Жах ’жуда, страх’, ’удар’. Рус. кур., паўд., укр. жах ’тс’. Параўн. польск. żachnąć się ’здрыгануцца’, żachliwy ’баязлівы’, чэш. žas ’жах’, рус. ужас. Ст.-слав. оужасъ, ст.-рус. ужасъ, ц.-слав. жасати, жасити, жаснѫти (Міклашыч, Lex. paleosl.). Праз чаргаванне галосных суадносіцца з гасіць (гл.). Значэнне гасіць ’удараць’ паказвае, што жах ’удар’ не асобнае гукапераймальнае слова (ТСБМ, 2, 255), а развіццё аднаго значэння (параўн. знач. польск. ’уздрыгнуцца’). Да і.-е. *g​es ’тушыць’ (Покарны, 1, 479); гоц. ugaisjan, літ. gąsti ’пужаць’ (гэтыя паралелі патрабуюць пэўных удакладненняў). Фасмер, 2, 36; Праабражэнскі, 1, 471; Шанскі, 1, Д, Е, Ж, 36. Пра паходжанне ‑х‑ у жах як паралель да страх (дзе s < *ks) пісаў Эндзелін, Слав.-балт. эт., 70 = Darbu, 2, 230–231.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ка́нтар1 ’вуздэчка без цугляў для прывязвання каня’ (ТСБМ), ’моцны повад пры моцнай аброці (КЭС, лаг.). Ст.-бел. кантаръ ’аброць’. Запазычана са ст.-польск. kantar ’тс’, якое з венг. kantár, kentar < джагатайск. kantar ’кароткія лейцы’, тур. kantarma ’вуздэчка’ (Булыка, Запаз., 137; Слаўскі, 2, 46).

Ка́нтар2 ’спружынавы бязмен на шэсць пудоў’ (Сцяшк.) ’род бязмена’ (ТСБМ, Бяльк., Яруш., Растарг.; віц. КЭС; Сцяц. Нар.); ’чыгунная гіра’ (Мядзв.) ’бязмен з двума рычагамі’ (Мат. Гом.), ’вага’ (Яруш.). Укр. кантар, рус. контарь ’вага ў 2,5 пуда’, ст.-рус. контарь (з XVI ст.), польск. kantar ’вага ў 50 кг’. З тур. kantar ’вага, бязмен’, якое праз араб. узыходзіць да ст.-грэч. κβντηνάριον < лац. centēnārius ’цэнтнер’ (Фасмер, 2, 213; Слаўскі, 2, 46–47).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Рулі́1 ’страва, прыгатаваная з накрышанага хлеба ў малако ці падсоленую (з алеем) або падсалоджаную ваду’ (ТСБМ, Нас., ТС, Сл. ПЗБ; парыц., Янк. Мат.; докш., Янук.); ру́лі ’малако з пакрышаным хлебам, булкай (дзяціная ежа)’ (мядз., Нар. словатв.; петрык., Яшк. Мясц.). Паводле Краўчука (пісьм. павед.), праз польск. lura ’дрэнны напой’ шляхам метатэзы плаўных з с.-в.-ням. lura, ням. Lauer, што з лац. lōra ’віно, разрэджанае вадой’ (Брукнер, 304; Махэк₂, 342). Гл. таксама Анікін, Опыт, 269 (адводзіцца параўнанне з смал. жу́ли ’талакно, разбоўтанае ў вадзе’).

Рулі́2 адз. л. руль ’бульба, якая зімуе на полі’, ’цвёрдыя кавалкі бульбы ў кашы’ (Сл. ПЗБ), ’бліны, аладкі, спечаныя з рулёў’ (докш., Янк. Мат.). Няясна, магчыма, да папярэдняга слова. Параўн. таксама рульба (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Са́па1 ’акоп, траншэя, падкоп’ (ТСБМ). Праз рус. са́па ’тс’ (параўн. Крукоўскі, Уплыў, 82), якое з франц. sap(p)e ’траншэя’ (Праабражэнскі, 2, 251; Фасмер, 3, 558). Адсюль фразеалагізм ціхай сапай ’непрыметна, цішком’, гл. Лепешаў, этым. фраз., 401–402.

Са́па2 ’від рыбы (тонкая, касцістая)’ (ТС). Рус. дыял. са́па ’рыба Cyprinus ballerus L.’ Існуючыя версіі няпэўныя. Параўноўвалі з літ. šãpalas ’рыба Leuciscus cephalus’, лат. sapals ’від карпа’, гл. Мацэнаўэр, LF, 19, 246 і наст., што адвяргае Фасмер (3, 558), таксама як і думку Мацэнаўэра (Cizí sl., 303) аб сувязі з ням. Zope ’від карпа’, zupe ’тс’. Лаўчутэ (Балтизмы, 148) выводзіць з лат. sapols ’галаўль’; супраць Анікін, Опыт, 272–273 (прапануе сувязь з прасл. *sopěti, *sapeti.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ска́за ‘скажэнне, вада, загана’ (Нас., Гарэц., Ласт., Др.-Падб., Сержп., Байк. і Некр.), сказ ‘скажэнне’ (Байк. і Некр.), ‘пашкоджанае месца’ (Варл.), сказэ́ ‘пашкоджанне клубняў бульбы’: сказэ́ праз усю картофлю, сказава́ты ‘пашкоджаны’ (шчуч., Сл. ПЗБ). Аддзеяслоўныя з нулявым суф. і суф. ‑а дэрываты ад сказіць < казіць (гл.), параўн. сказі́ць ‘скалечыць, знявечыць’ (Нас., Стан., Пятк. 2), сказі́цца ‘скрывіцца’ (Касп., Растарг.), сказні́ць ‘знявечыць’ (ТС), ст.-бел. сказити ‘знішчыць, разбурыць’ (Ст.-бел. лексікон, Альтбаўэр) і сказнь, сказ ‘вызначэнне, суд, прыгавор’ (Ст.-бел. лексікон). У казёл ‘захворванне бульбы’ (Юрч.), казлы́ ‘пашкоджаныя вочкі бульбы’ (шчуч., Сл. ПЗБ) назіраецца кантамінацыя сказіць і казёл (гл.). Параўн. яшчэ ўкр. сказ ‘агрэх’, ‘дэфект у палатне пры тканні’, польск. skaza ‘рыса; шчыліна; рана; блізна’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Слізі́ць ‘сачыцца’, ‘мокнуць (пра рану)’ (Сл. ПЗБ, ПСл), слі́зіць, слізі́ць ‘тс’ (ТС), сюды ж, відаць, і слю́знуць ‘прэць, гніць’ (Варл.). Параўн. укр. слизи́ти ‘сачыцца’, славац. sliziť ‘прапускаць вадкасць’, славен. slizéti ‘сачыцца’, серб.-харв. слизити ‘паціху цячы, сачыцца’, slíziti ‘тс’, балг. дыял. слизи ‘паціху прасочваецца праз якую-небудзь перашкоду, сочыцца’. Борысь (Czak. stud., 82) адносіць сюды і ўкр. сли́знути ‘таяць’, н.-луж. śliznuś ‘таяць, распускацца (пра снег, масла)’, старое польск. śliznąć ‘пакрывацца сліззю, рабіцца слізкім (пра мяса і інш.)’, śliżeć ‘станавіцца слізкім, вільготным (пра сала)’, славен. slizniti ‘таяць (пра снег, масла)’ і рэканструюе прасл. *sliziti ‘выдзяляць з сябе вільгаць, слізь’, што суадносіцца з *slizъkъ (з суф. ‑ъkъ), гл. слізкі, слізь. Параўн. БЕР, 6, 878; SEK, 4, 309.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Смак ‘адчуванне ў роце ад ежы, пітва і інш.’, ‘апетыт’, ‘задавальненне, ахвота’ (ТСБМ, Шымк. Собр., Нас., Ласт., Гарэц., Касп., Байк. і Некр., Шат., Растарг., Стан., Пятк. 2, Сл. ПЗБ, ТС), смо́кі ‘прысмакі’ (Скарбы, Барад.). Як і рус. смак і роднасныя праз польск. smak з ст.-в.-ням. gismac або с.-в.-ням. gesmac(h) ‘смак’; гл. Кюнэ, Poln., 97; Міклашыч, 309; Брукнер, 503; Фасмер, 3, 683. Паводле Маньчака (ABSl, 21, 302), з ст.-в.-ням. або с.-в.-ням. smac ‘тс’. З польскай паходзяць смачны < smaczny і смакава́ць < smakować; гл. Праабражэнскі, 2, 334; Фасмер, там жа. Ст.-бел. смакъ (XV ст.) і смаковати (XVI ст.) паходзяць з ст.-польск. smak і smakować (Булыка, Лекс. запазыч., 128, 189).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Трыглавец, ст.-бел. триглавецъ ‘трохгаловая істота, пачвара’ (1489 г., ГСБМ), сюды ж мікратапонім Трыглаў ‘назва каменнага ідала’ (Дучыц Л. Археалагічныя помнікі ў назвах, вераваннях і паданнях беларусаў. Мінск 1994, 37, 53). Параўн. у паморскіх славян Trigelawus ‘паганскі бог’, назвы горных вяршынь славен. Triglav, Triglavec, серб. Триглав ‘паганскі бог’: страшног бога Триглава (Петровић С. Систем српске митологије. Београд 199, 190); іншыя фіксацыі няпэўныя. З-за адсутнасці поўнагалосся, хутчэй за ўсё, запазычана з паўднёваславянскіх моў праз пісьмовыя крыніцы, прасл. *tri‑golvъ са спасылкай на Міклашыча падае Сной у Бязлай, 4, 224 (гл. тры, галава), параўн. літ. trigalvis ‘трохгаловы’, што магло паўплываць на захаванне няпоўнагалоснай формы беларускага мікратапоніма ці міфоніма. Гл. яшчэ Скок, 3, 500; Цыхун, Зб. Супруну, 237.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тыта́н1 ‘бажаство з ліку волатаў, якое змагалася з багамі Алімпа’, перан. ‘чалавек вялікага таленту, надзвычайнага розуму’ (ТСБМ), ст.-бел. титанъ ‘тс’. Паходзіць ад ст.-грэч. Τιτάν (ад τιτώ ‘сонца, дзень’) (Арол, 4, 73; ЕСУМ, 5, 575). Запазычана ў сучасную мову, хутчэй за ўсё, праз польск. tytan ‘тс’.

Тыта́н2 ‘хімічны элемент’ (ТСБМ, Некр. і Байк.). Запазычана з ням. Titan, названы так ад н.-лац. Titanium вынаходнікам М. Клапротам паводле распаўсюджанай мадэлі хімічных тэрмінаў, параўн. ст.-грэч. Τιτάν ‘сын Урана і Геі’ і uranium, гл. уран (Арол, 4, 74).

Тыта́н3 ‘вялікі кіпяцільнік’ (ТСБМ). Назва ўзнікла як фабрычная марка, у якой адлюстравалася ідэя магутнасці (параўн. тытан1). З рус. тита́н ‘тс’ (Арол, 4, 74).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ла́ска 1, ‑і, ДМ ласцы, ж.

1. Выражэнне любві, пяшчоты. Матчына ласка. □ Асенні вечар ля акон... І твае словы, жэсты, ласка Запамінаюцца бы казка Дзіцячых, бесклапотных дзён. Лойка. // Мяккасць, пяшчота, лагоднасць. — Яшчэ сядзіш, дачушка? — ад слоў бацькі, як і заўсёды, вее стрыманай ласкай і клопатам. Васілевіч. Сонца пракладае Шлях красе маёвай, Атуляе хаты Ласкай і цяплом. Журба.

2. Спачувальныя, прыхільныя адносіны, прыветлівае абыходжанне. Стары не выказаў ніякага здзіўлення з прычыны нечаканай начальніцкай ласкі. Самуйлёнак.

3. Міласць, паблажка, спагада. Не будуць сіроты Ласкі панскай прасіць!.. Танк. Байцы, забыўшы слова — страх, у смерці ласкі не прасілі. Хадыка.

•••

Без чужой ласкі — самастойна, без чужой дапамогі (зрабіць, абысціся і г. д.).

Быць у ласцы гл. быць.

Дзякуй за ласку гл. дзякуй.

Добрая ласка чыя — як пажадае хто‑н. І гэта іх [дзяцей] добрая ласка: захочуць праведаць старую маці — прыедуць... Ракітны.

З вялікай ласкі чыёй — дзякуючы каму‑н.

З ласкі чыёй — па чыйму‑н. дазволу, загаду і пад.

З ласкі на пацеху — так сабе, нізавошта; так уздумалася, так раптоўна захацелася.

Зрабі(це) ласку гл. зрабіць.

З якой (гэта) ласкі? — навошта? чаму?

Калі ласка — ветлівы зварот, ветлівая просьба, ветлівае пабуджэнне. Віця пачырванеў ад няёмкасць і далікатна прапанаваў: — Дык, калі ласка, праходзьце далей... Якімовіч.

Ласку прыняць гл. прыняць.

Мець ласку гл. мець.

На ласку — а) на добрую волю каго‑, чаго‑н.; б) ветлівы зварот. [Салдат:] — Скажы, на ласку, ці з сяла ніхто Не ўратаваўся? Танк.

Не ў ласцы — не ў гуморы, не ў настроі. — Паненка наша нешта не ў ласцы сёння, — укалола сястру Тэкля. Гартны.

Ні гневу ні ласкі гл. гнеў.

Праз ласку чыю — па чыёй‑н. віне, праз каго‑н.

Прасіць ласкі гл. прасіць.

Трапіць у ласку гл. трапіць.

Убіцца ў ласку гл. убіцца.

Як ваша (твая, яго) ласка — як вы (ты, ён) захочаце (захоча), пажадаеце (пажадае).

ла́ска 2, ‑і, ДМ ласцы; Р мн. ласак; ж.

Невялікая драпежная жывёліна сямейства куніцавых з тонкім гібкім целам. Дзед расказваў пра ласак, маленькіх вёрткіх звяркоў, якія вельмі любяць бегаць па конях, заплятаючы ў каўтуны ім грывы. Рылько.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)