Бунт1 ’мяцеж’. Рус. бунт (з пачатку XV ст.), укр. бунт. Запазычанне з польск. bunt < ням. Bund саюз’ (’саюз’ > ’змова’ > ’бунт’). Дзеясловы бунтава́ць, рус. бунтова́ть, укр. бунтува́ти таксама лічацца запазычаннем з польск. buntować ’тс’. Бернекер, 101; Фасмер, 1, 241, 242; Брукнер, 49; Фасмер, RS, 6, 169; Шалудзька, Нім., 23; Рыхардт, Poln., 38; Кюнэ, Poln., 47. Гл. яшчэ Булыка, Запазыч., 51–52. Версія пра непасрэднае запазычанне з ням. не пераконвае (так Чарных, РЯШ, 1961, № 4, 97; Рудніцкі, 256). Да бунт < ням. Bund ’саюз’ семантычную паралель з іранскіх моў прыводзіць Абаеў, Зб. Баркоўскаму, 14.

Бунт2 ’вязка, звязак’ (Арх. Бяльк., слонім., Інстр. III, Касп.), ’вязка, мяшок’ (Нас.), бу́нцік (Гарэц.). Укр. бунт ’тс’. Рус. бунт ’кладка; мяшкі з мукой’, бунт пеньки. Запазычанне з польск. bunt ’тс’ (а гэта з ням. Bund ’тс’, да binden звязваць’). Магчыма і непасрэднае запазычанне з ням. Параўн. Брукнер, 49; Фасмер, 1, 241; Шанскі, 1, Б, 227; Рудніцкі, 256; Шалудзька, Нім., 23.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Вага́н1 ’драўляная міска’ (КСТ, КЭС). Вытворныя: вагане́ц ’начоўкі для пяску’, вага́нак ’коўшык’, вагано́к ’драўляная міска’ (КСТ). Рус. ваганки ’ночвы, карыта’, укр. вагани́ ’прадаўгаватая драўляная міска для яды; ночвы’, чэш. vahánek, славац. vahan, серб.-харв. ва̀ган ’драўляная міска; пэўная мера’, славен. vagàn, vagána. Запазычанне. Існуючыя версіі гл. Фасмер, 1, 264; Махэк₂, 675; Рудніцкі, 1, 289; Скок, 3, 559. Балгарскія этымолагі (БЕР, 1, 110–111, 221) лічаць, што *vaganъ — вынік метатэзы пры запазычанні італ. gavagno (параўн. балг. гаванка ’драўляная міса’).

Вага́н2 ’лаянкавае слова’ (КСП); ’высокі, здаровы чалавек’. Рус. ваган ’вахлак, мужык, селянін’, ваганиться ’гарэзаваць, гуляць, жартаваць’, ходить на ваган ’адлучацца без дазволу’, польск. wagant, чэш. vagant ’бадзяга’, славац. vagant ’бадзяга-студэнт’, серб.-харв. ва̀гант ’бадзяга’. У бел. мову слова трапіла з захаду (параўн., напрыклад, ням. Vagant), магчыма, праз польскую або непасрэдна з лацінскай. Ваган < *вагант, якое да лац. vagans, vagantis ’які бадзяецца’. Аб страце ‑т параўн. Суперанская, Вопросы культуры речи, 3, 1961. Гл. Махэк₂, 674; Надурская, JP, 1972, 1, 20.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ве́тла ’лаза’ (мазыр., Мат. Гом.), рус. літар. ветла́ ’вярба, Salix pendula’, калін. ’пустазелле ў аўсе’, разан. ветла́к ’белая вярба’, смал., маск. ветли́на ’вярба’, урал. ве́тли́на ’бульбоўнік, націна буракоў, гароху’, укр. ветла́, вутла́, ветли́на́ ’вярба, Salix viminalis’; ’жоўтая вярба, Salix vitellina’, ветли́нка ’Gorgonia viminalis’, польск. wietla, wietło ’галіна’ (Варш. сл.). Усходнеслав. утварэнне ад вет‑ (< vět‑ < viti ’віць’) і суф. ‑ьл‑а, магчыма, пад балцкім уплывам; параўн. літ. vytẽlė ’лаза, дубец’, vytìs ’тс’, výtulas ’звязка’, vỹturti ’звіваць, абверчваць’, лат. vîtuõls ’вярба’, vītne ’гірлянда; вусікі гароху’ і інш. Гл. Траўтман, 347; Мюленбах-Эндзелін, 4, 648; Фасмер, 1, 306; Шанскі, 1, В, 79; КЭСРЯ, 57. Махэк₂ (687) дае прасл. форму ў выглядзе vьtъla < і.-е. *vitulā і прыводзіць тапанімічныя назвы з чэшскай і польскай моўных тэрыторый, якія не адносяцца да ве́тла. Сюды ж ветліца. Гл. яшчэ Праабражэнскі, 1, 80. Як і Гараеў, 46, ён дае vьt‑l‑a < vi‑ti. Рудніцкі (1, 373) мяркуе, што ўкр. ветли́на магло ўзнікнуць як вынік адаптацыі навуковага лац. тэрміна (Salix) vitellina.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Вожык (БРС, Нас., КТС, Шат., Касп.). Рус. ёж, укр. їж, ст.-рус. ожь, ожик, польск. jeż, каш. jež, в.-луж. jěž, н.-луж. jež, чэш. ježek, серб.-харв. је̑ж, славен. jež, балг., макед. еж. Прасл. ezi̯o. Роднасныя: літ. ežỹs, лат. ezis ’вожык’, ст.-в.-ням. igil (н.-в.-ням. Igel) ’вожык’, арм. ozni, грэч. ἐχῖνος ’вожык’. Далей, магчыма, роднасна грэч. ἔχις ’змяя’, арм. ’тс’, ст.-інд. áhi ’змяя’, г. зн. першапачаткова гэта была табуістычная назва ’пажыральнік змей’ (Петарсан, Kelt. Gr., 1, 99; Покарны, 144, 292 і наст.; Голуб-Копечны, 153; Фасмер, 2, 10; Махэк₂, 226; Слаўскі, 1, 572 і наст.). Другія даследчыкі асноўным значэннем протасл. ezi̯o лічаць ’калючы’ і ўзводзяць да і.-е. кораня *egh‑ ’калоць, пракалоць’ (Бернекер, 266 і наст.; Праабражэнскі, 1, 212 і наст.; Машынскі, JP, 37, 299; Шанскі, 1, Д, 252; там жа падрабязна гл. літаратуру). Аб пачатковым о‑ ва ўсходнеславянскіх мовах гл. Шахматаў, Очерк, 141; Ільінскі, Slavia, 2, 232 і наст.; Бернштейн, Фонетика, 225 і наст.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Во́лас1 (БРС, Бір., Шат., Касп., КТС). Рус., укр. во́лос, ст.-слав. власъ, польск. włos, в.-луж. włós, н.-луж. łos, каш. vłos, чэш., славац. vlas, серб.-харв. вла̑с, славен. lȃs, балг., макед. влас. Прасл. volsъ. Роднасныя авест. varəsa‑ ’волас чалавека або жывёліны, асабліва на галаве’, с.-перс. vars ’волас’, ст.-інд. válśaḥ ’галінка’, магчыма, грэч. οὖλος ’кучаравы’ або λάχνη, λάχνος ’воўна’, літ. valaĩ мн. л. ’валасы конскага хваста, вуда’, а таксама ст.-рус. володь ’волас’, ц.-слав. владь, рус. дыял. во́лоть ’ніць, волас’, бел. валотка ’колас, мяцёлка проса і г. д.’ (Траўтман, 340; Лідэн, Stud., 48; Фасмер, 1, 342; Махэк₂, 693; Шанскі, 1, В, 151).

Во́лас2 ’незажываючая рана’ (Мат. Гом., Інстр. II). Рус., укр. во́лос ’гнойны нарыў на пальцы’. Параўн. і чэш. živý vlas ’ніткавы чарвяк’. Да волас1. Па павер’ю ўсе гнойныя запаленні, язвы і нарывы ўзнікаюць ад вадзянога ніткаватага чарвяка, які быццам бы ўтварыўся з конскага воласа (Дабр.). Аб сувязі з воласам гл. Іванаў, Тапароў, Иссл., 52 і наст. Параўн. таксама валасень.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Лянок ’павіліца звычайная, Galium verum L.’ (гродз., Кіс.), лельч. лёно́к ’чабор звычайны, Thymus serpyllum L.’, ц.-палес. лёно́к, лінок ’зоркаўка ланцэтападобная, Stellaria holostea L.’ (Бейл.) названы паводле падабенства сцябла з лісцем да льну, хаця матывацыя назваў застаецца не зусім яснай; лянок божы ’крапінец, Polygala L.’ (віл., Сл. ПЗБ) — паводле сіняватага колеру кветак і формы плоду — каробачкі, а прыметнік божы, магчыма, семантычная трансфармацыя польск. назвы крапіцца krzyżownica (krzyżownik, krzyzownia); ластоўчын лёнок ’казялец едкі, Ranunculus acer L.’ (пін., Бейл.) — назва, відаць, перайшла з казяльца пякучага (R. flammula), які пры дотыку да скуры выклікае яе пачырваненне накшталт вяснушак (параўн., драг. ластовэ́ньне ’вяснушкі’); польны лянок ’зарніца звычайная, Linaria vulgaris Mill.’ (гродз., Кіс.) — паводле падабенства лістоў да лісця льну. З гэтым жа коранем і славац. ľanovec ’тс’. Азначэнне польны з польск. polny ’палявы, дзікі, vulgaris’; лянок ’званочак раскідзісты, Campanula patula L.’ (гродз., Кіс.) — паводле каробачкі (плоду), якая нагадвае званочак. Да лён (гл.). Аналагічна ўкр. льонок ’зарніца звычайная’, ’лён слабіцельны’, рус. ленок ’зарніца’, ’грудніца звычайная, Linosyris vulgaris’, ’асака’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Лі́савы ’лісіны’ (ТС). Рэгіяналізм з адносна-якасным значэннем, утвораны з суфіксам, які мае прыналежнае значэнне.

Ліса́вы ’ліслівы, хітры’ (Шат., Ян., ТС; лід., лях., Сл. ПЗБ; хойн., нараўл., Мат. Гом.), ліса́вый ’тс’ (Бяльк.); ’ветлівы, свойскі, абыходлівы, ласкавы, рахманы’ (Сцяшк., Юрч.; барыс., Жд. 2; лун., Шатал.; Ян.; браг., Нар. словатв.; лід., смарг., шчуч., Сл. ПЗБ), в.-дзв. лісіва́ты ’ліслівы, хітры’, іўеў. ліса́вянькі ’ласкавы’ (Сл. ПЗБ). Укр. палес. лиса́вий, ст.-укр. лисавый (XVII ст.), рус. смал. лиса́вый ’ласкавы, пяшчотны’, арханг. лиса́ва ’ліса’; польск. lisawy (XVII ст.) ’рыжы, чырвоны’, ’бландзін’, чэш. lísavý ’ліслівы, пяшчотны’. Прасл. lisavъjь, якое аўтары «Эт. сл. слав. моў» (Трубачоў, Эт. сл., 15, 140) фармальна адносяць да lisa > ліс (гл.), утворанага пры дапамозе суфікса ‑avъ, і супастаўляюць, аднак, з дзеясловам lisati (), які Махэк₂ (335) выводзіць з lasiti (у выніку перастаноўкі галосных). Дапускаецца таксамі, што гэта экспрэсіўны варыянт дзеяслова lizati > лізаць (гл.). Польск. lisawy, магчыма, звязана са значэннем ’спаліць’, параўн. бел. лі́са злаві́ць ’падсмаліць світку ці іншую суконную адзежыну’, польск. кацеўск. liśić ’спаліць’, priliśić ’прыпаліць’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Галіна́ (БРС, Шат.). Параўн. у Насовіча голина ’галіна дрэва, асабліва без лісця’. Утварэнне суфіксам *‑ina ад *golъ ’голы’ (параўн. адносна семантыкі галлё, гл.). Форма *golina са значэннем ’галіна, галінка’, здаецца, толькі беларуская. У рус. гаворках голина́ — гэта ’голае месца, голая зямля’, ’аўчына са збрытай шэрсцю, на якой вышываюць’ (гл. СРНГ), ва ўкр. мове голина́ ’адборны зерневы хлеб, акрамя аўса’ (Грынч.). Таму можна лічыць бел. галіна́ самастойным утварэннем, пашыраным толькі на бел. тэрыторыі.

Га́ліна ’асобная паляна ў лесе, асобная чыстая прастора сярод кустоў’ (Цэнтр. і Усх. Палессе) (Яшкін). Падрабязна аб гэтай групе слоў, зыходным для якіх з’яўляецца *galo, *galь з цэнтрам пашырэння ў Палессі, гл. Талстой, Геогр., 104–110. Зыходным для гэтага геаграфічнага тэрміна трэба лічыць прасл. *golъ ’голы’ (*gal‑, *gol‑ — гэта старое чаргаванне галосных, яшчэ з праславянскай эпохі). Такім чынам, першаснае значэнне слова было ’адкрытая, незарослая, голая мясціна’. Магчыма, сюды адносіцца і га́лка ’месца паміж кустамі, дае расце трава’ (Яшкін), але гэта не зусім надзейна, таму што корань *gal‑ аб’яднаў, здаецца, зусім не роднасныя па паходжанню словы.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Га́ман ’нікчэмны чалавек; злы’ (Нас.), ’злюка’ (Касп.). Паводле Насовіча, ад уласнага імя Амман (мы знаходзім імя Аман у біблейскай кнізе «Эсфирь», дзе ён выступае як ліхадзей). З іншага боку мы знаходзім у ст.-укр. мове гамонъ (XVIII ст.) ’разява, дурань і г. д.’, якое Цімчанка (1, А–Г) выводзіць з польск. gamoń (аб польск. слове гл. Брукнер, 134; інакш Цімчанка, там жа). Магчыма, што і бел. лексема таго ж паходжання, што і ўкр. слова. Але параўн. яшчэ польск. haman ’вялікі, цяжкі; няўклюда’ (якое Брукнер, 168, выводзіць з біблейскага імя Haman), польск. дыял. haman ’вялікі, рослы, моцны’ (гл. Карловіч, 2, 164).

Гама́н, гыма́н ’торбачка, машна для грошай’ (Бяльк.). Рус. гама́н, укр. гама́н ’тс’. Паходжанне слова вельмі спрэчнае. Вінэр (ЖСт., 1, 1895, 61) меркаваў, што гэта назва паходзіць ад уласнага імя (біблейскае) Гаман. Фасмер (1, 391) сумняваецца, але іншай этымалогіі не дае. Таксама сумняваецца Рудніцкі, 553 (але яго вывядзенне гэтага слова ад тур.-араб. hammāl вельмі няпэўнае). Вытворныя ад гама́н: бел. гамане́ц (Жд. 2, Бяльк.), гымане́ц (Бяльк.), укр. гамане́ць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

На́сцеж ’на ўсю шыр, поўнасцю’ (ТСБМ, ТС), на́сьцеж ’тс’ (Др., Бяльк.), на́сцяж ’тс’ (Сл. ПЗБ), на́сціж ’тс’ (Сл. ПЗБ), укр. на́стеж, на́стіж, насте́жи, насте́жір, рус. на́стежь, настежу́, польск. naścież, naoścież, naścieżaj, славен. na steżaj, балг. дыял. настьеш. Са спалучэння прыназоўніка на з назоўнікам сцеж(а), для якога ўзнаўляецца значэнне ’слуп, шула’, параўн. на всю стэжу ’насцеж’: На всю стэжу очыняны (драг., З нар. сл.), сцежэя́ ’задняе шула ў варотах’ (ТС), польск. ścieżaj ’завес’, славен. stežaj ’тс’, ц.-слав. стежеръ ’тс’, чэш. stežeje ’завес, стрыжань’ і пад. роднасныя да сце́жар (гл.) (Фасмер, 3, 48; Брукнер, 354); першапачатковае значэнне ’раскрыць так, каб быў бачны слуп, стрыжань ці завесы, на якіх трымаліся вароты, дзверы’, тыпалагічна падобнае развіццё семантыкі гл. у на́піта ’насцеж’. Формы з ‑я‑, магчыма, ад сцяж: у сця́ж ’у адзін рад’ (палес., Нар. сл.) (да прасл. *steg‑). Гл. таксама Шуба, Прысл., і 16 (параўноўвае з рус. за‑стег‑ну‑ть), Атанасаў, БЕ, 37, 1987, 1–2, 102–104.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)