Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБРАЗІ́ЎНА-І́МПУЛЬСНАЯ АПРАЦО́ЎКА,
від ультрагукавой апрацоўкі, пры якім паверхня крохкіх матэрыялаў апрацоўваецца імпульсным уздзеяннем абразіўных часцінак. Пры абразіўна-імпульснай апрацоўцы ў зону апрацоўкі нагнятаецца суспензія абразіўных часцінак алмазу, вокісу алюмінію, карбіду крэмнію ці бору, рух якіх выклікаецца канцэнтратарам ультрагукавых ваганняў. Пры ўздзеянні на матэрыял часцінкі зразаюць яго, і апрацаваная паверхня капіруе форму рабочай часткі канцэнтратара. Крыніцай ваганняў з’яўляецца ультрагукавы генератар. абразіўна-імпульснай апрацоўкі выкарыстоўваецца пераважна для фарміравання адтулін, поласцяў, фасонных паверхняў, шліфавання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУЛЬТЫВА́ТАР,
прылада для рыхлення глебы, знішчэння пустазелля, акучвання і падкормкі раслін (гл.Культывацыя). Падзяляюцца на папарныя (для суцэльнай апрацоўкі глебы) і прапашныя (для міжрадковай апрацоўкі прапашных культур); прычапныя, навясныя і паўнавясныя.
Папарныя К. бываюць лапавыя (палявыя, садовыя, ягаднікавыя, лясныя, рыхліцелі і проціэразійныя са стральчатымі лапамі), штангавыя (з франтальна размешчанай штангай, якая пры вярчэнні вырывае пустазелле) і пласкарэзы (для апрацоўкі глебы, схільнай да ветравой эрозіі). Прапашныя К., у т. л.К.-раслінасілкавальнікі, К.-акучнікі выкарыстоўваюць для рыхлення глебы і знішчэння пустазелля ў міжрадкоўях, падкормкі раслін і іх акучвання, наразання барознаў для паліву. У залежнасці ад велічыні прасвету пад рамай (для праходу над раслінамі) бываюць для апрацоўкі пасеваў нізкасцябловых (буракоў і інш. караняплодаў) і высокасцябловых (кукурузы, бульбы, капусты і інш.) культур. Універсальныя К. прыстасаваны для суцэльнай апрацоўкі глебы і догляду за пасевамі. К. забяспечваюцца зменнымі рабочымі органамі.
На Беларусі найб. выкарыстоўваюць К. з палольнымі лапамі (аднабаковыя, стральчатыя пласкарэзныя і універсальныя), з разрыхляльнымі лапамі (долата- і коп’епадобныя), акучвальныя карпусы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВА́КУУМНАЯ ПЕЧ,
печ для апрацоўкі металу пад вакуумам. Бываюць награвальныя (для тэрмічнай апрацоўкі сталі) і плавільныя (для вытв-сці хім. актыўных і тугаплаўкіх металаў, высакаякасных сталяў, інш. сплаваў). Найб. пашыраны дугавыя і індукцыйныя вакуумныя печы. Для выплаўкі асабліва якасных сплаваў прымяняюць электронна-прамянёвыя печы і плазменна-дугавыя печы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗУБАРЭ́ЗНЫ ІНСТРУМЕ́НТ,
разнавіднасць металарэзнага інструменту для вырабу зубоў зубчастых колаў, зорачак ланцуговых перадач і інш. на металарэзных станках. Адрозніваюць інструменты для апрацоўкі метадам абкаткі (чарвячныя фрэзы, даўбякі, зубастругальныя разцы, разцовыя галоўкі, зубарэзныя грабяні) і метадам капіравання (дыскавыя ці пальцавыя фрэзы, зубадаўбёжныя галоўкі, пазавыя, кругавыя і ахопныя працяжкі). Метад абкаткі забяспечвае найб. дакладнасць апрацоўкі. Зубадаўбёжныя галоўкі і ахопныя працяжкі адначасова выразаюць усе зубы і маюць найб. прадукцыйнасць зубаапрацоўкі. Для чыставой апрацоўкі рабочых паверхняў зубоў выкарыстоўваюць дыскавыя, рэечныя або чарвячныя шэверы.
В.І.Шагун.
Да арт.Зубарэзны інструмент. Зубарэзныя грабяні: а — прамазубы; б — касазубы.