Гу́нсвот ’нягоднік’ (Нас.). Параўн. польск. huncwot, чэш. hundsvut, укр. гунцвот (сюды, відаць, і ўкр. гунство ’шальмоўства’). Запазычанне з польск. мовы. Параўн. польск. форму слова, якая ўзята з ням. Hundsfott ’тс’ (літаральна ’cunnus canis’). Гл. Слаўскі, 1, 436–437; Брукнер, 173; Кюнэ, Poln., 59. Бясспрэчна, сюды адносіцца і бел. дыял. лаянкавае слова гунаво́та ’лянівае дзіця’ (Жд. 2), якое з’яўляецца сапсаваным гу́нсвот. Гл. яшчэ Кіпарскі, ScSl, 7, 62.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Гігель1, лаянкавае слова («Гі́гель ты!»). Магчыма, звязана з гіге́ль ’палявы хвошч’ (гл.).

Ґі́ґель2 ’хвошч’ (віц., Янк. Мат.), гі́гель ’палявы хвошч, Equisetum arvense’ (Касп.), ґіґе́ль, ґіґі́ль (Сл. паўн.-зах.). Паводле Непакупнага (Лекс. балтызмы, 29), гэта запазычанне з літ. gegė̃lis, gigė̃lis ’тс’. Здаецца, звязаным з гэтым словам Непакупны (там жа) лічыць і бел. лексему гі́гель (без пэўнага значэння, якая сустракаецца на Гомельшчыне). Параўн. яшчэ гігалле́ (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Дані́чка ’гаршчок для кветак, вазон’ (зэльв., Сцяц., Сцяшк. МГ). Запазычанне з польск. doniczka ’тс’ (а гэта ў польск. мове памяншальная форма да donica ’вазон; міска, гаршчок’ < dojnica ’гаршчок для малака’; аб польск. слове падрабязна гл. у Слаўскага, 1, 155–156). Параўн. ст.-бел.: дуница ’гаршчок’ (з XVI ст., Булыка, Запазыч., 103) < польск. dunica ’тс’ (а гэта, відаць, фанетычны варыянт да donica; параўн. Брукнер, 94).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Дах ’дах’. Укр. дах ’тс’. Запазычанне (гл. Кюнэ, Poln., 50) з польск. dach ’тс’, якое ўзята (у польск. мове гэта слова вядома з XV ст.) з ням. Dach ’тс’ (да польск. слова гл. Брукнер, 83–84, але Слаўскі, 1, 136, удакладняе, што польск. слова dach запазычана з с.-в.-ням. dach). У бел. мове слова дах засведчана з XVI ст. (гл. Булыка, Запазыч., 88).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Досць ’досыць’ (БРС). Як і до́сыць (гл.), узыходзіць да слав. *do syti (*do sъti). Наўрад ці можна думаць пра запазычанне з польск. dość ’тс’ (< dosyć; гл. Слаўскі, 1, 158–159), хоць такая магчымасць не выключаецца (бел. досць. здаецца, на ўсх.-слав. тэрыторыі ізаляванае, няма ў іншых усх.-слав. мовах, калі не лічыць укр. дыял. до́ста). Агляд роднасных форм гл. у Трубачова, Эт. сл., 5, 86–87.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Дра́паць ’драпаць, драць’ (БРС, Нас., Касп., Шат.), ’уцякаць’ (Нас.), драпану́ць ’хутка ўцячы’ (Касп.). Прасл. *drapati ’драпаць, драць’: рус. дра́пать, дря́пать, укр. дра́пати, дря́пати, польск. drapać, чэш. drápati, славац. driapať, балг. дра́пам, серб.-харв. дра́пати і г. д. У некаторых слав. мовах развілося значэнне ’ўцякаць’ (польск., рус., бел.). Дзеяслоў *drapati звязаны з прасл. *dьrati. Параўн. Фасмер, 1, 535; Бернекер, 1, 220; Трубачоў, Эт. сл., 5, 101–102.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ды́рса ’расліна каласоўнік, Bromus secalinus L.’ Варыянтная форма да гі́рса (гл.), якая запазычана з літ. dìrsė (Непакупны, Лекс. балтызмы, 30). Але лінгвагеаграфічная праблематыка тут даволі складаная, таму што ў суседніх літ. гаворках Дзукіі пашырай іменна варыянт girsa, gìrsė (Непакупны, там жа). Параўн. гірса (гл.). Аб літ. слове гл. Фрэнкель, 1, 96 (пад dìrsa, якое і трэба разглядаць як крыніцу для бел. ды́рса, польск. dyrsa).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Квадра́нец ’чвэрць гадзіны’ (Нас.). Параўн. адпаведнае значэнне квадра (гл.). Бел. і ўкр. квадранец(ь) ’чвэрць гадзіны’ — агульнае запазычанне з польск. kwadraniec < kwadranc < kwadrans. Тут наглядаецца працэс словаўтваральнай адаптацыі лацінскага па паходжанню слова да славянскіх з прадуктыўнай суфіксацыяй *‑ап‑ьcь. Утварэнне праходзіла па мадэлі аддзеяслоўнага дэрывата: kwadrować > kwadraniec; польск. kwadrans — з лац. quadrans ’чвэрць’ (у тым ліку ’чвэрць гадзіны’): Брукнер, 286; Слаўскі, 3, 454; ЕСУМ, 2, 413.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кі́лька1 ’некалькі’ (Сл. паўн.-зах.). Ст.-бел. килька (з 1566 г.): Булыка, Запазыч., 154. З польск. kilka (там жа, 461). У польскай мове новаўтварэнне з больш старога kielko (Слаўскі, 2, 161).

Кі́лька2 ’невялікая прамысловая рыба сямейства селядцовых’ (ТСБМ). Запазычанне пры пасрэдніцтве рускай мовы з эст. kilu, фін. kilo ’тс’. Латышскае пасрэдніцтва дало цюлька (гл.) (Фасмер, 2, 233; Трубачоў, Дополн., 4, 135–136).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Лабу́к1 ’карова без рагоў’ (віл., швянч., Сл. паўн.-зах.). Да лоб1 (гл.). Аб суфіксе ‑ук гл. Сцяцко (Афікс. наз., 178). Параўн. таксама лаба́н2.

Лабу́к2 ’страха над ганкам’ (віл., Сл. паўн.-зах.). З клабук ’шапка, капялюш, брыль’ (ужо ст.-бел. клобукъ, ст.-польск. kłobuk ’капялюш, шалом’) з адпадзеннем к‑.

Лабу́к3 ’нехлямяжы чалавек’ (Сл. паўн.-зах.). Відавочна, да лоб1 (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)