адмо́ўны, -ая, -ае.

1. Які змяшчае ў сабе адмаўленне.

А. адказ.

А. займеннік.

2. Дрэнны, варты асуджэння.

А. персанаж у п’есе.

3. У матэматыцы: які ўяўляе сабой велічыню, узятую са знакам мінус, меншую за нуль.

А. лік.

4. Суадносны з такім відам электрычнасці, матэрыяльныя часціцы якога з’яўляюцца электронамі (спец.).

А. электрычны зарад.

5. Які паказвае на адсутнасць чаго-н., процілеглы чаканаму.

А. вынік.

6. Неадабральны, асуджальны.

А. водгук.

Адмоўная рэцэнзія.

7. у знач. наз. адмо́ўнае, -ага. Тое, што характарызуецца адмоўнымі якасцямі; процілеглае дадатнаму.

Бачыць ва ўсім толькі адмоўнае.

|| наз. адмо́ўнасць, -і, ж. (да 1, 2 і 4 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

мета́л, -у, мн. -ы, -аў, м.

Хімічна простае рэчыва або сплаў, якім уласцівы бляск, коўкасць і добрая праводнасць цеплыні і электрычнасці.

Высакародныя металы — металы, якія не акісляюцца і не ржавеюць (золата, серабро, плаціна).

Каляровыя металы — усе металы і іх сплавы, акрамя жалеза і яго сплаваў.

Лёгкія металы — металы, якія валодаюць малой шчыльнасцю, ніжэйшай за шчыльнасць жалеза (алюміній, магній, натрый і інш.).

Цяжкія металы — металы з вялікай атамнай вагой або шчыльнасцю (жалеза, ванадый, свінец, ртуць і інш.).

Чорныя металы — жалеза і яго сплавы (чыгун, сталь).

|| прым. металі́чны, -ая, -ае.

Металічныя грошы.

М. голас (перан.: звонкі і рэзкі).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

рага́тка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

1. Прыстасаванне для перагароджвання доступу куды‑н. у выглядзе некалькіх накрыж збітых калоў, прымацаваных да доўгага бруса. [Людзі] усхапіліся з зямлі, падмялі пад сябе вартавых, .. раскідалі калючыя рагаткі і ў адзін момант зніклі ў густым хмызняку. Лынькоў. // перан.; звычайна мн. (рага́ткі, ‑так). Перашкода, замінка. Рагаткі царскай цэнзуры. Бюракратычныя рагаткі.

2. Рагулька з прывязанай да абодвух яе канцоў гумкай для кідання. Страляць з рагаткі. □ У .. [Кастуся] рагатка ёсць, зручная такая, з жоўтай гумы... Рылько.

3. Палка з развілінай для падтрымання якіх‑н. прадметаў. Падбеглі [мужчыны] бліжэй, убачылі .. кацёл, падвешаны на дзвюх нізкіх рагатках. Кулакоўскі.

4. Уст. Жалезны нашыйнік з доўгімі вастрыямі ўнутры, які надзявалі на шыю каму‑н. як пакаранне за правіннасць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

расто́к, ‑тка і ‑тку, м.

1. ‑тку. Памянш. да рост (у 2 знач.). За малы расток яе і звалі Лукерка. Ракітны.

2. ‑тка. Сцябло расліны ў самым пачатку яго развіцця з семя, клубня, кораня і пад. Пахла саладкаватай прэллю — якраз пасярод хаты ляжала выграбеная з падполля бульба з доўгімі белымі расткамі. Навуменка. Над палямі ярчэй палае Неўміручай вясны агонь, І зерне растком прабівае Зямлі пасівелую скронь. Матэвушаў. // Парастак з пупышкамі для пасадкі; чаранок. [Мітрафан:] — Напачатку .. [грушцы] лімоначку прышчэпім, а праз годзік з другога боку — з сапяжанкі расток. Ракітны.

3. толькі мн. (расткі́, ‑оў); перан.; чаго або якія. Першыя прыкметы, рысы чаго‑н. новага; парасткі. Расткі сацыялізма падымаюцца ў вёсцы, памнажаецца колькасць калектыўных гаспадарак. «Беларусь».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

чахо́л, ‑хла, м.

1. Покрыўка з тканіны ці якога‑н. іншага матэрыялу, зробленая па форме якога‑н. прадмета для захавання яго ад псавання, забруджвання і пад. [Салдат] дастаў з чахла рыдлёўку і пачаў расчышчаць крынічку, што выбівалася з-пад зямлі ля старой алешыны на лужку. Хомчанка. Свіст ветру за дзвярамі, хлопанне чахла па гармаце вярталі мяне да рэчаіснасці. Шамякін. // Пра што‑н., падобнае па такую покрыўку па форме і прызначэнню. Кожны з карэньчыкаў знаходзіцца ў асобым чахле, які ўтвараецца з пяску, склеенага сокам расліны. Гавеман.

2. Падкладка лёгкай празрыстай жаночай сукенкі з больш шчыльнай тканіны. Гэта ўсё ж было шчасце. Шчасце першага «дарослага» валю, шчасце першай «дарослай» бальнай сукенкі, белай, у амаль белым, толькі трохі блакітным карункавым чахле. Караткевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

уста́ць, устану, устанеш, устане; зак.

1. Стаць на ногі; падняцца з ляжачага, сядзячага становішча. — Устаць! — строга крыкнуў вартаўнік суда. Прысутныя ўсталі. Брыль. Бацька доўга яшчэ сядзеў на ўслоне каля стала. Затым устаў і палез на палаткі. Ляўданскі. Лось устаў на ногі, панюхаў лёд, прабег трушком, рассыпаючы капытамі снег. Пташнікаў. // Прачнуўшыся, падняцца з пасцелі. Маці адкінула коўдру з грудзей, заварушылася з намерам устаць. Якімовіч. — Помню, помню, маці, зараз устану! — адказаў.. [Рыгор] і злез з пасцелі. Гартны. // Паправіцца, выздаравець. [Алаіза] чуць выкачалася ад хваробы. Думала, што ўжо і не ўстане. Арабей. / Пра палеглыя расліны. Пшаніца ўстала пад дажджом. Вялюгін. // перан. Аднавіцца, адбудавацца. Глядзі! Ля нашай школы Устаў з руін Палац. Агняцвет.

2. Падняцца на абарону чаго‑н.; падрыхтавацца да барацьбы за што‑н. І ленінцы, яднаючы рады, За Леніным супроць царызму ўсталі. Астрэйка.

3. Узысці, з’явіцца на гарызонце (пра нябесныя свяцілы). На дварэ светла, толькі што ўстаў месяц. Лобан. / у вобразным ужыв. Нада мною Мядзведзіца ўстала, Замахнулася зорным каўшом. Ляпёшкін.

4. перан. Узнікнуць, з’явіцца; паўстаць. Прыпомніў ён падзеі мінулага дня. Цяпер яны ўсталі перад дзедам у другім святле. Колас. Калі ўсё сціхла і супакоілася — зноў устала пытанне пра дзялянку, пра дровы, а цяпер ужо ў дадатак і пра каня. Васілевіч.

•••

Устаць з зоркай — устаць вельмі рана.

Устаць з левай (не з той) нагі — быць у дрэнным настроі, злавацца без асаблівай прычыны.

Устаць з магілы — выздаравець, ачуняць пасля цяжкай хваробы.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сло́ва, -а, мн. -ы, слоў, н.

1. Асноўная сэнсавая адзінка мовы, якая свабодна ўзнаўляецца ў мове і служыць для пабудовы выказвання.

Іншамоўныя словы.

Падзяліць с. на склады.

2. адз. Мова і маўленчыя здольнасці.

Культура с.

Валодаць словам.

3. звычайна мн. Фраза, выказванне; гаворка, размова.

Бацькавы словы.

Сказаць некалькі слоў на развітанне.

4. адз. Вуснае публічнае выступленне, прамова дзе-н., а таксама права, дазвол гаварыць публічна.

Заключнае с. на выбарным сходзе.

Атрымаць с. для выступлення.

5. адз., з азначэннем. Думка, вывад; дасягненне ў якой-н. галіне.

У гэтай справе трэба с. вучоных.

Новае с. ў навуцы.

6. мн. Тэкст да вакальнага твора.

Песня на словы Адама Русака.

7. адз. Літаратурны твор у форме аратарскай прамовы, пропаведзі ці паслання (уст.). «С. аб палку Ігаравым».

Адным словам — карацей кажучы.

Ад слова да слова — ад пачатку да канца.

Апошняе слова

1) навейшае дасягненне (кніжн.);

2) заключнае слова падсуднага.

Браць слова назад (разм.) — адмаўляцца ад сказанага.

Глытаць словы — гаварыць неразборліва.

Да слова сказаць — у сувязі са сказаным.

Закінуць слова за каго (разм.) — падтрымаць пры неабходнасці.

З чужых слоўз таго, што сказана кім-н.

Не абмовіцца ні адным словам — змаўчаць.

Слова за слова

1) пра паступовае развіццё размовы;

2) спрачаючыся, пасварыцца.

Слоў няма (разм.) — канешне, так.

У адно слова — разам, адначасова падумаць, сказаць.

У двух словах (разм.) — коратка.

Цвёрдае слова — якому можна верыць.

|| памянш. сло́ўца, -а, н. (да 1 і 3 знач.; разм.).

|| прым. сло́ўны, -ая, -ае (да 1—3 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

Галантарэ́я (БРС), рус. галантере́я. Запазычанне з зах.-еўрап. моў (хутчэй за ўсё з ням.): ням. Galanterie ’тс’ < франц. galantérie ’галантнасць, ветлівасць’. Гл. Фасмер, 1, 385; Шанскі, 1, Г, 13. Націск у слове сведчыць супраць версіі аб польскім (galanteria) пасрэдніцтве пры запазычанні. Бел., як і ўкр., слова ўзята непасрэдна з рус. мовы.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Рэ́цьмаз усіх ног, стрымгалоў’ (ЖНС, Касп., Макар. Суадносіцца з рус. рети́вый ’рэзвы; які рвецца да бегу (пра каня)’, рети́ться ’гарачыцца; палка брацца за што-небудзь’. Ст.-рус. ретитися ’спаборнічаць; імкнуцца’, реть ’старанне, запал’. Чарных (2, 100) выводзіць прасл. *retь (< *ērtь?) і суадносіць з *ratь (гл. раць), што цяжка давесці.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пстры́ца1 ’адзін з прыёмаў кідання сцізорыка пры дзіцячай гульні ў ножык, трымаючы яго пальцамі за канец вастрыя’ (гродз., Нар. словатв.). Да пстрыкаць, пстрык (гл.).

Пстры́ца2 ’кола з паглыбленнем для шнура’ (гарад., Сл. ПЗБ). З польск. tryca ’паглыбленне ў бэльцы для шнура’ < ням. Fritze ’пад’ёмны дыск’ (Дарашэўскі, 7, 135).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)