маро́з, ‑у, м.

1. Моцны холад, сцюжа. Мароз браўся мацней, гулка біў у сцены. Лынькоў. Пёк добры мароз, хоць і быў ужо красавік месяц. Шамякін. // Тэмпература паветра ніжэй нуля. Два градусы марозу. // Месца, дзе вельмі холадна, сцюдзёна. Вынесці мяса на мароз. Прыйсці з марозу. // Іней, наледзь на шыбах. Люда сядзела ў кутку, каля зацягнутага марозам акна. Брыль.

2. звычайна мн. (маразы́, ‑оў). Халоднае надвор’е з вельмі нізкай тэмпературай. Маласнежная зіма, маразы, ранні прыход вясны стварылі пэўныя цяжкасці ў правядзенні палявых работ. «Звязда».

•••

Дзед Мароз гл. дзед.

Мароз па скуры (па спіне) ідзе (прайшоў, прабег) — пра адчуванне холаду ад страху, моцнага хваляванне.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)