хвалі́цца, хвалюся, хвалішся, хваліцца; незак.
Расхвальваць што‑н. сваё, свае поспехі, заслугі і пад. Хваліцца сілай. □ — Вось гэта ў мяне сёлета добра ўрадзіла! — хваліўся гаспадар, паказваючы на канюшыну. Бядуля. [Сонька] ўсім хваліцца, што кучаравая ад роду, але мы ведаем, што без гарачага цвіка тут не абыходзіцца. Сяркоў. Дык вось кінь, Ілья, хваліцца Сваім громам, бліскавіцай: Твая тэхніка — старая, У архіў даўно пара ёй. Крапіва. // З пахвальбой расказваць пра свае ўчынкі, дасягненні і пад. Бацька, захмялелы, хваліўся за сталом, што ён зарабіў не блага і надумаў набыць машыну-воўначасалку. Кухараў. Адразу ж пачала [імянінніца] хваліцца: — А ў нас сёння смачны-смачны пірог быў, з варэннем. Юрэвіч. // З выхваляннем абяцаць зрабіць што‑н. Польскі хлопец Янэк хваліўся сваёй маме, што ён наловіць многа рыбы. Брыль. [Хлапчукі:] — А яшчэ хваліўся — любога на лапаткі палажу! Рунец. // Расказваць, паведамляць пра што‑н. Лясніцкі.. звярнуўся да Тацяны: — Хваліцеся ж, Тацяна Карпаўна, вашымі поспехамі ў санітарнай справе. Шамякін. Пра гэтае месца мы нікому з рыбакоў не хваліліся, бо, апрача ўсяго, там лепш чым дзе бярэцца рыба. Якімовіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
шурпа́ты, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае нягладкую, з невялікімі няроўнасцямі паверхню. Шурпатыя дошкі. □ [Сцяпан] прыгнуў арэшыну, .. абшастаў рукою лістоту — раз-пораз пальцы намацвалі шурпатыя цвёрдыя каробачкі. Гіль. Трымаючыся за моцныя сукі, я ступіў да Зоні па тоўстым шурпатым камлі. Адамчык. // Нягладкі, агрубелы (пра скуру, цела, пакрытае такой скурай). А тут шурпатыя Трахімавы пальцы спрытна хапаюць яго за вуха, рыжая з сівізною барада набліжаецца аж да самага Уладзікавага носа і страшна шыпіць. Крапіва. Далонь.. [Надзежды Іванаўны] была шурпатая, мазолістая — жанчына не цуралася любой працы. Шамякін. Гладзіў.. [сына], цалаваў валасы, шурпатую абветраную шчаку. Лынькоў. // З густым ворсам (звычайна грубым, калючым). Ночы пад канец лета святлейшыя, пад раніцу халаднавата — не ратуе нават шурпатая даматканая коўдра. Навуменка. Было прыемна цяпер скінуць цесныя чаравікі, абкруціць нагу сухой і шурпатай анучкай, надзець шырокі.. бот. М. Стральцоў.
2. перан. Недапрацаваны, з хібамі, недахопамі. Толькі сэрца зловіць Шчырую прыязнасць у шурпатай мове. Буйло. Войцік прачытаў.. [матэрыял] і, нібы сам сабе, заўважыў, што для пачатку атрымалася нядрэнна, толькі стыль шурпаты. Машара. Гаварыў [Міход] ветла, спагадліва, ніводнага шурпатага слоўца. Сабаленка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пяро́, ‑а́; мн. пёры (з ліч. 2, 3, 4 пяры́), пёраў; н.
1. Рагавы стрыжань з пушыстымі адросткамі па баках, які вырастае на скуры птушак. Страусавае пяро. □ Ляцелі жураўлі ад цёплых плёсаў, Ганяючы то крыкі, то пяро. Пысін.
2. Металічная выгнутая пласцінка з расшчэпленым канцом для пісання чарнілам, тушшу. Стальное пяро. Чарцёжнае пяро. Нотнае пяро. Плакатнае пяро. □ Я рашуча адсунуў ад сябе сшытак, паклаў пяро і ўстаў з-за стала. В. Вольскі. // Завостранае вялікае птушынае пяро, якое ўжывалася для пісання чарнілам да паяўлення металічных пёраў. Гусінае пяро. □ Пяро, якім мы пішам, атрымала сваю назву ад птушынага пяра, якое ўжывалася ў свой час у якасці прылады для пісьмо. Юргелевіч.
3. перан.; толькі адз. Ужываецца як сімвал працы пісьменніка, яго прафесіі. Першыя спробы пяра маладога паэта [А. Александровіча] вельмі прыхільна былі сустрэты гурткоўцамі. Хведаровіч.
4. Разм. Зялёны ліст цыбулі ці часнаку.
5. Спец. Лопасць у розных інструментах, прыладах і пад. Пяро руля.
•••
Вечнае пяро — тое, што і аўтаручка.
Адным росчыркам пяра гл. росчырк.
Валодаць пяром гл. валодаць.
Выйсці з-пад пяра гл. выйсці.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
скі́даць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.
1. Скінуць што‑н. з чаго‑н. у некалькі прыёмаў. Скідаць дровы з воза.
2. Кідаючы, сабраць што‑н. у адно месца. Скідаць каменне ў кучу. □ Зрэзалі .. [сасну] з пня, ацерабілі. Не прыбралі ні верху, ні сукоў — не скідалі ў кучу. А летам тады — пажар... Пташнікаў. [Міхась] узяў рукзак, скідаў туды свае пажыткі, падхапіў на плечы і падаўся ў хмызняк. Ваданосаў.
3. Кідаючы ў адно месца (сена, салому), скласці стог. На Доўгім грудзе расце добрая дзяцеліна, дзікі гарошак. Калі лясгас дазволіць, яны, хлопцы, скосяць гэтую траву і скідаюць там стажок. Паслядовіч.
4. Разм. Зрабіць сяк-так якую‑н. будыніну. Папрацаваўшы гэтак усё лета, Ільюк пад зіму скідаў сабе хатку. Лобан. Асталася .. [Грасыльда] адна. Хату ёй скідалі сяк-так талакой. Пташнікаў. [Анішчук:] Трэба гумно якое скідаць, а то жыта няма дзе складаць... Гурскі.
5. Разм. Сшыць што‑н. на скорую руку. Я таксама маю світку. Маці скідала мне яе з бацькавай старой, і выйшла яна, як новая. Баранавых.
скіда́ць, ‑а́ю, ‑а́еш, ‑а́е.
Незак. да скінуць.
•••
(Аж) з ног скідае (валіць) — пра вецер, буру і пад., што не даюць магчымасці ісці.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
*Нагле́дзіны, нагля́дзяны ’абрад знаёмства бацькоў жаніха і яго сваякоў з нявестай’ (навагр., Жыв. сл.). Да глядзець, параўн. іншыя назвы абраду агледзіны, рус. смотрины і пад.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
На́рапкам ’імкліва, нечакана?’: ён паяўляўся нарапкам (Скрыгай). Відаць, з *на‑рант‑нам, першапачаткова *на‑рапт-кі, параўн. напрасткі і пад., гл. рант ’парыў’, раптам ’нечакана’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Неўзаме́ткі ’непрыкметна, незаўважальна’ (Касп., Сл. ПЗБ), неўзаме́тку ’тс’ (Нас., ТС), неўзаме́тцы ’незаўважальна, непрыкметна’ (ТС). З прыназоўнікавых словазлучэнняў не ў заметкі і пад. (ускосны склон назоўніка).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Лугну́ць ’выпіць залпам’ (ТС). Ад ⁺лыгнуць, якое з лыкну́ць < лы́каць (гл.), ’піць шумнымі глыткамі’ (ТСБМ). У палес. формы г замест к пад уплывам укр. мовы.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Ны́прыць ’цікаваць’: ныпрыць, па сялі ходзячы, дзе які дымок угледзець (карэл., Марц.). Магчыма, балтызм, параўн. літ. пу́ргіоіі, суадноснае з niprinti ’калупацца; карпатліва працаваць’ і пад.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Партнёр ’удзельнік якой-небудзь гульні, размовы і пад.’ (ТСБМ). З рус. партнёр ’тс’ (Крукоўскі, Уплыў, 78) < франц. partenaire, англ. partner (Гараеў, 449; Фасмер, 3, 210).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)