ГАРБУ́З

(Cucurbita),

род адна- і шматгадовых травяністых раслін сям. гарбузовых. Радзіма гарбуза — Цэнтр. Амерыка. Вядома 13 культ. відаў, якія вырошчваюцца на ўсіх кантынентах. На Беларусі культывуюць гарбуз звычайны, ці цвердакоры (С. pepo), і яго разнавіднасці — кабачкі і патысоны, таксама гарбуз буйнаплодны, або гіганцкі (С. maxima). Харч., кармавыя, алейныя і дэкар. расліны.

Гарбуз звычайны — аднагадовая расліна. Сцябло граністае з вусікамі і калючым апушэннем, сцелецца, дае прыдаткавыя карані. Лісце 5-лопасцевае. Кветкі раздзельнаполыя, адзіночныя, жоўтыя. Плод — несапраўдная ягада, з тоўстай цвёрдай жоўта-аранжавай абалонкай, іншы раз з жоўта-зялёным малюнкам і мясістай аранжавай мякаццю. Мае цукры (да 8%), крухмал, бялкі, мінер. рэчывы, вітаміны. Плады вараць, пякуць, выкарыстоўваюць на кандытарскія вырабы. У насенні мае да 40% алею, да 28% бялку, ужываецца як глістагонны і мачагонны сродак. Меданос. Вырошчваецца насеннем або расадай. Вільгацялюбны. Добра расце на ўгноеных дзярнова-падзолістых глебах. Раянаваныя сарты: Мазалееўскі 49, Міндальны 35 і інш.

т. 5, с. 55

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)