ВУЛКАНІ́ЧНЫЯ ГО́РЫ,

ізаляваныя горы і хрыбты, якія ўтварыліся ў выніку вулканічных вывяржэнняў. Напр., вулканічны хрыбет ва Усх. Карпатах, а таксама вулканічныя нагор’і (Армянскае нагор’е); могуць утвараць горныя краіны (Камчатка).

т. 4, с. 293

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАНДША́ФТНАЯ СКУЛЬПТУ́РА, геапластыка,

пластычная апрацоўка рэльефу мясцовасці, пры якой ён набывае скульпт. формы. У Л.с. вызначаюць эстэтызацыю прыродных форм рэльефу дадзенай мясцовасці з свядомай падкрэсленасцю найб. характэрных маляўнічых асаблівасцей ландшафту. Дазваляе фарміраваць рэльеф штучна, утвараць насыпныя ўзгоркі, тэрасы, схілы і інш. Пашырана ў многіх краінах Еўропы, ЗША і інш. Гл. таксама Ландшафтны дызайн.

А.​В.​Сычова.

Ландшафтная скульптура.

т. 9, с. 121

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІЯЛАГІ́ЧНАЕ ЎЗМАЦНЕ́ННЕ, біямагніфікацыя,

канцэнтраванне, назапашванне (да 10—20-кратнага) шэрагу хім. рэчываў (напр., пестыцыдаў, радыенуклідаў) у трафічных ланцугах. Некаторыя забруджвальнікі, якія не разбураюцца, назапашваюцца і біялагічна ўзмацняюцца пры праходжанні па харч. ланцугах і біял. цыклах. Аб’ядноўваючыся з інш. рэчывамі навакольнага асяроддзя, яны могуць утвараць новыя рэчывы з атрутнымі уласцівасцямі. Прадухіляецца біялагічнае ўзмацненне толькі выключэннем забруджвальнікаў з сістэмы жыццезабеспячэння. Найб. характэрна біялагічнае ўзмацненне для хлорарган. пестыцыдаў.

т. 3, с. 171

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІГРАСКАПІ́ЧНАСЦЬ (ад гігра... + грэч. skopeō назіраю),

здольнасць некаторых рэчываў і матэрыялаў паглынаць вільгаць з паветра. Уласцівая матэрыялам капілярна-сітаватай структуры (драўніна, зерне і інш.), у тонкіх капілярах якіх адбываецца кандэнсацыя вільгаці, а таксама рэчывам, якія добра раствараюцца ў вадзе (харч. соль, цукар, канцэнтраваная серная к-та), і асабліва хім. злучэнням, здольным утвараць крышталегідраты. Некаторыя гіграскапічныя рэчывы (напр., бязводны хларыд кальцыю) выкарыстоўваюць як асушальнікі паветра.

т. 5, с. 219

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́ПСУЛЬНЫЯ БАКТЭ́РЫІ,

група бактэрый з роду клебсіела, якія маюць здольнасць утвараць слізістую капсулу вакол мікробнай клеткі ў арганізме гаспадара і на пажыўным асяроддзі.

Кароткія, з закругленымі канцамі палачкі, нерухомыя, спор не ўтвараюць, растуць на звычайным пажыўным асяроддзі, факультатыўныя аэробныя арганізмы. Капсулы выяўляюцца пры спец. афарбоўцы тушшу. Адчувальныя да ўздзеяння высокіх т-р і антысептыкаў. К.б. палачка Фрыдлендэра выклікае ў жывёл клебсіялёз. Капсулы ўтвараюць таксама дрожджы і плесневыя грыбы.

т. 8, с. 30

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКРАВЕ́РШ (ад акра... + верш),

верш, у якім рытмічная выразнасць дапаўняецца зрокавай: першыя літары радкоў (радзей склады або словы) утвараюць слова ці нават фразу (звычайна імя аўтара або адрасата). Развіўся з магічных тэкстаў і стаў папулярны ў эпоху сярэднявечча і барока. Першыя ва ўсх.-слав. паэзіі акваверш стварыў Ф.​Скарына ў «Малой падарожнай кніжцы» (1522). У сучаснай паэзіі сустракаецца таксама акваверш з апошніх літар радкоў (тэлеверш) і сярэдніх (мезаверш), якія могуць утвараць больш складаныя фігуры.

т. 1, с. 199

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАДО́Н, трыплет,

паслядоўнасць трох азоцістых асноў у малекуле нуклеінавых кіслот, якая вызначае размяшчэнне пэўнай амінакіслаты ў малекуле бялку пры яго сінтэзе; элементарная адзінка генетычнага кода. 4 азоцістыя асновы (адэнін, гуанін, цытазін, тымін у ДНК і урацыл замест тыміну ў РНК) у камбінацыі па тры могуць утвараць 64 К., з якіх 61 кадзіруе ўключэнне 20 амінакіслот, а 3 служаць «кропкамі», што заканчваюць працэс сінтэзу поліпептыду. Паслядоўнасць К. ў гене вызначае паслядоўнасць амінакіслот у поліпептыдным ланцугу бялку, які кадзіруецца гэтым генам.

т. 7, с. 406

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛАТО́ (франц. plateau ад plat плоскі),

узвышаная раўніна з роўнай або хвалістай, слаба парэзанай паверхняй, аддзеленая выразнымі ўступамі ад суседняй раўніннай прасторы. Вылучаюць П. структурныя (горныя пароды залягаюць гарызантальна, напр., Усцюрт), вулканічныя (залітыя лавай няроўнасці паверхні, напр., П. Армянскага нагор’я), дэнудацыйныя (пенеплен і абразійныя раўніны, напр., пустыня Бетпак-Дала), нагорныя (міжгорныя ўпадзіны з прадуктамі выветрывання горных хрыбтоў, напр., асобныя ўчасткі Усх. Паміра). Высока размешчаныя П. часта ўваходзяць у склад пласкагор’яў і нагор’яў, П. са стромкімі, часам прыступкавымі, схіламі могуць утвараць сталовыя краіны.

т. 12, с. 413

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІЯСТРО́МЫ (ад бія... + грэч. stroma подсціл),

1) арганагенныя пабудовы, утвораныя арганізмамі жывёльнага і расліннага паходжання (сцелюцца па дне вадаёмаў). Бываюць слаістыя, радзей масіўныя пластападобныя. Марфалагічна біястромы як геал. целы — пласты, серыі пластоў або сплюшчаныя лінзы, палеагеаграфічна — падводныя зараснікі, лугі. Біястромы, якія развіваюцца адна над адной, могуць утвараць біястэпы. У асадкавых адкладах Беларусі вядомы выкапнёвыя, пераважна складзеныя з сіне-зялёных водарасцяў (страматаліты) бістромы ва ўтварэннях верхняга пратэразою і сярэдняга дэвону Аршанскай упадзіны, сілуру і ніжняга дэвону Брэсцкай упадзіны, верхняга дэвону і карбону Прыпяцкага прагіну. У Прыпяцкім прагіне бістромы цікавыя як пасткі нафты і газу.

2) Сучасныя каралавыя рыфы. Пры жыцці арганізмаў біястромы могуць уваходзіць у склад рыфа або яго лагуннай часткі.

С.​А.​Кручак.

т. 3, с. 177

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІВАНО́Ў (Вадзім Ціханавіч) (н. 18.9.1937, г. Феадосія, Украіна),

расійскі хімік-арганік. Акад. Расійскай АН (1987; чл.-кар. 1976). Скончыў Маскоўскі ун-т (1960). З 1963 у Ін-це біяарган. хіміі Рас. АН (з 1988 дырэктар). Навук. працы па хіміі фізіялагічна актыўных злучэнняў і бялкова-пептыдных рэчываў. Распрацаваў агульныя метады атрымання дэпсіпептыдаў, ажыццявіў хім. сінтэз шэрагу прыродных дэпсіпептыдаў і іх аналагаў (1970—75). Адкрыў здольнасць мембранна-актыўных комплексаў (іанафораў) утвараць ліпафільныя комплексы з іонамі металаў, расшыфраваў іх структуры, устанавіў прычыны іоннай селектыўнасці іанафораў. Вызначыў прасторавую будову антыбіётыку граміцыду C, тканкавага гармону брадыкініну. Ленінская прэмія 1978. Дзярж. прэмія СССР 1985.

Тв.:

Путь к синтезу белка. Л., 1982 (разам з А.​Н.​Шаміным).

В.Ц.Іваноў.

т. 7, с. 151

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)