ля́скаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. Утвараць ляск. Ляскаць пугай. □ Гудзелі маторы, ляскала жалеза, галасіста разразалі марознае паветра паравозныя гудкі. Шамякін. У хлявах гучна ляскаюць церніцы. Сачанка.

2. Разм. Біць у далоні, далонню; пляскаць. [Дзед] у такт танца ляскаў у далоні і прыгаварваў: — Гоп-гоп, Насцечка. Чорны. Калі Гудок закончыў [гаварыць], яму ляскалі ў далоні гэтак жа гучна, як Платону Іванавічу. Навуменка.

•••

Зубамі ляскаць — дрыжаць, калаціцца ад холаду, страху і пад.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

тарахце́ць, ‑хчу, ‑хціш, ‑хціць; незак.

Разм.

1. Утвараць рэзкія раскацістыя гукі. У Петрыкаве пяюць пеўні, гаўкаюць сабакі, тарахціць, лапоча матор матацыкла. Сачанка. Сям-там скрыпеў журавель або тарахцела круцёлка над студняй. Брыль. Па бруку тарахцелі падводы і зварочвалі ў браму рынку. С. Александровіч.

2. перан. Хутка, гучна, несупынна гаварыць; балбатаць. Не пераставаў .. [Тарас Іванавіч] тарахцець і тады, калі селі за стол. Колас. — Мы з Чэрыкава. А вы здалёку? — тарахцела .. [Юля]. Васілевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

чыні́ць, чыню, чыніш, чыніць; незак., што.

1. Рабіць, учыняць, тварыць. Чыніць суд і расправу. □ Ніякай бяды.. [рака] ніколі не чыніла: не пагражала людзям разлівам, не размывала берагоў, не шумела злоснай пенай. Кулакоўскі. Як у хаты рабункі чыніць Панаедуць чужыя салдаты, Сэрца ўраз зашчыміць, зашчыміць — Бо ўмясціла ўсе хаты. Куляшоў. Запас бяды не чыніць. Прымаўка. // Ствараць, утвараць; ставіць. Амерыканскія ўлады чынілі розныя перашкоды савецкім журналістам. «ЛіМ».

2. Рабіць кудзелю. Дзяўчаты чынілі кудзелю.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шархаце́ць, ‑хачу, ‑хаціш, ‑хаціць; незак.

Разм. Утвараць шорхат, шум, шапацець пад уздзеяннем чаго‑н. Гумавыя колы шархацяць па жвіры. Шарахоўскі. Рэня змоўкла, і ў гэтай няёмкай цішы чуваць было, як шархаціць пад яе далонькай шурпатая кара, па якой яна раз-пораз праводзіла рукой. Лецка. Ля возера гусціўся чарот. Карычневыя яго мяцёлкі ціха пагойдваліся на ветры, а вузкія лісцікі шархацелі адзін аб адзін, і здавалася, быццам чарот некаму скардзіцца. Даніленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ша́хаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Разм.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Утвараць глухі адрывісты гук (пры падзенні, якіх‑н. рухах і пад.). Суха шахала салома, вылятаючы на падстаўленыя вілы, — змятая, перакручаная, з абвялымі, патанчэлымі каласамі. Савіцкі. Чутно, як шахае піламі стары тартак. Сабаленка.

2. З энергіяй, сілай рабіць што‑н. Пракос за пракосам шахала [маці], скінуўшы душны каптан, аж адпаўзаў ад страху далей у затоку туман. Макарэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Лічкава́ты ’прыгожы’ (браг., Мат. Гом.). Утворана ад дзеяслова ⁺лічкаваць < лі́чка < ліцо, параўн. ст.-бел. личко ’тварык’ (XVI ст.), а таксама личковати ’памячаць, пазначаць украдзенае, апазнаную рэч’ (1541 г.) і рус. кур. личковать ’класці наверх лепшыя ўзоры тавару, вырабаў’, уладз., ніжнегар. ли́чка ’шліфаванне, паліраванне вырабаў’, дан. личко́вка ’бялілы для твару’, кур. личку́н ’багамаз, які малюе толькі твар і рукі’, укр. личкувати ’маскіраваць’, ’выгладжваць паверхню каменя ў млыне’, ’падбіраць рэчы лепшую да лепшай’, личко́ваний ’аздоблены з выгляду’, ’шліфаваны’. Усе да прасл. ličiti ’быць прыметным’, ’фарміраваць, утвараць’ (Слаўскі, 4, 247; Махэк₂, 331, Трубачоў, Эт. сл., 15, 81–82).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

пець, пяю́, пяе́ш, пяе́; пяём, пеяце́, пяю́ць; пей; пе́ты; незак.

1. што і без дап. Утвараць голасам музычныя гукі, выконваць вакальны твор.

П. раманс.

2. Пра пеўчых і некаторых іншых птушак: абзывацца галасамі.

Жаваранак пяе.

3. што і пра што. Складаць вершы пра што-н., апяваць што-н. (высок.).

Паэт пяе пра жыццё народа.

Лазара пець (разм., неадабр.) — скардзіцца на лёс, прыкідвацца няшчасным.

|| зак. прапе́ць, -пяю́, -пяе́ш, -пяе́; -пяём, -пеяце́, -пяю́ць; -пе́й; -пе́ты (да 1 і 2 знач.) і спець, спяю́, спяе́ш, спяе́; спяём, спеяце́, спяю́ць; спей; спе́ты (да 1 і 2 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

фы́ркаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. З шумам выпускаць паветра з ноздраў. Коні скубуць дзяцеліну, гучна і часта фыркаюць. Сачанка. Сынок — каржакаваты, шыракаплечы дзяцюк, смачна мыўся, фыркаў у кутку над шырокім тазам, а старая ставіла на стол. Няхай. Спачатку зубры абменьваліся грознымі позіркамі, хадзілі адзін вакол аднаго схіліўшы магутныя цяжкія галовы, і толькі сярдзіта фыркалі. В. Вольскі. // Разм. Смеючыся, утвараць гукі носам, губамі. Дзяўчаты нашы непрыкметна пераглядаюцца, Вольга фыркае ў кулак. Васілевіч.

2. Перарывіста, з шумам выпускаць пару, газ, паветра. [Машына] фыркала, пускала сінія клубы дыму і коўзалася на месцы. Новікаў. // Утвараць гук, падобны гуку паветра, што выпускаецца з шумам. Вада спрабуе дужацца з марозам, То фыркае, то пеніцца ў вірах. Свірка. За пераборкай.. чмялямі гулі электрычныя машынкі і нездаволена фыркалі пульверызатары. Корбан.

3. перан. Разм. Злавацца, выказваць нездаволенасць чым‑н. Ася, злосна фыркнуўшы, адрэзала: — А я ўсё роўна паеду. [Сакратар:] — Ты вось не фыркай, а бяжы ў банк. Асіпенка. [Зіна:] А калі будзеш фыркаць, то падумаем яшчэ, ці захочацца нам жыць з табой у адным пакоі. Губарэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

мо́ршчыць, ‑шчу, ‑шчыш, ‑шчыць; незак., што.

1. Збіраць у маршчыны (скуру, часткі твару). Віцька моршчыў усыпаны залаціста-карычневымі вяснушкамі нос, памагаў у гаворцы рукамі. Карпаў. Васількоў тым часам накідваў тэзісы даклада. Ён часта задумваўся, моршчыў лоб. Асіпенка.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.); перан. Утвараць складкі рабізны на гладкай паверхні (вады), рабаціць. Дзьмуў халодны красавіцкі вецер, .. моршчыў ваду ў лужах, што расплыліся на балоце. Дуброўскі. // без дап. Разм. Ляжаць нягладка, маршчыніцца (пра адзежу).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

завыва́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. Перарывіста, нудна выць (пра сабак, ваўкоў і інш.). Завываюць ваўкі над курганамі. Купала. // Утвараць гукі, падобныя да выцця (пра з’явы прыроды). Сыпаў снег, завываў і скуголіў вецер, ірвучы саламяныя стрэхі. Гурскі. // Перарывіста, працяжна гучаць (пра маторы, сірэну і пад.). Завывалі сірэны. □ Недзе далёка ўсё яшчэ гудзеў, завываў самалёт. Новікаў.

2. перан. Тужліва пець, галасіць. [Чалавек] моцна біў у бубен, спяваў, завываў, балбатаў і скакаў, як звар’яцелы. Бяганская.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)