асвяжы́ць, -вяжу́, -вяжы́ш, -вяжы́ць; -вяжы́м, -вежыце́, -вяжа́ць; -ве́жаны; зак.
1. што. Зрабіць свежым (у 3 і 5 знач.), чыстым.
Дождж асвяжыў паветра.
А. фарбы на карціне.
2. каго-што. Аднавіць сілы, вярнуць бадзёрасць каму-н.
Вада асвяжыла мяне, прагнала сон.
3. што. Аднавіць у памяці.
А. веды.
4. што. Папоўніўшы новымі людзьмі, зрабіць больш працаздольным (разм.).
А. калектыў.
|| незак. асвяжа́ць, -а́ю, -а́еш, -а́е.
|| наз. асвяжэ́нне, -я, н.
Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)
удыхну́ць сов., прям., перен. вдохну́ть;
ён пра́гна ўдыхну́ў паве́тра — он жа́дно вдохну́л во́здух;
у. у каго́-не́будзь бадзёрасць — вдохну́ть в кого́-л. бо́дрость
Беларуска-рускі слоўнік, 4-е выданне (2012, актуальны правапіс)
вя́нуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; пр. вянуў і вяў, вянула і вяла; незак.
1. Страчваць свежасць (пра расліны). Прыпякала сонца, і яркая зелень знікала, трава бляднела, вяла ўвачавідкі. Васілевіч.
2. перан. Страчваць здароўе, сілу, бадзёрасць. [Муж Палікарпаўны] вянуў на вачах і ў дзень, калі Марыне споўнілася пятнаццаць год, памёр. Шахавец.
•••
Вушы вянуць гл. вуха.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прыні́кнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.
1. Прыціснуцца, прыпасці да каго‑, чаго‑н. Страпянуўся Міколка, удыхнуў паветра глыбей і, упаўшы на калені, прынік да маці. Лынькоў. За акном пачуліся крокі і зараз жа знаёмы Зосін тварык прынік да шыбы. Лупсякоў.
2. перан. Разм. Прыціхнуць, страціць бадзёрасць. [Ліпачка] яшчэ больш прынікла, сцішылася. Сабаленка. [Яўхім:] — Ды і Сафрон трохі прынік — прыглядваўся, ці па нораву жонцы яго разбойная жытка. Ракітны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
асвяжы́цца, асвяжуся, асвяжышся, асвяжыцца; асвяжымся, асвежыцеся; зак.
1. Стаць свежым, чыстым. Змог расою за ноч асвяжыцца Прагавіты да вільгаці стэп. Астрэйка.
2. Пабыўшы на свежым паветры, абліўшыся вадой і г. д., аднавіць свае сілы, вярнуць сабе бадзёрасць. Уся група, абудзіўшыся, прыняла параду Малашкіна — асвяжыцца ў рэчцы, што і было зроблена з вялікай прыемнасцю. Пестрак. // перан. Набрацца новых уражанняў, рассеяцца. І часта ў дні вучобы, калі быў стомлены, заўсёды спяшаўся туды [на Красную плошчу], каб асвяжыцца і набрацца бадзёрасці. Сяргейчык.
3. Аднавіцца ў памяці.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
скі́снуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.
1. Зрабіцца кіслым; пракіснуць. Крупеня скісла. // Зрабіцца кіслым (пра малако). — Каня, нябось, не даў, мы на воліку возім, і ў нас малако ні разу не скісла. Шамякін.
2. перан. Разм. Страціць бадзёрасць, упэўненасць, стаць вялым, сумным. [Гэля:] — Што з табою, Адачка? Неяк ты адразу скісла. Пальчэўскі. [Дымар:] — Ды я спакойны, грамадзянін следчы. Я ўжо спакойны, — раптам скіс, згорбіўся арыштаваны, нахіліўся, кранаючыся кепкай падлогі. Шамякін.
•••
Каб (бадай) ты скіс (скісла) — ужываецца як нязлосны праклён. — Андрэй! А бадай-жа ты скіс! — радасна выгукнуў Янка. Колас. — Ах, каб ты скіс! — засмяялася гаспадыня і звярнулася да Карніцкага. Паслядовіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
крыло́, -а́, мн. кры́лы і (з ліч. 2, 3, 4) крылы́, крыл і кры́лаў, н.
1. Орган лятання ў птушак, насякомых, а таксама некаторых млекакормячых.
К. качкі.
К. кажана.
2. Плоская паверхня самалёта, якая падтрымлівае яго ў паветры.
3. Лопасць ветранога млына або параходнага вінта.
4. Покрыўка над колам аўтамабіля, веласіпеда і пад. для засцярогі ад пырскаў вады і гразі.
5. Бакавы корпус або бакавая частка пабудовы.
Левае к. бальніцы.
6. Левая або правая частка строю, баявога парадку войска; фланг.
7. Крайняя (левая або правая) групоўка якой-н. арганізацыі.
◊
Апусціць крылы — страціць энергію, бадзёрасць.
Пад крылом — пад чыёй-н. апекай (жыць, знаходзіцца і пад.).
Падрэзаць крылы — перашкодзіць каму-н. шырока разгарнуць сваю дзейнасць.
|| памянш. кры́льца, -а, мн. -ы, -аў, н. (да 1 знач.).
|| прым. кры́лавы, -ая, -ае (да 1—4 знач.).
Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)
асвяжы́ць, асвяжу, асвяжыш, асвяжыць; асвяжым, асвежыце; зак., каго-што.
1. Зрабіць свежым, чыстым. Першы снег асвяжыў паветра, зрабіў яго прыемным для чалавека. Галавач. Разам з кветкамі ў пакой уварвалася вясна, асвяжыла яго, упрыгожыла. Васілевіч. // Выклікаць адчуванне свежасці, халадку; ахаладзіць. І хоць Алесю ў той час не хацелася піць, ён нахіліўся, і прыемны халадок асвяжыў яго ўсяго. Броўка.
2. Аднавіць сілы, вярнуць бадзёрасць. Тацяна.. напілася, чэрпаючы ваду прыгаршчамі, пражыла вочы. Вада асвяжыла, прагнала сон. Шамякін.
3. Абнавіць, паднавіць. Асвяжыць фарбы. Асвяжыць туалет. □ Учора.. [суседка] прыйшла да іх, пасядзела трошкі, пагаварыла, ды кажа: — Пайду хіба дахаты. Думаю к святу аканіцы асвяжыць. Пальчэўскі.
4. Аднавіць у памяці. Трэба было яшчэ раз перад дзяржаўным экзаменам.. асвяжыць усё ў сваёй памяці. Шахавец.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
падкасі́ць, ‑кашу, ‑косіш, ‑косіць; зак., каго-што.
1. Падрэзаць (касой, касілкай і пад.).
2. перан. Зваліць, збіць з ног. Трапны Цішкаў стрэл падкасіў драпежніка. Пальчэўскі. — Здарылася няшчасце. Выпадковая куля, як кажуць, шалёная куля падкасіла партызана, калі ён адыходзіў з лагера. Ваданосаў. // Адняць сілы, здароўе, бадзёрасць і пад. Падкасіла старога настаўніка хвароба пасля смерці жонкі, з якой ён прайшоў усё сваё доўгае жыццё. Шамякін. Была ціхая хвіліна, калі ўсе думалі пра нягаданае гора, што прыйшло ў Анэціну хату і падкасіла жанчыну. Пташнікаў. / Пра ногі, калені. Слабасць падкасіла ногі. / у безас. ужыв. Старавойтава нібы падкасіла, ён пахіснуўся, ухапіўся за нары і цяжка асеў. Гурскі.
3. і чаго. Накасіць у дадатак да накошанага; укасіць. Зрэдку наведваўся ў вёску да старой Сяргей Кірылавіч першыя гады. Сена падкосіць, дроў наколе. Мыслівец.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
нада́ць, ‑дам, ‑дасі, ‑дасць; ‑дадзім, ‑дасце, ‑дадуць; пр. надаў ‑ла, ‑ло; заг. надай; зак.
1. што. Даць, прыдаць чаму‑н. якую‑н. форму, выгляд, якасць, уласцівасць і пад. Надаць законную сілу дакументу. Надаць бляск падлозе. □ Высокай каронай ляглі .. [валасы] вакол галавы, падалі твару адбітак нейкай асаблівай жаночай велічнасці. Васілевіч. — Ну, чым не палескія рабінзоны?! — стараючыся надаць свайму голасу бадзёрасць, прамовіў Андрэй. Скрыпка.
2. што. Надзяліць каго‑н. чым‑н. (званнем, правам, паўнамоцтвамі і пад.). Надаць чын капітана. □ — Чаму невясёлы? — запытаў я. — Вам жа першаму ў рэспубліцы надалі годнасць народнага артыста! Рамановіч. // Даць назву чаму‑н. Ах, гэты край нізін і круч, Равы, суглінкавыя пашы... Табе ў адзнаку — Беларусь Надалі назву продкі нашы. Таўбін.
3. перан.; што. Аднесціся, паставіцца да чаго‑н. так ці іначай. Назаўтра Кулікоўскі не бачыў Будніка, аднак не надаў гэтаму значэння. Галавач. Маці нібы і не чула ці не надала ўвагі.. [Міхасёвым] словам. Сіўцоў.
4. што і чаго. Павялічыць, зрабіць больш прыкметным што‑н. у кім‑, чым‑н. Надаць адвагі. Надаць сіл. □ Смелы тон слоў Закрэўскага і ўся яго вытрымка надалі фурманшчыку смеласць. Чорны. Сутычка з паліцыяй не спалохала рабочых, але абурыла і надала больш рашучасці. Шамякін.
5. безас. або ў спалучэнні са словамі «чорт», «чэрці» і пад., каму і з інф. Разм. Зрабіць што‑н. непатрэбнае, непажаданае, недарэчнае. [Дзед:] — Надалі чэрці Якушу звязацца з муляровай дачкой. Скрыган.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)