лю́стра 1, ‑а, н.

1. Адшліфаваная паверхня (шкла, металу), здольная даваць адбіткі тых прадметаў, якія знаходзяцца перад ёю, а таксама спецыяльна зроблены прадмет з такой паверхняй. Алёша спыніўся ў вестыбюлі перад вялікім люстрам і спачатку нават не пазнаў сябе. Васілевіч. // перан., чаго. Спакойная, гладкая паверхня вады. Нерухомае возера-старыца нібы застыла, ашклела, люстра яго з незвычайнай яскравасцю адбівала такія ж нерухомыя хмары і дубы. Шамякін.

2. перан.; чаго. Аб тым, што з’яўляецца адлюстраваннем якіх‑н. з’яў, працэсаў і пад.; адбітак. Паэзія, па думцы Купалы, павінна быць праўдзівым люстрам жыцця народа. Івашын.

3. Спец. Паверхня, плошча чаго‑н. Люстра гарэння. Люстра цыліндра.

лю́стра 2, ‑ы, ж.

Падвесны асвятляльны прыбор з некалькімі крыніцамі святла (электралямпамі ці свечкамі) і аздобленай арматурай. Вялікая люстра пад столлю запалілася мяккім рассеяным святлом. Васілёнак.

[Фр. lustre.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

развярну́ць, ‑вярну, ‑вернеш, ‑верне; зак., каго-што.

1. Дзейнічаючы з вялікай сілай, разваліць, разбурыць, раскідаць. З акна віднелася крыло вакзальчыка, цэлае крыло, другое развярнула бомба. Пестрак. / у безас. ужыв. [Бокуць:] — Бомбы разарваліся недалёка ад палатна чыгункі. Як развярнула зямлю, аж дрэвы з карэннямі павыварочвала. Гурскі. // Прывесці ў беспарадак, разварушыць; растрыбушыць. Бандыты развярнулі пасцелі, шаблямі рэзалі падушкі і высыпалі пух. Чарнышэвіч.

2. Рассунуўшы, раскруціўшы, зрабіць, пашырыць (дзірку, адтуліну і пад.). — Падай мне які-небудзь кол, я ім здолею развярнуць дзірку так, што нават і сам улезу. Маўр.

3. Павярнуўшы, змяніць становішча прадмета або напрамак яго руху. Піліп развярнуў машыну і, абмінуўшы вагончык, падкаціў пад паветку. Даніленка. Сакалоўскі развярнуў кулямёт і паслаў у бок фашыстаў доўгую чаргу. Хомчанка.

4. Спец. Размясціць у шырыню па лініі фронту. Развярнуць войскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

стогн, ‑у, м.

1. Жаласны енк, выкліканы болем або вялікім горам; выражэнне пакуты, адчаю. [Гжэцкі] не пачуў майго стогну, калі паласавалі і калечылі цела, бо нават стогн быў бы таксама яго перамогай. Скрыган. Боты настойліва, глуха таўклі, не могучы дастаць з .. [Віці] нічога больш, апроч нейкага стогну. Брыль. Гарпіна павяла Ніну ў другі пакой і там пачала аперацыю. Адтуль чуліся стогны Ніны, прыгаворы Гарпіны. Галавач. // перан. Працяглы гук, шум, гул і пад. Раптам грымнула, нібы стрэл гарматы — «ггу-уухх», і цяжкім стогнам аддалося ва ўсіх канцах лесу. Дуброўскі. З-пад снежнага куродыму ўзняўся працяглы стогн паваленага дрэва-асілка. Бядуля.

2. перан. Скарга, нараканне. Перад кім, ой, кім Расчыню душу? Стогн бяды, нуды У думках заглушу? Купала. З кожных вуснаў людскіх Хоча вырвацца крык, Стогн збалелай душы. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сцёк, ‑у, м.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. сцякаць — сцячы; цячэнне вады па нахіленай плоскасці. — У гэтым і ўся сутнасць, — сцвердзіў Пажытны. — Хоць траншэя тут асабліва, глыбокая, але затое дадзім вадзе сцёк. Сапрыка.

2. Спец. Колькасць вады, што сцякае ў раку, возера, акіян за пэўны перыяд. Нават прэснай вады на Зямлі больш чым даволі — з агульнага гадавога сцёку ўсіх рэк планеты можна яе выдаць кожнаму чалавеку па дзесяць тысяч кубаметраў. «Полымя».

3. Рышток, рына, раўчук і пад., па якіх сцякае вада. Пад лямант, што чуўся з пральні, ён ужо быў дабраўся да памыйнага сцёку сярод двара, калі яму сустрэлася другая прыкрасць. Брыль.

4. Уст. і спец. Маса вадкасці, якая сцякае адкуль‑н.; паток. Забруджванне ракі сцёкамі з прамысловых прадпрыемстваў забараняецца.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шапта́цца, шапчуся, шэпчашся, шэпчацца; незак.

Гаварыць паміж сабой ціха, шэптам. Зося кінулася ў гушчу моладзі і пачала таптацца з нейкім незнаёмым Рыгору хлопцам. Гартны. І гэта было ўжо ў далёкім, здаецца, мінулым, калі мы ляжалі з.. [Жарнаком] побач пад зялёнымі жорсткімі коўдрамі і доўга шапталіся пра родныя вёскі, лугі... Брыль. // Ціхенька, па сакрэту займацца абгаворамі, плёткамі. А потым шапталіся [людзі] ў яго за спінаю пра заўчасную смерць яго бацькі — правізара Альшэўскага, пра катоўню ў Навагрудскай турме, пра Зосю. Бажко. [Усевалад:] — Цяпер .. [Галіна] падумае, што я помшчуся: знарок перавёў да сябе, каб .. [Барыса] прынізіць. За тое, што тайком шэпчацца з дырэктарам і не мае смеласці сказаць мне праўды ў вочы. Скрыган. // перан. Слаба, ледзь чутно шумець, шапацець, журчаць і пад. Ціха шэпчуцца чароты, І калышацца аер. Астрэйка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

час, -у, мн. -ы́, -о́ў, м.

1. Бесперапынная і пастаянная змена мінут, гадзін, дзён і пад.

Ішоў ч., і наступіла лета.

Ч. не стаіць на месцы.

2. Прамежак пэўнай працягласці ў паслядоўнай змене гадзін, дзён, гадоў і пад., у які што-н. адбываецца.

Скараціць ч. вучобы.

Вольны ч.

Ч. падрыхтоўкі да спаборніцтваў.

3. Нейкі пэўны момант, у які што-н. адбываецца.

Ч. абеду.

Ч. адпраўлення цягніка.

Вызначыць ч. сходу.

4. Пара года, дня і пад.

Вячэрні ч.

Летні ч.

5. Перыяд, эпоха ў гісторыі або жыцці чалавека, народа, дзяржавы.

Даваенны ч. 3 незапамятных часоў.

6. Зручны момант, спрыяльная пара для чаго-н.

Упусціць ч. уборкі.

Самы ч. пайсці ў адпачынак.

Ч. сеяць.

7. У філасофіі: адна з асноўных аб’ектыўных (разам з прасторай) форм існавання матэрыі.

Паза часам і прасторай няма руху матэрыі.

8. У граматыцы: катэгорыя дзеяслова, якая выражае адносіны дзеяння або стану да моманту гаворкі або да якога-н. іншага моманту.

Цяперашні ч.

Прошлы ч.

Будучы ч.

Каменданцкі час — забарона без асобага дазволу з’яўляцца на вуліцах населенага пункта ў пэўны час пры аб’яўленні ваеннага або асаднага становішча.

Мясцовы час — час, які ўстанаўліваецца для пэўнага геаграфічнага пояса, раёна, для пэўнай мясцовасці.

Адзін час — на працягу нейкага часу; некалі, даўней.

Ад часу да часу; час ад часу — калі-нікалі, зрэдку.

Без часу — заўчасна, не пражыўшы адведзены час.

Да часу

1) часова;

2) раней тэрміну.

З часам — у будучым, некалі.

На скорым часе — неўзабаве, хутка.

На часах — на апошнім месяцы цяжарнасці (пра жанчыну).

Па часе — пасля таго, як ужо што-н. здарылася.

Тым часам — адначасова з гэтым, у той самы момант.

У добры час — пажаданне поспеху, удачы каму-н.

У свой час

1) некалі, калісьці, раней, у мінулым;

2) своечасова, калі ў чым-н. будзе патрэба, неабходнасць.

У час — своечасова, у патрэбны момант.

Час не чакае — нельга далей адкладваць, трэба спяшацца з выкананнем чаго-н.

Час прабіў — прыйшла, настала пара для чаго-н.

|| прым. ча́савы, -ая, -ае (да 1, 2, 4 і 8 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

Назнарок ’знарок, наўмысна’ (Янк. 1, Мат. Гом., Сцяшк. Сл., ТС), назнарокі ’тс’ (калінк., З нар. сл.), назнаракі́ ’тс’ (Янк. 3.), назнарочай ’тс’ (Ян.). З на + з + на‑рок, параўн. нарок ’прадвызначэнне’ (гл.); формы на ‑і адлюстроўваюць, магчыма, спалучэнне прыназоўніка з месн. скл. адз. л. або мн. л., канчатак ‑ай, відаць, пад уплывам прыслоўяў тыпу надзвы́чай і пад. (Фасмер, 3, 45; Махэк₂, 390). Гл. нарокам.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

га́дзіцца, ‑джуся, ‑дзішся, ‑дзіцца; незак.

Разм.

1. Адчуваць агіду да каго‑, чаго‑н.; брыдзіцца. Тараска гадзіўся жаб. Юрэвіч.

2. Псавацца ад забруджвання. Адзенне гадзіцца.

гадзі́цца 1, ‑джу́ся, ‑дзі́шся, ‑дзі́цца; незак.

Разм. Быць прыгодным, падыходзячым для чаго‑н., адпавядаць якім‑н. патрабаванням. — Я вывучаў дакументы і думаў: вось гэта для маёй дысертацыі падыходзіць. І гэта гадзіцца. Арабей. // безас. (звычайна з адмоўем). Варта, трэба, к месцу. Сцёпка перамог сябе; не, спаць не гадзіцца! Колас.

•••

Гадзіцца ў бацькі (у маці, сыны і пад.) каму — адпавядаць па ўзросту чыйму‑н. бацьку (маці, сыну і пад.).

Куды гэта гадзіцца; нікуды не гадзіцца — вельмі дрэнна, дрэнны.

гадзі́цца 2, гаджу́ся, го́дзішся, го́дзіцца; незак.

Разм. Канчаць спрэчку; згаджацца, пагаджацца. Рэдкія выпадкі лаянкі толькі на кароткі час раскідалі іх дружбу, і хлопцы скора зноў гадзіліся. Колас. Слугі князя з дарам князевым прыйшлі, З Вялем-волатам, з дружынаю гадзіцца. Танк.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

падста́ва 1, ‑ы, ж.

Прычына, абставіны, якія даюць тлумачэнне, робяць зразумелымі ўчынкі, паводзіны і пад. каго‑н. Пакуль школа не была яшчэ здадзена, Лабановіч адчуваў пад нагамі нейкі юрыдычны грунт, меў законную падставу заставацца там. Колас. Былі ўсе падставы для таго, каб хвалявацца, але, упэўнены ў сваіх ведах, Міхась быў спакойны. Шахавец. // Абставіны, якія могуць быць асновай для чаго‑н. Але як зняць.. [Машу] з пасады брыгадзіра, Максім не мог прыдумаць. Не было падстаў. Шамякін. // Дакумент, распараджэнне, на аснове якога адбылося пэўнае афіцыйнае дзеянне, мерапрыемства. Падстава: выпіска з пратакола сходу.

•••

На падставе чаго — зыходзячы з чаго‑н., абапіраючыся на што‑н.

падста́ва 2, ‑ы, ж.

Уст. Зменныя коні ў дарозе, а таксама месца змены коней. Ноч спалі ў.. вазку, а ля Дошчыцы сустрэлі трэцюю падставу і зноў пераселі ў сёдлы, хаця з Кастуся быў і не зусім добры яздок. Караткевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыкаці́ць 1, ‑качу, ‑коціш, ‑коціць; зак. каго-што.

1. Коцячы, наблізіць, даставіць куды‑н. Прыкаціць бервяно. □ Янушак .. шмыгнуў у бочку з-пад салідолу, якую прыкаціў быў некалі да кароўніка Рыбалтоўскі, каб укапаць яе і паліць вадой. Дайліда. // што. Даставіць саматугам куды‑н. (воз, матацыкл і пад.). У гэты ж дзень да .. [механіка] прыкаціў свой веласіпед Несцер Ігнатавіч. Дубоўка. Пакуль настаўнік прыкаціў свой матацыкл да возера, на беразе ўжо гарэў касцёр. Скрыпка.

2. Разм. Прыехаць, прыбыць. Прыкацілі мы ў гарадок на самай лепшай трафейнай машыне. Якімовіч. І вось у бліжэйшую нядзелю пачалі з’язджацца сваякі. Першы прыкаціў у размаляваным вазку дзед Юрка з бабаю Крысяю. С. Александровіч. Аўтобус, нарэшце, прыкаціў, з яго выйшлі пасажыры, што прыехалі з горада. Васілёнак.

прыкаці́ць 2, ‑качу, ‑коціш, ‑коціць; зак., каго.

Разм. Нарадзіць, прывесці. — Маладзец, сына прыкаціла, — сказала бабка, калі дзіцянё закугакала ў яе на руках. Крапіва.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)