паралізава́ць, ‑зую, ‑зуеш, ‑зуе; зак. і незак., каго-што.

1. (часцей у форме дзеепрым. зал. пр.). Прывесці (прыводзіць) у стан паралічу, выклікаць (выклікаць) параліч. У яго паралізавана рука. / у безас. ужыв. У выніку кантузіі яму паралізавала ногі. // перан. Прывесці (прыводзіць) у аняменне, нерухомасць. Відаць страх, які адразу паралізаваў дыверсанта, быў ужо пераадолены ім. Гамолка. / у безас. ужыв. Я адчуў, як ад страху агортвае мяне хваля холаду і здранцвення. Мне спачатку паралізавала ногі, потым зайшлося сэрца, запякло ў скронях. Карпюк.

2. перан. Пазбавіць (пазбаўляць) здольнасці, магчымасці дзейнічаць; паслабіць (паслабляць) сілу, дзеянне чаго‑н. — Трэба паралізаваць нямецкія дывізіі яшчэ хаця б на некалькі тыдняў, хаця б да зімы. Шашкоў. Першая наша задача — паралізаваць чыгунку. Новікаў. Я заўсёды адчуваю старонкі позірк, ён перашкаджае, паралізуе мяне. Шынклер.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

атруці́ць, ‑ручу, ‑руціш, ‑руціць; зак., каго-што.

1. Прымусіць памерці, даўшы атруты. [Стэфа:] — Шкада сабаку. А што з ім? [Гаспадыня:] — Атруцілі. І ведаю нават хто. Савіцкі. — Мама, мама! — пачаў Юрка. — Ты ведаеш, чаму наш Лёнька памёр? Гэта ж Хімка атруціла яго? Гроднеў. // Пашкодзіць, ужыўшы атрутнае рэчыва. Міхал памёр ад сухот, мусіць, бо на вайне атруцілі яму лёгкія ўдушлівым паветрам. Чорны.

2. Зрабіць шкодным што‑н., усыпаўшы атруты. Атруціць ваду.

3. перан. Зрабіць шкодны ўплыў на каго‑, што‑н. [Леанарда:] — Душу мне атруцілі багачы. Клімковіч.

4. перан. Пазбавіць радасці, зрабіць непрыемным. [Аўгіння:] — Пэўна ж, я сама вінавата: на багацце пагалілася. А гэта багацце мне вылезла бокам і атруціла мне жыццё. Колас. Ды хіба мог я меркаваць тады, што гэты рахманы Паўлюк атруціць маё жыццё. Быкаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

аблама́ць, ‑ламлю, ‑ломіш, ‑ломіць; зак., каго-што.

1. Ломячы, аддзяліць частку, кавалак чаго‑н. Абламаць сук. □ Конь абламаў капытамі тонкі лядок ля самага берага, ступіў колькі крокаў па халоднай вадзе і, коўзаючыся, узышоў на паром. Чыгрынаў. // Паабломваць усё або многа чаго‑н. Абламаць парасткі на ствале дрэва. □ Выбраў [Міканор] з кучы галля, складзенага зімой, добры, моцны дручок, зламаў верх і абламаў сучкі. Мележ.

2. перан. Пазбавіць каго‑н. сілы, волі, мужнасці. [Лагута:] Будуць вызваляць ад старшыні... За тое, што авёс згнаіў.., што не даўся яму ў рукі, а ён [Верамейчык] хацеў абламаць мяне і зрабіць паслухмяным... Губарэвіч. // Разм. Схіліць каго‑н. на ўступку, дабіцца ад каго‑н. згоды; уламаць.

•••

Абламаць (зламаць) зубы — пацярпець няўдачу, імкнучыся асіліць што‑н.

Абламаць (пазбіваць) рогі — уціхамірыць, утаймаваць, падпарадкаваць каго‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

замахну́цца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; ‑нёмся, ‑няцеся; зак.

1. чым, на каго і без дап. Узмахам падняць, адвесці (руку або які‑н. прадмет) для ўдару. [Наезнік] выхапіў з гарачкі шаблю і замахнуўся на Рыля. Колас.

2. перан.; на каго-што і без дап. Намерыцца зрабіць што‑н. вялікае, цяжкае, значнае. Шарэйку толькі іншым разам шкода было, што некалі, будуючы хату, на вялікае замахнуўся, бо тая камора, што была на правы бок ад сенцаў, стаяла пустая. Чыгрынаў. Што замахнуўся, тут высока, хлапчына гэта разумеў. Ён зрок узняў на Саламею, ён пакахаць яе пасмеў!.. Машара. // Зрабіць спробу незаконна захапіць што‑н., пазбавіць каго‑н. чаго‑н. Замахнуцца на чужое дабро. □ [Акупанты] нават не дапускалі думкі, што ў горадзе, у глыбокім тыле нехта асмеліцца замахнуцца на іх жыццё. Новікаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адгарадзі́ць, ‑раджу, ‑родзіш, ‑родзіць; зак., каго-што ад чаго.

Аддзяліць (перагародкай, плотам і пад.) што‑н. ад чаго‑н. Гаспадыня зачыніла дзверы і быццам адгарадзіла пакой ад усяго астатняга свету. Савіцкі. // Аддзяліць, з’яўляючыся перагародкай, перашкодай. Тут [на месцы, дзе балота злучалася з ручвом раўчука] павінна была вырасці высокая і моцная грэбля, якая адгародзіць балотца ад раўчука. Якімовіч. // перан. Абараніць засцерагчы ад чаго‑н. небяспечнага або непрыемнага. Да радаснага адчування ашчаслівіць і.. «адгарадзіць .. [Славу] ад усялякіх злых намераў» далучалася пачуццё патрэбы самому збыць з свае галавы ўсё гэта, ачысціцца ад усялякіх слядоў мінулага. Чорны. [Малашанка:] — Ты што ж... хочаш, каб я ад імя абкома адгарадзіў цябе ад крытыкі камуністаў? Шамякін. // перан. Пазбавіць сувязі з кім‑, чым‑н.; адасобіць. У той дзень Манцэвічу пачало здавацца, што яго адгарадзілі ад усяго свету. Адамчык.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адста́віць, ‑стаўлю, ‑ставіш, ‑ставіць; зак.

1. што. Пераставіць, адсунуць убок. Выпілі да дна, толькі старая, ледзь паспытаўшы, адставіла чарку ўбок. Броўка. // Адвесці ўбок, выставіць (руку, нагу, губы і пад.). [Іван Іванавіч] крочыў спераду, моцна адставіўшы адну руку, і цягнуў каляску. Карпюк. Жвір адставіў нагу і затупаў наском туфля па падлозе. Адамчык. Тодар аж губы адставіў, і вусы яго светлыя натапырыліся ад здзіўлення. Крапіва.

2. перан.; каго. Вызваліць ад выканання якіх‑н. абавязкаў; пазбавіць магчымасці займацца якой‑н. справай. І хоць Костуся ад працы ў сельсавеце і адставілі, але і ён прыйшоў. Чорны.

3. што і без дап. Каманда для адмены папярэдняй каманды, для спынення якіх‑н. дзеянняў. [Урач:] — Сёння ўначы адыходзіць каравая, трэба будзе неадкладна паведаміць амерыканцам... — Адставіць! — сціснуйшы кулакі, прашаптала Галіна Пятроўна. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зблы́таць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.

1. Пераплесці ў беспарадку; пераблытаць. Зблытаць ніткі. Зблытаць валасы. □ Каб рукі, ногі пакруціла Нячыстай, цёмнай сіле той, Якая долу паваліла, Памяла, зблытала, скруціла Цябе, лянок харошы мой. Бялевіч. // Парушыць парадак чаго‑н. Зблытаць лісты рукапісу. □ Тут на момант .. [дзеці] збіліся, зблыталі строй. Ракітны. // перан. Унесці блытаніну; пазбавіць яснасці, выразнасці, дакладнасці. [Выступленне сакратара] яшчэ больш зблытала і ўскладніла [Максімавы] думкі. Шамякін. Але зноў усё зблытаў, нечакана паявіўшыся, Каляда. Скрыган.

2. Памылкова прыняць адно за другое; пераблытаць з кім‑н., чым‑н. [Аўсянку] можна нават з вераб’ём зблытаць: такая ж шэранькая. Ігнаценка. Галя пагражальна паківала каля яго носа пальцам і строга сказала [Змітраку]: — Ты толькі не зблытай мяне з Інай. Ваданосаў.

3. Разм. Збіць з толку, прывесці ў замяшанне. Падказка зблытала вучня.

•••

Зблытаць карты чые або каго — разладзіць, парушыць чые‑н. планы, намеры.

Зблытаць сляды (след) — збіць са следу каго‑н., накіраваць па няправільнаму следу.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

аглушы́ць, аглушу, аглушыш, аглушыць; зак., каго-што.

1. Моцным гукам, шумам часова пазбавіць здольнасці чуць. Асляпіў горад сваім святлом, аглушыў грукатам, здзівіў сваёй прыгажосцю. Каваль. Свет страсянуўся, жудасны гук аглушыў яго, і стала цёмна. Чорны. // перан. Напоўніць аглушальнымі гукамі (паветра, прастору). Калі, бывала, грому ўдары аглушаць ціхае сяло, на фоне цёмна-сіняй хмары мільгае белае крыло. Вялюгін.

2. Разм. Моцна ўдарыць па галаве; ударам давесці да непрытомнасці. Дзед непрыкметна падабраўся кустамі да карнікаў і, высока ўзмахнуўшы дубінай, аглушыў аднаго ў зялёнай касцы. Шчарбатаў. // перан. Чым‑н. нечаканым моцна ўразіць, ашаламіць. Не сказаць, каб Сымона Чуйку вельмі аглушыла навіна, што ягонага Рыгора няма на лесапільні ўжо можа больш за тры гады. Чорны. Гітлераўцы разлічвалі, што начное забойства страшэнна ўразіць людзей, аглушыць іх. Шамякін.

3. перан. Разм. Выпіць вялікую дозу чаго‑н. (гарэлкі, спірту). [Міхась] выняў з кішэні портак паўлітроўку. — Поўненькая. З чырвонай галоўкай. Адну такую, Вася, сам аглушыў. Брыль.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

запалані́ць, ‑ланю, ‑лоніш, ‑лоніць; зак., каго-што.

1. Захапіць, узяць у палон. Гэта я вяду бойку з вартай. Перабіўшы яе, раз’юшаны, віхрам урываюся ў палац, каб запаланіць Псіхею. Сяргейчык. // Скарыць, пазбавіць свабоды, незалежнасці. Прыйшлі з-за мора ворагі Народ запаланіць, Агнём, напалмам, порахам Карэю спапяліць. Танк. // перан. Прывабіўшы, зачараваўшы чым‑н., падпарадкаваць свайму ўплыву. Дзяўчыны сэрца ён запаланіў, прывабіў І да яе ў палон Сам неўзабаве трапіў. Калачынскі. Вучонага пакуль не было, і студэнты незвычайным красамоўствам спрабавалі запаланіць няўрымслівую дзяўчыну. Асіпенка.

2. Заняць, запоўніць сабой якую‑н. прастору. Калідор аж гудзеў ад хлопцаў і дзяўчат, якія раніцаю запаланілі ўвесь будынак. Карпаў. // перан. Нахлынуўшы, запоўніць сабою (пра думкі, пачуцці і пад.). Раптам наляцелі ўспаміны пра Зосю, наляцелі і запаланілі ўсё сэрца, усю душу. Лупсякоў. І зноў стала шкада сына. Шкада да болю, аж сэрца сціснулася... І трывога нейкая незразумелая, але нязносная запаланіла ўсё нутро. Чарнышэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

заслані́ць, ‑сланю, ‑слоніш, ‑слоніць; зак., каго-што.

1. Закрыць, загарадзіць сабою або чым‑н. Нізкія і вузкія дзверы зямлянкі засланіла вялікая постаць чалавека. Шамякін. Антось падбег да акна, спіной засланіў разбітую шыбу. Мележ. // Закрыць засланкай (печ). [Люба] загарнула жар, засланіла печ, дастала штосьці з-пад прыпека і пачала вячэраць. Чорны. // перан. Пазбавіць магчымасці чуць, бачыць, разумець і пад. (пра органы пачуццяў). Усё памутнела ў галаве, вочы засланіў нейкі густы змрок. Шчарбатаў. / у безас. ужыв. Слухае маці і нічога не цяміць, як бы ёй розум засланіла. Колас.

2. перан. Адсунуць на задні план. Уражанні першага школьнага дня, здавалася, засланілі ўсе іншыя інтарэсы і падымалі ў хлопцаў настрой. Колас. Іншае, моцнае і радаснае пачуццё засланіла на момант усё астатняе. Якімовіч.

•••

(Увесь) свет засланіць — а) зрабіць жыццё пакутным, бязрадасным. Вайна, як гром, абарвала добрыя надзеі, засланіла цемрай свет. Кавалёў; б) прымусіць забыць пра ўсё на свеце. Дзіця засланіла Клаўдзіі Аляксееўны ўвесь свет. Карпюк.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)