Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРБУ́З (Cucurbita),
род адна- і шматгадовых травяністых раслін сям. гарбузовых. Радзіма гарбуза — Цэнтр. Амерыка. Вядома 13 культ. відаў, якія вырошчваюцца на ўсіх кантынентах. На Беларусі культывуюць гарбуз звычайны, ці цвердакоры (C. pepo), і яго разнавіднасці — кабачкі і патысоны, таксама гарбуз буйнаплодны, або гіганцкі (C. maxima). Харч., кармавыя, алейныя і дэкар. расліны.
Гарбуз звычайны — аднагадовая расліна. Сцябло граністае з вусікамі і калючым апушэннем, сцелецца, дае прыдаткавыя карані. Лісце 5-лопасцевае. Кветкі раздзельнаполыя, адзіночныя, жоўтыя. Плод — несапраўдная ягада, з тоўстай цвёрдай жоўта-аранжавай абалонкай, іншы раз з жоўта-зялёным малюнкам і мясістай аранжавай мякаццю. Мае цукры (да 8%), крухмал, бялкі, мінер. рэчывы, вітаміны. Плады вараць, пякуць, выкарыстоўваюць на кандытарскія вырабы. У насенні мае да 40% алею, да 28% бялку, ужываецца як глістагонны і мачагонны сродак. Меданос. Вырошчваецца насеннем або расадай. Вільгацялюбны. Добра расце на ўгноеных дзярнова-падзолістых глебах. Раянаваныя сарты: Мазалееўскі 49, Міндальны 35 і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРБУ́З (Сцяпан Кузьміч) (парт.псеўд.Паддубны; 28.12.1894, в. Касцюкі Уздзенскага р-на Мінскай вобл. — 27.8.1944),
дзеяч рэв. руху ў Зах. Беларусі. Скончыў БДУ (1925). З 1916 у арміі, потым настаўнік на Случчыне, Бабруйшчыне. Са студз. 1919 у Чырв. Арміі на Зах. фронце. У 1921—24 ва ўстановах Наркамасветы БССР, кіраўнік спраў ЦБ, ЦККП(б)Б, пазней заг. аргаддзела Полацкага, сакратар Калінінскага акр. к-таў КП(б)Б, у апараце ЦККП(б)Б. У сак. 1928 — снеж. 1929 на падп. рабоце ў Зах. Беларусі, чл.ЦККПЗБ, чл. Сакратарыята ЦК КПП. З 1930 у Маскве ў Камуніст. ін-це журналістыкі, потым на парт. і гасп. рабоце. Чл.ЦККП(б)Б у 1927—28. Чл.ЦВКБССР у 1927. У 1939 рэпрэсіраваны. Рэабілітаваны пасмяротна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Гарбуз С. К. 3/358; 5/336; 8/409
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
Паддубны, гл.Гарбуз С. К.
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРБУЗЯ́НКА,
бел. традыцыйная страва. Наз. таксама гарбузовай кашай. Ачышчаны гарбуз крышаць, дабаўляюць крупы (часцей прасяныя) і вараць. Згатаваную гарбузянку таўкуць, часам ставяць у лёгкі дух, заліваюць параным малаком, дадаюць соль, цукар, масла. Пашырана на ўсёй Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛЯПЛО́ДНІК,
перыкарпій, сценка плода раслін, якая ахоўвае насенне. Утвараецца са сценак завязі. Складаецца з трох (часам з двух) слаёў. Вонкавы (экзакарпій) бывае тонкі скурысты (касцянка, ягада, яблык), тоўсты скурысты (памяранец), цвёрды (гарбуз). Сярэдні (мезакарпій) мясісты, сакавіты, часта афарбаваны (касцянка, ягада). Унутр. бывае сакавіты (ягада), хрусткаваты (яблык), камяніста-цвёрды (касцянка). Будова К. — адзнака, якая ўлічваецца ў сістэматыцы раслін.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАБАЧКІ́ (Cucurbita pepo var. giraumontia),
аднагадовая травяністая расліна роду гарбузсям. гарбузовых; разнавіднасць гарбуза звычайнага. Агароднінная, кармавая, алейная (алей з насення) культура на ўсіх кантынентах. Радзіма К. — Мексіка.
Аднадомная расліна куставой формы. Сцябло даўж. 60—90 см. Лісце буйное, 5-лопасцевае. Кветкі аднаполыя, адзіночныя, жоўтыя. Плод — падоўжаная, цыліндрычная, белая ці зялёная гарбузіна; у маладым узросце — каштоўны дыетычны прадукт. Мае цукар (да 2,8%), сухое рэчыва (4—8%), вітаміны (35—40 мг%) і інш. Сарты: Грыбаўскія 37, Італьянскія, Даўгаплодныя, Белыя 13.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРМАВЫ́Я КУЛЬТУ́РЫ,
расліны, якія вырошчваюць на корм жывёле. Да іх належаць кармавыя травы, караняплоды (кармавыя буракі і морква, бручка, турнэпс), клубняплоды (кармавыя сарты бульбы, тапінамбур), зернефуражныя (авёс, ячмень, віка, гарох, пялюшка, кармавыя сарты лубіну), бахчавыя (гарбуз, кабачок, кавун) і сіласныя культуры.
Вырошчваюць у палявых і кармавых севазваротах, на лугах і пашы. Выкарыстоўваюцца свежыя (зялёная маса, пашавы корм) і прыгатаваныя (сена, сянаж, сілас, травяная мука, карм. гранулы, брыкеты, канцэнтраты). На Беларусі К.к. займаюць каля 40% пасяўной плошчы, сярод іх пераважаюць кармавыя травы, адна- і шматгадовыя злакавыя і бабовыя. На Пд і ў цэнтр.ч. Беларусі значныя плошчы займаюць пасевы кукурузы на сілас і зялёны корм.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЮ́ФА, луфа (Luffa),
род кветкавых раслін сям. гарбузовых. 5—8 відаў. Пашыраны ў тропіках. Культывуюць Л. цыліндрычную, або мачальны гарбуз (L. cylindrica), і Л. граністую, або вострарабрыстую (L. acutangula). Стараж. культура (з 6 ст. да н.э.) Афрыкі, Індыі і Кітая.
Аднагадовыя травы з лазячымі сцёбламі. Лісце пераважна 5—7-лопасцевае. Кветкі аднаполыя, аднадомныя, буйныя, жоўтыя ці белыя; тычынкавыя — у гронках, песцікавыя — адзіночныя. Плод падоўжана-цыліндрычны, даўж. 15—50 см (да 1 м), сухі, валакністы. Маладыя плады спажываюць у ежу, спелыя выкарыстоўваюць як мачалкі, для вырабу туфляў, капелюшоў, кошыкаў, ізаляцыйных матэрыялаў і інш. З насення атрымліваюць тэхн. алей. Харч., лек., тэхн. расліны.