чорт, -а, М -рце, мн. чэ́рці іліч. 2, 3, 4) чарты́ і чо́рты, чарце́й, м.

1. Па рэлігійных уяўленнях: злы дух як увасабленне адмоўнага пачатку ў чалавеку; мае выгляд істоты, пакрытай чорнай шэрсцю, з рагамі, капытамі і хвастом; д’ябал.

2. Ужыв. як лаянкавае слова (разм.).

Куды лезеш, ч?

Адзін чорт (разм.) — усё адно, адно ліха.

Баяцца як чорт крыжа (ладану) (разм.) — вельмі моцна баяцца каго-, чаго-н.

Да чорта (разм.) — пра вялікую колькасць, вельмі многа.

Куды яго чорт панёс, куды яго чэрці ўхапілі (разм., неадабр.) — куды ён дзеўся.

К чорту на рогі (разм.) — вельмі далёка, у глухія мясціны (ехаць, адпраўляцца і пад.).

К чорту ў зубы (разм., неадабр.) — у небяспечнае месца, на рызыкоўную справу (ісці).

На чорта (разм., груб.) — навошта, дзеля чаго.

Ні к чорту (не варты) (разм., незадав.) — ні на што не прыгодны.

(Сам) чорт галаву (нагу) зломіць (разм.) — аб вялікім беспарадку дзе-н.

Сам чорт не брат каму (разм.) — пра таго, хто нічога не баіцца, ні ад каго не залежыць, каму ўсё лёгка, даступна.

Чорта лысага (разм.) — нічога падобнага; наўрад.

Чортам падшыты (разм.) — непаседлівы, вяртлявы.

Чорт ведае што! (разм.) — нешта неймавернае, што цяжка ўявіць; усё, што хочаш.

Чорт з ім (з табой, з ёй, з вамі, з імі) (разм.) — хай, няхай будзе так.

Чорт лазаты (разм., неадабр.) — пра таго, хто з’яўляецца ўвасабленнем зла, несправядлівасці.

Чорт не бярэ (не возьме) (разм.) — нічога не здараецца (не здарыцца), не шкодзіць (не пашкодзіць).

Чорт падаткнуў (разм.) — аб чым-н., чаго не трэба было рабіць.

Чорт пацягнуў каго за язык (разм.) — як шкадаванне з прычыны сказанага не дарэчы, не па сутнасці.

Чорт прынёс (паднёс, прыгнаў) каго (разм., неадабр.) — пра таго, хто прыйшоў, з’явіўся не ў пару, недарэчы.

Чорту лысаму (разм.) — невядома каму (аддаць, пакінуць і пад.).

Чорт яго бяры (разм.) — добра, няхай будзе так; згода.

Чэрці носяць дзе, каго (разм., неадабр.) — аб тым, хто ходзіць невядома дзе.

Што за чорт! (разм.) — як выражэнне здзіўлення, незадаволенасці.

Якога чорта! (разм., груб.) — выражэнне негатыўных адносін да каго-н., зласлівасці, незадавальнення.

Як чорт пад крыжам (разм.) — вельмі моцна (дрыжаць, калаціцца).

|| памянш. чо́рцік, -а, мн. -і, -аў, м.

|| прым. чарто́ўскі, -ая, -ае (да 1 знач.) і чо́ртаў, -тава (да 1 знач.).

Чартоўскае насланнё.

Чортава стварэнне (лаянка).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

Малжэнскі ’шлюбны’, ’сямейны’, малжэнства ’шлюб’, ’сям’я’ (Нас.). Насовіч (278) мяркуе, што яны запазычаны з польскай мовы. Жураўскі (Гіст. лекс., 94), Булыка (Лекс. запазыч., 125) ст.-бел. малжонокъ ’муж’, малжонка, малженка ’жонка’ (XV ст.) таксама адносяць да паланізмаў. Філін (Происх., 584) тлумачыць польскім уплывам існаванне рус. малжонки ’муж і жонка’ і ст.-рус. малъжена (н. скл. парнага ліку). Аднак харв. malžena (в. скл. парнага ліку), якое Скок (2, 364) лічыць багемізмам, ст.-чэш., валаш. malžen, чэш., славац. manžel ’муж’, manželé ’муж і жонка’, в.-луж. mandźelska ’жонка’, н.-луж. manźelska ’тс’, manźelski ’муж’, ст.-польск. manżel, manżenka, суч. małżonek, małżonka, małżeństwo ’муж і жонка’ значна пашыраюць распаўсюджанне лексемы. Міклашыч (36), Бернекер (2, 13), Варш. сл. (2, 867) і інш. тлумачаць паходжанне лексемы як частковую кальку ст.-в.-ням. mâlwîp або mâlkona ’жонка’; першая частка mâl, ‑mahal ’шлюбная ўмова’, ст.-в.-ням. gimahalo > новав.-ням. Gemahl (Gemahlin) ’жаніх’ (’невеста’), другая — пераклад žena, з гэтай формы malъžena пазней утварылася malъženъ ’муж’ (Фасмер, 2, 562). Ваян (RÉS, 19, 102) прапанаваў замест ням. mâl зыходным лічыць слав. mǫžь (тады разам mǫžьžena) як ст.-слав. братъсестрабрат і сястра’. Махэк₂ (351), выходзячы са славац. mladoženstvo з mladoženka ’нявеста’ і mladoženník (mladoženich), меркаваў, што ўжо ў дагістарычны перыяд чэшскай мовы існавала зах.-слав. *maldo‑żenьstvo (< прасл. moldo‑), у якім пасля выпаў склад ‑do‑. Так узнікла malženstvo, malzenstvie, а ад іх — malžen і malženka, у якіх пазней адбылася перастаноўка l — n > n — l. Скок (2, 364) дапускае магчымасць словаскладання mǫžь + žena, прыводзячы аналагічныя прыклады: вагульск. nēχum ’жонка і муж’, баскск. aitamek ’бацька-маці’ > ’бацькі’. Гэтак жа і Атрэмбскі (Gr., 2, 8) адносна літ. vyr‑moteriai. Шаўр (Slavia, 56, 4, 372–374) не згаджаецца з тым, што асновай для першай часткі слав. malъžena з’яўляецца ст.-в.-ням. ‑mahal‑, таму што яшчэ доўга пасля XI ст. інтэрвакальнае ‑h‑ жыве ў герм. словах гэтага кораня, а ў Рыльскіх глагалічных лістках ужо сустракаецца форма Д. скл. парнага ліку malъženoma, тым больш што mâl ’умова’ вядома на поўначы герм. тэрыторыі. Ён прапануе ўзяць крыніцай запазычання ст.-в.-ням. mȃ̃l ’імгненне’, ’хвіліна’, вырашальныя для ўзнікнення шлюбу (да прыняцця хрысціянства ў славян шлюбы не заключаліся, было пашырана выкраданне нявест і палігамія — паліандрыя), параўн. і mâlôn ’абазначаць, намеціць’. Запазычанне адбылося на Мараве ў IX ст.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

адбы́ць, ‑буду, ‑будзеш, ‑будзе; зак.

1. што. Выканаць якую‑н. павіннасць, абавязак; прабыць вызначаны тэрмін дзе‑н. Цімох Будзік.. адбыў два гады арыштанцкіх рот за падпал панскай стадолы, сядзеў як крымінальнік. Колас. Фёдар недзе ў Сібіры адбыў пакаранне за ўдзел у нейкай рэвалюцыйнай справе. Корбан. // Выканаць што‑н. фармальна, як бы з-пад прымусу. Корч не любіць, каб рабілі абы-як, абы адбыць. Мележ. А з паперай той у канторы толькі фармальнасці адбылі, па кнігах пазапісвалі: калі мясцком накіроўвае, значыць, ведае каго! Шынклер.

2. Паехаць, адправіцца куды‑н. З Цэнтральнага штаба паведамілі, што партызан Уладзімір Струн пасля лячэння ў шпіталі выпісаўся і адбыў на фронт. Сабаленка.

3. што. Правесці, зрабіць, закончыць што‑н. [Вадзіцель:] — Дык ты, брат, як адбудзеш усе там справы ў вашым бюро, заходзь начаваць да мяне на Пушкінскі пасёлак. Васілевіч. Як вяселле адбылі, Тады прыкмеціў, Вочы карыя былі... На цэлым свеце Прыгажэйшых не знайсці. Дзяргай.

4. Абысціся, абмежавацца чым‑н. нязначным, лёгкадаступным. [Дзед Мікола:] — А небарака Васіліса, наша паварыха, зусім разгубілася: што варыць? Тут варэнікамі, пельменямі ці пловам не адбудзеш. Скрыпка. Дзякуем не адбудзеш. Прымаўка.

5. Прабыць дзе‑н. пэўны тэрмін; закончыць сваё знаходжанне дзе‑н. І вось ужо адбылі, адгасцявалі, збіраюцца ехаць: Пятро з сынком Валодзькам зноў — у той свой далёкі Тамбоў, а Адам з Мікіткам паедзе ў Віцебск. Ракітны.

•••

Не адбудзе, не прыбудзе — не будзе ні выгады, ні страты.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

піса́ць, пішу, пішаш, піша; незак.

1. што і без дап. Перадаваць на паперы або на іншым матэрыяле якія‑н. графічныя знакі. Пісаць літары. □ З літар складаецца слова. Слова піша чалавек. Чорны. // без дап. Умець перадаваць на пісьме літары, словы і пад. [Лютынскі:] Я, пане, і сам ні чытаць, ні пісаць па-польску не ўмею. Крапіва. Ад .. брата [Наташа] навучылася чытаць і пісаць і хутка пачала рабіць гэта нават лепш, чым ён. Шамякін. // без дап. Быць прыгодным для пісання. Пяро дрэнна піша.

2. што. Складаць які‑н. пісьмовы тэкст. Рыгор паспешна кінуўся да стала і хапіўся пісаць лісты. Гартны.

3. што, аб кім-чым або з дадан. сказам. Паведамляць аб чым‑н., выказваць што‑н. у пісьмовай форме. З Петраграда Адаму пісаў брат, што там рабочыя бунтуюць. Корбан.

4. што і без дап. Складаць і запісваць літаратурны, навуковы або музычны твор. Пісаць апавяданні. Пісаць дысертацыю. Пісаць оперу. // без дап. Займацца літаратурнай дзейнасцю, быць пісьменнікам. Я баяўся, каб Барыс зусім не кінуў пісаць. Бядуля. // у што. Змяшчаць свае творы ў якім‑н. перыядычным выданні. [Пахлябіч:] — Пачні пісаць у газету, я табе нават скажу, што напісаць на першы раз. Чорны.

5. што і без дап. Ствараць творы жывапісу. Палянку мастак добра ведаў: ужо трэцюю восень прыязджаў ён сюды пісаць асенні эцюд. Даніленка.

•••

І пайшла пісаць губерня гл. губерня.

Пішы прапала — аб непазбежнасці якой‑н. страты, няўдачы і пад.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ша́снуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.

Разм.

1. Шуснуць, нырнуць, шмыгнуць хутка куды‑н., рэзка падацца куды‑н. Хлопец закусіў вусны і шаснуў у гэты неадольны гушчар, які абмінала нават звяр’ё. Быкаў. [Юлька] скокнула з адхоннага берага на плыт, ды крыху раней, чым Ягор Навалёк падаў руку, — каўзанулася на акораным бервяне і, войкнуўшы, шаснула ў ваду. Карамазаў.

2. З шумам, хутка ўпасці, зляцець, паваліцца. Храснула апошні раз [дрэва] і з страшэнным хрустам шаснула на грэблю. Маўр. Сашка дык і не разабраўся спачатку: нешта зверху шаснула, куры ў двары закрычалі што было сілы і сыпанулі, як гарох, ва ўсе бакі. Даніленка.

3. Моцна стукнуць па чым‑н. Адрэзаны кавалак дошкі хруснуў, шухнуўся ўніз, шаснуў па шчэбеню. Ставер.

4. З шумам, свістам хутка праляцець. Кулі роем шаснулі над галовамі. Б. Стральцоў.

5. Разануць. Падумала была [Марфа] шаснуць нажом у хаце, але не стала — панясе цэлы [кавалак сала]. Чыгрынаў.

6. Хутка запісаць. — А ну, — кажа мне дзядзька Паўлюк, — шасні гэта, Лявон, на паперку. Гэта ж, брат, казка! Брыль.

7. Разбіць. Баба міскі шаснула Ды рукамі пляснула. Бічэль-Загнетава.

8. Лінуць. [Аўдотка] шаснула ваду ў надоенае малако. Вітка.

9. Утварыць шоргат, глухі шум. Раптам нешта шаснула ў кустах. Бядуля. У рацэ і над ракою Шаснуў вецер неспакойны. Панчанка. Вусцішна Зосі адной паміж лесу.. Дзе што шасне, яна ўздрыганецца, адагнецца, прыглядаецца ў той бок, пакуль не заўважыць, што там птушка з галінкі на галінку пералятае. Крапіва.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

штурмава́ць, ‑мую, ‑муеш, ‑муе; незак., каго-што.

1. Рабіць, праводзіць штурм (у 1 знач.). Барашкін быў ва ўдарнай групе, і гэтая група першай штурмавала варожыя ўмацаванні. Савіцкі. У сям’і павага ў нас мужчынам: Дзед тапіў дзянікінцаў у Доне; Бацька ўзводзіў горад на Амуры, Брат старэйшы штурмаваў Берлін. Гілевіч. // перан. Праводзіць актыўныя, рашучыя дзеянні для авалодання чым‑н., асваення чаго‑н. Навукова-тэхнічная рэвалюцыя дала ў рукі чалавека магутныя сілы: ён пранік у глыбіню атамнага ядра, пачаў штурмаваць касмічныя далі. «Звязда». Каб штурмаваць нямую вышыню, Бывае мала аднаго імкнення. Грачанікаў. // перан. Працаваць з празмерная паспешнасцю, каб нагнаць упушчанае. Не знае адпачынку, зморы Калгаснікаў ліхая раць, Калі з упартасцю, напорам Прарыў выходзім штурмаваць. Чарот. // перан. Актыўна паступаць, старанна, настойліва вывучаць з мэтай дабіцца жаданых вынікаў. Не шмат застаецца таварышаў-сведак, Што разам з табой [ветэран] стары свет штурмавалі. Чарнушэвіч. Вось ён, гулкі, шырокі ганак [школы], і дзве пары калон сасновых, хлопцы тут, пасля кніг-чытанак, штурмавалі навук асновы. Русецкі.

2. Разм. Асаджваць, акружаць каго‑, што‑н. бязладным, неарганізаваным натоўпам. Улетку мінулага года масквічы літаральна штурмавалі касу тэатра імя Вахтангава. «ЛіМ». Вялікі натоўп штурмаваў вагоны. Ус. // перан. Настойліва дабівацца чаго‑н. Радня Пахомава не траціць часу, Адміністрацыю саўгаса Штурмуюць грамадой на ўсе лады. Корбан.

3. Лятаючы на малой вышыні, бамбіць і расстрэльваць з самалёта сілы праціўніка. Прылятаюць яны [знішчальнікі] штурмаваць, Зніштажаць лютых ворагаў смела. Танк. [Пішчыкаў:] — Калі ляталі штурмаваць нямецкія аэрадромы? [Хукін:] — Летась вясною часта, ляталі на Бранск. Алешка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шчырава́ць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; незак.

Разм.

1. Дбайна, старанна, рупна рабіць што‑н.; завіхацца каля, вакол чаго‑н. [Рында:] — Усё жыццё стараўся, шчыраваў, як тая пчала, а тут уся тая праца можа кануць як у ваду. Машара. Увесь дзень, да позняга вечара, да цемры, шчыравала Хадоська: зграбала сена, зносіла з Іванкам копы. Мележ. Руплівая і шчырая, [гаспадыня] карміла і частавала нас, шчыравала і перапрашала. Янкоўскі. // Праяўляць стараннасць у чым‑н.; выслужвацца перад кім‑н. Але як ні шчыравала дэфензіва, як нас ні катавала — ні я, ні бацька не прызналі сябе ні ў чым вінаватымі. Сачанка. Не абмінаў сваёй увагай аўтар і тых з беларусаў, што так шчыравалі некалі перад польскімі панамі. Юрэвіч. // З вялікай сілай, шчодра свяціць, выпраменьваць, ліць і пад. У скверыку ля плошчы на дрэвы ўжо найшла млявасць, а абмыты раніцай асфальт шарэў і дыхаў гарачынёй — шчыравала ліпеньскае сонца. Хадановіч. // Са стараннем, дбайнасцю ісці, ляцець і пад. куды‑н., за кім‑, чым‑н. Грышкаў брат, братавая і чалавек пяць смаркатых малышоў, абганяючы адзін аднаго, шчыруюць следам. Лось. Загудзелі пчолы ў дробных кветачках бабінага лета — шчыравалі за апошнім узяткам. Даніленка.

2. Быць шчырым, з прыхільнасцю, любоўю і пад. ставіцца, адносіцца да каго‑н. Было ў ім [знаёмым] нешта ад таго, калі людзі, не ведаючы адзін другога, шчыруюць і прыяюць, бо яны даўно зрадніліся. Пташнікаў. // перан. Спрыяць. Дажджы шчыруюць бульбе, агародам. Лойка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

се́яць, сею, сееш, сее; незак., што.

1. і без дап. Раскідваць насенне па падрыхтаваную для сяўбы глебу. Сеяць жыта. Сеяць лён. □ Хлопцы сеялі, касілі, Як паспее жыта, жалі, Адным словам — не ляжалі. Крапіва. Ухадзіўся з работаю дзядзька Марцін. Яшчэ на тым тыдні скончыў сеяць грэчку. Колас. // Спец. Змяшчаць (мікраарганізмы) у пажыўнае асяроддзе для вырошчвання.

2. перан.; Распаўсюджваць сярод людзей (асвету, ідэі, чуткі і пад.). Сеяць добрае. □ К. Каліноўскі.. хадзіў ад вёскі да вёскі, сеяў у народзе веру ў лепшую будучыню. С. Александровіч.

3. перан. Раскідваць, распыляць, што‑н. Цяжкія хмары нізка валакуцца над.. [зямлёю] і прабуюць сеяць на яе цёплую імглу. Чорны. Неба сеяла цяпло, Цёплы дожджык церушыў, Ў думках радасна было, Беглі песні ад душы. Купала. Вецер, мабыць, разагнаў хмары, і пухлячок-маладзік сеяў на зямлю кволы россып сіняватага агню. Асіпенка. // без дап. Ісці, падаць (пра дождж, снег). На дварэ другі дзень сеяў дробны, але густы дождж. Шамякін.

4. Разм. Засяваць (якую‑н. плошчу зямлі). Сеяць загон.

5. Прасейваць. Сеяць муку.

•••

Сеяць смерць — несці смерць каму‑н., забіваць каго‑н. Проста з неба ляцяць на дзяцей [самалёты], Сеюць смерць кулямёты. Куляшоў.

Сеяць смуту — распаўсюджваць трывожныя чуткі, падбухторваць на бунт, выклікаць хваляванні.

Хоць мак сёй — і не зварухнецца.

Хоць рэпу сёй — а) пра што‑н. вельмі бруднае. Бацька не раз гаварыў [Міхасю]: «Ну, брат, у цябе і вушы: хоць рэпу сёй!» Колас; б) як і не было нічога. — І ўвесь двор згарэў? — Увесь, пане: чыста, гладка, хоць рэпу сёй. Якімовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

а

I союз

1. противит. а, но;

ён пайшо́ў, а мы засталі́ся — он ушёл, а мы оста́лись;

гэ́та зда́рылася не но́ччу, а на світа́нніэ́то случи́лось не но́чью, а на рассве́те;

хоць во́чы блішча́ць, а жыцця́ ў іх няма́ — хоть глаза́ блестя́т, а (но) жи́зни в них нет;

2. сопост., присоед. а;

брат пі́ша, а сястра́ чыта́ебрат пи́шет, а сестра́ чита́ет;

ты аддыхні́, а я пасяджу́, пачака́ю цябе́ — ты отдохни́, а я посижу́, подожду́ тебя́;

гары́ць ля́мпа, а пры ля́мпе сядзя́ць лю́дзі — гори́т ла́мпа, а у ла́мпы сидя́т лю́ди;

што ты сяго́ння бу́дзеш рабі́ць? А за́ўтра? А пасляза́ўтра? — что ты сего́дня бу́дешь де́лать? А за́втра? А послеза́втра?;

а то — а) (в действительности) а то; б) (в противном случае) а то, и́ли, и́на́че;

а то ж — а то ведь;

а не, дык — а не то, а то, а и́на́че

II частица разг.

1. побудительная а; (при выражении намерения — ещё) -ка, а... -ка;

а зайду́ я да сусе́да — (а) зайду́-ка я к сосе́ду;

ба́цька, а ба́цька! — оте́ц, а оте́ц!;

2. вопросительная а;

што ты там ро́біш, а? — что ты там де́лаешь, а?

III межд.

1. (при выражении догадки, удивления) а; (выражение удивления при неожиданности — ещё) ба;

а, вось яно́ што! — а, вот оно́ что!;

а! каго́ я ба́чу! — ба! кого́ я ви́жу!;

2. (при выражении неудовольствия, злости, досады) а;

а, лі́ха на вас! — а, чтоб вам пу́сто бы́ло!;

3. (при выражении пренебрежения) а;

а, глу́пства ўсё гэ́та — а, ерунда́ всё э́то

IV предлог с предл. (при указании на время) в;

а шо́стай гадзі́не — в шесть часо́в

Беларуска-рускі слоўнік, 4-е выданне (2012, актуальны правапіс)

пісьмо́, ‑а; мн. пісьмы, пісьмаў і пісем; н.

1. Папера з напісаным тэкстам, якая пасылаецца каму‑н., каб паведаміць аб чым‑н.; ліст. — Сынок, ад каго гэта табе пісьмо? — спытала маці, уваходзячы ў пакой і паказваючы Мішу ружовы вузенькі канверт. Арабей. // Сам гэты тэкст. У .. [Сцяпана] раптам з’явілася жаданне напісаць аб падзеях гэтага дня Людміле, і ён пачаў у галаве складаць гэтае пісьмо. Шамякін. // Від паштовага адпраўлення. Цэннае пісьмо. Заказное пісьмо.

2. толькі адз. Уменне пісаць, а таксама само пісанне. — Ды ты, брат, малайчына! — пасля некалькіх пытанняў сказаў настаўнік. — Ну, а з пісьмом як твая справа? Колас.

3. толькі адз. Сістэма графічных знакаў, якія ўжываюцца для пісання. Арабскае пісьмо. Славянскае пісьмо. // Почырк, знешні выгляд напісанага. [Карызна] падумаў адразу, што ад дачкі, але ўбачыў на канверце зусім незнаёмае непрыветна крывое пісьмо. Зарэцкі.

4. толькі адз. Стыль, манера мастацкага адлюстравання. Зразумела, што тут [у вершы] няма стрыманасці і строгасці рэалістычнага пісьма, але ёсць досыць канкрэтная прадметная фактура, ёсць паэзія. Бугаёў.

•••

Адкрытае пісьмо — а) незапячатаная паштовая картка, на адным баку якой пішацца адрас, а на другім — пісьмо; б) пісьмо да каго‑н., якое друкуецца ў газеце, часопісе.

Вузлавое пісьмо — пэўная сістэма шнуроў з вузламі для ліку, уліку і пад. у некаторых народаў, якія не маюць пісьменнасці.

Даплатное пісьмо — пісьмо, за дасылку якога бярэцца плата з адрасата.

Закрытае пісьмо — пісьмо, якое пасылаецца ў канверце.

Іератычнае пісьмо (спец.) — скорапіс старажытных егіпцян, які развіўся з іерагліфічнага пісьма.

Складовае пісьмо — сістэма пісьма, знакі якога перадаюць склады, а не асобныя гукі.

Сошнае пісьмо — у Расіі 15–17 стст. — межавыя кнігі, у якіх давалася апісанне земляў для пазямельнага абкладання, што выяўлялася ва ўмоўнай адзінцы — сасе.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)