прызначэ́нне, ‑я, н.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. прызначаць — прызначыць.

2. Рашэнне аб залічэнні на якую‑н. пасаду, работу, а таксама дакумент з такім рашэннем. Атрымаўшы прызначэнне ў Мінск, Кавалёў адразу хацеў забраць з сабою і сям’ю, але жонка не дала згоды. Чарнышэвіч. У кішэні ў .. [Рыгора] ляжала прызначэнне на працу аграномам у Васілішкі, у калгас «Сцяг Леніна». Краўчанка.

3. Роля, функцыя каго‑, чаго‑н. Група асобага прызначэння. □ Усё мае сваё месца і прызначэнне. Не прападае дарам ні лісток, ні пясчынка. Бядуля. Спецыяльнае прызначэнне гэтага пакойчыка — даваць прыпынак людзям, па той ці іншай справе наведваўшым калгас. Колас. Прызначэнне некаторых прылад было для .. [дацэнта] незразумелым. Шахавец. // Мэта, задача, прадвызначэнне. Грамадскае прызначэнне твораў К. Чорнага — ненавідзець і ганьбаваць чалавечыя заганы, якія заставаліся ў спадчыну ад мінулага. Кудраўцаў. Зусім яшчэ маладой дзяўчынай, неяк інстынктыўна ўгадваючы сваё прызначэнне ў новым, разам з вясковымі хлапцамі пайшла ў камсамол. Галавач. А можа, і трэба гарэць дашчэнту? А можа, і трэба жыць нам ахвярна? А можа, ўсё гэта і не марна? А можа, ў гэтым гарэнні-мучэнні наша вышэйшае прызначэнне? Вярцінскі.

•••

Па прызначэнню — у прызначанае, умоўленае месца (паслаць, перадаць і пад.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

падско́чыць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; заг. падскоч; зак.

1. Зрабіць скачок уверх. [Мяч] падскочыў раз, другі, трэці і пакаціўся. Юрэвіч. Бусел з перапуду падскочыў на месцы, міжвольна распасцёр крылы, але тут жа зноў падцяў іх, каб не ўзняцца з гнязда. Пальчэўскі.

2. перан. Разм. Рэзка падняцца, павялічыцца. Падскочыла тэмпература. Цэны падскочылі. □ Падскочыць градусаў да трох Апоўначы марозік. Калачынскі. // Раптам з’явіцца. Падскочыла запаленне лёгкіх, і на што ўжо быў .. [дзед Тумаш] здаровы, а на чацвёртыя суткі зусім аслаб. Машара.

3. Наблізіцца скачкамі; хутка падбегчы, пад’ехаць да каго‑, чаго‑н. Прыстаў.. падскочыў да жанчыны ззаду, паваліў на зямлю, крутануў за руку, адводзячы ад пана паліцмайстра стрэлы. Мехаў. Лук’ян насцярожана падскочыў да акна. Усе падняліся з месца. М. Ткачоў. Да Міколкі падскочыў спешаны коннік, сівы нямецкі вахмістр. Лынькоў. // Разм. Хутка з’ездзіць, схадзіць куды‑н. [Антон:] — Ты пабудзь тут з таварышамі, а я падскочу на станцыю. Новікаў. [Хведар:] — Заўтра прывязём бензін, а сёння мне трэба са Сцяпанам у адно месца падскочыць. Асіпенка. // Разм. Падысці, пад’ехаць у патрэбны момант; падаспець. Добра, што падскочылі людзі, інакш бы ім абодвум былі канцы ў той багне. Сабаленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

перавяза́ць, ‑вяжу, ‑вяжаш, ‑вяжа; зак., каго-што.

1. Абвязаць кругом, з усіх бакоў, крыж-накрыж. Перавязаць пасылку шпагатам. □ [Цярэшка] зняў папружку і, каб спыніць кроў, перавязаў Нініну нагу вышэй раны. Шчарбатаў.

2. Налажыць павязку на рану, хворае месца. На скорую руку мяне распранулі, перавязалі рану. Адамчык. Вера не разгубілася, сарвала з галавы касынку, пашматала яе і перавязала акрываўленую руку. Дуброўскі. // Разм. Налажыць каму‑н. павязку. Брыгадны доктар Кірыла Антонавіч, які з’явіўся па выкліку з лагера, агледзеў і перавязаў раненых. Ляўданскі.

3. Звязаць, павязаць усё, многае або ўсіх, многіх. Перавязаць усе рэчы. □ «Куркулёў» можна было перавязаць, як сонных куранят. А пакуль дабярэшся назад ды вернешся сюды з чырвонаармейцамі, ачухаюцца і паспрабуюць агрызацца. Грахоўскі.

4. Развязаўшы, завязаць зноў або завязаць, звязаць іначай. Старая на хвіліну змоўкла, перавязала хустку на галаве, сышла з воза, паправіла збрую на кані. Бядуля. [Васіль] перацёр закарэлыя анучы, перавязаў парваныя аборы на лапцях. Мележ. — Не разлічыў! Снапы можна было рабіць значна танчэйшыя. — Давай перавяжам, — прапанавала Таня. Шашкоў.

5. Прывязаць, навязаць на новым месцы. [Верка:] — Ідзі [карову] здаі... На новае месца перавяжы... Абабіла пад нагамі ўсё за ноч... Гразь адна чорная... Пташнікаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

скі́даць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.

1. Скінуць што‑н. з чаго‑н. у некалькі прыёмаў. Скідаць дровы з воза.

2. Кідаючы, сабраць што‑н. у адно месца. Скідаць каменне ў кучу. □ Зрэзалі .. [сасну] з пня, ацерабілі. Не прыбралі ні верху, ні сукоў — не скідалі ў кучу. А летам тады — пажар... Пташнікаў. [Міхась] узяў рукзак, скідаў туды свае пажыткі, падхапіў на плечы і падаўся ў хмызняк. Ваданосаў.

3. Кідаючы ў адно месца (сена, салому), скласці стог. На Доўгім грудзе расце добрая дзяцеліна, дзікі гарошак. Калі лясгас дазволіць, яны, хлопцы, скосяць гэтую траву і скідаюць там стажок. Паслядовіч.

4. Разм. Зрабіць сяк-так якую‑н. будыніну. Папрацаваўшы гэтак усё лета, Ільюк пад зіму скідаў сабе хатку. Лобан. Асталася .. [Грасыльда] адна. Хату ёй скідалі сяк-так талакой. Пташнікаў. [Анішчук:] Трэба гумно якое скідаць, а то жыта няма дзе складаць... Гурскі.

5. Разм. Сшыць што‑н. на скорую руку. Я таксама маю світку. Маці скідала мне яе з бацькавай старой, і выйшла яна, як новая. Баранавых.

скіда́ць, а́ю, ‑а́еш, ‑а́е.

Незак. да скінуць.

•••

(Аж) з ног скідае (валіць) — пра вецер, буру і пад., што не даюць магчымасці ісці.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

стры́жань, ‑жня, м.

1. Унутраная частка сцябла (ствала) або кораня раслін. У бярвенні, мабыць, адна абалонка, а стрыжань ужо спарахнеў. Сабаленка. Любіў сядзець .. і дзівіцца, як лоўка выкручвае дзед стрыжань зрэзанай на дудку хвойкі. Марціновіч. // Сярэдняя частка чаго‑н. у жывёльным або раслінным арганізмах. Стрыжань птушынага пяра.

2. Спец. Прадмет прадаўгаватай формы, які звычайна з’яўляецца воссю або апорай чаго‑н. Стрыжань поршня. // Унутраная частка электрамагніта з абмоткай з дроту.

3. Глыбокае месца ў рэчышчы ракі, месца з самым хуткім цячэннем у рацэ. Наперадзе заўжды ішоў Ціхан — брыгадзір лепшай у арцелі брыгады і Бамбалаў сусед. Ён першы садзіўся на вёслы і вёў свой баркас на самы стрыжань ракі. Карамазаў. Лодка ўвішна выкручвалася на быстрай плыні стрыжня. Брыль.

4. Разм. Цвёрды асяродак варыва. Стрыжань скулы.

5. перан.; чаго. Асноўная, галоўная, цэнтральная частка чаго‑н. Да лепшых [вершаў] трэба аднесці тыя, дзе аўтару ўдалося знайсці нейкае драматычнае зерне, нейкі канфліктны стрыжань. Бярозкін. // Тое, асноўнае, што характэрна каму‑, чаму‑н. Лірыка-інтанацыйны прынцып канчаткова аформіўся, стаў стрыжнем індывідуальнай манеры Я. Брыля ў рамане «Птушкі і гнёзды». У. Калеснік.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

уця́ць 1, утну, утнеш, утне; утнём, утняце; зак., каго-што.

1. Абл. Ударыць, стукнуць. Уцяць папружкай. □ Іван.. узяўся абмацваць капцы, каб знайсці месца, адкуль бралі бульбу, і раптам наткнуўся на амаль поўны мяшок. — Хто б гэта мог?.. Іван ад злосці ўцяў мяшок нагой. Дуброўскі.

2. Абл. Укусіць, уджаліць (пра насякомых). На беразе раззыкаліся авадні.. Яны так і наровяць, каб уцяць. Якімовіч. А вось плоскі шэры сляпень, — той спадцішка мог падкрасціся і ўцяць балюча нават праз кашулю. Грамовіч. / у перан. ужыв. Гэты напамінак уцяў Прахора ў самае балючае месца. Зарэцкі.

3. і без дап. Разм. Пачаць іграць на якім‑н. музычным інструменце. У хаце ўцялі музыкі, ігралі кракавяк. Гурскі.

•••

Ні ўцяць ні ўзяць — а) не падступіцца; б) пуста, нічога няма.

уця́ць 2, утну, утнеш, утне; утнём, утняце; зак., што.

Разм.

1. Укараціць, адсякаючы, адразаючы частку чаго‑н. Уцяць канец вяроўкі.

2. Уцягнуць, увабраць унутр (пра галаву, шыю і пад.). Сведка палахліва азірнуўся і, нібы чакаючы ўдару, уцяў галаву ў плечы. Лынькоў. Гаркуну і языком павярнуць не было як. Ён уцяў галаву ў плечы і, згорбіўшыся, сядзеў на лаўцы. Гроднеў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Качэ́ўе ’стаянка качэўнікаў, а таксама мясцовасць, на якой качуюць’, качэўнікі ’народ, племя, якія вядуць качавы спосаб жыцця’, качавы́ ’які не мае аселасці; вандроўны’, ’звязаны з частай пераменай месца жыхарства’ (ТСБМ); качава́ць ’весці неаселы спосаб жыцця’. Ужо ў ст.-рус. мове было слова кочевати. Гэта запазычанне з цюрк. моў. Параўн. уйг., чагат. köč ’паездка, падарожжа, перасяленне’, köčmäk ’качаваць’. Гл. Фасмер, 2, 357. Корань köč‑ ’качаваць’ сустракаецца ў многіх цюрк. мовах. Параўн. яшчэ Шанскі, 2, К, 362.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ляга́вы1 ’пародзісты (аб сабаку)’ (Сцяшк.), ст.-бел. лекгавый. Запазычана са ст.-польск. legawy pies ’выжал — сабака, які навучаны класціся на месца і віляць хвастом тады, калі ён пабачыць птушку, на якую палююць’ (Слаўскі, 4, 113–114; Фасмер, 2, 473; Булыка, Лекс. запазыч., 143; Кохман, 81).

Ляга́вы2, люга́вы, люга́ўка ’той, хто ўхіляецца ад цяжкай працы’ (Пан. дыс.; дзятл., Сцяшк. Сл.). Відаць, паланізм, параўн. польск. legawy ’той, хто любіць вылёжвацца, гультай, соня’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Макрата́ ’вада, вільгаць’, ’мокрае, дажджлівае надвор’е’ (ТСБМ, ТС, Інстр. I), жытк. макрота ’мокрае, гразкае, балоцістае месца’ (Мат. Гом.), укр. мокро́та ’аб дажджы, мокрым снезе, мокрае надвор’е’, рус. мокрота́ ’макрата’, н.-луж. mokšota, в.-луж. mokrota ’макрата’, ’макрадзь’, чэш., славац. mokrota, славен. mokrôta ’вільгаць, сырасць, макрота’, серб.-харв. мокро̀та, макед., балг. мокрота ’тс’. Прасл. mokrota — субстантывізаваны прыметнік з суф. ‑ta (з вакальным ‑o‑), які кантынууе і.-е. ‑tā (Слаўскі, SP, 1, 42). Да мокры (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Мель, ме́ліна, меліна́, мелізна́, нясв. мяліня́, слаўг. мялы́нь ’неглыбокае месца ў рацэ, возеры ці моры’ (ТСБМ, БРС, Нар. Гом., Яшк.; докш., Сл. ПЗБ). Укр. міль, мілина́, рус. мель, польск. miel, melizna ’тс’, чэш. валаш. měľ ’дробная мука ці соль’, ст.-чэш. měl ’прыбярэжны пясок’, ’дробная мука’, славац. meľ ’задняя мука’. Паўн.-слав. mělь, утворанае ад melti, melʼjǫ ’малоць’ пры дапамозе суфікса ‑ь, як соль (гл.). Гл. таксама ме́лкі. Сюды ж ме́лісты ’які мае мелі’ (ТСБМ).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)