сляпы́, -а́я, -о́е.

1. Які не бачыць, пазбаўлены зроку; са слабым зрокам.

Сляпое дзіця.

Падручнікі для сляпых (наз.).

2. перан. Які дзейнічае, не ўсведамляючы і не абдумваючы сваіх учынкаў.

С. ад злосці.

Слепа (прысл.) паверыць першаму сустрэчнаму.

Сляпое перайманне.

3. Невыразны, неразборлівы (пра шрыфт, тэкст і пад.).

С. адбітак на паперы.

4. Праз які дрэнна або нічога не бачна.

Сляпыя шыбы ў вокнах.

Сляпая хата (з малымі вокнамі).

5. Які адбываецца без удзелу зроку, без бачных арыенціраў (спец.).

С. метад друкавання (не гледзячы на клавішы). С. палёт на самалёце.

Сляпая кішка — пачатковая частка тоўстай кішкі, якая мае чэрвепадобны адростак.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

нежывы́, ‑ая, ‑ое.

1. Пазбаўлены адзнак жыцця, мёртвы. Пасярэдзіне [лодкі] стаяла закопчанае вядро, у якім пад аерам у вадзе ляжала некалькі ўжо нежывых рыбак — ці то верхаводак, ці то плотак. Чыгрынаў.

2. Які не адносіцца да жывёльнага ці расліннага свету; неарганічны. Нежывая прырода.

3. Пазбаўлены жыццёвых сіл, энергіі, вялы; такі, як у мёртвага. Калі Іліко падышоў, хлопец павольна павярнуў галаву і глянуў на яго. Але і цяпер погляд ягоны заставаўся нежывым. Самуйлёнак. Ногі дрыжалі, слабелі, рабіліся нейкія нежывыя, і .. [Косця] баяўся, каб хаця не ўпасці. Адамчык. // Ненатуральны. У нежывой позе сваёй стаялі над уваходам.. [у касцёл] барэльефныя постаці акамянелых біскупаў. Чорны.

4. перан. Які не дзейнічае, не працуе. Колькі ты ні ідзеш — Сустракаеш пажары, Віснуць здані кругом Нежывых каміноў. Броўка.

5. перан. Цьмяны, бледны (пра святло, колер і пад.). Даволі часта ў бок шашы — то справа, то злева — узляталі белыя ракеты і паволі згасалі, разліваючы трапяткое, нежывое святло. Лынькоў. Леапольд Гушка стаяў перад хатаю на дварэ.. у нежывым месячным святле. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

суб’ектыві́зм, ‑у, м.

1. Светапоглядная пазіцыя, якая ігнаруе аб’ектыўны падыход да рэчаіснасці, адмаўляе наяўнасць аб’ектыўных законаў прыроды і грамадства.

2. Напрамак у буржуазнай сацыялогіі, які сцвярджае, што развіццё грамадства вызначаецца не аб’ектыўнымі заканамернасцямі, а суб’ектыўнымі фактарамі — воляй, жаданнямі і імкненнямі пэўных асоб.

3. Асабісты, пазбаўлены аб’ектыўнасці погляд на што‑н. Суб’ектывізм у навуцы. □ Суб’ектывізм крытычных ацэнак — вельмі непажаданая з’ява. Ён сведчыць, што крышку нестае эстэтычнай адукаванасці, умельства знаходзіць галоўную сутнасць у мастацкім творы. Каваленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шкарлу́піна, ‑ы, ж.

1. Цвёрдая прыродная абалонка чаго‑н. (яйца, арэха і пад.). Шкарлупіны вавёрка спачатку абнюхвала чорненькай пыскай, а потым грэбліва выкідала з клеткі: навошта яны ёй? Даніленка. / у вобразным ужыв. Сонца — вялікае, жоўтае куранятка — Наклюнула свінцовую шкарлупіну неба. Кляўко.

2. перан. Тое, што абмяжоўвае, замыкае ў якой‑н. вузкай сферы, адасабляе ад асяроддзя, перашкаджае дзейнічаць, развівацца. Пасіўнасць, замкнёнасць .. у сваёй шкарлупіне.. — усё гэта недахопы, ад якіх не ўсе мы пазбаўлены. «Полымя».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Раб ’чалавек, пазбаўлены правоў’, ’чалавек залежны, прыгнечаны’ (ТСБМ), сюды ж раб ліса́вы ’пра няшчырага, ліслівага’ (ТС), у ра́ба: у про́стого ра́ба, у дзерэўя́ного ра́ба, у жэле́зного ра́ба ’гульня, падобная да гульні ў квача’ (ТС), ра́ба ’сялянка або наёмная работніца’ (Нас.), ст.-бел. робъ, рабъ (тут мае месца не пераход а > о, а перавага паралельных утварэнняў з о, гл. Карскі, 1, 96), параўн. рус. ра́б ’раб’, польск. rab ’раб, хлопец’, чэш. rab ’тс’, ст.-чэш. rob ’нашчадак’, славац. rob ’раб, нявольнік, служка’, ст.-славац. rab ’хлопец, палоннік, вязень’, серб.-харв. rȁb ’тс’, rȍb ’хлопец’, славен. r̀ȍb ’тс’, балг. роб, раб ’хлопец, нявольнік, служка’, макед. раб, роб ’тс’, ст.-слав. рабъ, робъ ’хлопец, падданы’. Запазычана з ц.-слав., часцей у спалучэнні раб Божии, раба Божия, параўн. ст.-руск. рабъ ’раб’, ’слуга’, ’прасіцель’; раба ’рабыня’, ’служанка’. Мяркуецца, што формы з a і o з’яўляюцца праславянскімі дыялектнымі варыянтамі, якія выводзяцца з прасл. *orbъ, паводле Скока (3, 151), формы з o — першыя, а формы з a узніклі ў выніку ліквіднай метатэзы прасл. *orb‑ > rab‑ або пераходу ō > a; паводле іншай думкі (параўн. Бязлай, 3, 187; ESJSt, 12, 743), формы з o запазычваліся з паўночнай Славіі ў выніку гандлю рабамі, і, наадварот, формы a распаўсюджваліся з поўдня пераважна ў сакральным ужыванні. Старажытны характар такіх адносін, магчыма, адлюстроўваўся ў назвах гульняў, параўн. балг. ро́ба, на ро́ба ’дзіцячая гульня, пры якой адбываецца падзел і даганянне’ (узводзіцца да роб ’раб’, гл. БЕР, 6, 276) і названыя вышэй палескія гульні. Узыходзіць да і.-е. *orbhos, значэнне якога досыць размытае: ’асірацелы’, ’сірата’, ’маёмасць сіраты’ > ’спадчына’, ’спадчыннік’, ’слабы’, ’маленькі’, ’бездапаможны’ > ’раб’, ’праца раба’. Звязана з гоц. arbaiþs ’работа’, ’патрэба’, ням. Arbeit ’работа’, лац. orbus ’асірацелы’, ’пазбаўлены чаго-небудзь’, ст.-ірл. orbe ’спадчыннік’ (< ’сірата’), ст.-інд. árbha‑ h̊ ’маленькі’, ’дзіця’ (Покарны 1, 781–782; Бенвяніст, Словарь, 233–236; Гамкрэлідзэ–Іванаў, 747; Чарных 2, 91; БЕР, 6, 133; Глухак, 529–530).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сухі́ ’не мокры, пазбаўлены вільгаці’, ’сухарлявы, хударлявы’, ’незабалочаны’, ’засохлы (пра дрэва)’ (Сл. ПЗБ, ТС), ’нішчымны’ (Сл. Брэс.), ’посны; без тлушчу, без прыпраў’ (Вешт.); сюды ж су́хлы ’невільготны, сухаваты’ (Ласт.). Укр. сухи́й ’сухі; хударлявы; нішчымны, без тлушчу’, рус. сухо́й ’сухі; хударлявы’, стараж.-рус. сухъ, польск. suchy, в.-луж. suchi, н.-луж. suchy, чэш., славац. suchý, серб.-харв. сух, славен. sȗh, балг. сух, макед. сув, ст.-слав. соухъ ’сухі’. Прасл. *suchъ роднаснае літ. saũsas ’сухі’, лат. sàuss, ст.-прус. sausai прысл. ’суха’, грэч. αυος ’сухі’, с.-н.-ням. sôr ’сухі’, ст.-інд. çoṣos ’сухасць’ і г. д.; гл. Траўтман, 250 і наст.; Мюленбах-Эндзелін, 3, 776–777; Покарны, 880–881; Фасмер, 3, 813; Махэк₂, 591–592; Скок, 3, 357–358; Шустар-Шэўц, 1376–1377; узводзяць да і.-е. *sau̯so‑ ’сухі’, гл. Бязлай, 3, 339; Борысь, 586; ЕСУМ, 5, 486–487. Гл. таксама сохнуць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

абарва́ны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад абарваць (у 1–3, 6 знач.).

2. у знач. прым. Сарваны; пазбаўлены чаго‑н. Этажэрка з кнігамі — у трэцім куце. Старыя абарваныя шпалеры месцамі заклеены газетамі. Бядуля. // Разарваны, перарваны. Ледзь прычакаўся ён [Алёшка] ранняга вячэрняга змроку. Украдкам агледзеў канцы абарваных шнуроў. Лынькоў. // Апрануты ў ірванае адзенне. Убор дзявочы абарваны, Зблытаныя косы, У вочках толькі рдзяцца слёзы, Як улетку росы. Купала. // Спынены, перапынены. А я не помню Калыханкі гэтай, Вайной абарванай, Недапетай... Скарынкін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

бязду́мны, ‑ая, ‑ае.

Які не задумваецца; не здольны на роздум. Бяздумны, да ўсяго абыякавы, я нерухома стаяў каля акна, учапіўшыся рукамі ў вушакі. Ракітны. [Ганна] раптам забылася пра грыбы, стала дзіўна бяздумная. Мележ. // Які выяўляе бяздумнасць. Па сухой сцяблінцы.. ўзбіралася нейкая казюрка... Ігнат правёў яе бяздумным позіркам, нічога не бачачы перад сабой. Лынькоў. // Які не суправаджаецца роздумам; легкадумны. Гэтыя вельмі асабістыя вершы пазбаўлены бяздумнага замілавання. Грахоўскі. [Дзяўчынкі] крычалі, спатыкаліся і ніяк не хацелі пакідаць свайго бяздумнага занятку. Нядзведскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

лы́сы, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае лысіну, з лысінай. У пакой увайшоў лектар, нізенькі чалавек у чорным і, здавалася, цесным касцюме. Ваданосаў.

2. Які мае белую пляму на лбе (пра жывёл). Лысае цяля. Лысая кабыла.

3. перан. Разм. Пазбаўлены расліннасці, покрыва; голы. Наперадзе тырчаў лысы курган, за якім пачынаўся папар. Гартны.

•••

І не лыс (лысы) — хоць бы што, нішто не дзейнічае на каго‑н.

Чорта лысага гл. чорт.

Чорту лысаму (аддаць, пакінуць і пад.) гл. чорт.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

няўпэ́ўнены, ‑ая, ‑ае.

1. Які сумняваецца ў правільнасці чаго‑н., пазбаўлены веры, упэўненасці. Часам бывае так: быў чалавек няўпэўнены ў якой-небудзь справе, не верыў у яе поспех. І раптам убачыў, што справа дае пэўную карысць. І тады гэты чалавек робіцца самым заўзятым яе прыхільнікам. Зуб.

2. Які выказвае нерашучасць, адсутнасць цвёрдасці. Стук быў ціхі, няўпэўнены, але ён скалануў... Лёдзю. Карпаў. Голас падаўся нясмелы, няўпэўнены, але яго раптам многія падтрымалі, бо ён, відаць, быў тут да месца. Кулакоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)