гняздо́, ‑а́; мн. гнёзды (з ліч. 2, 3, 4 гнязды́), гнёзд і ‑аў; н.
1. Жыллё, зробленае птушкамі з галінак, гліны, пер’я і інш. на перыяд нясення яец і выседжвання птушанят. Ластаўчына гняздо. Буслава гняздо. Не разбурай птушыных гнёздаў. □ Усякая птушка сваё гняздо бараніць. Прыказка. Ляцяць, як і летась, у вырай З наседжаных гнёзд жураўлі. Астрэйка. // Пра жыллё звяроў, насякомых. Вавёрчына гняздо. Чмялінае гняздо. // перан. Месца жыхарства сям’і, бацькоўскі дом. Дзеці выраслі і вылецелі з бацькоўскага гнязда. Корбан. — Вунь наша і гняздо відно, — перарывае маўчанне чалавек, — бач, дзе мы аселіся. Скрыган. // перан. Прытулак, тайнае прыстанішча (звычайна шкодных для грамадства людзей). Контррэвалюцыйнае гняздо. □ У даўнія часы, калі Туніс быў непрыступным пірацкім гняздом, сюды прывозілі палонных з захопленых у моры караблёў. В. Вольскі.
2. Група якіх‑н. аднародных прадметаў, размешчаных разам. Будынкі ў мікрараёне размешчаны гнёздамі. // Група слоў аднаго кораня. Гняздо слоў з коранем «стол».
3. Адтуліна, паглыбленне, у якія што‑н. змяшчаецца, устаўляецца. Попельніца ўманціравана ў стол, для графіна з вадой адпаведна зроблена надзейнае гняздо. М. Стральцоў. [Санька] паставіў дошку рубам у спецыяльнае гняздо і асцярожна пачаў націскаць на зензубель. Ваданосаў. // Акоп, паглыбленне ў акопе для байца з кулямётам або іншай зброяй. Кулямётнае гняздо. □ Агонь артылерыйскіх гнёздаў заціх. Грамовіч.
4. Месца высеву двух або некалькіх зярнят, а таксама ўсходы гэтых зярнят. Гаруноў разгортваў сцёблы, гняздо за гняздом, пералічваў, вырываў горшыя, пакідаючы па адной-дзве расліны ў гняздзе. Дуброўскі.
•••
Асінае гняздо — пра зборышча людзей, шкодных для грамадства, пра іх жыллё, месца знаходжання.
Звіць (сабе) гняздо гл. звіць.