распараджэнне грамадзяніна адносна сваёй маёмасці на выпадак смерці, зробленае ў вызначаным законам парадку. У Рэспубліцы Беларусь кожны грамадзянін можа пакінуць па З. ўсю сваю маёмасць або частку яе адной або некалькім асобам, якія ўваходзяць ці не ўваходзяць у кола спадчыннікаў па законе, а таксама дзяржаве або пэўным арг-цыям. Завяшчальнік можа пазбавіць права на спадчыну аднаго, некалькіх або ўсіх спадчыннікаў па законе, за выключэннем асоб, якія маюць права на абавязковую долю. Завяшчальнік правамоцны ўскласці на спадчынніка выкананне якога-н. абавязацельства (т. зв. завяшчальны адказ) на карысць адной або некалькіх асоб.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧЫ́НШАВАЕ ПРА́ВА,
сістэма прававых норм, якія рэгулявалі часовае або бестэрміновае землекарыстанне сялян і мяшчан (чыншавікоў) у феад. грамадстве. Паводле Ч.п. феадалы-землеўласнікі перадавалі сваю зямлю ў спадчыннае карыстанне за вызначаную плату — чынш. Землеўласнік не меў права пазбавіць чыншавіка карыстання зямлёй, калі апошні несвоечасова плаціў чынш, аднак мог спагнаць яго ў прымусовым парадку. Феадалы часта павялічвалі чынш, самаўладна ўводзілі дадатковыя паборы і павіннасці (за карыстанне млынамі, мастамі і інш.). Ч.п. ўзнікла ў Зах. Еўропе ў 14—16 ст., з 15 ст. пашырана ў ВКЛ (гл.Чыншавыя сяляне, Чыншавая шляхта). У Рас. імперыі чынш (аброк) захоўваўся да сял. рэформы 1861 і адмены плацяжоў часоваабавязаных сялян у 1883.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЯГУЖЫ́НСКІ (Ягушынскі) Павел Іванавіч
(1683—17.4.1736),
расійскі дзярж. дзеяч і дыпламат. Граф (1731). Сын арганіста, выхадца з ВКЛ. З 1701 служыў у гвардыі, выконваў дыпламат. даручэнні Пятра I. Удзельнік перагавораў аб міры са Швецыяй (Аландскі кангрэс 1719), пасланнік у Аўстрыі (1720—21), ген.-пракурор Сената (1722—26 і 1730—31); змагаўся з хабарніцтвам, казнакрадствам і інш. злачынствамі. У 1726—27 паўнамоцны міністр (пасол) Расіі пры Гродзенскім сейме Рэчы Паспалітай. У 1730 удзельнічаў у змове Вярхоўнага тайнага савета з мэтай пазбавіць рэальнай улады імператрыцу Ганну Іванаўну (1730—40), але ў хуткім часе перайшоў на яе бок і садзейнічаў аднаўленню самадзяржаўя. Рас. пасол у Прусіі (1731—34), з 1735 кабінет-міністр (адзін з 3 афіц. саветнікаў) Ганны Іванаўны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАІ́РСКАЯ КАНФЕРЭ́НЦЫЯ 1943,
міжнародная нарада з удзелам прэзідэнта ЗША Ф.Рузвельта, прэм’ер-міністра Вялікабрытаніі У.Чэрчыля і кіраўніка гамінданаўскага ўрада Кітая Чан Кайшы ў 2-ю сусв. вайну. Адбылася 22—26.11.1943 у Каіры напярэдадні Тэгеранскай канферэнцыі 1943. На К.к. прынята рэзалюцыя (дэкларацыя) трох дзяржаў адносна палітыкі саюзнікаў у раёне Ціхага ак., дзе канстатаваўся намер пазбавіць Японію ўсіх захопленых тэрыторый, у т. л. і ціхаакіянскіх астравоў, акупіраваных ёю ў час 1-й сусв. вайны, выказвалася патрабаванне вярнуць Кітаю Маньчжурыю, Фармозу і Пескадорскія а-вы (Паўн.-Усх. Кітай, в-аў Тайвань, а-вы Пэнхуледао); падкрэслівалася незацікаўленасць вядучых краін свету ў тэр. экспансіі. У рэзалюцыі пракламавалася неабходнасць аднаўлення незалежнай Карэі, але вырашэнне гэтай праблемы адкладвалася на няпэўны час. Дамоўленасці, дасягнутыя на К.к., пазней парушаліся ўрадамі ЗША і Вялікабрытаніі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАСЛЕ́ДНІКІ, спадчыннікі, спадкаемцы,
асобы, якія атрымалі спадчыну або маюць права на яе атрыманне. Адрозніваюць Н. па законе і па завяшчанні. У адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь Н. паводле закону (Н. 1-й чаргі) з’яўляюцца: у роўных долях дзеці (у т. л. ўсыноўленыя), муж (жонка) і бацькі (усынавіцелі) памерлага, унукі і праўнукі (калі на час адкрыцця спадчыны няма ў жывых таго з іх бацькоў, які быў бы Н.), родныя браты і сёстры, дзяды і бабкі (Н. 2-й чаргі); родныя дзядзькі і цёткі, пляменнікі і пляменніцы, стрыечныя браты і сёстры (Н. 3-й чаргі); прадзеды і прабабкі, усе інш. сваякі да пятай ступені роднасці ўключна (Н. 4-й чаргі). Кожны грамадзянін можа пакінуць па завяшчанні сваю маёмасць або частку яе адной або некалькім асобам, якія ўваходзяць або не ўваходзяць у кола Н. паводле закону, а таксама дзяржаве ці асобным арг-цыям. Завяшчальнік можа ў завяшчанні пазбавіць права на спадчыну аднаго, некалькіх або ўсіх Н. паводле закону, за выключэннем непаўналетніх або непрацаздольных дзяцей, бацькоў і ўтрыманцаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЛАКА́ДА (англ. blockade),
1) у міжнародных адносінах сістэма мер эканам., паліт. ці ваен. характару супраць якой-небудзь дзяржавы з мэтаю перапыніць яе сувязі са знешнім светам і прымусіць выконваць пэўныя патрабаванні. Паліт. блакада можа ажыццяўляцца скасаваннем дыпламат. адносін, пазбаўленнем краіны членства ў пэўнай арг-цыі і інш.Эканам. блакада ажыццяўляецца спыненнем (забаронай) знешнегандл., фін., крэдытных і інш.эканам. сувязяў з мэтаю прычыніць шкоду эканоміцы блакіруемай дзяржавы, пазбавіць яе крыніц сыравіны і рынкаў збыту тавараў. Ваен. (марская) блакада выкарыстоўваецца ў мірны час супраць краіны — парушальніцы нормаў міжнар. права. Статут ААН дапускае ўвядзенне блакады як калект. меры для падтрымання ўсеагульнага міру толькі па рашэнні Савета Бяспекі.
2) Блакада ваенная ў час вайны — форма вядзення ваен. дзеянняў, накіраваных на ізаляванне варожага аб’екта (групоўкі войскаў, горада, дзяржавы і інш.) праз парушэнне яго знешніх сувязяў на сушы, у паветры і на моры; яе мэта — падарваць ваенна-эканам. магутнасць дзяржавы, аслабіць яе ўзбр. сілы, прымусіць праціўніка да капітуляцыі або разграміць і захапіць аб’ект блакады. На Беларусі блакада ваенная выкарыстоўвалася агрэсарам для авалодання ўмацаванымі крэпасцямі (блакада Бабруйскай крэпасці франц. войскамі ў 1812). Самымі вялікімі блакадамі былі кантынентальная блакада, якую праводзіў Напалеон I супраць Англіі на пач. 19 ст., марская блакада Вялікабрытаніі Германіяй і блакада Германіі яе праціўнікамі ў 1-ю сусв. вайну. У 2-ю сусв. вайну пераважалі блакады змешаныя (блакада Ленінграда ням.-фаш. войскамі ў 1941—43, блакада сав. войскамі ням.-фаш. групоўкі пад Сталінградам у 1942—43 і інш.). Тэарэтыкі не выключаюць выкарыстання блакады і ў сучасных умовах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТАТУ́Т ААН,
шматбаковае міжнар. пагадненне, распрацаванае вядучымі дзяржавамі антыгітлераўскай кааліцыі (СССР, ЗША, Вялікабрытаніяй, Францыяй і Кітаем) у гады 2-й сусв. вайны і канчаткова ўзгодненае на канферэнцыі ў Сан-Францыска ў 1945. Падпісаны 51 дзяржавай (у т. л.БССР) і набыў сілу 24.10.1945. З’яўляецца канстытуцыйным дакументам, які ўстанавіў і рэгулюе жыццядзейнасць найбуйнейшай універсальнай міжнар. арг-цыі — Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, асн. мэта якой, як сцвярджаецца ў прэамбуле Статута, заключаецца ў тым, каб «пазбавіць будучыя пакаленні ад бедстваў вайны, двойчы ў нашым жыцці прынёсшай чалавецтву невыказнае гора». Прадугледжвае, што ААН павінна быць цэнтрам для ўзгаднення дзеянняў дзяржаў у дасягненні мэт падтрымання міжнар. міру і бяспекі, развіцця дружалюбных адносін і ажыццяўлення ўсебаковага супрацоўніцтва дзяржаў з розным сац. ладам. Статут заклаў падмурак універсальнай сістэмы калектыўнай бяспекі, цэнтр. структурным звяном якой з’яўляецца Савет Бяспекі ААН, які нясе гал. адказнасць за падтрыманне міжнар. міру і бяспекі. Статут вызначае функцыі і паўнамоцтвы інш.гал. органаў ААН — Генеральнай Асамблеі ААН, Эканамічнага і сацыяльнага Савета ААН, Савета па апецы ААН, Міжнароднага суда ААН, Сакратарыята ААН, а таксама спецыялізаваных устаноў ААН. Ён устанаўляе ў абавязваючай форме асн. прынцыпы і нормы паводзін дзяржаў на сусв. арэне і падкрэслівае, што дзяржавы павінны строга выконваць прынцыпы забароны выкарыстання сілы і пагрозы сілай, мірнага вырашэння міжнар. спрэчак, неўмяшання ва ўнутр. справы, суверэннай роўнасці дзяржаў, добрасумленнага выканання міжнар. абавязацельстваў і інш. На падставе С. ААН узнікла, працягвае дзейнічаць і развівацца шырокая і разгалінаваная сістэма пасляваенных міжнар. дагавораў і пагадненняў у самых розных галінах чалавечай дзейнасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭФАРМІ́ЗМ,
ідэйна-палітычная плынь у міжнар. рабочым руху, прадстаўнікі якой лічаць сац. рэформы і супрацоўніцтва паміж класамі і сац. групамі з супярэчлівымі, у т. л. антаганістычнымі інтарэсамі гал. шляхам да паляпшэння капіталіст. грамадства і яго пераўтварэння ў «сац. дэмакратыю», «грамадства дабрабыту» і г.д. Другі бок Р. — адмова ад радыкальнай рэвалюцыі і заваявання рабочым класам дзярж. улады, звужванне ролі класавай барацьбы, якая прызнаецца толькі ў канстытуцыйных межах і фактычна падмяняецца ідэяй сац. партнёрства. Сац. рэформа абвяшчаецца альтэрнатывай рэвалюцыі і карэнным зменам у грамадстве ў сац. кірунку. Гісторыя Р. пачалася ў апошнія дзесяцігоддзі 19 ст., калі частка лідэраў рабочага руху пад уплывам яго поспехаў прыйшла да высновы аб магчымасці паступовага рэфармісцкага паляпшэння тагачаснага грамадства (Э.Бернштэйн, К.Каўцкі, А.Мільеран і інш.). Рабочы рух размежаваўся на рэфармісцкі (с.-д. партыі) і радыкальны (камуніст. партыі) кірункі. У працэсе сваёй эвалюцыі зах.-еўрап.сацыял-дэмакратыя імкнулася пазбавіцьмарксізм яго рэв. зместу.
Франкфурцкі кангрэс Сацыялістычнага Інтэрнацыянала (1951) абвясціў афіц. дактрынай Р. дэмакр. сацыялізм, які супрацьпастаўляецца марксісцка-ленінскаму разуменню сутнасці сацыяліст. грамадства і спосабаў яго пабудовы. У ідэалогіі Р. сацыялізм — перш за ўсё этычны ідэал, які выяўляецца ў прынцыпах свабоды. роўнасці, справядлівасці, чалавечнасці. У эканоміцы дапускаюцца грамадская ўласнасць і планаванне пры панаванні прыватнай уласнасці і капіталіст. канкурэнцыі. Рэфармісцкія ўрады, партыі і прафсаюзы, асабліва ў краінах Зах. Еўропы ў 1960—70-я г., праводзілі палітыку па стварэнні разгорнутай сістэмы сац. забеспячэння працоўных і заваявалі значны ўплыў у грамадстве. У апошнія гады практычнае ажыццяўленне ідэй Р. сустракаецца са значнымі цяжкасцямі, прычыны якіх — глабальная капіталіст. інтэграцыя, узнікненне суперманаполій, абвастрэнне экалагічных праблем. Усё гэта не толькі звужае магчымасці сац. манеўравання і новых рэформ, але вядзе да згортвання ўжо існуючых сац. праграм і мер, напр. у галіне асветы, медыцыны. пенсіённага забеспячэння і інш.
Літ.:
Попов С.И. Буржуазная идеология на пороге XXI столетия. М., 1988.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ША́ШКІ,
гульня 2 партнёраў на шматклетачнай дошцы (падзеленай на цёмныя і светлыя палі) аднолькавымі, але розных колераў фігуркамі (фішкамі-Ш.), якія перамяшчаюцца па цёмных палях паводле пэўных правіл; від спорту. Мэта гульні — знішчыць фігуры праціўніка ці «заперці» іх (пазбавіць хадоў).
Паводле археал. звестак і твораў Герадота і Платона, Ш. ўзніклі ў Стараж. Егіпце і краінах Аравійскага п-ва. Існуюць Ш. рускія, англ., ням., ісп. (на 64-клетачнай дошцы па 12 фігур у кожнага партнёра), франц., польск. (на 100-клетачнай дошцы па 20 фігур), канадскія (на 144-клетачнай 30 фігур). З 19 ст. праводзяцца нац. чэмпіянаты (у Расіі з 1896). Найб. пашырэнне набылі 100-клетачныя франц. Ш., якія сталі міжнароднымі. Чэмпіянаты свету па 100-клетачных Ш. праводзяцца з 1894. 1-ы чэмпіён — І.Вейс (1894—1912). У 1947 засн.Сусв. федэрацыя Ш. (Fédération mondiale du jeu de dames, ФМЖД), якая аб’ядноўвае нац. арг-цыі 49 краін (2003). У 1947 засн. званне міжнар. гросмайстра. З 1965 праводзяцца чэмпіянаты Еўропы сярод мужчын (першапачаткова Кубак Еўропы; чэмпіён І.Куперман, 1965, з 1972 — пяршынствы свету сярод юнакоў, з 1974 — пяршынствы свету сярод жанчын. З сярэдзіны 1980-х г. пры ФМЖД існуе секцыя рус. Ш. «64». Спаборніцтвы праводзяць па розных версіях: бразільскай, рус. і інш.
Чэмпіянаты свету па рус. Ш. праводзяцца з 1993 (1-ы чэмпіянат адбыўся ў г. Пінск, Беларусь, бронз. прызёрам стаў А.Валюк). Самастойная галіна Ш. — шашачная кампазіцыя, у якой зарэкамендавалі сябе бел. шашысты чэмпіёны свету Б.Іваноў, У Шульга. На Беларусі спаборніцтвы праводзяцца па рус. і міжнар. Ш. 1-е афіц. спаборніцтва па рус. Ш. — чэмпіянат Мінска — праведзены ў 1922 (пераможца Б.Круталевіч), 1-ы чэмпіянат Беларусі па рус. Ш. — у 1925. Найб. поспехаў у розны час дасягнулі: Валюк, В.Габрыэлян, М.Гелер, А.Соркіна, А.Плакхін. 1-ы чэмпіянат Беларусі па міжнар. Ш. адбыўся ў 1953. Найб. вызначыліся ў Ш. гэтай катэгорыі А.Альтшуль, А.Балякін, А.Гантварг, З.Голубева, В.Камышлеева, М.Кац, І.Пашкевіч, А.Прэсман, Л.Сахненка, М.Шавель. Федэрацыя Ш. Беларусі ўступіла ў ФМЖД у 1992. Каманда бел. шашыстаў прымала ўдзел у Сусв. шашачных алімпіядах у 1992 (1-е месца) і 2000 (3-е месца).
Літ.:
Берлинков Б.Л., Рокитницкий А.В. Шашечные партии белорусских мастеров. Мн., 1983;
Курилович Н.В. Заочные шашки в Беларуси. Мн., 1999;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕМІРО́ВІЧ-ДА́НЧАНКА Уладзімір Іванавіч (23.12.1858, г. Азургеты, Грузія — 25.4.1943),
расійскі рэжысёр, драматург, рэфарматар і тэарэтык т-ра. Нар.арт.СССР (1936). Вучыўся на фіз.-матэм. і юрыд. ф-тах Маскоўскага ун-та (1876—79). З 1877 выступаў як тэатр. крытык і пісьменнік. Аўтар п’ес «Апошняя воля» (1888), «Новая справа» (1890), «Золата» (1895), «Цана жыцця» (1896), «У марах» (паст. 1901). Незадаволены станам рас.сцэн. мастацтва канца 19 ст., прапанаваў рэформы, каб пазбавіць сцэну ад пошлага рэпертуару, ідэйнага застою, руціны і штампаў акцёрскага выканання, але яго праекты адхіляла дырэкцыя імператарскіх т-раў. З 1891 працаваў у Маскоўскім філарманічным т-ве. У 1898 з К.Станіслаўскім заснаваў Маскоўскі мастацкі тэатр (МХТ; з 1919 Маскоўскі мастацкі акадэмічны тэатр) якімі кіраваў. У трупу т-ра ўвайшлі многія яго выхаванцы па драм. аддзяленні філарманічнага т-ва (В.Кніпер-Чэхава, І.Масквін, У.Меерхольд). У праграмных спектаклях «Чайка» (1898), «Дзядзька Ваня» (1899), «Тры сястры» (1901) і «Вішнёвы сад» (1904) А.Чэхава, «На дне» М.Горкага (1902), пастаўленых з Станіслаўскім, былі рэалізаваны ідэі рэв. пераўтварэння сцэны. Ажыццяўляў прынцып маст. цэласнасці пастаноўкі, сцвярджаў вядучую ролю рэжысёра як інтэрпрэтатара замыслу драматурга і стваральніка спектакля. Гал. месца ў рэпертуары МХТ займалі тагачасныя драмы Чэхава і М.Горкага, творы Г.Ібсена, Г.Гаўптмана. Пры іх увасабленні дамагаўся тонкасці псіхал. аналізу, раскрываў падтэкст, ствараў атмасферу і настрой кожнай карціны, што надавала мастацтву т-ра жыццёвасць, спалучала яго творчасць з дэмакр. імкненнямі прагрэс.рус. інтэлігенцыі. Сярод найб. значных рэжысёрскіх работ дарэв. перыяду — «Юлій Цэзар» У.Шэкспіра (1903), «Анатэма» Л.Андрэева (1909), «Браты Карамазавы» і «Мікалай Стаўрогін» паводле Ф.Дастаеўскага (1910, 1913), «Жывы труп» Л.Талстога (1911, са Станіслаўскім), «Смерць Пазухіна» М.Салтыкова-Шчадрына (1914). У сав. час рэарганізаваў і абнавіў т-р; паставіў «Пугачоўшчыну» К.Транёва (1925), «Блакаду» У.Іванава (1929), плённа ўвасабляў рус. класіку: «Уваскрэсенне» (1930) і «Ганна Карэніна» (1937) паводле Л.Талстога, «Навальніца» А.Астроўскага (1934), «Тры сястры» (новая рэдакцыя 1940). Пастаноўка п’есы «Ворагі» М.Горкага (1935) прадэманстравала сінтэз «трох успрыманняў», якія сцвярджаў Н.-Д.: сац., псіхал. і тэатральнага. Такі сінтэз, на яго думку, з’яўляўся абавязковай умовай высокай мастацкасці і ідэйнай насычанасці спектакля. У 1919 ён арганізаваў пры МХТ муз. студыю (з 1926 Муз.т-р імя Н.-Д., з 1941 Муз.т-р імя Станіслаўскага і Н.-Д.). Найб. значныя пастаноўкі ў муз. т-ры: «Лісістрата» Арыстафана (1923), «Травіята» Дж.Вердзі, «Кацярына Ізмайлава» Дз.Шастаковіча (абедзве 1934), «Ціхі Дон» І.Дзяржынскага (1936), «У буру» Ц.Хрэннікава (1939). У 1944 у Маскве ў доме, дзе ў 1938—43 жыў Н.-Д., створаны яго музей-кватэра. Дзярж. прэміі СССР 1942, 1943.
Тв.:
Из прошлого. М., 1936;
Театральное наследие. Т. 1—2. М., 1952—54;
Пьесы. М., 1962;
Режиссерский план постановки трагедии Шекспира «Юлий Цезарь». М., 1964;
Рецензии. Очерки. Статьи. Интервью. Заметки, 1877—1942. М., 1980;
Рождение театра. М., 1989;
Святые горы. Донецк, 1990.
Літ.:
Марков П.А. Режиссура В.И.Немировича-Данченко в музыкальном театре. М., 1960;
Фрейдкина Л.М. Дни и годы В.И.Немировича-Данченко: Летопись жизни и творчества. М., 1962;
В.И.Немирович-Данченко ведет репетицию. М., 1965;