вы́каціцца, ‑качуся, ‑кацішся, ‑каціцца; зак.

1. Коцячыся, выйсці, выпасці адкуль‑н. Мячык выкаціўся на дарогу. Яблык выкаціўся з кошыка. □ У старога паволі выкаціліся з вачэй дзве слязінкі. Чорны. // З’явіцца на небе (пра сонца, месяц, зоры). З-за лесу выкацілася сонца, іскрыстае, цёплае. Сачанка. // Выехаць адкуль‑н., куды‑н. З-за рогу борзда і крута выкаціўся з задзірлівым лапатаннем трактар. Шынклер. Брук скончыўся, і воз выкаціўся на дарогу мяккую, з пясочкам. Арочка.

2. Разм. Хутка выйсці, выбегчы адкуль‑н. Андрушка пабег да свайго сябрука Паўліка, свіснуў каля хаты. Паўлік выкаціўся мігам. Лобан.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ру́жа, ‑ы, ж.

Дэкаратыўная расліна сямейства ружакветных з шырокапялёсткавымі, звычайна пахучымі кветкамі рознай афарбоўкі і са сцяблом, пакрытым калючкамі, а таксама кветка гэтай расліны. У агародчыку перад кожным домам раслі вяргіня, ружа, бэз, мята. Мурашка. Па сваёй каханай сумаваў я дужа, Наламаў букет ёй Самых яркіх ружаў. Свірка.

•••

Ружа вятроў — дыяграма паўтаральнасці вятроў розных напрамкаў у пэўнай мясцовасці, складзеная на аснове шматгадовых сярэдніх паказчыкаў метэаралагічных станцый за месяц, сезон або год.

Чайная ружа — а) ружа, кветкі якой маюць бледна-жоўты колер; б) сорт ружы розных колераў і адценняў з моцным пахам чаю.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

світа́ць, ‑ае; незак.

1. безас. Пачынаць развіднівацца (аб прыбліжэнні ўсходу сонца). Як толькі пачало світаць, хлопец і папоўз да.. [разведчыкаў] на наглядальны пункт. Няхай. Позна світала і рана змяркалася. Можа таму і настрой у некаторых [будаўнікоў] быў пахмуры, як гэтыя шэрыя снежаньскія дні. Грахоўскі. [Палажка:] — Не рана. Месяц ужо зайшоў, пачынае світаць. Лобан.

2. Пачынацца, наступаць (пра дзень). [Наталля Пятроўна:] Глядзі, і новы дзень світае, А ты [муж] не можаш разагнаць тугу... Бачыла. І ноч прайшла, світае дзень. Колас. // перан. Праясняцца, станавіцца зразумелым. Світаць у думках пачало: Нашчадкі ўдзячныя ацэняць І шчодра лаўрамі аценяць Яго халоднае чало. Барадулін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сі́ні, ‑яя, ‑яе.

Які мае афарбоўку аднаго з асноўных колераў спектра — сярэдняга даміж блакітным і фіялетавым. Сіняе неба ўсе сонцам заліта. Колас. Сіні змрок пасоўваўся з паплавоў. Чорны. Сіняя маланка ўзрэзала дажджавую муць. Самуйлёнак. Паплылі Дняпровы хвалі Ажно ў сіне мора. Купала. Сінія вочкі на месяц глядзяць. Грамыка. // Які мае адценне гэтага колеру (пра твар і скуру чалавека). Хлопчык ляжаў на ложку без усялякіх адзнак жыцця. Тварык яго быў сіні, жаўтлявы. Шамякін. Губы ў нас былі сінія, а зубы дробненька ляскалі — гэта ад вады і холаду. Адамчык.

•••

Сіні камень гл. камень.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ты́кацца 1, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

Разм. Мітусіцца, стараючыся пранікнуць куды‑н. Людзі тыкаліся ва ўсе бакі, як сляпыя шчаняты. Асіпенка. // Ударацца, стукацца аб што‑н., упірацца ў што‑н. Калі паляцелі качкі, закрычалі з неба, наша Шэрачка, — так мы яе звалі, — спачатку пачала бегаць па дварышчы, тыкаючыся ў плот, у сцены, а пасля ўзнялася на крылле .. і падалася да чарады. Дубоўка.

ты́кацца 2, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

Разм. фам. Звяртацца да каго‑н. на «ты». Месяц назад гэты самы Лёшка не азваўся б, а цяпер глядзі — тыкаецца, як з роўным. Асіпенка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Маладзі́к1месяц у першай квадры’ (ТСБМ, Грыг., Мядзв., Нас., Шат., Касп., Бяльк., Яруш., Гарэц., Растарг., Сл. ПЗБ, Федар. 1), молодзі́к ’тс’ (Маш., ТС), мыладзі́к (паўн.-усх., КЭС; віц., Шн. 3; Бяльк.), брасл., асіп. маладзічок ’тс’ (Сл. ПЗБ). Укр. молодик, рус. молоди́к, моло́дик; польск. młodzik з бел. мовы; серб. млађак. Усх.-слав. Да малады́ (гл.).

Маладзі́к2 ’малады хлопец’, ’халасцяк’, ’малады (на вяселлі)’ (Нас., Сцяшк., ТС; брасл., Сл. ПЗБ). Укр. молодик ’малады нежанаты чалавек’, рус. смал. молодик, разан. ’малады чалавек, нежанаты’, рус. арханг. ’малады на вяселлі’, пск. ’малады лес’, разан. ’маладыя авечкі, ягняты’, ’маладняк’, ст.-рус. молодикъ ’малады чалавек’, ’маладая птушка (сокал, ястраб)’; польск. młodzik, ’малакасос’, ’навічок’, ’малады глушэц’, чэш., славац. mladɨk ’юнак’, серб.-харв. мла̀дик ’малады лес’. Прасл. mold‑ikъ. Да малады́ (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пламе́та1 ’вельмі многа’ (Жд. 2). Відаць, з планета (гл.) ’нябеснае цела’, як у польск. planeta (а ў X–VII стст. і planeta) — ’сонца і месяц’, з далейшым абагульненнем, — ’зорка, зоркі’, шматлікасць якіх на небе і вызначыла значэнне лексемы. Параўн. таксама рус. планида ’вялікая шматдзетная сям’я’.

Пламе́та2 ’лёс, прадвызначэнне’ (ТС). Да планета (гл.). Значэнне ’лёс’ развілося з меркавання, што планеты ўгшываюць на жыццё і дзеянні людзей.

Пламе́та3 ’хмара, хмарнасць’ (?): нейка така пламета набягае, што по усім дзерэўням дождж (ТС), укр. зах.-валын. планета ’вялікая навальнічная хмара’. Да планета (гл.). Параўн. польск. plametnik ’чорная хмара, якая пасоўваецца па небе’, дыял. planeta ’пералётная хмара’, planetnica ’белая хмара, якая праплывае па небе’. Паводле Гарачавай (Этимология–1994–1996, 28), не выключана развіццё значэнняў ’лёс’ — ’воблака’, паколькі ў старажытнасці маглі гадаць па форме воблакаў, прадказваць лёс.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Се́чань старое ‘студзень’ (Нас.). Укр. сі́чень, старое рус. сечень ‘студзень’, стараж.-рус. сѣчьнь ‘студзень; люты’, чэш. sečen ‘ліпень’, славац. velký sečeń ‘студзень’, malý sečeń ‘люты’, славен. дыял. sečenj ‘люты’, серб.-харв. се̑чањ, sijȇčanj ‘студзень’, балг. фальк. голя́м се́чко ‘студзень’, ма́лък се́чко ‘люты’, макед. сечко ‘люты’, ст.-слав. сѣчьнь ‘люты, студзень’. Прасл. *sěčьnь да *sekti, гл. сячы, як перыяд года, найбольш зручны для высечкі лесу з мэтай атрымання дзелавой драўніны (Шаўр, Этимология–1971, 98 і наст.), або для распрацоўкі ўчастка для раллі. Тлумачэнне, што месяц атрымаў назву па марозе, які “сячэ”, лічыцца народнай этымалогіяй. Назва для ‘ліпеня’ звязана з касьбой (старое *sěkti ‘зразаць траву’). Меркаванні Сноя (Бязлай, 3, 346) пра сувязі з літ. síekis, siẽkis ‘снежань студзень’ аналагічна літ. sãusis ‘студзень, снежань’ пры славен. súšec ‘сакавік’ (Сной₂, 713) падаюцца недастаткова абгрунтаванымі. Гл. ЕСУМ, 5, 258–259.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

заляце́ць, ‑лячу, ‑ляціш, ‑ляціць; ‑ляцім, ‑леціце, ‑ляцяць; зак.

1. Летучы, апынуцца далёка або высока. Заляцець на Месяц. // Летучы, апынуцца за чым‑н., за якім‑н. прадметам. Мяч заляцеў за плот. Самалёт заляцеў за хмару.

2. Уляцець, папасці куды‑н. Заляцела ў Васеў двор старая варона. Курто. Толькі суседзі яшчэ пільнавалі свае хаты, каб якая-небудзь выпадковая іскра не заляцела на іх стрэхі. Шамякін.

3. У час палёту наведаць якое‑н. месца, спыніцца ненадоўга. Самалёт заляцеў, каб забраць пошту. // перан. Разм. Спяшаючыся, забегчы мімаходам да каго‑н. У спешцы Гуз пераблытаў і, замест таго, каб трапіць на кармакухню, заляцеў у радзілку. Шахавец.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

маро́з, ‑у, м.

1. Моцны холад, сцюжа. Мароз браўся мацней, гулка біў у сцены. Лынькоў. Пёк добры мароз, хоць і быў ужо красавік месяц. Шамякін. // Тэмпература паветра ніжэй нуля. Два градусы марозу. // Месца, дзе вельмі холадна, сцюдзёна. Вынесці мяса на мароз. Прыйсці з марозу. // Іней, наледзь на шыбах. Люда сядзела ў кутку, каля зацягнутага марозам акна. Брыль.

2. звычайна мн. (маразы́, ‑оў). Халоднае надвор’е з вельмі нізкай тэмпературай. Маласнежная зіма, маразы, ранні прыход вясны стварылі пэўныя цяжкасці ў правядзенні палявых работ. «Звязда».

•••

Дзед Мароз гл. дзед.

Мароз па скуры (па спіне) ідзе (прайшоў, прабег) — пра адчуванне холаду ад страху, моцнага хваляванне.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)