлямя́жы, ‑ая, ‑ае.

Несамавіты; нязграбны, няўклюдны. Рабы ад воспы і нехлямяжы Іван асабліва няважна выглядаў у пары з Шарэйкам. Брыль. На сценах віселі людскія цені; яны ківаліся, вялізныя, нехлямяжыя, як малпы. Бядуля. // Дрэнна, непрыгожа зроблены (аб рэчах, прадметах). Нехлямяжае самаробнае сядло. □ Едзе [маці Горава] паўз Круціцкае падвор’е ў сваёй нехлямяжай, падобнай на гарбуз брычцы. Караткевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

абразі́на, ‑ы, ж.

Разм. лаянк. Агідны, брыдкі чалавек. Жыве ж такая абразіна з такою пыхаю на лбе! Колас. // Агідны, брыдкі твар. Прыйдзецца зноў [Сцёпку] сустракацца з пападдзёй, зноў слухаць яе хрыпаты голас, бачыць яе твар, падобны на гарбуз, з якога глядзяць вузкія шчылінкі-вочы, невялікі з бародаўкай нос, тоўстыя вусны, вузкі лоб, на які спадаюць вогненна-рыжыя пасмы, — адна брыдота. Трэба ж нарадзіцца такой абразіне. П. Ткачоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

бе́лены, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад бяліць.

2. у знач. прым. Памазаны мелам; пабелены. Беленыя сцены. Беленая хата.

3. у знач. прым. Выбелены. Беленае палатно. □ Мне валошкай вышыла матуля З беленага кужалю кашулю. Вітка.

4. у знач. прым. Запраўлены малаком; забелены. Сёння, як заўсёды ў святую нядзельку, пад’еўшы добра бліноў з верашчакаю і вычысціўшы міску беленай заціркі, Гарбуз выйшаў у садок. Чарот.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Пячо́нка, печо́нка ’смажаніна, свежаніна’ (Шн. 3, ТС), ’бульба, спечаная ў прыску’ (Сцяц.), ’печаны гарбуз’ (Сл. Брэс.), ’пячэнне’ (Мат. Маг.), ’печань жывёлы як прадукт харчавання’ (ТСБМ), ’печань’ (Шат., Сл. ПЗБ, Маш.), пячо́нкі ’печань, печані’ (Бяльк.); укр. печі́нка ’пячонка, вантробы’, польск. pieczonka ’печань’, чэш. pečenka ’смажаніна’, pečénky ’печань’, славац. černa pečenka ’тс’, славен. pečenka ’смажаніна’, серб.-харв. пѐченка ’смажаніна; печань’, балг. пече́нка ’печань; печаная кукуруза’, макед. дыял. печенка ’печаная кукуруза’. Вытворнае ад *pekti (гл. пячы), дзеепрыметніка *pečenъ(jь) ’печаны’; да семантыкі параўн. літ. kẽpenos ’печань, печані’ ад kèpti ’пячы’. Гл. печань.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

пазно́сіць, ‑зношу, ‑зносіш, ‑зносіць; зак., каго-што.

1. Знесці — пра ўсё, многае. Пазносіць каменне з поля. □ На гародзе была пакапана бульба, а на голым месцы, з якога пазносілі бульбоўнік на плот, ляжаў вялікі гарбуз. Чыгрынаў. // Знесці ў адно месца ўсіх, многіх або ўсё, многае. Прыйшла машына. У яе пазносілі раненых, і Івін паехаў у шпіталь. Алешка. Пчаляр пазносіў на зіму У сховішча ўсе вуллі. Корбан.

2. Спусціць уніз усё, многае. Пазносіць сена з вышак.

3. Сарваўшы, разбурыўшы, знесці з месца ўсё, многае. Пазносіць масты. □ [Язэп:] — Усё паламалі і пазносілі, каб іх хвароба паламала. Колас.

4. Пайшоўшы, узяць з сабой усё, многае. Пазносіць чужыя рэчы.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пабі́цца, ‑б’юся, ‑б’ешся, ‑б’ецца; ‑б’ёмся, ‑б’яцеся; заг. пабіся; зак.

1. Разбіцца на кавалкі, часткі. Графік пабіўся. Шыба пабілася. □ Збанок упаў на зямлю і пабіўся. Чорны.

2. Пабіць адзін аднаго. Няма тае гадзіны, каб [дзеці] не пабіліся. Колас.

3. Стукнуўшыся, разбіць сабе што‑н. У час крушэння цягніка Шайдоб моцна пабіўся і ляжаў дома. Федасеенка.

4. Псавацца ад штуршкоў, удараў. Яблыкі пабіліся. Гарбуз пабіўся.

5. Падзяліцца на часткі; расшчапіцца. Некаторыя хвоі аж на ралы пабіліся. Чорны. Веснавыя хмары пабіліся на грубы, падняліся ўверх. Грамовіч.

6. перан. Разм. Многа папрацаваць над чым‑н. Пабіцца над задачай. Пабіцца над артыкулам.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

акруглі́цца, ‑люся, ‑лішся, ‑ліцца; зак.

Стаць круглым, больш круглым; набыць акруглую форму. Ад нечаканасці і здзіўлення ў Дзямідчыка акругліліся вочы. Краўчанка. // Папаўнець у целе. Аднойчы Граноўская заўважыла, што сын раптам пачаў папраўляцца, неяк акругліліся шчокі, папаўнелі. Гурскі. А на Пятровіча калі зірнуць — Раздаўся ўшыркі, акругліўся, Нібы гарбуз той, сокамі наліўся. Валасевіч. // перан. Канчаткова скласціся, аформіцца (пра думку, мову і пад.). Сапраўды, жанчына тая не надта разумная, не вельмі разборлівая, і яна будзе.. [Хвядосу] ва ўсім памагаць. І толькі гэтая думка акруглілася, як загула ззаду машына. Кавалёў. // Закончыцца, дасягнуць круглага ліку. [Рыгор Іванавіч:] — Восьмы дзесятак акругліўся летась чалавеку, а на адпачынак ні за якія грошы не хоча. Ляўданскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

хаця́, злучн. і часціца.

Разм.

1. злучн. уступальны. Падпарадкоўвае даданыя ўступальныя сказы, выступаючы ў значэнні «нягледзячы на тое, што». Няўтульнымі сталі пакоі, хаця мэбля была на месцы. Лынькоў. На перавале на хвіліну спыніліся, каб адпачыць. Цяпер можна не спяшацца, хаця і вечарэла ўжо. Шамякін. / Пры наяўнасці супраціўных злучнікаў у галоўным сказе. Стары Апанас Гарбуз хаця і лічыў сябе набожным, але ў [царкву] хадзіў рэдка. Чарот.

2. часціца ўзмацняльна-вылучальная. Тое, што і хоць (у 5 знач.). — А таварышок, а паночак, а залаценькі, а не карайце ж вы хаця моцна яго, — загаласіла Рыпіна. Крапіва.

3. часціца ўзмацняльна-абмежавальная. Тое, што і хоць (у 6 знач.). Ад крыўды і голаду моцна засмактала ў .. [Лёнькі] пад грудзьмі: хаця б адну бульбіну з’есці. Капыловіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

накало́ць, ‑калю, ‑колеш, ‑коле; зак.

1. чаго. Раскалоць пэўную колькасць чаго‑н. Накалоць дроў. □ Паколькі дошак не было, накалолі плашак, абчасалі іх. Шашкоў. Дома Шкробат накалоў лучыны, занёс яе ў хату і ўжо да ночы больш нікуды не пайшоў з сваёй хаты. Галавач.

2. каго. Колючы, забіць у нейкай колькасці. Накалоць свіней.

3. што. Пашкодзіць, параніць чым‑н. вострым. Гораў трапіў нагою па калена ў ваду, балюча накалоў руку на сухую і вострую, як косць, лазіну ў гушчары. Караткевіч.

4. што. Пракалоць паверхню чаго‑н. у многіх месцах. Накалоць слівы для варэння. // Наколваючы, зрабіць узор, малюнак. Накалоць контуры карт.

5. каго-што на што. Насадзіць, нанізаць на што‑н. вострае. Накалоць матыля на шпільку.

6. што. Раскалоць, расшчапіць што‑н. не да канца; надкалоць. Накалоць гарбуз. Накалоць калодку.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)