падра́паць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.

Разм.

1. Зрабіць драпіну (драпіны) на чым‑н.; злёгку абдзерці. Падрапаць ногі аб іржышча. □ [Кухаркі] нават аканом баіцца: бегае то туды, то сюды ад адной фурманкі да другой і пакрыквае на парабкаў, каб часам чаго не пабілі, не падрапалі. Каліна. Лістоўкі, якія нельга было адклеіць, Ёшка падрапаў нажом. Пестрак.

2. Драпаць некаторы час; драпнуць некалькі разоў. Воўк прыціснуўся ў кут, заляскаў зубамі, падрапаў зямлю і палез угару. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прыганя́ць, прыгна́ць ’прывесці, даставіць; прымушаць, падахвочваць’ (ТСБМ), прыгыня́ць ’тс’ (Бяльк.). Узыходзіць да прасл. *prigъnati/*prigoniti/*priganʼati, прэфіксальных утварэнняў ад *gъnati/*goniti/*ganʼati; гл. ганя́ць, гнаць. Сюды ж аддзеяслоўныя назоўнікі з развіццём і пашырэннем семантыкі: прыго́н, прыго́нка ’дастаўка; прымус прыйсці, з’явіцца; згон’ (Нас., ТСБМ); прыго́н ’пасаг маладой у выглядзе жывога інвентару, статак’ (Федар.), прыгі́н ’дамашнія жывёлы, якіх бацькі далі як пасаг заручоным’ (Сіг.); з архаічнай словаўтваральнай структурай прыганя́ты ’слуга памешчыка, які наглядаў за працай сялян у час прыгону; цівун; аканом’ (ТСБМ, Нас., Мядзв., Гарэц., Ласт., Байк. і Некр.); параўн. маляўніча вобразнае мн. л. перан. прыгыня́тыя ’нязжатыя сцяблы збожжа, якія засталіся ззаду’ (рас., Шатал.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Атама́н ’выбарны начальнік у казацкіх войсках або паселішчах у дарэвалюцыйнай Расіі’, ’важак, завадатар’ (БРС), атама́н (Нас.). Рус. атама́н, дыял. (в)ата́ма́н, укр. атама́н, ота́ма́н. Магчыма, што ўкраінская форма з а‑ замацавана пад рускім уплывам, а польская ataman з рускай ці беларускай, а не з украінскай. Руская і ўкраінская мовы ведаюць значэнне слова ’рыбацкі, ’пастухоў стараста’. Ст.-рус. ватаманъ, вотамманъ, отоманъ ’чалавек, які працуе на судне’ з 1294 г., пазней — атаман начальнік казачай дружыны’ (XVII ст.); польск. (да XVI ст.) watamanаканом’. Ст.-бел. з 2‑й палавіны XV ст. оутамонъ, втамон, отаманы, атаманъ у знач. ’рыбацкі завадатар’ (1577), ’аканом’ (1497), ’чыноўнік па збору падаткаў, падпарадкаваны татарскім баскакам’ (XVI ст.). Ст.-укр. ватаманъ (1422) ’стараста’, з XVI ст. атаманъ са значэннямі, блізкімі да старабеларускай. Этымалогія слова высветлена не да канца. Ранейшыя прапановы ўзводзіць яго, як і польск. > укр. гетьман, з ням. Hauptmann < heubtmann (Міклашыч, 5; Бернекер, 1, 378; Гараеў, 7) запярэчваюцца ў сувязі з фанетычнымі цяжкасцямі. Не прымаецца таксама этымалогія Гараева, 438, з тур. (?) ата ’бацька’ + туман ’10 000 (войска)’ у сувязі з нерэальнасцю такога спалучэння ў турэцкай. Найбольш верагоднай лічыцца этымалогія Т. Корзана, падтрыманая і абгрунтаваная Брукнерам, KZ, 48, 172, а потым больш дакладна Дзмітрыевым, Строй, 523: крым.-тат. отаман > одаман ’старшы пастух, пастухоў бацька’ (‑ман павелічальны суфікс), адкуль атаман, отаман (Брукнер, 8; Фасмер, 1, 95; Саднік-Айцэтмюлер, 1, 36; Шанскі, 1, А, 169–170; Курс суч., 161). Гэта этымалогія, аднак, не тлумачыць ст.-рус. наўг. ватаманъ ’працуючы на суднах’ па гістарычных, геаграфічных, фанетычных прычынах, таму Фасмер выдзяляе ватаман у асобны артыкул, хаця і не тлумачыць яго; Саднік-Айцэтмюлер лічацца з магчымасцю старога цюркскага запазычання; Праабражэнскі (1, 9–10) спачувальна прыводзіць думку Сразнеўскага (1, 231) пра сувязь ватаманъ з ватага. Старое цюркскае запазычанне магчыма (параўн. чув. утаман побач з атаман, якое Ашмарын (2, 133) лічыў запазычаннем з рускай; параўн. Ягораў, 278). Нельга выключыць і ватаманъ ’працуючы на судне’ з германскага (параўн. с.-в.-ням. Waʒʒermann ’марак, лодачнік, шкіпер’, англ. waterman ’лодачнік, вясляр’ і г. д.). Ст.-польск., ст.-бел., ст.-укр. ватаман ’чыноўнік, аканом’ магло ўзнікнуць пад уплывам іншых слоў (параўн. ст.-польск. watman), напр. Amtmann. Гэта не выключае і кантамінацыі з одаман ’старшы пастух’ і з оттоман ’турак’. Сучасныя беларускія значэнні замацаваліся пад рускім уплывам. Пра цюркскае паходжанне слова гл. Дабрадомаў, РР, 1972, 5, 110–114.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

пле́сці, пляту, пляцеш, пляце; пляцём, плецяце, плятуць; пр. плёў, пляла, пляло; заг. пляці; незак., што.

1. Перавіваючы (лазу, ніці, стужкі і інш.) злучаць у адно цэлае, вырабляць што‑н. Плесці кошыкі. Плесці лапці. □ І не цураліся дзяўчаты, Плялі вяночкі з красак мне. Колас.

2. перан. Разм. Гаварыць няпраўду, узводзіць паклёп. — Ваша вялікасць, — заявіў Мазарыні, — Англія зноў пляце тайныя інтрыгі супраць Францыі. «ЛіМ».

3. перан. Разм. Гаварыць што‑н. без сэнсу, не думаючы. Той, перш чым адказаць, бадзёра ўсміхаўся і плёў такую бязглуздзіцу, што аканом нічога не мог зразумець. Чарнышэвіч. // і без дап. Разм. Выдумваць, нагаворваць. Зося яшчэ ўсяго не ведала, што пра яе плятуць. Крапіва. — Ай-яй, на такога чалавека і гэтакае плесці, — абураўся Касач. Гурскі.

•••

Плесці з дуба вецце — гаварыць абы-што, малоць языком.

Плесці кашалі з лапцямі — гаварыць немаведама што, без сэнсу.

Плесці лухту — тое, што і вярзці лухту (гл. вярзці).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

злупі́ць, злуплю, злупіш, злупіць; зак., што.

Разм.

1. Зняць, садраць верхні слой чаго‑н. Злупіць кару з дрэва. □ Цыганаваты Шот валачэ на сабе злубянелую шкуру, якую злупіў са здохлага каня. Шкраба.

2. Рэзкім рухам зняць што‑н. надзетае. Сцяпан злупіў боты і кінуўся ў стаў. Чарнышэвіч. Прыбраўся Кудлаты ў боты, у сярмягу; кашулю ўздзеў, што злупіў у Міколы. Танк.

3. перан. Узяць за што‑н. празмерна вялікую суму. Пан хваліць лес, хоча даражэй з купца злупіць, а купец усё падтаквае яму ды адводзіць далей. Якімовіч.

4. Жорстка, моцна набіць каго‑н. Старшына, замест нас бараніць, Выгадней знаходзіць — брата злупіць. «Полымя».

•••

Злупіць скуру (дзве, тры скуры) — жорстка пакараць за што‑н. Пабаяўся [Яська] ні з чым вяртацца ў двор: аканом скуру злупіць. С. Александровіч.

Злупіць шкуру, (дзве шкуры, сем шкур) — абабраць каго‑н., узяць лішняе пры разліку. [Максім:] Ды што вы, .. хочаце з мяне ўжо дзве [ш]куры злупіць: каб я і штраф заплаціў і яшчэ за штэмпель грошы аддаў. Козел.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

бунтава́ць, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; незак., каго-што і без дап.

1. Падымаць, узнімаць бунт, удзельнічаць у бунце. Мы [беларускія паэты] былі разам з народам, гнеўна бунтавалі разам з ім, верылі ў будучыню. Купала. Кажуць, што пасля сяляне бунтавалі, Над палацамі клубіўся чорны дым Недалёка той карчмы, дзе быў Купала, На даўгінаўскім гасцінцы векавым. Танк. // перан. Выказваць крайнюю незадаволенасць, пратэставаць. — Што ты, Саўка, бунтуеш? — строга звярнуўся да яго войт. Колас. — Вы што — бунтаваць ўздумалі? — сярдзіта закрычаў аканом на мужчын. Якімовіч. // перан. Бударажыць, хваляваць. [Стэфа:] — Зноў гэтая хата... Адзін напамінак пра яе бунтуе маю душу. Савіцкі. // перан. Бушаваць, кіпець. Мы не верым ані ў бога, ні ў малітвы, І няма для нас другіх свяцейшых слоў, Апроч лозунгаў і заклікаў да бітвы, Апроч песень, ад якіх бунтуе кроў. Куляшоў. Чаго ж ты бунтуеш, лагоднае мора? Вялюгін.

2. Падбухторваць да бунту. [Старшыня:] — Не хочаце рабіць — не рабіце, але і не бунтуйце народ. Навуменка. І вось неўзабаве.. [Марыся] зноў прыедзе ў фальварак бунтаваць парабкаў. Бажко. // Перашкаджаць, шкодзіць. Рыгорка ўзняў крык на Якіма за тое, што той валтузіць і бунтуе работу касцоў, і патрабаваў, каб ён ішоў прэч. Дуброўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ме́ра, ‑ы, ж.

1. Адзінка вымярэння. Меры даўжыні. Мера часу.

2. Народная назва адзінкі ёмістасці для чаго‑н. сыпучага, якая раўнялася прыблізна пуду збожжа; пасудзіна, якой мералася што‑н. сыпучае. Мера мукі.

3. Тое, чым вымяраюць што‑н.; мерка, крытэрый. Вымяраць кожны свой крок высокай мерай ідэалаў камунізма — такое патрабаванне ленінскай навукі кіравання будаўніцтвам новага грамадства. «Звязда».

4. Велічыня, ступень. Аканом меў дачыненні да Сімонавых спраў у такой жа меры, як Сімон да спраў Дгебуадзе. Самуйлёнак. // перан. Вызначаны рубеж, граніца. Мера цярплівасці.

5. Дзеянне або сукупнасць дзеянняў, сродкаў для ажыццяўлення чаго‑н. Прыняць меры. Вышэйшая мера пакарання. □ Папярэджанне, вымова, штраф на некалькі працадзён былі частымі мерамі ўплыву на нядбайнікаў. Дуброўскі.

•••

Квадратныя меры — меры плошчы.

Кубічныя меры — меры аб’ёму.

Лінейныя меры — меры даўжыні.

Метрычная сістэма мер гл. сістэма.

Без меры — а) у вялікай колькасці, вельмі многа; б) у вялікай ступені, бязмерна.

Ведаць (знаць) меру гл. ведаць.

Канца-меры няма гл. няма.

Мера і вера — дакладна. — А колькі табе, Андрэй, [за малатарню] плаціць? — запытаўся Юзік у Пошты. — У мяне мера і вера: пуд у дзень давай. Крапіва.

Не ў меру — больш, чым трэба.

Ні ў якой меры — ніяк, ніякім чынам.

Па меншай меры — не менш чым. [Галчанаў:] — Цяпер я быў бы па меншай меры дырэктарам завода. Васілёнак.

Па меры сіл (магчымасцей) — адпаведна з сіламі, з магчымасцямі.

Перабраць меру гл. перабраць.

Поўнаю мераю (плаціць) — столькі ж, колькі было атрымана.

У адной меры — без змен.

У меру — дастаткова. [Цімафей Міронавіч] убачыў жанчыну пакору і звярнуўся да яе тонам у меру строгім, але такім, які даваў зразумець, што .. усё ідзе па-ранейшаму. Зарэцкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

заня́ць, займу, зоймеш, зойме; заг. займі; зак., каго-што.

1. Запоўніць сабою (якую‑н. прастору, паверхню). Крывыя подпісы мужыкоў занялі ўвесь ліст паперы. Колас. Вясельны поезд заняў повен двор. Гарэцкі. // Размясціцца, распалажыцца на якім‑н. месцы. Гарманіст заняў месца на лаўцы. Васілевіч. Рыгор з Сёмкам прыкмецілі пры адным стале два.. крэслы, падышлі і занялі іх. Гартны. // Узяць у сваё карыстанне. Кожны падарожнік, калі ён жадаў, мог заняць на ноч адзін.. домік. Шамякін. Аканом Павел Грынявіцкі злітаваўся над цягавітым парабкам і дазволіў яму заняць частку хаты ў лапаціцкім фальварку. С. Александровіч. // пад што. Скарыстаць для якіх‑н. мэт. Заняць дом пад шпіталь. // Пашырыцца на што‑н.; ахапіць сабой што‑н. Праз некаторы час ранішняя зара заняла ўвесь усход. Чарнышэвіч.

2. Атрымаць якую‑н. пасаду, замяніць каго‑н. па рабоце. Я цешыў сябе надзеяй, што змагу заняць месца малодшага навуковага супрацоўніка. Дамашэвіч. // Апынуцца па выніках на якім‑н. месцы. Заняць прызавое месца ў спаборніцтвах. □ Адам Мігай, якому перадалі новы трактар, заняў першае месца. Шамякін. // Замацаваць за сабой (месца ў чарзе). Кіра заняла чаргу ў касу, каб узяць усім талоны. Карпаў.

3. Авалодаць якой‑н. тэрыторыяй, населеным пунктам і пад. Полк штурмам заняў варожы гарнізон. □ Атрад быў разбіты на групы, якія занялі пераправы на рэках. Чорны.

4. Запоўніць (які‑н. прамежак часу); працягнуцца. Шмат часу заняла прыборка і ўстаноўка вучэбных машын. Брыль. // Правесці пэўны час за якім‑н. заняткам. Хацелася б сустрэць каго-небудзь знаёмага — пагутарыць, заняць час. Пестрак.

5. Даць работу, занятак. Заняць у спектаклі маладых акцёраў. Заняць на ўроку ўсіх вучняў. □ Каб чым-небудзь заняць сваю ўвагу, [Андрэй] пачаў пазіраць за гасцямі. Шахавец.

6. Зацікавіць, цалкам захапіць. Работа Арцыховіча заняла, і ён не заўважыў, калі падышла і спынілася па той бок плоціка дзяўчына. Алешка. // Забавіць, не даць нудзіцца. Заняць гасцей.

7. Захапіць, збіраючы ў адно месца і гонячы куды‑н. (пра жывёлу). На світанку, як толькі даяркі падаілі кароў, пастухі занялі ўвесь статак і пагналі ў дарогу. Сабаленка.

8. Распачаць. Касцы прайшліся па два пракосы, занялі па трэцім. Дайліда. Трактар дайшоў да канца і, завярнуўшыся, заняў новыя барозны. Паслядовіч.

9. безас. Разм. Адняцца (пра мову). — Ды гавары ты ўжо! Ці табе заняло! Дуброўскі.

•••

Дух (дыханне) заняло (захапіла) каму ці ў каго — спынілася дыханне (ад моцнага хвалявання, хуткага бегу і пад.). Халодная, яшчэ зімовая вада адразу заняла дыханне. Грамовіч.

Заняць абарону — падрыхтавацца адбіваць атаку, напад ворага, размясціўшы адпаведным чынам войска, агнявыя сродкі. Неўзабаве дывізія атрымала загад заняць абарону на паўднёвы захад ад Віцебска і ва ўзаемадзеянні з суседам справа і злева спыніць наступленне немцаў. «Звязда».

Мову заняло каму — страціў здольнасць гаварыць. Чалавек увесь спалатнеў, яму заняло мову. Вітка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

се́сці, сяду, сядзеш, сядзе; пр. сеў, села; заг. сядзь; зак.

1. Прыняць сядзячае становішча; заняць месца, прызначанае для сядзення. Сесці на лаўку. Сесці за стол. □ Віктар моўчкі сеў і пачаў слухаць. Зарэцкі. Можна сесці, скурчыцца, заснуць; сны, кажуць, сніцца будуць толькі. Мележ. Ларыса села пры акне, адсунула фіранку і пачала глядзець у сад. Мурашка. / З акалічнаснымі словамі, якія паказваюць на характар, асаблівасці такога становішча. Сесці бокам. // Заняць месца, размясціцца дзе‑н. для паездкі. Сесці ў аўтобус. □ Праўда, маршрут гэты просты: пайсці на раз’езд, як-небудзь сесці на таварны цягнік і паехаць. Колас. Дзед купіў білеты, селі на параход. Лынькоў.

2. за што, на што і з інф. Пачаць якую‑н. справу, заняткі, якія звязаны са знаходжаннем у сядзячым становішчы. Сесці за кнігу. Сесці за руль. □ Трэба будзе сесці на трактар, на камбайн — і, калі ласка, сядзем. Кулакоўскі. Кібрык сеў за піяніна, узяў акорд з моднай песенькі. Шыцік. Пятрусь сеў за ўрокі. Кавалёў. // Размясціцца на месцы выканання чаго‑н. Сесці ў засаду. // звычайна на што. Разм. Заняць якое‑н. месца, пасаду, пачаць выконваць якія‑н. абавязкі. А пасля.. [Мінін] сеў на зямельны аддзел. Дуброўскі. [Русаковіч:] Выходзіць, што я сапхнуў Сухадольскага, каб самому сесці на яго месца. Крапіва.

3. Разм. Пасяліцца на пастаянным месцы, заснаваўшы гаспадарку. Сесці на гаспадарцы. □ Тоўхарт.. абвясціў, што хто выкарчуе і ачысціць гэтую зямлю, возьме сабе навечна паўтары дзесяціны, а на трох з паловай сядзе ляснік. Чорны. [Верамейчык:] — Няўжо-такі сядзе Грамабойчык на Жагулаўшчыне? Крапіва. // Застацца дзе‑н., не выязджаючы; засесці. Яму ўважыў пан ляснічы, І сеў Міхал у страшнай дзічы. Колас.

4. Трапіць у турму, быць пазбаўленым волі. Калі людзі аднаўлялі на руінах і папялішчах разбураныя ворагам сядзібы, .. хутаранец Хамёнак сеў за спекуляцыю народным дабром у астрог. Майхровіч. [Соня] хвалілася, што пасадзіла мужыка, хоць, казалі, сеў сам за растрату. Мыслівец.

5. Абмежаваць сябе ў чым‑н. (звычайна ў ядзе). Сесці на дыету.

6. Наткнуўшыся на перашкоду, спыніцца, засесці. Баржа села на мель.

7. Спыніўшы рух, палёт, спусціцца на што‑н. (пра птушак, насякомых). Прыляцела сінічка і села на адчыненую фортку. Шахавец. Чуваць было толькі, як гудзіць вакол лямпы муха, выбірае месца, дзе сесці. Лынькоў. // Прызямліцца (пра самалёты, парашутыстаў і пад.). Тым часам самалёт, зрабіўшы яшчэ два кругі, спусціўся зусім нізка і дакладна сеў у раёне трох кастроў. Зуб. І вось перад усімі людзьмі на дарозе паказаліся немцы. Гэта і быў той самы дэсант, што перад вечарам сеў поблізу. Чорны.

8. Разм. З’явіцца на скуры, выскачыць (аб фурункуле і пад.). Прызнаў.. [Яська] валоў у двор, а там яму кажуць, што захварэў аканом, села яму скула на баку. С. Александровіч.

9. Апусціцца, асесці, паглыбіцца ў зямлю. Дом сеў. Грунт сеў.

10. Апусціцца за гарызонт, зайсці (пра свяцілы). У канцы лагоў сівеў туман, якраз там, дзе села сонца. Пташнікаў.

11. Паменшыцца ад вільгаці; збегчыся (пра тканіны, скуры і пад.). Сукно села. Касцюм сеў.

12. Спец. Замацавацца ў патрэбным становішчы. Платон.., сагнуўшыся, уважліва аглядаў, ці добра ў пазу села жардзіна. Ракітны.

13. Разм. Страціць сілу, напружанне, стаць слабейшым (пра электрычны ток, пару і пад.). У кутку.. стаяў радыёпрыёмнік, адзіны ў лагеры. Ён не працаваў ужо два тыдні — селі акумулятары. Шамякін. // Затупіцца (пра рэзальныя інструменты). Разец сеў. // Стаць больш нізкім, хрыплым (пра голас). — Ведаеце што, — голас [Гелены] сеў. — Не ідзіце нікуды. Караткевіч.

•••

Верхам сесці на каго; сесці на галаву каму — падпарадкаваць каго‑н. сабе, прымусіць выконваць свае капрызы; камандаваць кім‑н.

На тым самым месцы сесці; на тым жа суку сесці — нічога не дамагчыся, не змяніць чагосьці па-свойму, пагадзіцца з пэўным становішчам і станам рэчаў.

Ні села ні пала — без падставы, без выяўнай прычыны, нечакана.

Ні стаць ні сесці гл. стаць.

Сесці макам — а) спыніць або перапыніць надоўга свой рост, развіццё. [Мужчына:] — Пасеялі мы летась кукурузу. У адным месцы яна ўзышла і расла нішто сабе, а ў другім як выткнулася, так і села макам — жоўтая, чэзлая. Палтаран; б) пацярпець крах, няўдачу. [Атрошчанка:] — Як раён скасавалі, то і сеў [Рогаль] макам. Навуменка; в) загінуць, прапасці. [Сырамалот:] — На яблынях завязь ужо макам села. Як не дасць бог дажджу, дык і ўсё макам сядзе. Сабаленка.

Сесці (уссесці) на карак (шыю) каму — а) стаць утрыманцам каго‑н., абцяжарваючы яго гэтым. [Лабановіч:] — Вы толькі падумайце: маленькая жменька дваран і багатыроў села вам [сялянам] на карак, захапіла лепшыя землі, жыве з вашае працы і вас жа катуе, чыніць несправядлівасці. Колас; б) падпарадкаваць сабе, паставіць у поўную залежнасць ад сябе. [Вера:] — Дай яму, другому, волю, дык ён табе на шыю сядзе... Пальчэўскі.

Сесці (напасці, трапіць) на лаву падсудных — пайсці пад суд.

Сесці на мель — а) страціць здольнасць рухацца (пра судны); б) папасці ў вельмі цяжкае становішча.

Сесці на пяты каму — дагнаць, насцігнуць каго‑н., праследуючы або проста рухаючыся за кім‑н.

Сесці на свайго канька — пачаць гаварыць, разважаць доўга, падрабязна, шматслоўна.

Сесці на хлеб чый — перайсці на ўтрыманне каго‑н.

Сесці не ў свае сані — узяцца не за сваю справу.

Сесці ў лужыну (у галош) — пацярпець няўдачу, апынуцца ў няёмкім, смешным становішчы.

Чорт сеў на каго гл. чорт.

Як старой бабе сесці — вельмі мала (звычайна да рэвалюцыі гаварылася пра наяўнасць зямлі ў селяніна). Зямля нават была і не кепская, але калі яе гэтулькі, як старой бабе сесці. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)