ікра́, ‑ы, ж.

1. Змацаваная сліззю маса зернепадобных яечак, якія адкладваюцца рыбамі, земнаводнымі, малюскамі і іншымі воднымі жывёламі. Ікра жабы. □ Акунь адкладвае ікру ў адзін прыём, таму і нераст у яго цягнецца не больш 3–5 дзён. Матрунёнак. // Харчовы прадукт, які атрымліваецца шляхам апрацоўкі зернепадобных яечак рыбы. Бутэрброд з ікрой.

2. (пераважна з азначэннем). Яда з дробна пасечанай агародніны, грыбоў і інш. Кабачковая ікра. Баклажанавая ікра.

•••

Зярністая ікра — сорт чорнай ікры, прасоленай у непрацёртым выглядзе (у паюсах).

Паюсная ікра — сорт чорнай прасаванай салёнай ікры.

Чорная ікра — ікра асятровых рыб (бялугі, сяўругі, асятра і інш.).

Чырвоная ікра — ікра ласасёвых рыб (кеты, гарбушы і інш.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

факту́ра 1, ‑ы, ж.

Спец.

1. Своеасаблівая якасць апрацоўкі матэрыялу, яго паверхні. Фактура мармуру. Фактура сукна. □ Сучасная тэхналогія дае магчымасць вырабляць керамічныя дэталі самых розных памераў, рознага колеру, рознай фактуры. «Маладосць».

2. Своеасаблівасць мастацкай тэхнікі ў творах мастацтва. У вобразнай фактуры .. вершаў [А. Дудара] таксама шмат агульнага з ясенінскімі. «ЛіМ». Моўная фактура гэтага твора [«Сокі цаліны»] наглядна паказвае стан распрацаванасці стылю прозы ў той час. Навуменка. Нельга не адзначыць яшчэ адну асаблівасць фільма — яго амаль дакументальную фактуру. «ЛіМ».

[Лац. factura — апрацоўка, будова.]

факту́ра 2, ‑ы, ж.

Спец. Рахунак з вопісам адпраўленага тавару. [Усевалад:] — Колькі траціцца разумнага чалавечага часу на гэтую бяздушную работу. Фактуры, накладныя, нарады, даведкі, ведамасці, ліміткі, акты... Скрыган.

[Лац. factura — апрацоўка, будова.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Су́валака ’пакулле’ (Нас., Касп., Юрч.), ’вяроўка’ (Нар. Гом.), ’маніцы’ (Гарэц.), су́волока ’пырнік, Agropyron repens L.’ (іван., пін., ЛА, 1). Параўн. рус. су́волока ’зброд’, ’пустазелле; дрэнныя каноплі, якія пакідаюцца на полі’. Ад су- і валачыць, валаку; параўн. су́валач ’адыходы пры апрацоўцы лёну мяліцай’ (барыс., Жд. 1). Насуперак Фасмеру (3, 793) цяжка аддзяліць ад формаў з сінкопай су́валка ’рэшткі валакна пасля трапання льну, канапель’, ’блытанае валакно’ (Бяльк.; ушац., Шатал.), ’пакулле’ (Яруш.), ’сухія карэнні, пырнік’ (паст., ЛА, 4), ’высахлыя расліны, якія зграбаюць восенню з агародаў’ (Растарг.), сува́лка ’рэшткі льну, якія застаюцца пасля апрацоўкі яго ў церніцы’ (докш., Гіл.), су́волка ’вельмі тоўстыя ніткі’ (ТС). Параўн. рус. су́валка ’ачоскі (льна, канапель)’, паводле Фасмера (там жа), ад валитъ (гл. валіць2). Борысь (Prefiks., 95) на аснове балцкіх адпаведнікаў, параўн. літ. są́valkos ’тое, што разам сцягнулі; галота, зброд’, узнаўляе прасл. дыял. *sǫvolka: *sъvelkti ’звалачы, сцягнуць’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

рабо́та, -ы, ДМо́це, мн. -ы, -бо́т, ж.

1. Праяўленне, ажыццяўленне якой-н. дзейнасці; дзейнасць, праца чаго-н.

Пасля работы хацелася адпачнуць.

Р. матора машыны.

Р. сэрца.

2. Кола заняткаў, справа; пэўны род дзейнасці.

У яго работы — непачаты край.

Фізічная р.

Грамадская р.

3. Служба, праца ў якой-н. установе, на якім-н. прадпрыемстве.

Паступіць на работу.

Сумяшчаць работу з вучобай.

4. мн. Дзейнасць па стварэнні, вырабе, апрацоўцы чаго-н.

Сельскагаспадарчыя работы.

Унутраныя работы ў новым доме.

5. Прадукт працы, выраб, твор.

Выстаўка работ мастака.

Друкаваная р.

6. Тое, што знаходзіцца ў працэсе апрацоўкі, дапрацоўкі.

Прынесці работу дадому.

7. Якасць або спосаб выканання чаго-н.

Замок кавальскай работы.

8. Фізічная велічыня, якая колькасна характарызуе змены пры ператварэнні аднаго віду энергіі ў другі.

Адзінка вымярэння работы.

Пусціць у работу — даць прымяненне чаму-н.

|| памянш.-ласк. рабо́тка, -і, ДМ -тцы, ж. (да 2, 5 і 7 знач.; разм.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

Ляжа́ць, лежа́ць, ліжа́ць, лыже́тэ ’знаходзіцца, займаць гарызантальнае становішча, прастору’, ’распасцірацца’, ’прылягаць’, ’хварэць’, ’захоўвацца’, ’пра зямлю, якая непрыгодна для апрацоўкі’ (ТСБМ, Яруш., Бяльк., Мат. Гом., Янк. 1, Ян., Сцяшк. Сл., Сл. ПЗБ). Укр. лежа́ти, рус. лежа́ть; польск. leżeć, палаб. liže (3 ас. адз. ліку), н.-луж. lažaś, в.-луж. ležeć, чэш. ležeti, славац. ležať, славен. léžati, серб.-харв. лѐжати, макед. лежам, балг. лежа́, ст.-слав. лежати. Прасл. ležati, якое з legeti ’быць выцягнутым гарызантальна ўсім целам на чым-небудзь’ (Слаўскі, 4, 196–198). Да і.-е. *legh‑: ст.-в.-ням. ligen (liggan), гоц. ligan, ст.-сакс. liggian, ням. liegen, ст.-ісл. liggja, ст.-грэч. λέχος, λέκτρον ’пасцель’, ст.-ірл. ligę ’пасцель, магіла’ (Бернекер, 1, 704–705; Мее, MSL, 14, 339;Фасмер, 2, 475; Махэк₂, 329; Скок, 2, 281–283; БЕР, 346–347; Шустар-Шэўц, 11, 818). Сюды ж міёр. ле́жъцца ’даспяваць сарванымі, лежачы (пра плады)’ (Нар. сл.), ле́жанне ’вылежванне (пра плады)’ (Юрч.), ляжня́ ’ляжанне’ (ТСБМ).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пусці́ць ’дазволіць рухацца; кінуць; пакінуць у спакоі; адпусціць, адлажыць’ (Сл. ПЗБ, Сержп., ТС, Яруш., Бяльк.), ’даць, вызваліць месца, праход, дарогу’ (кір., Нар. сл.) у спалучэннях: пусці́ць го́лас ’падаць голас’ (Гарэц.), пусці́ць на вецер ’зачараваць, праклясці, выкарыстоўваючы вецер як сродак пераносу пракляцця’ (мін., Жыв. сл.), сюды ж пусці́цца ’пайсці; дазволіць сабе нешта; пачаць расці’ (Сл. ПЗБ), пусці́цца ў абу́зу ’пайсці ў блуд’ (Бяльк.), пусці́цца сарама́ ’згубіць сорам’ (Шат.), параўн. укр. пусти́ти, рус. пусти́ть, польск. puścić, чэш. pustiti, славац. pustiť, в.-луж. pusćić, н.-луж. pušćiś, славен. pústiti, серб.-харв. пу̀стити, балг. пу́сна, макед. пушти, ст.-слав. поустити. Прасл. *pustiti ад *pustъ (гл. пусты), гл. Фасмер, 3, 405; Бязлай, 3, 138; Шустар-Шэўц, 2, 1194; першапачатковае значэнне ’зрабіць вольным, вызваліць’ (Чарных, 2, 84) або ’кінуць, пакінуць без людзей’, што, на думку Сноя (516), адлюстроўвае качавы спосаб жыцця; апошняе можна аднесці і да прымітыўнага (падсечна-агнявога) спосабу апрацоўкі зямлі, якую пакідалі без увагі пасля выкарыстання, бо яна ўжо была пустая, неўраджайная (Махэк₂, 501). Гл. таксама пуска́ць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пы́таль (пытэль) ’машына для апрацоўкі зерня’: пшеницу ободрали на пытэль (Нас.), ’пытля, вальцы, вальцавы млын’ (лун., Шатал.; чэрв., астрав., беласт., Сл. ПЗБ; Нар. лекс.; Мат. Гом.), ’лепшага гатунку мука з папярэдне ачышчанага зерня’ (Шат.), пытль ’тс’ (Касп.), пы́цель ’вальцы, вальцавы млын; вальцавала мука’ (ТСБМ), сюды ж пытлява́ць ’дробна размолваць і прасейваць зерне’ (ТСБМ, Нас., Сл. ПЗБ), пытлёўка ’пытляваная мука’ (Шат., Мат. Маг., Сл. ПЗБ), путлёўка ’тс’ (ТС), даць пы́тлю ’даць наганяй, вылаяць, пабіць’ (Янк. БФ.; люб., Жыв. НС), пы́цялям ’вельмі хутка’ (навагр., Жыв. НС). Са ст.-в.-ням. būtil (> с.-в.-ням. biutel, ням. beutel ’мяшок’), мяркуецца, праз пасрэдніцтва чэш. pytel ’мяшок з палатна’ і польск. pytel ’сіта ў выглядзе мяшка з тонкага льнянога палатна для ачышчэння мукі ад вотруб’я’ (фіксуецца з 1393 г., вытворнае pytlować з 1463 г., гл. Банькоўскі, 2, 971), параўн. ст.-бел. пытель, пытлевати (Булыка, Лекс. запазыч., 93–94); пра фанетычныя прыкметы запазычання гл. Цвяткоў; Запіскі, 2, 57.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

цаліна́, ‑ы, ж.

1. Некранутая, ніколі не араная, але прыгодная для апрацоўкі зямля. На ўзаранай і шчодра ўгноенай попелам цаліне закаласілася жыта, проса, авёс, ячмень. В. Вольскі. // Разм. Цалінныя землі, пераважна Сібіры і Казахстана, якія пачалі інтэнсіўна асвойвацца ў 50‑я гады 20 ст. Ідуць шафёры і шахцёры, Геолагі свідруюць горы, Гідролагі шукаюць брод, І кожнаму — па дваццаць год. А нашы дочкі і сыны нам пішуць пісьмы з цаліны. Грахоўскі.

2. Тое, што і цалік. Снежная цаліна. □ Праваднік вядзе іх [партызан] патаемнымі мясцінамі, дзе малапрыкметнай сцежкай, а дзе проста цаліной. Кулакоўскі. — Вось зайчык бег, — паказаў Косцік, калі яны звярнулі з дарогі на цаліну, у кусты. Брыль.

3. перан. Недаследаваная, нявывучаная справа, галіна чаго‑н. Аўтар [Карпаў У.] узняў вельмі важную і некранутую ў беларускай літаратуры цаліну горадабудаўніцтва. Хадкевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

хвост, хваста́, М хвасце́, мн. хвасты́, хвасто́ў, м.

1. У жывёл: звычайна рухомы прыдатак на задняй частцы цела або значна звужаная задняя частка цела.

Конскі х.

Х. яшчаркі.

Птушыны х.

2. Задняя, канцавая частка лятальнага апарата (самалёта, ракеты і пад.).

Х. самалёта.

3. Задняя частка падола адзежы, якая цягнецца па зямлі (разм.).

Х. сукенкі.

4. Канцавая частка чаго-н., што рухаецца.

Х. калоны.

Х. цягніка.

5. Крайняя, ніжняя частка чаго-н.

Х. рэдзькі.

6. Доўгая звілістая паласа (дыму, пылу і пад.).

З трубы падымаўся х. дыму.

7. Рад людзей, якія стаяць у чарзе за чым-н. (разм.).

Х. у касу за білетамі.

8. перан. Частка работы, не выкананая ў тэрмін; няздадзены экзамен або залік у час сесіі (разм.).

Х. па матэматыцы.

9. Рэшткі ад апрацоўкі пароды з карысным выкапнем (спец.).

|| памянш. хво́сцік, -а, мн. -і, -аў, м. (да 1 і 3—6 знач.).

|| прым. хваставы́, -а́я, -о́е (да 1, 2, 4, 5 і 9 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

Ла́дка1, ла́дачка ’аладка, пернік’ (Нас., Бяльк., Касп., Яруш., Шат., Яўс., Мат. Гом., З нар. сл.) у выніку адпадзення пачатковага а‑ ў ала́дка (гл.). Тое ж укр., рус. (паўд., дан., смал., бран.) ладка ’тс’.

Ла́дка2, ла́дкі, ладо́шы, ла́данкі‑ла́дкі ’далонь’, дзіцячая гульня’, ’удар па далоні лінейкай у якасці пакарання’ (ТСБМ, Яруш., Бяльк., Сл. паўн.-зах., Нас.), укр. ла́дка, ла́дки, ладо́шки, ладу́сі, ладу́шки, ла́ді ’далоні (дзіцячае слова)’, рус. ладка, ладки, ла́душка, ла́ды ’далоня, далоні’, ’гульня, у якой б’юць далонямі’. Усх.-слав. лексема, утвораная метатэзай ад ⁺долонь < прасл. dolnь. Да далоня (гл.).

Ла́дка3, латка, лодачка ’пучок (у 3–4 жмені) сухога льну, каноплі, які знімаецца з печы ў адзін прыём і выносіцца для апрацоўкі на церніцы’ (Уладз.), петрык. ’пяць-шэсць жмень нажатага жыта’ (Шатал.), слуц., любан. ’пярэбірак, бярэмечка сена’ (Сл. паўн.-зах.). Да ладзіць, лад (гл.).

Ла́дка4 ’адарваны або адрэзаны ад старога адзення вузенькі кавалачак’ (Шатал.). Паходзіць з латка (гл.). Азванчэнне ‑d‑ адбылося пад уплывам дзеяслова ладзіць ’рамантаваць, прыводзіць у парадак’.

Ла́дка5 ’гліняная міска’ (лудз., Сл. паўн.-зах.). Да латках (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)