ЛЮ́ФА, луфа (Luffa),
род кветкавых раслін сям. гарбузовых. 5—8 відаў. Пашыраны ў тропіках. Культывуюць Л. цыліндрычную, або мачальны гарбуз (L. cylindrica), і Л. граністую, або вострарабрыстую (L. acutangula). Стараж. культура (з 6 ст. да н.э.) Афрыкі, Індыі і Кітая.
Аднагадовыя травы з лазячымі сцёбламі. Лісце пераважна 5—7-лопасцевае. Кветкі аднаполыя, аднадомныя, буйныя, жоўтыя ці белыя; тычынкавыя — у гронках, песцікавыя — адзіночныя. Плод падоўжана-цыліндрычны, даўж. 15—50 см (да 1 м), сухі, валакністы. Маладыя плады спажываюць у ежу, спелыя выкарыстоўваюць як мачалкі, для вырабу туфляў, капелюшоў, кошыкаў, ізаляцыйных матэрыялаў і інш. З насення атрымліваюць тэхн. алей. Харч., лек., тэхн. расліны.
У.П.Пярэднеў.
т. 9, с. 413
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)