глыбіня́, ‑і; мн. глыбіні, ‑бінь; ж.
1. Адлегласць ад паверхні чаго‑н. да дна. Глыбіня рэчкі. Вымераць марскія глыбіні. □ Па барознах шэрых Раённы аграном ідзе, Каб глыбіню раллі праверыць. Танк.
2. Месца, значна аддаленае ад паверхні чаго‑н. Ззяюць, граюць рыбкі У сіняй глыбіні. Бядуля.
3. чаго. Месца, прастора, аддаленая ад граніц чаго‑н. або размешчаная ўнутры, усярэдзіне чаго‑н. Лясніцкі і Прыборны прабіраліся па вузкай сцежцы ў глыбіню лесу. Шамякін. // перан. Унутраная вобласць чаго‑н.; тое, у чым змяшчаецца аснова, сутнасць чаго‑н. Творчасць пісьменніка бярэ пачатак з глыбінь народнага жыцця. // перан. Пра далёкае мінулае. Адплываюць бурна вёсны, леты у нямую глыбіню вякоў. Смагаровіч.
4. толькі адз. Змястоўнасць, важнасць. Глыбіня пачуцця. □ У кожнай песні свае тоны І свой адбітак глыбіні. Колас. // Ступень ахопу чаго‑н. Глыбіня крызісу.
•••
Да глыбіні душы (сэрца) — вельмі моцна (крануць, уразіць і пад.).
У глыбіні душы (сэрца) — пра пачуцці, перажыванні чалавека, скрытыя ад іншых людзей.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
блука́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
1. Бязмэтна хадзіць, гуляць. Блукаць па лесе. Блукаць па пакоях. □ За сялом, за гарой, Ад змяркання блукаю да раніцы. Гілевіч. З гадзіну блукалі мы па вуліцы, прыглядаючыся к сотням машын, што стаялі ля тратуара. Лынькоў. // Перамяшчацца, знаходзіцца ў руху, узнікаць і прападаць. Блукаюць цені. На вуснах блукала ўсмешка. □ За белымі хмарамі блукаў сонны імглісты месяц. Пестрак. Наперадзе, недзе далёка, блукалі невядомыя агні. Лупсякоў.
2. Пераходзіць, пераязджаць з месца на месца ў пошуках каго‑, чаго‑н. Блукаць па свеце. □ Назаўтра Мікола блукаў па спустошаным і спаленым горадзе, шукаў знаёмых. Якімовіч. Міцю маркотна. Ні разу сёлета не блукаў па грыбовішчах. Навуменка. [Мужчыны] доўга блукалі па балоце, абрасіліся наскрозь і, мокрыя, стаялі цяпер у нерашучасці. Пальчэўскі.
3. перан. Пераходзіць з аднаго прадмета на другі, не спыняючыся на чым‑н. (пра погляд, вочы, думкі). Невідушчы позірк.. [маці] блукае па столі, а слых пакутліва хоча ўлавіць ціхую размову ў хаце. Ракітны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
дацягну́цца, ‑цягнуся, ‑цягнешся, ‑цягнецца; зак.
1. Выцягваючыся або працягваючы што‑н., дастаць, дакрануцца да каго‑, чаго‑н. Дацягнуцца рукой да столі. □ Быў .. [жарэбчык] надта слабенькі. Сам нават да матчынага малака не мог дацягнуцца. Якімовіч. // перан. Дасягнуць, дамагчыся чаго‑н. Атрымлівалася, што каб дацягнуцца да таго ўдою, аб якім гаварыла радыё, трэба, прынамсі, двум ці тром суседзям зліць са сваіх даёнак у адну пасудзіну. Хадановіч.
2. Узрастаючы, павялічваючыся, дасягнуць якога‑н. месца. А дом усё рос і пакрыху дацягнуўся да акон. Чарнышэвіч.
3. Разм. Павольна, з цяжкасцю дайсці, дабрацца да якога‑н. месца. Стэп быў бязлюдны. У каго не хапіла сіл дацягнуцца да горада, спалі, дзе хто мог. Няхай. [Лясніцкі] ледзь дацягнуўся да ложка, кінуўся ніц, не раздзеўшыся, і адразу заснуў, як забіты. Зарэцкі. // перан. Працягнуцца, дайсці да якой‑н. мяжы (пра час). [Сашка] пачаў думаць, як бы выгадна ў першы дзень паказацца перад .. [супрацоўнікамі]. У такіх думках час дацягнуўся да паловы чацвёртай. Чорны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пасяро́д, прыназ. і прысл.
1. прыназ. з Р. Спалучэнне з прыназоўнікам «пасярод» выражае прасторавыя адносіны; ужываецца пры назве месца, прасторы ці якой‑н. групы, у сярэдзіне або ў цэнтры якіх што‑н. знаходзіцца, адбываецца. Правей — гэта на самае роўнае месца, якраз пасярод яго трэба ісці. А там і травіца нават не расце. Пташнікаў. Чатыры сасны засталіся стаяць пасярод лесасекі. Шамякін. Надзя не ведала, куды прыткнуцца, і стаяла пасярод бытоўкі. Грахоўскі. Пахаджае [гаспадар] ганарыста Пасярод свайго двара. Броўка. Кастусь стаяў пасярод іх [людзей]. Чорны.
2. прысл. У сярэдзіне, у цэнтры, у акружэнні каго‑, чаго‑н. На плітах каменных парос зялёны мох, Бярозы, хвойкі плакалі над імі, А пасярод капліца жудка, як астрог, На свет глядзела вокнамі сляпымі. Купала. Адчынены вокны, і відаць, што ў хаце-чытальні поўна народу. Ускудлачаныя галовы мужчын у першых радах. Стракатыя хусткі жанчын пасярод. А ззаду, каля дзвярэй, — моладзь, хлопцы і дзяўчаты. Шамякін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
перапра́віць 1, ‑праўлю, ‑правіш, ‑правіць; зак., што.
1. Унесці якія‑н. змены, паправіць недахопы, памылкі ў чым‑н. Пераправіць лічбу «1» на «і». □ Сп’яна ахрысцілі кумы хлапчука Не бацькаўскім імем, а нейкім Панасам; Агледзеўшыся, пабрылі да дзяка, Ды нельга было пераправіць па часе. Танк. — Сыны [пана] не хацелі аддаць луг сялу, падкупілі каморнікаў, і тыя пераправілі планы. Якімовіч.
2. Змяняючы, выпраўляючы недахопы, памылкі, паправіць усё, многае. Пераправіць усе запісы.
перапра́віць 2, ‑праўлю, ‑правіш, ‑правіць; зак., каго-што.
1. Перавезці, перавесці (звычайна цераз рэчку або якое‑н. цяжкае небяспечнае для праходу месца). Нарэшце.. камандаванне, пад прыкрыццём «кацюш», пераправіла цераз Бесядзь танкавую брыгаду. Чыгрынаў. — Гэй, там, на пароме! Перапраўце бедных падарожнікаў! Курто.
2. Адправіць, пераспаць каго‑, што‑н. у другое месца (звычайна скрыта або пераадольваючы якія‑н. цяжкасці). Частку зброі хлопцы пераправілі партызанскаму атраду. Васілеўская. [Ганна:] Максім Іванавіч, я думаю, што групу Іванчыка трэба пераправіць у лес... Кучар.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
планава́ць, ‑ную, ‑нуеш, ‑нуе; незак., што.
1. Складаць план, праект якога‑н. збудавання. Планаваць будынак школы.
2. Размячаць месца пад што‑н. згодна з планам. [Архітэктар] плануе адразу цэлы горад: вуліцы, плошчы, праспекты. Лужанін. Калгас будаваў новыя хаты. Леапольд Гушка пільным вокам спрактыкаванага гаспадара сам планаваў месца. Чорны.
3. Складаць план развіцця, ажыццяўлення чаго‑н.; уключаць у план развіцця чаго‑н. Планаваць вытворчасць тавараў шырокага ўжытку. □ Плануе калгас свой гадавы прыбытак — на першым месцы ў яго сад. Ракітны.
4. Мець намер, разлічваць зрабіць што‑н., меркаваць. Планаваць экскурсію. □ Планавалі на сёння пайсці ў кіно. А замест гэтага мы ўсе ўтраіх працавалі на гародзе Раманюка. Савіцкі. Ужо з першага курса Ваня планаваў, як ён ўладкуецца на работу пасля заканчэння тэхнікума. Новікаў. Міхей планаваў так. Скончыць сын дзесяцігодку і паступіць у інстытут. Ермаловіч.
5. без дап. Разм. Займацца планаваннем. [Жанчына:] — Хто ў вас там плануе, Лявон Ігнатавіч, хто распараджаецца? Хадкевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пост 1, паста, м.
1. Месца, з якога можна пазіраць за кім‑, чым‑н. ці ахоўваць каго‑, што‑н. Баявы пост. □ Каля ўмоўленага месца .. [Вася] спыніўся са здзіўленнем: на пасту не было вартавога. Шчарбатаў.
2. Адна асоба або некалькі, пастаўленыя для аховы чаго‑н., назірання за чым‑н. На перакрыжаваннях вуліц скрозь будаваліся доты і дзоты або выстаўляліся ўзброеныя пасты. Якімовіч. Толькі на ўскраіне.. [людзей] спыніў паліцэйскі пост. Новікаў.
3. Адказная пасада. На высокім пасту [дэпутата] ён аказаўся, сціплым, чулым і прынцыповым чалавекам. Данілевіч.
•••
На пасту — пры выкананні службовых абавязкаў (знаходзіцца, загінуць і пад.).
пост 2, ‑у, М посце, м.
Устрыманне ад скаромнай ежы, згодна з царкоўным законам. // Перыяд такога ўстрымання. [Такароўцы] святкавалі ўсе святы, пасцілі ўсе пасты. Бядуля. Прасцей бывае ў пост: сушаныя грыбы, цыбуля, кіслая капуста — усё гэта расце, сушыцца і валіцца на месцы. Васілевіч. // перан. Разм. Устрыманне ад чаго‑н. наогул.
•••
Вялікі пост — сямітыднёвы пост перад вялікаднем.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
тралява́ць, ‑люю, ‑люеш, ‑люе; незак., што.
1. Спец. Падцягваць, падвозіць драўніну ад месца нарыхтоўкі да дарогі ці да месца сплаву. Новай дарогай ад самай вясны тралявалі дрэва з Яськавага балота. Пташнікаў. Быў бы жывы тата, ён даўно б новы дом збудаваў. Ён ужо тады пачаў траляваць бярвенні з лесу. Кудравец. // Разм. Вывозіць, перавозіць што‑н. у вялікай колькасці. І ўспомніў я зіму з вятрамі, Што галасіла над палямі, Калі мы з дзедам тралявалі Настыўшыя, цяжкія шпалы. Танк. Трактарысты дзень пры дні тралявалі ўгнаенне пад яравыя. Кухараў.
2. Абл. Ісці, рухацца. Тады і хлопцы тон мяняюць: Ідуць у лес, крычаць, гукаюць .. А дзядзька ўперадзе тралюе. Колас. — Но-но, каб ты здаровенек быў, — падбадвёрваў .. Алесь каня. — Тралюй! Якімовіч. // Пракладваць дарогу, шлях. Узышоўшы на сенажаць, тралявалі шырокі гасцінец па густой траве, ішлі проста на дымаўскіх касцоў. Крапіва. — З праходу! — далей тралюе сабе дарогу дзядзька ў белым фартуху. Васілевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
даара́цца, ‑аруся, ‑арэшся, ‑арэцца; ‑аромся, ‑арацеся; зак.
Разм.
1. Аручы, дасягнуць якога‑н. месца. Даарацца да дарогі. Даарацца да лужка.
2. Працуючы на ворыве, змарыцца, знясіліцца. Даараўся да таго, што ног не чуе.
3. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Аказацца поўнасцю ўзараным. Хлеб запах суха і кісла — так, як і пахне ён, паляжаўшы ў торбе паўдня на полі, пакуль не даарэцца загон і не падыдзе пара есці. Чорны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
даара́ць, ‑ару, ‑арэш, ‑арэ; ‑аром, ‑араце; зак., што і без дап.
1. Закончыць ворыва; узараць увесь які‑н. участак. — Да чэрвеня яшчэ паспею даараць! — супакоіла.. [Зося] сябе і занялася другімі думкамі. Гартны. Папас і яшчэ два маладыя хлапцы хутка выехалі даараць кавалак жытнішча. Галавач. // Узараць да якога‑н. месца. Даараць да лесу. □ Дааралі [Пракоп з Мацвеем] да палка, павярнулі каня. Лобан.
2. Прапрацаваць на ворыве да якога‑н. часу. Даараць да самага вечара.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)