ЯГУЖЫ́НСКІ (Ягушынскі) Павел Іванавіч

(1683—17.4.1736),

расійскі дзярж. дзеяч і дыпламат. Граф (1731). Сын арганіста, выхадца з ВКЛ. З 1701 служыў у гвардыі, выконваў дыпламат. даручэнні Пятра I. Удзельнік перагавораў аб міры са Швецыяй (Аландскі кангрэс 1719), пасланнік у Аўстрыі (1720—21), ген.-пракурор Сената (1722—26 і 1730—31); змагаўся з хабарніцтвам, казнакрадствам і інш. злачынствамі. У 1726—27 паўнамоцны міністр (пасол) Расіі пры Гродзенскім сейме Рэчы Паспалітай. У 1730 удзельнічаў у змове Вярхоўнага тайнага савета з мэтай пазбавіць рэальнай улады імператрыцу Ганну Іванаўну (1730—40), але ў хуткім часе перайшоў на яе бок і садзейнічаў аднаўленню самадзяржаўя. Рас. пасол у Прусіі (1731—34), з 1735 кабінет-міністр (адзін з 3 афіц. саветнікаў) Ганны Іванаўны.

т. 18, кн. 1, с. 232

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)