БЛАКА́ДА

(англ. blockade),

1) у міжнародных адносінах сістэма мер эканам., паліт. ці ваен. характару супраць якой-небудзь дзяржавы з мэтаю перапыніць яе сувязі са знешнім светам і прымусіць выконваць пэўныя патрабаванні. Паліт. блакада можа ажыццяўляцца скасаваннем дыпламат. адносін, пазбаўленнем краіны членства ў пэўнай арг-цыі і інш. Эканам. блакада ажыццяўляецца спыненнем (забаронай) знешнегандл., фін., крэдытных і інш. эканам. сувязяў з мэтаю прычыніць шкоду эканоміцы блакіруемай дзяржавы, пазбавіць яе крыніц сыравіны і рынкаў збыту тавараў. Ваен. (марская) блакада выкарыстоўваецца ў мірны час супраць краіны — парушальніцы нормаў міжнар. права. Статут ААН дапускае ўвядзенне блакады як калект. меры для падтрымання ўсеагульнага міру толькі па рашэнні Савета Бяспекі.

2) Блакада ваенная ў час вайны — форма вядзення ваен. дзеянняў, накіраваных на ізаляванне варожага аб’екта (групоўкі войскаў, горада, дзяржавы і інш.) праз парушэнне яго знешніх сувязяў на сушы, у паветры і на моры; яе мэта — падарваць ваенна-эканам. магутнасць дзяржавы, аслабіць яе ўзбр. сілы, прымусіць праціўніка да капітуляцыі або разграміць і захапіць аб’ект блакады. На Беларусі блакада ваенная выкарыстоўвалася агрэсарам для авалодання ўмацаванымі крэпасцямі (блакада Бабруйскай крэпасці франц. войскамі ў 1812). Самымі вялікімі блакадамі былі кантынентальная блакада, якую праводзіў Напалеон І супраць Англіі на пач. 19 ст., марская блакада Вялікабрытаніі Германіяй і блакада Германіі яе праціўнікамі ў 1-ю сусв. вайну. У 2-ю сусв. вайну пераважалі блакады змешаныя (блакада Ленінграда ням.-фаш. войскамі ў 1941—43, блакада сав. войскамі ням.-фаш. групоўкі пад Сталінградам у 1942—43 і інш.). Тэарэтыкі не выключаюць выкарыстання блакады і ў сучасных умовах.

т. 3, с. 185

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)