акра́вак, ‑раўка, м.

1. Абрэзак, кавалак, шматок чаго‑н. (скуры, тканіны і пад.). Вулічнае акно.. было заткнута кажушным акраўкам. Вітка. [Мікодым:] — Пашукай у куфры, можа, які акравак чырвонага ёсць! Сабаленка.

2. Наогул частка чаго‑н. Сцямнела неяк адразу, толькі там, дзе на сконе дня было паказалася сонца, дрыжаў акравак барвовага неба, як ад далёкага пажару. Пташнікаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

*Ла́патка, ла́по̂тка ’паглыбленне на галёнцы задняй лапкі пчалы, акружанае цвёрдымі і кароткімі шчацінкамі, якое служыць для пераноскі пылку’ (Анох.). Магчыма, сюды ж рус. лапотки ’пупышкі на лапах мядзведзя’, зах.-укр. лапотьабрэзак, шматок, лапік’, славен. lapet ’кавалак зямлі’, серб.-харв. ла̀пат ’тс’, ’кавалак, абрэзак, акравак, лапік’, ц.-слав. лапътъ ’кавалак’. Прасл. lapъtъ роднаснае з літ. lõpas ’акравак’, лат. lãps ’лапік’, алб. lapë ’тс’, ст.-грэч. λώπη ’адзенне’. Гл. лапаць. Суф. ‑ъtь, як у слове (паз)ногаць. У палес. ла́по̂тка па аналогіі да лапка, ножка, абношка даданы яшчэ суф. ‑к‑а.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Лапаткі ’вузкія матузкі ці стужачкі, якімі зацягваецца каўнер у фартуху’ (Інстр. I). Зах.-укр. лапата́че ’абрэзкі, акраўкі’, рус. лопото́к ’акравак, аблямаваны сэрцайкам, які прывязваецца як аздоба катоў’. Да ла́паць2 (гл.) < прасл. lapъtь, з якім лексема звязана значэннем ’акравак, абрэзак’. Параўн. таксама папярэдняе ла́патка.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Рэ́шта ’астача, астатак; рэшта’ (ТСБМ, Байк. і Некр., Касп., Нас., Сл. ПЗБ, ТС), ’абрэзак тканіны’ (ЛА, 4), рэшт ’астача, рэшта’ (ЛА, 3), рэйшта ’тс’ (Сцяшк. Сл.), рэшка ’рэшта, астатак’ (Бяльк.). Ст.-бел. решта ’рэшта’ < ст.-польск. reszta < ням. Rest (Булыка, Лекс. запазыч., 81). Сюды ж рэштавы ’астатні’ (Нас.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

суко́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

1. Абрэзак сукна або іншай шарсцяной тканіны, які ўжываецца для чысткі, націрання чаго‑н. Свідзерскі знайшоў на кватэры начальніка станцыі шчотку і доўга шоргаў ёю па чаравіках, потым драіў яшчэ і суконнай. Хомчанка. Калі блешня пасля таго, як яна пабывала ў вадзе, страціла бляск, яе трэба працерці суконкай. Матрунёнак.

2. Суконная ануча. [Пракоп] рашуча падымаецца з пасцелі, запальвае газоўку. Абуваецца. Накручвае на ногі суконкі, надзяе лепшыя боты. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

*Ляпе́нік1, драг. лыпэ́нык ’шышка, сухі выраст па краях булкі хлеба’ (Нар. словатв.). Рус. цвяр. лепенёк ’лісток расліны’, валаг., пск., арханг. ле́пе́нь ’акравак, абрэзак, кавалачак тканіны’, пск. ляпе́нье ’акраўкі’, ле́пест, ле́пестень ’тс’, ’ліст расліны’. Генетычна роднаснае да лапатуха1, лапік. Стары балтызм. Параўн. літ. lãpas ’ліст’, лат. lapa ’тс’ (гл. Фасмер, 2, 483).

Ляпе́нік2 ’варэнік з начынкай’ (ТС). Да ляпі́ць (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скра́вак ‘акравак, беражок’ (Ласт.), ‘абрэзак’ (віл., Сл. ПЗБ; Сцяшк.), ‘скосак’ (Мат. Гом.), ‘малы кусочак хлеба’ (навагр., Нар. сл.). Параўн. польск. skrawek ‘тс’, якое ад skraw ‘асколак, трэска’ < skrawać (Варш. сл.). Слова чаргаваннем галосных звязана з кро́іць, кро́ю (гл.), аналагічна да польск. stawać : stojać, napować : napajać і г. д. (Брукнер, 268), што можа сведчыць пра запазычанне. Аднак значэнне ‘малы кавалачак хлеба’ збліжае слова з акрае́ц, акра́йчык ‘тс’, скра́йка ‘тс’. Гл. скрайчык.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сту́жка ‘палоска матэрыі’ (ТСБМ, Нас., Гарэц., Шат., Касп., Сл. ПЗБ, Бяльк., Сцяшк., Мядзв.), ‘абрэзак тканіны’ (Ян.), сту́жкі ‘завязкі фартуха’ (Жд. 1), ‘вузкая палоска лазы, лыка’ (навагр., Сл. ПЗБ). Параўн. укр. дыял. сту́жка ‘істужка, тасёмка’, стараж.-рус. сътуга ‘звязка, скрэпа’, польск. wstęga, wstąžka, чэш. stužka, славац. stuha, stužka, славен. stogla ‘шнурок для чаравікаў’. Прасл. *vъs‑tǫga ‘падвязка для абуўкі’, да *tegnǫti ‘цягнуць’ (Брукнер, 635). Карскі (Белорусы, 146) меркаваў, што слова занеслі ў Беларусь славакі (т. зв. каробачнікі), якіх называлі венграмі, што цяжка давесці.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ашаву́рак ’непаваротлівае і нецямкое дзіця’ (КЭС, лаг.), ’абармот, непаслухмяны (пра дзяцей)’ (нясвіж., Цыхун, вусн. паведамл.). Няясна, магчыма, ад ша́ваць ’слаба варушыць, шамацець’, параўн. ашамётак, з экспрэсіўным нарашчэннем ‑ур‑ (пераходная ступень (а)шава(а)шавура як рус. кожа і кожура, параўн. таксама прозвішча Ша(в)ура). Менш верагодна па фанетычных і семантычных прычынах сувязь з рус. маск. ошвырок ’аполак, абрэзак’, укр. о́шварь, польск. oszwar ’тс’, параўн. аполак ’непатрэбны чалавек’, ці польск. гіст. abszaur ’таможанны чыноўнік, які калісьці па вёсках шукаў тытуню, прывезенага кантрабандай’ (з ням. Abschauer, Карл.). Параўн. ашвурак.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ану́ча, ‑ы, ж.

1. Кавалак, абрэзак тканіны (звычайна такой, якая ўжо была ва ўжытку). [Лабановіч:] — Паколькі лесу ў раёне Дзямянава Гуза няма, дык ты прымацуй да ёмкага кія дзяружку, хустку ці проста анучу і такім саматужным сцягам памахай мне. Колас.

2. Рваныя паношаныя рэчы; старое адзенне. Хата.. не зліняла, смецця ў хаце больш не стала, анучы з палатак не прапалі. Чорны.

3. Кавалак тканіны, якой абмотваюць ногі перш чым абуцца. [Бацька] уставаў на золку, выцягваў з пячуркі падсохлыя анучы, абуваўся ў лапці. Навуменка.

4. толькі мн. (ану́чы, ‑аў). Пагард. Убранне, строі.

5. перан. Бесхарактарны, бязвольны чалавек. Ануча, а не чалавек, — запярэчыў Галаскок. Хто што хоча, тое і робіць. Крапіва.

•••

Як анучаю па зубах — сказаць каму‑н. што‑н. непрыемнае.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)