КАДО́Н,
паслядоўнасць трох азоцістых асноў у малекуле нуклеінавых кіслот, якая вызначае размяшчэнне пэўнай амінакіслаты ў малекуле бялку пры яго сінтэзе; элементарная адзінка генетычнага кода. 4 азоцістыя асновы (адэнін, гуанін, цытазін, тымін у ДНК і урацыл замест тыміну ў РНК) у камбінацыі па тры могуць утвараць 64 К., з якіх 61 кадзіруе ўключэнне 20 амінакіслот, а 3 служаць «кропкамі», што заканчваюць працэс сінтэзу поліпептыду. Паслядоўнасць К. ў гене вызначае паслядоўнасць амінакіслот у поліпептыдным ланцугу бялку, які кадзіруецца гэтым генам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)