Га́піць ’біць’, га́піцца ’біцца’ (Шатал.). Няяснае слова. Няма ў суседніх мовах. Этымалогія гэтай лексемы не можа пакуль што выходзіць за рамкі агульных меркаванняў і дагадак. Магчыма, гэта гукапераймальнае ўтварэнне (ад выклічніка тыпу ўкр. геп!, які перадае гук пры падзенні або ўдары: ге́пати ’ўдарыць; падаць з шумам і да т. п.’). А магчыма, ёсць і нейкая сувязь са словам тыпу ўкр. га́пка ’задняя частка цела, podex’: *гапіць < *’біць па задняй частцы цела’ (→ ’біць наогул’).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Анагды́сь, ана́дысь, анагдай, анодысь, анада́сь, ано́гды, анадо́е ’пазаўчора, гэтымі днямі’ (Яруш., Шпіл., Касп., Жд., Бяльк.). Гэтыя прыслоўі ўтвораны з займеннікавага элемента *он‑ (*оно‑) ’той’, каранёвага элемента ‑(г)д‑, які мае часавае значэнне, элемента канчатка, што цяпер успрымаецца (як, дарэчы, і ‑гд‑) як суфіксальны элемент (гл. Шуба, Прыслоўе, 60), часціцы -сь. Сюды ж паводле першых дзвюх частак адносіцца і анагдо́вень, анагдо́вінь ’тс’ (Касп.), але апошняя частка гэтых прыслоўяў няясная, магчыма, ад займенніка овъ.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Рашо́тка1 ’загарадка, агароджа з пераплеценых пруткоў, планак’ (ТСБМ), сюды ж ’сані з задком, спінкаю’ (Бяльк.), ’грэбень для часання’, ’частка грабляў з зубамі’, ’зазубень’. Параўн. рус. реше́тка ’тс’, укр. реші́тка, решо́тка ’арнамент’, ’грабёнка для збору чарніц’, ’паліца з планак’, славен. rešetka ’клетка, загон для жывёлы’, балг. реше́тка ’агароджа, рашотка’. Да рэшата1 (гл.). Сюды ж рашо́тка ’сузор’е Плеяды’ (Касп.), іншая назва сітца (гл.).

Рашо́тка2 ’ядомы грыб, казляк’ (дзятл., Сл. ПЗБ). Да рашэтнік (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Серадсяло́, серэдсело́ ‘цэнтральная частка сяла’ (ТС). Параўн. серб. сре́дсело ‘месца пасярод сяла, дзе адбываюцца сустрэчы, танцы’, харв. srȅdselo ‘тс’, балг. дыял. сретце́ло ‘тс’, макед. сретсе́ло ‘сярэдзіна сяла; плошча ў цэнтры сяла’. Відаць, незалежнае ўтварэнне на базе спалучэння сяро́д сяла́ ‘пасярод сяла’, параўн. хата була серэд села (ТС), гл. сярод і сяло, з якога шляхам субстантывацыі ўзнік назоўнік, структурна ідэнтычны літ. vidùkaimė ‘сярэдзіна вёскі’, параўн. vidur̃ ‘сярод’ і kajmas ‘вёска, сяло’. Гл. Цыхун, БЛ, 5, 50.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Слабіна́ ‘нетрывалае, слабое месца’ (ТСБМ), ‘воля, свабода, безнагляднасць’, ‘нядужы, хілы чалавек’ (Яўс.), сла́бінка ‘слабасць, недахоп’ (Нар. Гом.), сюды ж слабе́нё (słabienio) ‘бакавая частка жывата да клуба’ (Арх. Федар.). Параўн. укр. слабина́ ‘слабасць’, ‘пахвіна ў жывёлы’, рус. слабина́, в.-луж. słabina, н.-луж. słabina, чэш. slabina, славац. slabina, серб.-харв. сла̀бина, балг. слабина́, макед. слабина ‘пахвіна’. Прасл. *slabina ‘слабіна’, вытворнае ад *slabъ (гл. слабы), параўноўваюць з літ. pa‑slẽpenes ‘пахвіна’ (Голуб-Копечны, 335; БЕР, 6, 828).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сухаду́шына ’ўдар кулаком у хрыбет, моцны ўдар’ (Нас., Бяльк.), ’сухотнік’ (Нас.). Хутчэй за ўсё, утворана на базе прыметніка сухаду́шны ’слабасільны’ (Нас.), што да сухі́ ’слабы, хілы; пусты’, параўн. слабаду́шны, маладу́шны, рус. тщеду́шный ’слабасільны’ і пад., другая частка звязана з дух (гл.), параўн. слабы́ ду́хам ’няўстойлівы, падатлівы’. Значэнне ’ўдар’, відаць, на аснове ду́хам ’мігам, хутка’, адны́м ду́хам (ды́хам) ’раптам, за адзін раз’ (ТСБМ), гл. таксама дыхаць; да семантыкі параўн. польск. suche razy ’біццё без крыві’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Трумо́ ‘высокае стаячае люстра’, ‘прасценак, упрыгожаны арнаментам’ (ТСБМ, Некр. і Байк.), труно́ ‘тс’ (Мат. Гом.). Запазычана з франц. trumeau ‘прасценак паміж войнамі’, ‘люстра, якое займае гэту прастору’, праз рускае трюмо́ ‘тс’; французскае слова выводзяць са ст.-в.-ням. drum (памянш. drumel) ‘кавалак, частка’, ‘канец, асколак’, параўн. англ. thrum ‘шляк, беражок, аблямоўка’ (Фасмер, 4, 112; Даза, 731; Васэрцыер, 237). Запісаная дыялектная форма нейкім чынам збліжана з труна (гл.), магчыма, праз польск. trumna ‘труна’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тэ́нча ‘вясёлка’ (Шатал., Сл. ПЗБ, Сцяшк., Скарбы, Жд. 1, Сержп. Грам., Мат. Гом., ТС), тэнч ‘тс’ (Сл. рэг. лекс.), сюды ж тэнчо́вік ‘саматканы дыван’ (Рэг. сл. Віц.), тэнчаве́ць ‘пералівацца вясёлкай, святлець’ (Сцяшк. Сл.). З польск. tęcza ‘вясёлка’, таго ж паходжання, што і туча (гл.), параўн. мажлівую сувязь двух паняццяў у ст.-бел. натура наша людскаꙗ … показаласе ꙗко дꙋга, ꙗко тꙋча (XVII ст., ГСБМ), што, відаць, калькуе польск. tęcza ‘дугападобная частка скляпення ў касцёле’ (Варш. сл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пупышы́, мн. л. пупушы́ ’дзьмухаўцы’ (свісл., Шатал.), мн. л. пупшэ ’пупышкі; сукараткі’ (дзятл., Сл. ПЗБ), пупышка (у раслін) (ТСБМ), пупышка ’тс’ (Нас., Мядзв., Бяльк.), ’мякіш, кончык пальца’ (гом., Мат. Гом.), пу́пашка ’пупышка; сасок’ (ТС), pupūška ’пупышка; сасок; мяккая частка канца пальца’ (Варл.), пыпашка ’кончык пальца’ (віл., Шатал.), пу́пушок ’пупышка; кончык пальца’ (Сл. ПЗБ), рус. пу́пыш ’прышч; сасок; пупышка’. Звязана з пуп (Фасмер, 3, 408), варыянтнасць вакалізму тлумачыцца ўплывам акружэння губных зычных. Параўн. пу́пях, пупах.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кады́к ’выгнутая храстковая частка гартані ў мужчын’ (БРС, ТСБМ). Паводле даных КЭС, слова ведаюць у розных раёнах Мінскай, Гродзенскай, Брэсцкай, Віцебскай абласцей, але статус яго ў гаворках няясны. Вядомае рус. мове, дзе лічыцца запазычаннем з тат. kadyk ’моцны, цвёрды, які выступае’, гэта этымалогія часоў Бернекера і Праабражэнскага з’яўляецца прымальнай з-за адсутнасці больш абгрунтаванай. Бел., як можна меркаваць па розных значэннях слова кадык у рус. гаворках ’рот, горла, чэрава і інш.’, з’яўляецца запазычаннем.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)