Ра́каўнік 1 ’шабельнік, расліна падобная да бабоўніку’ (вілен., Кіс.; ЭПБ). Няясна. Магчыма, названа так з-за вузлаватых каранёў, параўн. іншыя народныя назвы — грэбнік, бацянавы ножкі. Параўн. тлумачэнне, якое датычыць бабоўніку: бобоўнік крэстамі росце (ТС). Да рак 1 (гл.).
Ра́каўнік 2 ’хмызняковы від вярбы’ (ТС): крушна́я кора́ на ра́коўніку. Магчыма, да ра́кавіна 3 (гл.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Сухары́ба (сухорыба) ’гусцера, Blicca bjoerkna L.’ (вілен., Этимология–1978), сухарэ́ба ’тс’ (там жа; лід., Сл. ПЗБ), сухарэ́па (сухарепа) ’тс’ (там жа). Параўноўваецца польск. sucha ryba, suchareba ’тс’, літ. sukarèbka ’тс’, што да рыба (гл.) з азначэннем паводле канфігурацыі або формы цела, гл. сухі (Усачова, Слав. ихт. терм., 123); фармальныя змены пад уплывам сухарэбрыца, гл.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Тапча́к ’род коннага прывода’, ’малатарня, што рухалася ад таптання валоў’ (Варл.), ’крупадзёрка’ (Мат. Гом.), тапта́к ’прымітыўны рухавік для рэзання сечкі’ (Скарбы), топчаны́ ’прылада для памолу зерня, што прыводзіцца ў рух коньмі’ (ПСл). Ад тапта́ць 1 (гл.), параўн. таптальная малатарня ’малатарня з драўляным колам, якое прыводзілася ў рух валамі ці коньмі, якія рухаліся на адным месцы’ (вілен., віц., Народная сельскагаспадарчая тэхніка беларусаў. Мінск, 1974, 69).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Дуба́с ’вялікі, тупы нож’ (Нас.: Вілен., Ковен., Гродз. губ.). Укр. дубас ’вялікі нож’. Няясна. Параўн. фармальна ідэнтычнае, але з іншым значэннем рус. дуба́с ’від лодкі’. Магчыма, спачатку ’лодка грубай работы’ > ’грубы прадмет’. Параўн. у рус. гаворках (СРНГ, 8, 223): дубас «с заостренным носом и тупою кормою грубой работы, наподобие простого корыта». Адсюль, відаць, метафарычна: ’грубы, тупы прадмет’ (> ’тупы нож; тупы, вялікі нож’). Лексему дуба́с ’лодка’. Фасмер (1, 548) выводзіць ад *dǫbъ ’дуб’ (насуперак Міклашычу, які зыходзіў з тур. tombaz).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Ды́лда ’высокі, непаваротлівы, нязграбны чалавек’, засведчана ў Вілен., Ковен., Гродз. Мін. губ. (Нас.), ’высокі, сутулаваты’ (Шат.), ’даўгавязы чалавек’ (Бяльк.), ’высокі худы чалавек’ (Касп.); гл. і Сл. паўн.-зах.; рус. ды́лда ’тс’, таксама ’жардзіна’. Лаўчутэ (Лекс. балтызмы, 19) этымалогіі рус. слова (бел. матэрыял ніхто раней не прыводзіў) лічыць непераканаўчымі і мяркуе, што гэта запазычанне з балт. моў; параўн. літ. dìlda ’непаваротлівы, неправорны чалавек’, лат. dilda ’дылда’ (Лаўчутэ, там жа, 19–20). Гл. яшчэ агляд версій у Фасмера, 1, 558.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Ме́жань 1, ме́жань, межані́на ’ўзровень вады ў рэчцы’ (іўеў., Сцяшк. Сл.), ’доўгае сезоннае стаянне нізкіх узроўняў вады’ (ТСБМ; вілен., Яшк.). Укр. ме́жень, ме́жінь, рус. меже́нь ’сярэдзіна лета’. Да мяжа́ (гл.). (Фасмер, 2, 592).
Ме́жань 2, ме́жынь ’веснавы рух сокаў у дрэвах’ (Бяльк.). Роднаснае да балтыйскіх лексем: усх.-літ. mẽdžias ’лес’, літ. mẽdė, лат. mežs ’тс’. Параўн. яшчэ і рус. смал., арл., калуж. меженя ’нізкія мясціны, дзе расце асіннік, — там дзяруць кару і лыка’ (КЭС). Гл. таксама і межаву́ха.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Вёх ’цыкута’ (?) (гарад., Рам., 8), вілен. wech, wiech, wioch ’цыкута’, укр. вех ’тс’; ’паручайнік’, рус. вех, вёх: смал., кур., пенз., цвяр. ’цыкута’, уладз. ’какорыш звычайны’, горк. ’снітка’, уладз. ’стрэлкі’; ’амежнік’; ’зоркаўка’; ’балотная пятрушка’, смал., пск., раст. веха ’цыкута’, чэш. vích, věch ’вехаць’. Наяўнасць пары věxъ ⟷ věxa сведчыць аб архаічнасці лексемы (Ільінскі, AfslPh, 29, 162). На ўсх.-слав. тэрыторыі вех, вёх ужываецца пераважна для называння раслін з сямейства парасонавых. Можна меркаваць аб семантычнай інавацыі на ўсх.-слав. тэрыторыі. Да вяха 1 (гл.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Мі́лта ’талакно, страва, прыгатаваная з паранай аўсянай мукі на халоднай вадзе’ (Жд. 1, Др.-Падб., Сл. ПЗБ, Сцяшк. Сл.; КЭС, лаг.; ашм., Крачк.; ашм., вілен., Кар.; мядз., Нар. сл.), ст.-бел. мѣлта, милта. Літуанізм. Параўн. літ. шальч. mìlta ’eжа з кіслага малака і грэцкай мукі’ (Урбуціс, Baltistica, 5, 65). Гэтак жа Непакупны (Связи, 172), Грынавяцкене (Сл. ПЗБ, 3, 67; Лаўчутэ, Балтизмы, 39). Карскі (Труды, 393) падае ў якасці крыніцы літ. miltai ’аўсяны кісель’, Мікуцкі — miltaj ’талакно’, Булыка (Лекс. запазыч., 119) — mìltai ’мука’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Трэ́пці ‘стаптаны, зношаны абутак’ (паст., Сл. ПЗБ; чэрык., ЛА, 4). Няясна; відаць, можа быць звязана з трэпаць (гл. трапаць 2) ці трапятаць (гл.), параўн. польск. trzepiot, trzpiot ‘легкадумны, несур’ёзны чалавек’. Меркаванне Грынавяцкене — з літ. trèpčiai ‘тс’ (Сл. ПЗБ, 5, 142) — цяжка прыняць па фанетычных і лінгвагеаграфічных прычынах. Хутчэй кантамінацыя трэ́пы 1 і тапці (гл.) або запазычанне з польск. trepcie (Вілен. сл.), мн. л. ад trepek, trepka ‘прымітыўны абутак на драўлянай падэшве, прымацоўваўся да нагі пры дапамозе раменьчыкаў’, гл. наступнае слова.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Кальва́рыя ’гара, на якой стаяў ці стаіць касцёл, а таксама многа капліц вакол яе’ (вілен., мін., Яшк.), ’могілкі’ (мін., Яшк.). Слова, відаць, з польскага перыферыйнага дыялекта, у беларускай мове, як паказваюць крыніцы, распаўсюджання не атрымала. Польск. kalwaria ’цыкл малюнкаў або іншых вобразатвораў, якія адлюстроўваюць розныя сцэны мукі Хрыста; месца, дзе яны размешчаны’ з лац. calvāria, (Calvariae locus) назва гары. на якой Ісус Хрыстос быў пакараны на крыжы, а лац. да арамей. gulgoltā (Golgothē — Галгофа); суадносіцца з calva, calvus ’чэрап’, адносна семантыкі параўн. прыклад Дарашэўскага, 3, 484: Lysa Góra.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)