Газ1 ’газ’ (БРС). Рус. газ, укр. газ ’тс’ і г. д. Слова, якое штучна ўтворана брусельскім хімікам І. Б. ван Гельмантам (1577–1644 гг.) на аснове грэч. слова χάος ’хаос’. У рус. мове гэта слова, паводле Фасмера (1, 382), з ням. або гал. Gas ці франц. gaz. Гл. яшчэ Шанскі, 1, Г, 7; Клюге, 233; MESz, 1, 1037. У бел. мову гэта слова папала праз пасрэдніцтва рус. або польск. мовы. Паколькі няма дакладных даных наконт гісторыі яго ў бел. мове, то прыходзіцца толькі меркаваць, улічваючы агульную сітуацыю і ролю, якую ігралі гэтыя абедзве мовы ў фарміраванні лексікі бел. мовы новага часу (асабліва навукова-тэхнічнай).

Газ2 ’тканіна газ’ (БРС). Рус. газ, укр. газ ’тс’. Запазычанне з франц. gaze ’газ, вуаль’. Звычайна першакрыніцай гэтага слова лічаць назву месца Газа ў Палесціне. Гл. Фасмер, 1, 382. Іншыя этымолагі ўказваюць, што ў гэтым месцы ніколі не выраблялі такую тканіну і не гандлявалі ёю. Таму першакрыніцай франц. gaze лепш лічыць іспан. gasa < араб. kazz < перс. käž. Гл. Клюге, 236; Локач, 91; Шанскі, 1, Г, 8 (апошні ў пэўным сэнсе вельмі заблытана перадае сутнасць этымалогій Локача і інш.).

Газ3 ’вельмі шырокі брод у рацэ ці возеры’ (Яшкін). Як відаць з крыніц, якія прыводзіць І. Я. Яшкін (лепел.), слова гэта вядома на вельмі абмежаванай тэрыторыі (параўн. яшчэ ў Яшкіна, там жа, Газ — урочышча на Красенскім возеры на Дзісеншчыне) і, здаецца, з’яўляецца рэліктавым словам. Як лічыць Трубачоў, Эт. сл., 6, 113–114, ёсць сувязь з паўд.-слав. мовамі; параўн. серб.-харв. га̑з ’брод’, славен. gȃz, балг. га́зя ’брадзіць і да т. п.’ БЕР (III, 224) неабгрунтавана разглядае яго як толькі паўд.-слав. лексему. Этымалогія ўсёй групы слоў няясная (некаторыя меркаванні БЕР, там жа: лічыцца цёмным па паходжанню словам; праблематычна звязваць яго з арм. лексемай або думаць, што яно запазычана з дака-мізійскай крыніцы). Трубачоў, там жа, бачыць тут і.-е. *g​ā‑ ’ісці’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Казі́нец1 ’скрыўленне ў каленях пярэдніх ног каня, прыроджанае або траўматычнае’ (ТСБМ; полац., КЭС; Сержп. Грам.), ’падагра’ (БРС; полац., Суднік, вусн. паведамл.) ’хвароба, калі калені не згінаюцца’ (гродз., Цыхун, вусн. паведамл.), ’дрыжанне ног (хвароба)’ (Байк. і Некр.), ’сутарга’ (Федар. Рук.), казініц ’хвароба ног, калі яны слабеюць’ (КЭС, лаг.). Укр. мірт. козинець ’хвароба калень пярэдніх ног каня’, рус. скап., раз., калуж., кемер. козинец ’крывізна, скрыўленне пярэдніх ног у коней, калі нага нагадвае казіную’ зафіксавана і Далем, але без геаграфіі. Усх.-слав. інавацыя. Матывацыя празрыстая (гл. дэфініцыі). Па словаўтварэнню гэта семантычны кандэнсат або адпрыметнікавы (ад асновы казін‑) дэрыват з суфіксам ‑ец, аб тыпах утварэння гл. Сцяцко, Афікс. наз., 100–102, дзе і літ-ра.

Казі́нец2 ’казялец, Ranunculus acris’ (Мат. Гом.). Дакладных адпаведнікаў няма. Статус слова няясны, магчыма, рэгіянальны наватвор, а магчыма, і старое ўтварэнне, паралельнае да казелец (гл.), параўн. серб.-харв. kozinac ’Astragalus onobrychis’; нягледзячы на тое што бел. і серб.-харв. словы называюць розныя расліны, матывацыя, відаць, аднолькавая. Параўн. бел. гарох воўчы, гарох авечы, віхрава трава (для віду Astragalus glycyphyllus), укр. горох гадючий, горох кошачий (для віду A. onobrychis), горох вовчий, горох заячий, вовча ступа і інш. для віду А. glycyphyllus. Словаўтварэнне, як у выпадку з казінец1; з прыведзеных намі сінонімаў можна бачыць тут семантычны кандэнсат. Аб матывацыі (сувязь з назвай жывёлы) гл. казелец.

Казі́нец3 ’трава сівец, Nardus stricta’ (карэліц., Жыв. сл.), казіняц ’тс’ (пух., Сл. паўн.-зах.). Сувязь з назвай жывёлы відавочная, параўн. каза ’Nardus stricta’ (ТСБМ). Аб словаўтварэнні гл. казінец1.

Казі́нец4 ’неўрадлівая, забалочаная сенажаць, дзе расце вельмі жорсткая дзікая трава’ (Прышч. дыс.). Відаць, да папярэдняга слова.

*Казі́нец5, козінец ’грыб пеўнік стракаты’ (лельч., Жыв. сл.). Матывацыя зразумелая з ілюстрацыі: «Коза чорная зверху, рэпатая, а пудо дном, як мох, то козья шэрсць» (Жыв. сл., 211). Аб словаўтв. параўн. казінец2.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Калма́ты ’пакрыты густымі скудлачанымі валасамі, поўсцю, касматы, кудлаты’, ’зроблены са скуры з доўгай густой поўсцю; з доўгім ворсам’, ’аброслы валаскамі, пушынкамі; нягладкі’ (БРС, ТСБМ). У гаворках: ’ускудлачаны, непрычасаны; касматы’ (Мал., Сл. паўн.-зах., Сцяшк., Шат.). Ёсць таксама форма камлаты ’тс’ (івац., Бір., Працы ІМ, 6; саліг., Нар. словатв.; Сл. паўн.-зах., ТС, Федар. I). Дакладных адпаведнікаў да гэтага слова як быццам няма. Сустракаецца яно толькі ў с.-бел. гаворках; сказаць цяжка, ці вядома шырэй; таксама з дзвюх форм цяжка выдзеліць першасную. Відавочная інавацыя або архаізм, нельга таксама выключыць запазычання слова. Калі зыходзіць з архетыпу калм‑, можна прывесці некаторыя паралелі з суседніх рус. гаворак (гл. калмач і камлак), аднак у лінгвагеаграфічным аспекце яны неістотныя. Для такой структуры можна меркаваць аб праформе kl̥m‑, магчыма, паралельную да kl̥t‑ і да т. п. (параўн. калдыга і інш., гл. вышэй). Аб імавернасці такога меркавання сведчыць зах.-бран. калманоги ’кульгавы’, у такім выпадку можна думаць аб даўняй семантыцы ’боўтаць’, ’боўтацца’ і ’кульгаць’ (’хадзіць, перавальваючыся’?). Не выключана, што сюды можна аднесці і ўкр. калмичити ’змочваць снапы ў вадкай гліне перад пакрыццём даху’. Калі зыходзіць з першаснай формы камл‑, неабходна мець на ўвазе магчымасць утварэння такой асновы і з больш ранняй *кабл‑. Такая магчымасць уяўляецца тым не менш малаверагоднай, хоць выключыць яе поўнасцю нельга (параўн. камлук, каблук). Можна меркаваць аб магчымай сувязі з лахматы. Калі метатэза халматы сапраўды мела месца, наступнае азванчэнне зычнага не здаецца неверагодным. Апрача ўсяго гэтага, тут мог рэалізавацца субстратны ўплыў (параўн. жанікжаніх і інш. у бел. зоне моцнага балтыйскага ўплыву). У такім выпадку лёгка можна вытлумачыць параўнальна вузкі арэал распаўсюджання бел. слова. Адносна запазычання нічога пэўнага сказаць нельга. Таксама няясна, ці ёсць падставы лічыць разглядаемае слова архаізмам, паколькі нельга падмацаваць такое меркаванне надзейнымі доказамі. Адносна формы калматы параўн. яшчэ полац. хамлак (гл. падрабязней пад калмык).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Калодачкі ’пянёўе ў птушак пасля лінькі’ (лід., Сл. паўн.-зах.). Абмежаваныя звесткі аб гэтым слове ў крыніцах па беларускай мове не адлюстроўваюць сапраўднай карціны пашырэння слова. Укр. зах. в колодочки вбиватись (пра куранят), колодка ’першыя пёры маладой птушкі’, рус. колодка пера, ст.-рус. з XVII ст. колодка (у гусінага пяра). З іншых слав. моў можна прывесці чэш. мар. kladka ’тс’. Магчыма, сюды адносіцца і польск. kodłuch, зафіксаванае аднойчы ў ст.-польск. мове XVI ст. (у тэксце пра гусінае пер’е і пер’е як пісьмовыя прылады), дыял. в.-польск. kodłuch і kvoduch, сілез. kvoduch, koduch, kotuch, гл. Слаўскі, 2, 326–327. Відавочныя дэрываты ад kolda ’бервяно’; матывацыя назвы не зусім ясная. Паводле Слаўската (там жа), дакладная семантычная паралель да гэтых утварэнняў — pieniek pióra, аднак, калі гэта разумець літаральна, нельга не ўбачыць, што kolda ’пень’ зафіксавана амаль што выпадкова толькі ў некаторых гаворках, а супадзенне значэння пачынаецца, галоўным чынам, у межах другаснай семантыкі (тыпу ’аснова, галоўная частка і да т. п.’). Пры апошнім разуменні прапанаваную Слаўскім паралель можна прыняць, але неабходна адзначыць, што сама па сабе гэта частка пяра з’яўляецца нейкім аналагам ніжняй часткі дрэва без галін і сукоў. Да семантыкі вышэй прыведзеных фактаў параўн. яшчэ і пень, пні ’рэшткі пер’я ў ашчыпаных птушак’, не выключана, што гэта значэнне сведчыць на карысць неабходнасці размежавання значэння ’пень пяра’ і ’ніжняя частка пяра’, якая з’яўляецца трубчастай. Апошняе нагадвае семантыку тур. лексемы калода ў дачыненні да трубкі (сцябліны) збожжавых, магчыма, тут рэалізавана семантыка «пустаты», якая праглядваецца ў шэрагу фактаў (параўн. калода10). Цікава, што магчымая двухсэнсоўнасць паходжання назіраецца і ў выпадку з назвай ступіцы кола, для якой апрача назвы калодка ёсць сінонім трубка (у бел. мове), аднак рус. (зах. паводле Даля) колода мае сінонім маточина з адпаведнай семантыкай (’аснова’ і да т. п.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Лы́ндаць (рас., паст. лынтаць ’хадзіць, швэндацца без справы, бяздзейнічаць, бадзяцца’ (ТСБМ, Бір. Дзярж., Грыг., Янк. 3., Мат. Гом., ТС; маладз., бялын., докш., Янк. Мат. міёр., Нар. лекс.; Сл. ПЗБ), ’шпарка хадзіць, шырока ступаючы’ (КЭС, лаг.); лындава́ць, лында́чыць, лы́ндаць ’ленавацца’ (Сцяшк. Сл.), польск. łyndać się, рус. лындать, разан. лындовать. Паводле Грынавяцкене і інш. (Liet. term., 182), запазычаны з літ. lìndoti, lìndėti ’тырчаць, сядзець’, ’гультаяваць’, ’бадзяцца, лазіць’; Лаўчутэ (Сл. балт 31, 119) дадае да іх яшчэ lìnda ’праныра’, ’гультай’, ’той, хто пазбег работы’, lindė, lindéika ’праныра’ і інш., якія ўзыходзяць да lĩ̦sti (leñda, liñdo) ’пралазіць’, ’набрыдаць’, ’несціся некуды’, ’ехаць’, ’блытацца пад нагамі’, ’лезці, куды не трэба’, lándzioti, lándauti ’туды-сюды лезці, хадзіць з месца на месца’, ’швэндацца’, ’памалу праходжвацца’. Параўн. і лат. lundžât ’лазіць туды-сюды’, ’бадзяцца’. Відавочна, значэнні ’ногі’, ’лыткі’, ’калені’ фарміраваліся пры наяўнасці лексем лы́ды (параўн. рус. валаг., варон. ’доўгія ногі’, шырока пашыраная лытка ’нага’, урал. лыдка ’даўганогі чалавек’) і лыга2 (гл.) пры блізкіх ці тых жа значэннях дзеясловаў лыгаць і лындаць. Наступным этапам было ўтварэнне фразеалагізма лынды біць, што азначала спачатку ’збіваць, аббіваць ногі’, параўн. трок. дарма лынды збіў = дарма схадзіў (Сл. ПЗБ). Пры існаванні іншых запазычанняў з такой жа семантыкай: ды́нда ’гультай’, ’хлус’, ды́нды абіваць, дындаць ’хадзіць без справы’ ці блындаць, блэндаць ’тс’ (гл.); выраз лынды біць набыў сучаснае значэнне, мяняючы ў гаворках першую частку паводле існуючага ў гаворцы апорнага дзеяслова са значэннем ’хадзіць без справы, бадзяцца, гультаяваць’, ’марудзіць’ (як тутлындаць), параўн. бел. і рус. фразеалагізмы (узятыя з Бел.-рус. ізал., 111–112) з гэтым жа значэннем: брынды біцьбрындаць, дрынды біцьбрындаць, байды біцьбайдосіць, банды біцьбандаць, балды битьбалдить, ланды битьландовать. Слаўскі (5, 407–408) услед за Фасмерам (2, 541) адносіць польск. łyndać się да рус. лынять і дапускае сувязь з прасл. дыял. lytati ’гультайнічаць, бяздзейнічаць’, lutati ’бадзяцца’, параўноўваючы з чэш. lʼundat se, loudati se ’тс’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ма́ліцца ’паводзіць, уяўляць сябе як малое дзіця’ (Янк. 3., Нас., КЭС, лаг.), ’змяншаць гады’ (пух., З нар. сл.; віл., Жыв. сл.), ма́ліць ’прадстаўляць малым, змяншаць’ (Нас., Касп.), малі́цца ’прыкідвацца малым’ (ТС). Укр. малі́ти ’змяншацца’, мали́тися ’рабіцца меншым’, ’паводзіць сябе па-дзіцячаму’, рус. ма́лить ’змяншаць’, ст.-рус. малити (XIII ст.). Польск. maleć ’змяншацца, станавіцца малым, меншым’, чэш. máliti se ’значна змяншацца’, славац. maliť sa ’тс’, серб.-харв. ма́лити, макед. мали се, балг. малея. Прасл. maliti ’змяншаць, рабіць меншым’. Бел.-укр. ізасема. Да малы́ (гл.).

Маліцца ’звяртацца да бога, святых’, ’вельмі моцна прасіцца’, ’абагаўляць’, ’дагаджаць’ (віл., Сл. ПЗБ), малі́ць ’надта прасіць, умольваць’ (ТСБМ, Нас., Шат., Яруш.; КЭС, лаг.), браг. маліць ’маліцца’ (Мат. Гом.). Укр. моли́тися ’маліцца’, моли́ти ’маліць, упрошваць’, рус. молиться ’маліцца, чытаць малітву’, ’прасіць’, ’пераканаўча, настойліва прасіць’, польск. modlić (się) ’маліцца’, ’моцна прасіць’, н.-луж. modlić se ’маліцца’, в.-луж. modlić so ’тс’, ’дагаджаць’, чэш. modliti se ’маліцца’, ’абагаўляць каго-небудзь’, славац. modliť sa ’маліцца’, славен. móliti, mòdliti, серб.-харв. мо̀лити, макед. моли, ’прасіць літасці’, моли се ’маліцца’, балг. моля ’прашу’, моля се ’малюсь’, ст.-слав. молити. Прасл. modliti ’прасіць, звяртаючыся да багоў, прыносячы ім ахвяру’, ’ахвяраваць’. І.‑е. адпаведнікі: балт. (тут заканамерна ‑ld‑, у той час як у прасл. мове яшчэ да метатэзы tolt/trat адбылася мена ld > dl з прычыны аманіміі з групай слоў moldъ ’малады’): літ. maldá ’просьба’, maldýti ’маліць, упрошваць’, mel̃sti ’прасіць’, ’маліцца’, хецк. maltāi ’прасіць, гаварыць’, арм. małthem ’упрошваю’, ст.-в.-ням. melda ’плёткі’, meldôn ’заяўляць’, і.-е. *meldh‑ ’рытуальная прамова ў богаслужэнні’ (Покарны, 722; Міклашыч, 119; Бернекер, 2, 65; Фасмер, 2, 642; Махэк₂, 371–372; Скок, 2, 451–452; Бязлай, 2, 193). Прасл. modliti пранікла ў прагерм. maþljan ’заклікаць, звяртацца з урачыстай прамовай, абяцаць’ (Мартынаў, Лекс. взаим., 170–172).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Прымо́л ’круты бераг ракі’, прымо́лісты ’круты, абрывісты’ (ТС). Відаць, той самы корань, што і ў балг. подмо́л ’бераг, навісшы над ракой’, славен. podmòl ’размыты ракой бераг’, славац. podmoľ ’размытае (падмытае) вадой месца’, што да прасл. *podъmolъ, *podъmoljь ад *podъmelti, параўн. славац. podomlieť ’размыць, падмыць, падкапаць’, в.-луж. podmlěć ’падмыць, падкапаць (бераг)’ пры зыходным mlěć (гл. мало́ць); аналагічна чэш. výmol, славац. výmoľ ’нара, вымытая вадой’, рус. вымол ’прыстань’ (Бернекер, 2, 74; БЕР, 5, 458). Адсутнасць фіксацыі адпаведнага дзеяслова, які лёгка ўзнаўляецца на падставе дзеясловаў тыпу прывары́ць ’зварыць, прыгатаваць’, прыморы́ць ’змарыць’ (ТС) і пад., не можа выклікаць сур’ёзных пярэчанняў супраць названай версіі. Аднак сувязь з *melti трактуецца як другасная, што паўплывала на выцясненне першаснай аманімічнай асновы *‑mьlěti, *‑milati, *‑moliti са значэннем ’выступаць, паказвацца з-за чаго-небудзь’, якая параўноўваецца з алб. mal ’узгорак з крутымі схіламі; абрыў; бераг’ (падрабязна пра апошняе Бярнар, Бълг. изсл., 264), лат. mala ’край, бераг’ і пад. (Куркіна, Этимология–1973, 34–37); супраць роднасці з названымі формамі Трубачоў (ЭССЯ, 9, 49), вяртаючыся да зыходнага *melti, *molъ ’малоць, церці’. Калужская (Палеобалк. реликты в совр. балк. языках. М., 2001, 126) тураў. прымо́л звязвае з грэч. προμολή ’падэшва гары; выток ракі’ і далей з алб. mal, арум. mal ’бераг’, літ. malá ’край, вобласць’, jũrmala ’марское ўзбярэжжа’, лат. jūrmala ’марскі бераг’, ст.-ісл. mǫl ’вал з дробнага камення ўздоўж берага’, а таксама славен. móla ’выступ, балкон, вастрыё’, ’уздоўж’ разам з усімі названымі формамі да і.-е. *mol‑ ’выступаць, выдавацца’. Магчыма, тут назіраецца супадзенне слав. *molъ (< *melti) з субстратным коранем, вядомым у больш шырокім значэнні на значнай індаеўрапейскай тэрыторыі. Сувязь з мул ’іл’, якая прапануецца для ўкр. ви́мул ’вымытае паглыбленне’ (ЕСУМ, 3, 532), здаецца малаверагоднай, параўн. приму́лина ’нанесены вадой глей, мул’. Гл. таксама Глухак, 505: promóliti (se).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Раб ’чалавек, пазбаўлены правоў’, ’чалавек залежны, прыгнечаны’ (ТСБМ), сюды ж раб ліса́вы ’пра няшчырага, ліслівага’ (ТС), у ра́ба: у про́стого ра́ба, у дзерэўя́ного ра́ба, у жэле́зного ра́ба ’гульня, падобная да гульні ў квача’ (ТС), ра́ба ’сялянка або наёмная работніца’ (Нас.), ст.-бел. робъ, рабъ (тут мае месца не пераход а > о, а перавага паралельных утварэнняў з о, гл. Карскі, 1, 96), параўн. рус. ра́б ’раб’, польск. rab ’раб, хлопец’, чэш. rab ’тс’, ст.-чэш. rob ’нашчадак’, славац. rob ’раб, нявольнік, служка’, ст.-славац. rab ’хлопец, палоннік, вязень’, серб.-харв. rȁb ’тс’, rȍb ’хлопец’, славен. r̀ȍb ’тс’, балг. роб, раб ’хлопец, нявольнік, служка’, макед. раб, роб ’тс’, ст.-слав. рабъ, робъ ’хлопец, падданы’. Запазычана з ц.-слав., часцей у спалучэнні раб Божии, раба Божия, параўн. ст.-руск. рабъ ’раб’, ’слуга’, ’прасіцель’; раба ’рабыня’, ’служанка’. Мяркуецца, што формы з a і o з’яўляюцца праславянскімі дыялектнымі варыянтамі, якія выводзяцца з прасл. *orbъ, паводле Скока (3, 151), формы з o — першыя, а формы з a узніклі ў выніку ліквіднай метатэзы прасл. *orb‑ > rab‑ або пераходу ō > a; паводле іншай думкі (параўн. Бязлай, 3, 187; ESJSt, 12, 743), формы з o запазычваліся з паўночнай Славіі ў выніку гандлю рабамі, і, наадварот, формы a распаўсюджваліся з поўдня пераважна ў сакральным ужыванні. Старажытны характар такіх адносін, магчыма, адлюстроўваўся ў назвах гульняў, параўн. балг. ро́ба, на ро́ба ’дзіцячая гульня, пры якой адбываецца падзел і даганянне’ (узводзіцца да роб ’раб’, гл. БЕР, 6, 276) і названыя вышэй палескія гульні. Узыходзіць да і.-е. *orbhos, значэнне якога досыць размытае: ’асірацелы’, ’сірата’, ’маёмасць сіраты’ > ’спадчына’, ’спадчыннік’, ’слабы’, ’маленькі’, ’бездапаможны’ > ’раб’, ’праца раба’. Звязана з гоц. arbaiþs ’работа’, ’патрэба’, ням. Arbeit ’работа’, лац. orbus ’асірацелы’, ’пазбаўлены чаго-небудзь’, ст.-ірл. orbe ’спадчыннік’ (< ’сірата’), ст.-інд. árbha‑ h̊ ’маленькі’, ’дзіця’ (Покарны 1, 781–782; Бенвяніст, Словарь, 233–236; Гамкрэлідзэ–Іванаў, 747; Чарных 2, 91; БЕР, 6, 133; Глухак, 529–530).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сы́паць ’прымушаць падаць што-небудзь сыпкае ці дробнае’, ’трусіць, церушыць’, ’ісці, падаць (пра снег, дождж)’ (ТСБМ, Некр. і Байк., ТС, Бяльк., Сл. ПЗБ; ашм., Стан., Растарг.), ’пасыпаць’ (Сл. ПЗБ), ’ліць, наліваць’ (брагін., мін., Цыхун, вусн. паведамл.; Растарг.): сып воду (КСП), ’ставіць сетку’ (калінк., Арх. ГУ), ’страляць’ (гарад., Нар. ск.), сы́пацца ’падаць уніз (пра што-небудзь дробнае)’, ’здыхаць, прападаць’ (ТС), ’ліцца (пра слёзы)’ (Ян.), ’часта нараджацца’ (Юрч. Вытв.), сыпаце́ць ’ляцець; шугаць’ (Сл. ПЗБ). Укр. си́пати ’сыпаць; ліць’, рус. сы́пать ’сыпаць’, ц.-слав. сыпати, польск. sypać ’сыпаць’, дыял. ’ліць’, в.-луж. sypać, н.-луж. sypaś, чэш. sypati, славац. sypať, серб.-харв. си̏пати ’сыпаць, ліць’, славен. sípati ’сыпаць’, балг. си́пвам ’сыпаць, ліць’, макед. сипе ’тс’, ст.-слав. сыпати ’сыпаць’. Прасл. *sypati ’сыпаць’; іншая ступень чаргавання: стараж.-рус. сути, съпу ’сыпаць’, ст.-слав. соути, съпѫ ’тс’. Славянскае слова роднаснае літ. sùpti, supù ’калыхаць, люляць’, ітэратыў sūpúoti, ст.-прус. suppis ’насып’, лац. supō, ‑āre ’кідаць’ (гл. Траўтман, 293; Мюленбах-Эндзелін, 3, 1124; Фасмер, 3, 818; Шустар-Шэўц, 1400–1401; Махэк₂, 543; ЕСУМ, 5, 240–241. Борысь (590) *sypati разглядае як мнагакратны дзеяслоў ад прасл. *suti, *sъpǫ ’сыпаць’, параўн. яшчэ ст.-польск. suć, suję, каш. sëc, sëją ’сыпаць’, ст.-чэш. souti, suji ’тс’, славен. súti, spém ’тс’, якія сумесна з пазаславянскімі адпаведнікамі ўзыходзяць да і.-е. *su̯ep‑ з магчымым першасным значэннем ’рухацца туды і назад, трэсці’, адкуль у семантыцы славянскага слова рэшткі гэтага значэння ’хутка бегчы, ісці, рухацца’; гл. таксама Бязлай, 3, 344; SEK, 4, 261. Аб’яднанне значэнняў ’сыпаць’ і ’ліць’ трактуецца як іншамоўны ўплыў, параўн., напрыклад, Зінкявічус (Балта-слав. иссл. 1983, 28) адносна польск. дыял. sypać ’сыпаць’ і ’ліць’ пры літ. pílti, якое мае абодва значэнні (гл. яшчэ раней Кудзіноўскі, ABSl, 1, 225); параўн. таксама літ. seikė́ti ’вымяраць сыпкія і вадкія рэчывы’ (Буга, Rinkt., 2, 562). Больш падрабязна гл. Бланар, Зб. Дорулі, 76–83 (тут побач з іншамоўным уплывам дапускаецца і ўнутрымоўнае семантычнае развіццё).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сэ́рца ’цэнтральны орган кровазвароту’, ’гэты орган як сімвал перажыванняў, настрою, пачуццяў’, перан. ’гнеў, злосць’ (ТСБМ, Ласт., Некр. і Байк., Бяльк., Касп., Дразд., Сцяшк., Сл. ПЗБ), таксама сэ́рцо ’тс’ (Мал., Сцяшк., Сл. ПЗБ), сэ́рцэ ’тс’ (Нас., Шн. 2, Сл. Брэс., Сержп. Прымхі), ст.-бел. сэ́рцэ ’тс’ (XVI ст., Золтан, Athila, 551); сюды ж сэ́рца ’цэнтральная ўнутраная частка дрэва, стрыжань’ (Сцяшк.), ’стрыжань’ (Сл. Брэс.), ’чырвы (масць у картах)’ (Наша ніва, 2002, 15 лют.), сэ́рцэ ’адтуліна ў жаку або рыбацкай сетцы’ (Тарн., Горбач, Зах.-пол. гов.); гл. таксама серца. Укр. се́рце, рус. се́рдце, стараж.-рус. сьрдьце, польск., н.-луж. serce, ст.-польск. sierce, чэш., славац. srdce, серб.-харв. ср̏це, дыял. ’унутранасці, вантробы’, славен. srcẹ̑, балг. сърдце́, дыял. съ́рце ’тс’ і ’жывот, страўнік’, макед. срце, ст.-слав. срьдьце ’тс’ і ’жывот, страўнік’. Прасл. *sьr̥dьce ’сэрца’ < *sьr̥dьko утрымлівае памянш. суф. ‑ko; каранёвае імя захоўваецца ў *milo‑sŕ̥dъ ’міласэрны’, *sr̥diti sę ’сярдзіцца, злавацца’. Першапачатковае *sьrd‑/*sьdь, роднаснае літ. širdìs ’сэрца’, лат. sir̂ds ’сэрца; мужнасць; гнеў’, ст.-прус. seyr ’сэрца’, грэч. κῆρ (< *ḱērd‑), гоц. haírtô‑ ’сэрца’, хец. kard ’тс’ і інш.; гл. Фасмер, 3, 605–606; Слаўскі, SP, 1, 101; Траўтман, 302; Фрэнкель, 986–987; Вальдэ-Гофман, 1, 271–272; Покарны, 579–580; Махэк₂, 572; Шустар-Шэўц, 1284–1285; Скок, 3, 316–317; Борысь, 542; Сной, 600; ЕСУМ, 5, 222. Ацвярдзенне с‑ Карскі (1, 357) тлумачыў украінскім і польскім уплывам, дзе, аднак, да гэтага часу формы serce і sierce сустракаюцца ў гаворках, а распаўсюджанне першай з іх адбылося праз т. зв. культурны дыялект з чэшскай мовы і фіксуецца з пачатку XVI ст. (Басай-Сяткоўскі, Słownik, 314). Параўн. таксама пярэчанні Векслера (Гіст., 207), які па лінгвагеаграфічных прычынах сумняваецца ў такіх уплывах і дапускае тут вынік рэгрэсіўнай асіміляцыі. Першапачатковая семантыка, суадносная з паўднёваславянскай, захавалася ў выразе натшчэ серца ’на пусты страўнік’ (Сержп. Прымхі).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)