ГАЛЬЦЫ́,

пашыраная ў Сібіры назва горных вяршынь, якія паднімаюцца вышэй мяжы лесу і найчасцей пазбаўлены расліннасці. Звычайна маюць сплошчаную (платопадобную) форму. Гальцы, у адрозненне ад бялкоў, у цёплы перыяд года вызваляюцца ад снегу.

т. 5, с. 5

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНАСТЫГМА́Т (ад ан... + астыгматызм),

складаны аб’ектыў, які практычна пазбаўлены ўсіх аберацый (гл. Аберацыі аптычных сістэм). Пры вял. святласіле выразны відарыс па ўсім полі. Складаецца са спец. падабраных лінзаў. Выкарыстоўваецца ў тэхн. і маст. фатаграфіі і кінематаграфіі.

т. 1, с. 340

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІЕРАМАНА́Х (грэч. hieromonachos),

манах-святар. Свяшчэннаслужыцель сярэдняй (2-й) ступені хрысц. царк. іерархіі, які прыняў манаства. Першапачаткова былі пазбаўлены сану свяшчэнства. З 5 ст. было дапушчана пасвячэнне ў свяшчэннікі манахаў. У Рус. правасл. царкве ўзнікненне іераманаства адносіцца да часоў Феадосія Пячэрскага (11 ст.).

т. 7, с. 170

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАХАРА́ДЖА (санскр.),

тытул правіцеля ў індуісцкіх дзяржавах Паўд. і Паўд.-Усх. Азіі. Выкарыстоўваўся ў адносінах да правіцеляў незалежных княстваў у адрозненне ад залежных ад яго феадалаў — раджаў. Пасля ліквідацыі ў Індыі княстваў (1950-я г.) іх правіцелі былі афіцыйна пазбаўлены тытулаў М. Зараз захоўваецца як тытул караля Непала.

т. 10, с. 223

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПАТРЫ́ДЫ (ад грэч. apatris пазбаўлены бацькаўшчыны),

асобы, якія не маюць грамадзянства ніводнай краіны. Іх прававое становішча ў асноўным рэгулюецца нац. законамі дзяржаў і міжнар. пагадненнямі (канвенцыі аб статусе апатрыдаў 1954, аб скарачэнні безграмадзянства 1961 і інш.), якія прадугледжваюць устанаўленне для апатрыдаў статуса іншаземцаў і льготных умоў для набыцця імі грамадзянства краіны, дзе яны жывуць.

т. 1, с. 419

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́МЕР, Амір Махамед Абд аль-Хакім (11.12.1919, Істал, прав. Мінья — 14.9.1967), егіпецкі ваен. і паліт. дзеяч, маршал (1957). З 1952 галоўнакамандуючы егіп. ўзбр. сіламі, з 1958 — і віцэ-прэзідэнт і ваен. міністр Аб’яднанай Арабскай Рэспублікі. Абвінавачаны ў паражэнні краіны ў ваен. канфлікце з Ізраілем у чэрв. 1967, пазбаўлены пасад і арыштаваны. Скончыў жыццё самагубствам.

т. 1, с. 312

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫ́МАРАЧНАЯ МАЁМАСЦЬ,

у цывільным праве маёмасць памерлага, у якога няма спадчыннікаў ні па законе, ні па завяшчанні або яны пазбаўлены спадчынадаўцам спадчыны ці адмовіліся ад яе. Паводле бел. заканадаўства вымарачная маёмасць пераходзіць на карысць дзяржавы, якая пасля прыняцця спадчыны адказвае па даўгах спадчынадаўцы ў межах сапраўднага кошту маёмасці, што перайшла да яе.

т. 4, с. 313

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІБРЫФО́РМ [ад лац. liber (libri) луб, лыка + форма],

выцягнутыя, завостраныя на канцах клеткі драўніны, што забяспечваюць яе трываласць і цвёрдасць; найб. спецыялізаваныя мех. элементы. Клеткі пазбаўлены жывога змесціва (пратапласту), іх адраўнелыя абалонкі патоўшчаныя, маюць невял. колькасць шчылінападобных пораў. У некат. парод (напр., клён, бузіна) пратапласт захоўваецца даўжэй, у ім назапашваюцца пажыўныя рэчывы.

т. 9, с. 237

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЦЕБСКІЯ ПРЫВІЛЕ́І,

устаўныя граматы вял. князёў ВКЛ Віцебскай зямлі, якія фіксавалі нормы віцебскага права. Першы прывілей Віцебску дадзены ў 1390-я г. Вітаўтам. Прывілей 1503 Аляксандра, які захаваўся, быў пацвярджэннем папярэдняга прывілея 1444 Казіміра IV. Прывілей 1503 пацвярджалі граматамі вял. князі ВКЛ у 1509, 1541, 1547, 1561. За Віцебскае паўстанне 1623 Віцебск да 1641 быў пазбаўлены магдэбургскага права.

т. 4, с. 235

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБАСІ́ДЫ,

дынастыя арабскіх халіфаў, якая правіла ў Багдадзе ў 750—1258 (гл. Абасідаў халіфат). Паходзіць ад Абаса, дзядзькі Мухамеда. Заснавальнік дынастыі Абу-ль-Абас ас-Сафах [750—754], які скінуў Амеядаў. Найб. буйныя прадстаўнікі — Мансур [754—775], Харун ар-Рашыд [786—809], Мамун [813—833]. Пасля захопу Буідамі ў 945 Багдада Абасіды пазбаўлены свецкай улады. Апошні з Абасідаў аль-Мустасім [1242—58] у час нашэсця манголаў пакараны смерцю.

т. 1, с. 16

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)