стано́вішча, ‑а, н.

1. Месца знаходжання, размяшчэння каго‑, чаго‑н. у прасторы. Геаграфічнае становішча краіны. □ З другога ж боку, гэты самы гук, драпежны і злосны, памагаў яму крыху аглядзецца і больш-менш пэўна вызначыць сваё становішча, бо .. [Сяргей Карага] заблытаўся ў незнаёмай мясцовасці. Колас. // Знаходжанне гукаў, складоў і пад. у пэўнай пазіцыі. Галосныя а, о, у, э, ы ў становішчы пасля зычных.

2. Пастава цела або яго частак; поза. [Ленін:] — Вам, таварыш, цяжка ўвесь час стаяць у адным становішчы. Вось табурэтка, сядайце. Мяжэвіч. Парашут трымаўся ў паветры неяк вельмі доўга. І зусім не ў тое патрэбнае месца пачынала [Марыю] зносіць. Што можна зрабіць у такім вісячым становішчы? Кулакоўскі.

3. Абставіны, выкліканыя якімі‑н. умовамі. Перайсці на нелегальнае становішча. □ Алёша павінен быў знайсці выхад з гэтага надзвычай цяжкага становішча. Навуменка. Становішча .. [Машы] было надзвычай крыўднае, абраглівае. Шамякін. // Спец. Умовы, у якія аўтар ставіць герояў для раскрыцця характараў, вобразаў або сюжэта. Аўтар гвалтоўна ставіць .. [людзей] у такое становішча, якое павінна ілюстраваць яго пэўную думку. Кудраўцаў. // Суадносіны сіл пры гульні ў шахматы (або шашкі), абумоўленыя колькасцю і размяшчэннем фігур на дошцы. Нічыйнае становішча.

4. Сукупнасць грамадска-палітычных адносін, абставіны грамадскага жыцця. Эканамічнае становішча працоўных мас. □ XX з’езд партыі даў .. аналіз сучаснага міжнароднага і ўнутранага становішча. «Звязда». Праўда аб становішчы ў краіне пранікла ў вёску праз бальшавіцкіх агітатараў, гарадскіх рабочых і салдат. «Весці».

5. Месца ў грамадстве, роля ў грамадскім жыцці. Сацыяльнае становішча. Службовае становішча. □ На працягу некалькіх соцень год Лейпцыг займае становішча горада сусветных кірмашоў. «Маладосць». // Роля, месца ў сям’і, ва ўстанове, у якой‑н. галіне дзейнасці. [Міхась:] — Яшчэ, брат, далёка да таго, каб запоўніць у спіску графы аб сямейным становішчы. Лынькоў. Усяго тыдзень назад, працуючы энергетыкам,.. [Дзімін] быў у падначалены ў Максіма Сцяпанавіча і цяпер ніяк не мог прывыкнуць да свайго новага становішча. Карпаў.

6. Рэжым, распарадак дзяржаўнага, грамадскага жыцця, устаноўленага ўладай. Ваеннае становішча. □ [Вайскавікі] адразу перайшлі на лагернае становішча. Казлоў. Наша мясцовасць на ваенным становішчы. Жычка.

•••

Казарменнае становішча — пастаяннае знаходжанне ў воінскай часці або на прадпрыемстве людзей, пераведзеных на ваеннае становішча.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

гняздо́, а́; мн. гнёзды (з ліч. 2, 3, 4 гнязды́), гнёзд і ‑аў; н.

1. Жыллё, зробленае птушкамі з галінак, гліны, пер’я і інш. на перыяд нясення яец і выседжвання птушанят. Ластаўчына гняздо. Буслава гняздо. Не разбурай птушыных гнёздаў. □ Усякая птушка сваё гняздо бараніць. Прыказка. Ляцяць, як і летась, у вырай З наседжаных гнёзд жураўлі. Астрэйка. // Пра жыллё звяроў, насякомых. Вавёрчына гняздо. Чмялінае гняздо. // перан. Месца жыхарства сям’і, бацькоўскі дом. Дзеці выраслі і вылецелі з бацькоўскага гнязда. Корбан. — Вунь наша і гняздо відно, — перарывае маўчанне чалавек, — бач, дзе мы аселіся. Скрыган. // перан. Прытулак, тайнае прыстанішча (звычайна шкодных для грамадства людзей). Контррэвалюцыйнае гняздо. □ У даўнія часы, калі Туніс быў непрыступным пірацкім гняздом, сюды прывозілі палонных з захопленых у моры караблёў. В. Вольскі.

2. Група якіх‑н. аднародных прадметаў, размешчаных разам. Будынкі ў мікрараёне размешчаны гнёздамі. // Група слоў аднаго кораня. Гняздо слоў з коранем «стол».

3. Адтуліна, паглыбленне, у якія што‑н. змяшчаецца, устаўляецца. Попельніца ўманціравана ў стол, для графіна з вадой адпаведна зроблена надзейнае гняздо. М. Стральцоў. [Санька] паставіў дошку рубам у спецыяльнае гняздо і асцярожна пачаў націскаць на зензубель. Ваданосаў. // Акоп, паглыбленне ў акопе для байца з кулямётам або іншай зброяй. Кулямётнае гняздо. □ Агонь артылерыйскіх гнёздаў заціх. Грамовіч.

4. Месца высеву двух або некалькіх зярнят, а таксама ўсходы гэтых зярнят. Гаруноў разгортваў сцёблы, гняздо за гняздом, пералічваў, вырываў горшыя, пакідаючы па адной-дзве расліны ў гняздзе. Дуброўскі.

•••

Асінае гняздо — пра зборышча людзей, шкодных для грамадства, пра іх жыллё, месца знаходжання.

Звіць (сабе) гняздо гл. звіць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

перасадзі́ць, ‑саджу, ‑садзіш, ‑садзіць; зак.

1. каго. Пасадзіць на другое месца; прымусіць, памагчы перасесці. Перасадзіць вучня на пярэднюю парту. □ Вера перасадзіла Уладзіка на левую руку і дастала з бакавой кішэні ключ. Кулакоўскі. // Перамясціць, памагчы перайсці з аднаго транспарту на другі. Перасадзіць пасажыраў з аўтобуса на тралейбус. // Перавесці на якую‑н. іншую работу або на іншае месца работы. У часе вайны Яўгенію Лучанок перасадзілі з трактара-тралёўшчыка на лесавоз. Сабаленка. // Перавесці для ўтрымання ў другое месца, памяшканне. Перасадзіць птушку ў другую клетку. □ Віця тым часам выняў з Міколавага кошыка трусіка і перасадзіў яго ў свой. Скрыпка.

2. што. Выкапаўшы, пасадзіць (расліну) у другім месцы. Перасадзіць капусту. Перасадзіць вагон. □ Рабіны гэтыя некалі бацька перасадзіў з лесу. Хомчанка. // Перанесці (частку косці, тканкі, орган) для прыжыўлення на другім месцы або ў другім арганізме. Перасадзіць нырку.

3. што. Насадзіць, надзець на што‑н. іншае. Перасадзіць сякеру на другое тапарышча.

4. каго. Падняўшы, перамясціць цераз што‑н., памагчы пералезці цераз што‑н. Перасадзіць дзіця цераз парог.

5. перан.; на што. Разм. Пачаць карміць чым‑н. другім. Перасадзіць на малочную страву. □ Дзён пяць мы харчаваліся нішто: быў яшчэ сякі-такі запас прадуктаў. А потым .. перайшлі на Барысава ўтрыманне. Перш-наперш ён перасадзіў нас на чай. Асіпенка.

6. каго-што. Пасадзіць усё, многае або ўсіх, многіх. Перасадзіць усе дрэвы. Акупанты перасадзілі ў турмы нямала людзей. □ Да нас прыехаў ляснічы Пятро Максімавіч, дзядзька Косця. Яны заставаліся ў нас, пакуль мы не перасадзілі ўсіх сасонак. Паслядовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Ток1 ’струмень, цячэнне, плынь’ (Ласт., Некр. і Байк.), ’электрычны зарад у правадніку’; ’электрычная энергія’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ), ст.-бел. токъ ’плынь’ (1535 г., КГС); часцей у спалучэннях выток, паток, атока (гл.). Параўн. рус. ток старое ’цячэнне’, ’электрычнасць’, польск. tok ’цячэнне, ход’, чэш. tok ’цячэнне, струмень’, славац. tok ’цячэнне’, н.-луж. tok ’рэчка’, славен. tok ’плынь, цячэнне’, серб.-харв. то̑к ’цячэнне; ход, напрамак’, балг. ток ’электрычнасць’, рэдка ’цячэнне’, макед. ток, тек ’цячэнне, ход’, ст.-слав. токъ ’цячэнне, плынь, струмень’. Прасл. *tokъ, роднаснае літ. tãkas ’сцежка, дарожка’, лат. taks ’тс’, што да і.-е. *tek‑ ’ісці, рухацца’ (Фасмер, 4, 69; Бязлай, 4, 191; Борысь, 637; Шустар-Шэўц, 1512), гл. цячы.

Ток2 ’гумно’ (ТСБМ, Касп., Варл., Сл. ПЗБ; леп., Яшк. Мясц.; ПСл, ТС; астрав., Ск. нар. мовы), ’будынак, дзе малоцяць’, ’гумнішча’, ’прыгуменне’ (полац., віл., арш., талач., ельск., ЛА, 4), ’месца ў гумне для малацьбы’ (Нас., Шат., Некр. і Байк., ПСл, Ян., Сцяц. Сл., Сцяшк., Бяльк.; ашм., Стан.; Мат. Гом.), ’пляцоўка для абмалоту збожжа’ (ТСБМ; ст.-дар., Нар. ск.), ’свабоднае роўнае месца, пляц, плошча’ (Ласт.), ’глінабітная пляцоўка’ (ТС, ЛА, 4), ’земляная падлога (звычайна гліняная)’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ, Сцяшк., Сцяц. Сл., Мат. Гом., Ян., ПСл; палес., Шатал.), ’под у печы, чарэнь’ (Сцяшк., Сл. ПЗБ, Сцяц., Гіл.; палес., Шатал.; ЛА, 4), істо́к ’тс’ (ЛА, 4), ток ’цвёрдае дно (вадаёма, ракі)’ (лун., Шатал.), тэк ’земляная падлога’ (там жа), тык ’пляцоўка для малацьбы ў гумне’ (кам., Сл. ПЗБ), тӥк ’тс’, ’глінабітная падлога’ (Горбач, Зах.-пол. гов.), тік ’тс’ (Сл. Брэс.), сюды ж токо́ваты, токо́васты ’цвёрды, утоптаны, выбіты’ (ТС), ст.-бел. токъ ’ток, пляцоўка для абмалоту збожжа’ (1559 г., КГС). Укр. тік ’памяшканне для малацьбы’, рус. ток ’расчышчанае месца, пляцоўка для малацьбы, ачысткі і прасушкі збожжа’, польск., славац. дыял. tok ’тс’, балг. дыял. ток ’гумно, месца малацьбы’, ст.-слав. токъ ’тс’. З прасл. *tokъ ’утаптанае для малацьбы месца’, а літаральна — ’месца, дзе бегаюць коні ці іншая жывёла, з дапамогай якіх малоцяць (пры старым спосабе малацьбы)’. Роднаснае (з чаргаваннем галосных) да прасл. *tekti ’бегчы, цячы’ (Фасмер, 4, 69, 70; Брукнер, 573; Махэк₂, 646; ЕСУМ, 5, 578).

Ток3 ’растоплены, вытаплены тлушч’ (Мат. Гом., ТС; брагін., Нар. словатв.; жытк., Жыв. сл.; мазыр., ГЧ), ’тлушч’ (Шатал., ПСл), ’тук’, ток, тук ’тлушч’, ’тлушч са смажанага сала’ (Сл. Брэс.). Укр. дыял. ток, тік ’растоплены тлушч’. З іншым вакалізмам роднаснае да цячы < прасл. *tekti. Параўн. тук, гл.

Ток4 ст.-бел. ’утулка з дном, у якую укладалі задні канец гусарскай дзіды, каб павялічыць сілу удару’ (Arche, 2008, 1–2, 85). Параўн. укр. точо́к ’похва для бруска ў касароў’, польск. tok ’трубчастая падстаўка, у якую ўстаўляецца канец дзіды’, ст.-польск. tok ’карыта, жолаб’, ’кадаўб’, славен. tok ’калчан’, серб.-харв. ток ’тс’, то̀чир ’пасудзіна з рога для бруска ў касароў’, ст.-слав. токъ ’калчан’. Этымалогія няпэўная. Борысь (637) лічыць аддзеяслоўным назоўнікам ад *tekti (гл. цячы) са значэннем ’тое, што робіць мажлівым цячэнне, напр., карыта’. Акрамя магчымага запазычання з венгерскай і румынскай моў (Скок, 3, 479), што цяжка давесці, прапануецца сувязь з *tъkati (Бязлай, 4, 148–149) (гл. тыкаць) або з *točiti ’вастрыць’ (ЕСУМ, 5, бі 1), гл. тачыць.

Ток5 ’шлюбныя гульні глушцоў, цецерукоў і іншых птушак, такаванне’, ’месца, дзе такуюць цецерукі, глушцы, бакасы’ (Некр.), на таку́ ’падчас такавання’ (Пятк. 1), ст.-бел. токъ ’такавішча (цецерукоў)’ (1663 г., КГС). Гл. такаваць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

нячы́сты, -ая, -ае.

1. Брудны, неахайны.

Н. пакой.

2. Неаднародны, з дамешкамі чаго-н.; забруджаны.

Нячыстая вада.

3. Неахайна выкананы, неакуратны (разм.).

Нячыстая апрацоўка.

4. Невыразны, не зусім дакладны, правільны (пра гукі, выказванне думак; разм.).

Н. голас.

5. перан. Які не вызначаецца сумленнасцю, здольны да махлярства; заснаваны на махлярстве.

Нячыстая справа.

6. Звязаны са злым духам, чараўніцтвам; д’ябальскі (разм.).

Нячыстае месца.

7. у знач. наз. нячы́сты, -ага, м. Злы дух, чорт.

Вось табе і смяльчак, а нячыстага баіцца.

Нячыстая сіла (разм.) — чорт, д’ябал.

Нячысты дух — чорт, д’ябал, нячысцік.

|| наз. нечыстата́, -ы́, ДМ -стаце́, ж. (да 1—5 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

к, прыназ. з Д.

1. Ужыв. пры абазначэнні напрамку руху або дзеяння ў бок якога-н. месца, пункта, мяжы; тое, што і да (у 1 знач.).

Хадзіць ад дома к дому.

Накіравацца к лесу.

2. Ужыв. пры абазначэнні накіраванасці дзеяння да пэўнай часавай мяжы.

Дзень хіліўся к вечару.

Прыйсці к дзвюм гадзінам.

3. Ужыв. пры абазначэнні мэты дзеяння або прызначэння прадмета; тое, што і да (у 4 знач.).

Спячы пірог к святу.

Падалі пячэнне к чаю.

4. Ужыв. пры абазначэнні далучэння да чаго-н.

Каласок к каласку.

5. Ужыв. ва ўстойлівых спалучэннях (зняважлівых выразах, грубых зваротах).

Ідзі ты к чорту!

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

алімпія́да, -ы, ДМ -дзе, мн. -ы, -пія́д, ж.

1. У Старажытнай Грэцыі: прамежак у 4 гады паміж алімпійскімі гульнямі, які служыў адзінкай летазлічэння.

2. Міжнародныя спартыўныя спаборніцтвы, якія на ўзор старажытнагрэчаскіх алімпійскіх гульняў праводзяцца раз у чатыры гады.

Белая а. (зімовая).

3. Спаборніцтвы навучэнцаў у вызначаных галінах ведаў.

А. па матэматыцы.

|| прым. алімпія́дны, -ая, -ае і алімпі́йскі, -ая, -ае (да 1 і 2 знач.).

Алімпійскі медаль.

Алімпійскі агонь (факел, які запальваецца ад сонечных прамянёў у Алімпіі і дастаўляецца эстафетай на месца правядзення Алімпійскіх гульняў; агонь, запалены ад гэтага факела, які гарыць у чашы на працягу Алімпійскіх гульняў). Алімпійскі чэмпіён.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

жы́ла, -ы, мн. -ы, жыл, ж.

1. Назва крывяносных сасудаў.

2. Тое, што сухажылле (разм.).

Сінія жылы на руках.

3. Трэшчына ў зямной кары, запоўненая горнай пародай, а таксама сама горная парода ў такой трэшчыне.

Залатаносная ж.

4. Багністае месца з падземнай крыніцай (разм.).

5. Асобны провад кабелю.

Провад з трох жыл.

Выцягваць жылы з каго (разм.) — мучыць якімі-н. даручэннямі, празмернымі патрабаваннямі.

Залатая жыла — вельмі багатая крыніца даходу.

Ірваць жылы (разм.) — вельмі цяжка працаваць.

Напінаць жылы (разм.) — напружвацца з усіх сіл.

На ўсе жылы, з усіх жыл (разм.) — на поўную сілу.

|| прым. жы́льны, -ая, -ае (да 1—3 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

ве́даць, -аю, -аеш, -ае; незак.

1. пра каго-што, аб кім-чым і без дап. Мець звесткі пра каго-, што-н.

В. жыццё вёскі.

2. каго-што. Валодаць пэўнымі ведамі, мець пра каго-, што-н. паняцце, уяўленне.

В. урок.

В. сваю справу.

В. англійскую мову.

3. каго (што). Быць знаёмым з кім-н.

Я гэтага чалавека не ведаю.

4. што. Адчуваць, перажываць.

Не в. спакою.

5. што. Захоўваць, лічыцца з чым-н.

В. меру (трымаць сябе ў пэўных рамках). В. сваё месца (весці сябе адпаведна свайму становішчу).

6. чым. Кіраваць, распараджацца.

В. трэстам.

В. перапіскай.

Хто яго ведае (разм.) — невядома, ніхто не ведае.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

перавалі́ць, -валю́, -ва́ліш, -ва́ліць; -ва́лены; зак.

1. што. Перамясціць, пералажыць, звальваючы (пры перагрузцы; спец. і разм.).

2. што і цераз што. Перайсці цераз горны хрыбет.

3. асаб. і безас. Перайсці які-н. колькасны або часавы рубеж.

Прабег машыны пераваліў за сотню тысяч кіламетраў.

Ужо пераваліла (безас.) за пяцьдзясят гадоў.

|| незак. перава́льваць, -аю, -аеш, -ае.

|| наз. перава́льванне, -я, н. (да 1 знач.), перава́лка, -і, ДМ -лцы, ж. (да 1 знач.; спец.) і перава́л, -у, м. (да 2 знач.).

|| прым. перава́лачны, -ая, -ае (да 1 знач.).

П. пункт (таксама перан.: наогул пра месца перамяшчэння, перабазіравання чаго-н.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)