забыццё, ‑я, н.

1. Страта ўспамінаў аб кім‑, чым‑н. Героям няма забыцця. □ Дні адплывалі ў забыццё, Міналі зімы, леты. Прынеслі іншае жыццё У край глухі Саветы. Смагаровіч.

2. Стан непрытомнасці, трызнення. Малая стогне і ўсхліпвае. І зноў забыццё, толькі хуткае дыханне і доўгія вейкі на заплюшчаных вачах. Брыль.

3. Стан дрымоты; паўсон. Зноў наплывала забыццё, і самі павольна сплю[шчв]аліся вочы. Галавач.

4. Стан глыбокай задуменнасці, адлучанасці ад усяго навакольнага. [Пятро Мікалаевіч] доўга сядзеў у забыцці на калодцы, да болю сціскаючы рукамі галаву. Данілевіч. Ад вулічнага спакою прыйшло лёгкае забыццё. Вінцусь не адганяў гэтага забыцця, нават рад быў яму. Галавач.

5. Стан моцнага душэўнага ўзрушэння, калі чалавек перастае кантраляваць свае дзеянні. [Аляксей] ляжаў у шалёным забыцці і са злосцю думаў, што трымае сябе вельмі брыдка. Карпаў. [Лявон Жалейка] быў нібы ў нейкім забыцці, да ўсяго абыякавы, гатовы і сабе ўсадзіць нож у сэрца. Гурскі.

•••

Аддаць забыццю гл. аддаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пле́сці, пляту, пляцеш, пляце; пляцём, плецяце, плятуць; пр. плёў, пляла, пляло; заг. пляці; незак., што.

1. Перавіваючы (лазу, ніці, стужкі і інш.) злучаць у адно цэлае, вырабляць што‑н. Плесці кошыкі. Плесці лапці. □ І не цураліся дзяўчаты, Плялі вяночкі з красак мне. Колас.

2. перан. Разм. Гаварыць няпраўду, узводзіць паклёп. — Ваша вялікасць, — заявіў Мазарыні, — Англія зноў пляце тайныя інтрыгі супраць Францыі. «ЛіМ».

3. перан. Разм. Гаварыць што‑н. без сэнсу, не думаючы. Той, перш чым адказаць, бадзёра ўсміхаўся і плёў такую бязглуздзіцу, што аканом нічога не мог зразумець. Чарнышэвіч. // і без дап. Разм. Выдумваць, нагаворваць. Зося яшчэ ўсяго не ведала, што пра яе плятуць. Крапіва. — Ай-яй, на такога чалавека і гэтакае плесці, — абураўся Касач. Гурскі.

•••

Плесці з дуба вецце — гаварыць абы-што, малоць языком.

Плесці кашалі з лапцямі — гаварыць немаведама што, без сэнсу.

Плесці лухту — тое, што і вярзці лухту (гл. вярзці).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

схі́льны, ‑ая, ‑ае; да чаго, з інф.

1. Які мае схільнасць да чаго‑н. Схільны да навукі. □ Горш за ўсё .. [Васіль Паўлавіч] ненавідзіць людзей, схільных да якіх-небудзь махінацый, ашуканства. Кулакоўскі. Большасць вучоных схільна думаць, што кашалот даваў нырца ў пошуках харчу і выпадкова натрапіў на кабель. Матрунёнак. // Які мае задаткі да чаго‑н. Схільны да меланхоліі. Схільны прастуджвацца.

2. Які выказвае прыхільнасць, слабасць да чаго‑н. Адны — рыбалку паважаюць — Ля пелькі з блешняй могуць векаваць. Другія — ў даміно казла ганяюць. А трэцім падабаецца спяваць. Трапляюцца і схільныя да пляшкі. «Вожык». [Ванда Адамаўна:] — Яны, маладыя, схільны да ўсяго новага. Грамовіч.

3. Які мае які‑н. намер, жаданне; гатовы да чаго‑н. [Камсорг] бачыў, што сход не схільны асуджаць учынак Былінскага. Шахавец. Ён, як кадравы ваенны, камандзір, быў схільны не толькі весці разведку, але і распачынаць партызанскую вайну тут, у стэпах. Няхай.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ува́жлівы, ‑ая, ‑ае.

1. Які адносіцца да чаго‑н., робіць што‑н. з увагай (у 1 знач.). Уважлівы вучань. Уважлівы слухач. □ [Валік] быў уважлівы на ўроках, добра вучыўся, вызначаўся надзвычайнай акуратнасцю. Ваданосаў. [Мацей:] — Рыбак, браце, павінен быць кемлівы, уважлівы да ўсяго. Ляўданскі. // Які выказвае ўвагу (у 1 знач.); пільны. Уважлівыя вочы. □ Пакуль Ніна Пятроўна гаварыла,.. [Казімір] міжвольна акінуў яе ўсю ўважлівым позіркам. Краўчанка. // Які робіцца, выконваецца з увагай; старанны. Уважлівае вывучэнне матэрыялаў з’езда. Уважлівае назіранне за ростам раслін.

2. Які праяўляе ўвагу (у 2 знач.); чулы, клапатлівы. Трэба быць больш уважлівым да чалавека, хто б ён ні быў. Колас. Надзя была вельмі ўважлівая да брата, заўсёды адчувала і разумела яго перажыванні, супярэчнасці ў думках і імкненнях. Кулакоўскі. Цяпер Ніна ўжо не адыходзіла больш ад Алеся, была ўважлівай і ласкавай. Шыцік.

3. Які можа быць прыняты пад увагу; дастатковы для апраўдання. Уважлівыя прычыны. Уважлівы довад.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ча́йка 1, ‑і, ДМ чайцы; Р мн. чаек; ж.

Вадаплаўная пералётная птушка сямейства чайкавых з густым, шчыльным пер’ем. Над гэтым цёмна-блакітным морам усё — і яснае сонца, і белыя чайкі, і зялёныя кедры — усё такое прыгожае, што ўсяго, здаецца, узяў бы патрошку дахаты — на светлы ўспамін. Брыль. Белакрылыя чайкі лятаюць над Нараччу, то прыпадаючы да сіняй паверхні вады, то зноў узнімаючыся ўвысь. В. Вольскі.

•••

Як чайка (сойка) за мора — куды‑н. далёка (зайсці, пайсці, збірацца).

ча́йка 2, ‑і, ДМ чайцы; Р мн. чаек; ж.

1. Пласкадонная лодка. Пласкадонка, якая і ў гэтых мясцінах называецца чайкай, ад рання стаяла ў ціхай завадзь Быстранкі, прымкнутая ланцугом да вярбы. Брыль. Завуць любоўна лодку чайкай Сёл панямонскіх рыбакі. Лойка.

2. Старажытны парусны човен з вёсламі і прымацаванымі ўздоўж надводнага борта пучкамі чароту, які служыў для павелічэння плывучасці і абароны ад стрэлаў праціўніка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Пуздро́ (пуздрё) ’мачавая машонка ў коней’ (Нас.), мн. л. пу́здра ’пазушныя поласці’ (ТС), пуздра ’ноздра, храпа’: конь пу́здры раздуў, ’тоўсты чалавек’ (Бяльк.), ст.-бел. пуздро ’скрынка’ (< польск. pūzdro, Булыка, Лекс. запазыч., 104), укр. пуздро ’мачавы пухір; машонка ў жывёл; ёмістасць для захавання прыпасаў’, пу́здря ’прышч, пухір’, рус. пуздро ’частка жывата ў жывёлы ніжэй пупа’, пу́здря ’чараваты чалавек’, польск. pūzdro ’машонка ў жывёл’; перан. ’дарожны футарал для захоўвання бутэлек’, славац. pūzdro ’футарал’, чэш. pouzdro ’тс’, славен. puzrovina ’дрэннае, жылістае мяса’, харв. pūzdrą ’penis у жывёл; жылістае мяса’, pūzdro ’частка сарочкі, якая ў малых дзяцей вылазіць праз прарэху штаноў’, серб. пу́здра ’цяціва’; ’penis у жывёл’, балг. пу́здра ’дрэннае поснае мяса, у асноўным з жывата’, макед. пуздра ’жылістае мяса’. Праслав. *puzdro ’машонка; похва’, варыянт *ригьго (Міклашыч, 268) звязваюць з пу́за, пузыр (гл.), ‑d‑ разглядаецца як устаўное, параўн. пузды́р (< пузыр) (гл.), так Брукнер, 449; Праабражэнскі, 1, 151; апошні звяртае ўвагу на паралель у ноздра, параўн. літ. nasrailnastrai ’морда, ноздры’, што адлюстроўвае першасную матывацыю ’наздраватасць, рыхласць’, ’уздутасць’; фармальная сувязь з літ. pautas ’яйка’ і інш. ненадзейная (Фасмер, 3, 403). У святле ўсяго сказавага і па лінгвагеаграфічных прычынах малаверагодна аднясенне пу́здра, пу́здря ’таўсцяк, таўстуха’ (Юрч.) да балтызмаў, параўн. літ. pūzrą ’маленькі, пузаты чалавек, хлопчык; санлівец’, pūzdrą ’хто надуўся’ (Лаўчутэ, Балтизмы, 126), якія, відаць, запазычаны са славянскіх моў. Праабражэнскі (2, 151), Махэк₂ (476) для чэш. pouzdro, славац., польск. pūzdro ’футарал’ бачаць крыніцу ў гоц. Jodr ’тс’, ст.-в.-ням. fitar, fuotar ’падкладка, чахол, похва’ (сюды ж, відаць, і ст.-бел. пуздро ’скрынка’, а таксама ст.-укр. пуздро, гл. ЕСУМ, 4, 628); гл. таксама Бязлай, 3, 140, насуперак Банькоўскі, 2, 968.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

самазабыццё, ‑я, н.

1. Забыццё самога сябе, сваіх перажыванняў; лагоднае заспакаенне. Адзін я моўчкі ўдыхаю смольныя пахі, цішыню роднага краю, лаўлю вухам далёкі бусліны клёкат і думаю, думаю, аж да самазабыцця, пакуль да мяне не дакранулася чыясьці рука. Сабаленка. Пасля лазні і малінавага чаю з мёдам у Чабаноўскага наступіла тое лагоднае пачуццё самазабыцця, калі спіш і не спіш, а ўсё на свеце здаецца такім дарагім і родным, што, здаецца, туліў бы яго да млосных ад любві грудзей. Асіпенка.

2. Найвышэйшая ступень узбуджанасці, якая прыводзіць да забыцця самога сябе і ўсяго навакольнага. Любоўнае самазабыццё. □ Мая прамова пад зоркамі адрасу не мае. Я адчуваю, што магу любіць Стасю да самазабыцця. Навуменка. Не, напэўна, мала хто бачыў людзей, якія б так працавалі, — увішна, настойліва, амаль да самазабыцця. Ракітны. // Узрушанасць, расхваляванасць. Саша Красуцкі спалохаўся. Упершыню ў жыцці спалохаўся да самазабыцця, да агіднага, ганебнага ляскання зубамі і дрыжыкаў у каленях. Навуменка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

скамяне́лы, ‑ая, ‑ае.

1. Які набыў выгляд і ўласцівасці каменя, ператварыўся ў камень. Скамянелая расліннасць. □ А больш за ўсё вабіла да сябе вялізная дзіўная жамчужына.. — Нездарма легенда кажа, што гэта ёсць скамянелыя божыя слёзы. Маўр. // Які стаў цвёрдым, сухім як камень. Скамянелае тоўстае карэнне.. [бярозы], упіўшыся ў зямлю, ішло глыбока, шырока, аж на дарогу. Вышынскі. Сухая, скамянелая пасля ночы дарога звінела пад жалезнымі падкоўкамі Колевых новых ботаў, пашытых навыраст. Якімовіч.

2. перан. Які стаў нерухомым, здранцвелым, застылым. Ты доўга сядзела за сталом Нерухомая, скамянелая. І чутна ў цішы было, Як стукае гадзіннік мерна, Як дробны дождж сячэ халодныя шыбы. Багдановіч. Немцы ўжо не баяліся, не крычалі, а стаялі скамянелыя, дзе хто быў. Маўр. Прыгожы Дашын твар на момант успыхнуў, заірдзеўся і стаў скамянелым. Ракітны.

3. перан. Які страціў здольнасць праяўляць якія‑н. пачуцці, стаў абыякавым да ўсяго. Кожнаму з нас трэба трошкі журбы, Каб у жыцці скамянелым не быць. Чарнушэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сці́шыць, ‑шу, ‑шыш, ‑шыць; зак., каго-што.

1. Зрабіць больш павольным (рух, ход і пад.). Цягнік сцішыў ход. Неўзабаве спыніўся. Адамчык. Сцішыў [чалавек] крок, назад, глядзіць. Не, нікога ў полі. Прыходзька. // Затрымаць, прыцішыць каго‑, што‑н. Сава сцішыў каня на мерную рысь. Пестрак. Амелька сцішыў свой матацыкл. Якімовіч.

2. Супакоіць, рассеяць хваляванне і пад. [Костусь] сцішыў Галену. Яна пакінула плакаць. Чорны. // Прымусіць або ўгаварыць каго‑н. перастаць крычаць, шумець і пад. Дарэмна Грыбок спалохана спрабаваў сцішыць людзей — гоман, крыкі, абурэнне, злосць, смех віравалі ў хаце. Мележ. // Вымусіць спыніць якія‑н. дзеянні, учынкі; уціхамірыць каго‑н. [Зэня да Нахлябіча:] — Калі вы не пакінеце ўсяго гэтага, дык ведаеце што? Тады вас трэба будзе сцішыць. Чорны.

3. Паменшыць у сіле, аслабіць; зрабіць менш адчувальным. Сцішыць боль. □ Гэта толькі ў хаце здавалася, што мяцеліца сцішыла сваю гульню. Кандрусевіч. Хлопцы сцішылі гаворку. Гартны. // Аслабіць або прыглушыць якія‑н. пачуцці. Сцішыць гнеў. □ Апошняя акалічнасць нечакана сцішыла смутак Арцёма Іванавіча. Мележ.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

казыта́ць, казычу, казычаш, казыча; незак., каго-што.

1. Датыкаючыся да скуры, выклікаць лёгкае нервовае раздражненне, сверб. Сена казытала то шчаку, то шыю, то забівалася за каўнер. Лупсякоў. Лейба прыціснуў да губ голы жывоцік маленькае Ханы, і яна смяялася і дрыгала ножкамі, бо доўгая барада і вусы казыталі яе. Чарнышэвіч. // Выклікаць лёгкае раздражненне ў носе, горле (пра моцны пах, дым і пад.). Мядовы пах мурожнага сена пранік у нос, — такі моцны пах, што проста казытаў у горле. Бядуля. Прагорклы пах газы і гарэлага машыннага масла казытаў ноздры. Хадкевіч. // безас. Пра раздражненне ў горле, носе. Ад болю крывіўся.. [Бораў] твар, вочы наліваліся нечым пякучым, а ў горле казытала, нейкая горнасць апаноўвала ўсяго. Кавалёў. Пахла гарэлым, казытала ў носе, з вачэй сыпаліся слёзы. Гурскі.

2. перан. Прыемна ўзбуджаць. Тое, што Грамабой хваліў яго за добрасуседскае абыходжанне, казытала трохі Язэпаў гонар і як бы ўзнімала яго вышэй над Рыгорам. Крапіва. Анежка ходзіць, і ўспаміны дзяцінства прыемна казычуць яе сэрца. Броўка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)