хало́дны, ‑ая, ‑ае.

1. З нізкай або адносна нізкай тэмпературай. Халодная вада. Халодны вецер. □ Дзякуй цёплым дажджом і халоднай расе за жыты, што ўзраслі ў небывалай красе. А. Вольскі. Каб, апаліўшыся, боль заглушыць, — Трэба толькі да раны халоднай зямлі прылажыць. Багдановіч. // З моцнымі, частымі халадамі. Халодная зіма. / у вобразным ужыв. Заплакалі шыбы на вокнах Халоднай асенняй слязой. Астрэйка. // З суровым кліматам. А вочы возьмуцца гарэць Агнямі дрэў, Травы і кветак... Цяплом іх можна абагрэць Халодныя краіны свету. Глебка. // Які не дае цяпла, слаба грэе. А сонца шчодра асвятляе і лес, і дарогу.. Яно халоднае, марознае сонца. Лынькоў. // Які выклікае адчуванне холаду; звязаны з адчуваннем холаду. Салдат у роспачы зноў заўважыў над сабою безнадзейныя зоры і халоднае неба. Чорны. // Пра святло, бляск і пад. Застылі дарогі ў тумане, Халодныя зоры гараць. Бачыла. — Зірні, у святле маладзіка — Халодны бляск, то бляск штыка. Куляшоў.

2. Які страціў цеплыню, астыў. Халодны суп. □ Снедалі. Бульба ў лупінах, падагрэтая ў рынцы ўчарашняя капуста, хлеб, як зямля, і халодныя аладкі, таксама ўчарашнія. Брыль. // Які падаецца і ўжываецца ў ахалоджаным, не гарачым стане. Падавальшчыца хутка прынесла халодную закуску — селядзец з цыбуляй і варонай бульбай. Пестрак. Мы чапіліся з белых-белых фарфоравых кубкаў халоднага бурштынавага квасу. Пальчэўскі.

3. Які дрэнна ахоўвае ад холаду, не трымае цяпла. На .. [настаўніку] было халоднае паліто і летняя шапка. Колас. Сцвярджаў я маці: — Шапка малавата, Я прахаджу і ў летняй, не бяда! Халодная вушанка, мала ваты... Барадулін.

4. Які не ацяпляецца, не абаграваецца. Халодны хлеў. □ Яранга была падзелена на дзве палавіны. У першай, халоднай палавіне жылі сабакі і ляжалі розныя рэчы. Бяганская.

5. у знач. наз. хало́дная, ‑ай, ж. Уст. Памяшканне для арыштаваных. [Земскі:] — Я пакажу табе ўладу! Забраць у халодную! Якімовіч.

6. Разм. Які пакутуе ад холаду. Ладымер Стальмаховіч зазнаў за свой век галоднай і халоднай бяды. Чорны. // Які праходзіць, адбываецца ў холадзе. Пакойчык зімою часта быў няпалены, халодны. Арабей.

7. Які ажыццяўляецца пры нізкіх тэмпературах, без награвання. Халодная апрацоўка металу. Халоднае вэнджанне. □ У час халоднай абкаткі выпрабавальнікі правяралі, як працуе масляная сістэма. «Маладосць».

8. у знач. наз. хало́днае, ‑ага, н. Тое, што і халадзец.

9. перан. Звязаны з пачуццём унутранага, душэўнага холаду, страху, хвалявання. Падумаў Міколка і аж уліп у зямлю, халодным потам абліўся. Лынькоў.

10. перан. У якім няма запалу, пачуцця. Пачулася халодная, як жалеза, каманда. Гурскі. Халодны спакой ахапіў усю істоту Тарыела. Замерла сэрца, ён амаль не дыхаў, але галава была яснай і рукі не дрыжэлі. Самуйлёнак. // Пазбаўлены жывасці. Менавіта так атрымалася з асобнымі вершамі раздзела «Над кручамі каўказскімі», якія з’яўляюцца, па сутнасці, халоднымі ілюстрацыямі да ўвогуле правільных, слушных думак і адчуванняў паэта. Рагойша.

11. перан. Стрыманы ў праяўленні пачуццяў; раўнадушны, бясстрасны. [Марына Паўлаўна:] — Які ён [Пятроў] халодны... Няўжо ўсё жыццё я буду жыць з гэтай глыбай лёду... Васілевіч. Будзь са мною і добрай, і строгаю, ды ніколі халоднай, малю! Тармола. // Без эмоцый, перажыванняў; які падказвае розум. І баюся спудзіць Сваёй разважнасцю і мудрасцю халоднай Вось гэта свята неслухмяных ліній [дзіцячых малюнкаў], Яшчэ не зведзеных ні ў якія параграфы Вучоных кніжак. Сіпакоў. Твар.. [Густава] запаланіла рыса ўпэўненасці, спакою і разам з тым цікаўнасці і халоднай разважлівасці. Чорны. // Пазбаўлены душэўнага цяпла; строгі, нядобразычлівы. Халодны позірк. Халодны прыём. □ Развітанне было сухім, халодным. Шахавец.

•••

Халодная вайна гл. вайна.

Халодная зброя гл. зброя.

Халодныя закускі гл. закуска (у 2 знач.).

Абліцца халодным потам гл. абліцца.

Як халоднай вадой абліць гл. абліць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

гара́, ‑ы; мн. горы, гор; ж.

1. Участак зямной паверхні, які высока ўзнімаецца над акаляючай мясцовасцю; проціл. нізіна. Гара Эльбрус. Узысці на вяршыню гары. Спусціцца к падножжу гары. Скалістыя горы. □ На многа вёрст былі відаць з гары.. палі жытоў і канюшыны. З. Астапенка. // толькі мн. (го́ры, гор). Гарыстая мясцовасць, горная краіна. Жыхары гор. Адправіцца ў горы. □ Мадам Гамрэкелі ад пачатку лета выехала з Гіо.. ў горы, на дачу, дзе не было малярыі. Самуйлёнак. // Прыроднае або штучнае ўзвышэнне для катання на санках, лыжах і пад. Ледзяная гара. Катацца з гары.

2. чаго. Награмаджэнне, вялікая колькасць чаго‑н. складзенага ў кучу, зваленага кучай. Махае даўжэзнай стралой экскаватар, Ім цэлыя горы Зямлі тут узняты. Нядзведскі. Шумейка зняў гару нейкіх папер і кніжак з крэсла. Дамашэвіч. // перан. Увогуле вялікая колькасць чаго‑н. Праўду могуць падказаць толькі дзве глыбокія маршчыны на лбе, ды яшчэ рукі, вялікія цёмныя рукі, якія перарабілі гару работы. Васілевіч.

3. Памяшканне, прастора паміж столлю і дахам на хаце; гарышча. Міхась перабраўся на гару, на хату, дзе была яго пасцель. Дамашэвіч. [Люба] палезла на гару і заўважыла, што дождж засякае ў акенца без шкла ў шчыце. Чорны.

4. (звычайна з прыназоўнікамі «у», «з», «на»). Верх, вышыня. Аконца-шчыліна ў скляпенні Так скупа шле святло з гары. Колас.

5. у знач. прысл. гаро́й. Высокай кучай; як гара. Сталы адсунулі ў куток, да ложка, на якім.. гарой узвышаліся падушкі. Шахавец.

•••

Абяцаць залатыя горы гл. абяцаць.

Гара з плячэй звалілася — пра збаўленне ад якіх‑н. вялікіх клопатаў, цяжкіх душэўных перажыванняў.

Горы варочаць гл. варочаць.

Горы вярнуць на каго гл. вярнуць.

Горы зрушыць гл. зрушыць.

Горы перавярнуць гл. перавярнуць.

Звярнуць горы гл. звярнуць.

Не за гараміа) пра што‑н. блізкае, што хутка наступіць, з’явіцца. Ён ідзе, камунізм! Гэта свята не за гарамі. Панчанка; б) блізка (быць, знаходзіцца і пад.). — Мы не за гарамі. Звяртайцеся, дапаможам. Асіпенка.

Стаяць гарой за каго-што гл. стаяць.

Як на каменную гару — цалкам, поўнасцю (спадзявацца, апірацца на каго‑н.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

кало́ць 1, калю, колеш, коле; незак., каго-што.

1. Датыкаючыся чым‑н. вострым, выклікаць боль. Хвойнік рабіўся ўсё гусцейшым і гусцейшым. Іголкі балюча калолі рукі, твар. Шамякін. [Маці] засынала і пальцы калола іголкай. Бядуля. // Выклікаць востры, калючы боль. З мёрзлай зямлі ўзнімаўся пякучы пыл і калоў твар, як іголкамі. Чорны. // безас. Пра адчуванне вострага, пранізлівага болю, калацця. Ад невыразнага жалю падгіналіся ногі, тонкімі іголкамі калола пад сэрца, забівала дух. Мурашка. Далёка на захад распасцёрся акіян і так блішчаў на сонцы, што аж у вочы калола. Маўр.

2. Утыкаючы што‑н. вострае, рабіць дзірку, адтуліну ў чым‑н.; праколваць. Калоць паперу. Калоць шылам скуру.

3. Разм. Рабіць укол, уколы. — Дык жа баліць, як колюць, — жаласліва цягнуў Алік. Ваданосаў.

4. Разм. Бадаць, пароць (рагамі). Бедная тая дамова, дзе вала коле карова. Прыказка.

5. без дап. Ваюючы, б’ючыся, наносіць каму‑н. раны вострай зброяй. Усе стралялі з блізкай дыстанцыі. Крычалі, стралялі, падалі, стагналі, калолі штыхамі. Чорны.

6. Забіваць чым‑н. вострым (свіней). У адной з шчылін бервяна тырчала адмысловае шыла, якім Варташэвіч калоў свіней. Гурскі.

7. і без дап.; перан. Рабіць каму‑н. з’едлівыя, колкія заўвагі; папракаць каго‑н. [Жанчыны].. рабілі невялічкі перапынак, абедалі і з новымі сіламі калолі адна другую самымі адвостранымі словамі. Пянкрат. // Пра варожы, пільны позірк. [Таццяна] не бачыла .. [немцаў], але адчувала, што іх пільныя позіркі колюць яе спіну. Шамякін. Заўсёды былі мною нездаволены. Вечна калолі мяне, як цвікамі, злоснымі вачамі. Бядуля. // Выклікаць непрыемнае пачуццё, раздражняць. Другое, што [Любу] непрыемна калола — гэта сустрэча з новай свякрухай. Васілевіч.

•••

Калоць (у) вочыа) чым папікаць, дакараць, сарамаціць. — Калоць мне вочы сынам я нікому не дазволю! — цвёрда папярэдзіў .. [Кірыла], чамусьці звяртаючыся да Тукалы. Шамякін; б) быць непрыемным каму‑н., раздражняць. Не так балеў Кустрэю гэты авёс, як калолі яму вочы і гладкія бакі і таўсматы карак Цімохавага бычка. Колас.

Праўда вочы коле гл. праўда.

кало́ць 2, калю, колеш, коле; незак., што.

Рассякаць на часткі; расшчапляць, раздрабняць. Калоць дровы. Калоць лёд. Калоць цукар.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

мёртвы, ‑ая, ‑ае.

1. Той, які памёр; нежывы. Па дарогах валяліся разбітыя машыны, мёртвыя і параненыя фашысты. Якімовіч. Пасярод сцежкі ляжаў мёртвы алень, а над ім стаяла вялікая рысь. В. Вольскі. // у знач. наз. мёртвы, ‑ага, м.; мёртвая, ‑ай, ж. Мярцвяк, нябожчык. Засмужац нахіліўся да мёртвага, скрыжаваў яго рукі на грудзях. Мележ. // Засохлы, завялы (пра расліны). Мёртвыя лісты.

2. Такі, як у памёршага; нерухомы, бледны. Мёртвы твар. □ Каменныя львы з гладкай плошчы тэрасы паглядалі .. мёртвымі задуменнымі вачыма. Бядуля. Зачэпа слухаў усіх, усміхаўся сваёй мёртвай усмешкай. Асіпенка. // перан. Бледны, бляклы; не яркі. Пас мёртвага святла ляжыць на канапе, на стале, ручніком спадае на падлогу. Мележ.

3. На якім няма нічога жывога; бясплодны, пустынны. Мёртвая пустыня. □ Калі ж варожыя палкі Прыйшлі таптаць маю радзіму, Іх ахінуў ты ў саван дыму І кінуў мёртвыя пяскі На іх бясслаўныя магілы. Танк. // На якім спыніўся, замёр рух; апусцелы. Шаша была мёртвай. Асіпенка. Мёртвай стала .. [Сымонава] хата, і ён хадзіў па ёй адзін, як прывід. Чарнышэвіч. // перан. Які не выкарыстоўваецца, якога нельга выкарыстаць. Мёртвыя груды металу. □ Абкураныя, мёртвыя калоды вулляў стаялі, як магільныя помнікі, у спаленым садзе. Самуйлёнак.

4. перан. Пазбаўлены жыццёвасці; неактуальны. Мёртвая кніжнасць. Мёртвыя вобразы.

5. Пазбаўлены гукаў, нямы. Ды гэты лес, хоць ён і немы, Але скрозь ціш халоднай дрэмы, Скрозь гэты мёртвы сон зімовы Вядзе з Міхалам казкі-мовы. Колас. Ціхая і мёртвая асенняя ноч. Бядуля. // Поўны, абсалютны (пра цішыню, спакой, маўчанне). У пакоі была мёртвая цішыня. Лынькоў.

•••

Мёртвая гадзіна гл. гадзіна.

Мёртвая зона (спец.) гл. зона.

Мёртвая мова гл. мова.

Мёртвая прастора гл. прастора.

Мёртвая прырода гл. прырода.

Мёртвая пятля гл. пятля.

Мёртвы вузел гл. вузел.

Мёртвы інвентар гл. інвентар.

Мёртвы пункт (спец.) гл. пункт.

Мёртвы сезон гл. сезон.

Мёртвы штыль гл. штыль.

Мёртвы якар гл. якар.

Ляжаць мёртвым грузам гл. ляжаць.

Мёртвая вада гл. вада.

Мёртвая хватка гл. хватка.

Мёртвы капітал гл. капітал.

Мёртвыя душы гл. душа.

Ні жывы ні мёртвы гл. жывы.

Піць мёртвую гл. піць.

Спаць мёртвым сном гл. спаць.

Як мёртваму прыпарка (паможа) гл. прыпарка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

но́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Набыты або зроблены нядаўна; які не быў ва ўжыванні раней. Новы дом. □ Новыя танкі стаялі роўным радам. Мележ. Сам Банадысь, высокі, у новым кажуху, .. ішоў побач з канём. Чорны. // Які не існаваў раней, які ўзнік, з’явіўся нядаўна. Новы горад. □ З учарашняга дня дзядзька Якуб — старшыня, а Санька — сакратар новай улады: сельскага Савета. Якімовіч. Перад вачыма стаялі вобразы новых знаёмых. Шамякін.

2. Адкрыты, вынайдзены нядаўна; раней невядомы. Новае лякарства. Новая планета. // Які не давялося зведаць; зазнаць раней. Новая радасць. □ [Зося] уся страпянулася ад прыліву новага .. і моцнага пачуцця і ўжо цвёрда рушыла ісці. Чорны. // у знач. наз. но́вае, ‑ага, н. Тое, што нядаўна ўзнікла, з’явілася. Старое аджывае свой век, на яго месца прыходзіць новае. Арабей.

3. Незнаёмы, малавядомы каму‑н., дзе‑н. Бераг .. [Пнівадкі] жыў новымі гукамі: стук сякер, шоргат піл, песні. Чорны. // Які нядаўна з’явіўся дзе‑н., нядаўна займаецца чым‑н. Ён чалавек новы на заводзе.

4. Які прыйшоў на змену ранейшаму, замяніў сабой тое, што было. Новы дырэктар. Новыя пасажыры. □ Так вось і загінуў бы ганарлівы ручай, калі б зноў не прыйшлі людзі і на месца высечанага лесу не пасадзілі новыя дрэўцы. Шуцько. // Чарговы, наступны. Трактар дайшоў да канца і, завярнуўшыся, заняў новыя барозны. Паслядовіч. Прырода радасна сустракала з’яўленне новага дня. Чарнышэвіч.

5. Які мае адносіны да нашай эпохі, часу. Новая гісторыя. □ Мы ідзём па зямлі, Людзі новага часу. Звонак. З першай рускай рэвалюцыяй звязана і нараджэнне новай беларускай літаратуры. Ярош.

6. Не той, што раней; іншы. У новым, іншым асвятленні Пісьмо ўсплывае перад ім. Колас. І вуліца, і людзі, і сонца здаваліся .. [Эміліі] новымі. Маўр.

7. Гэтага года, апошняга ўраджаю. Новым, ліпеньскім хлебам Запыліліся жорны. Броўка.

8. у знач. наз. но́вае, ‑ага, н. Навіна. Расказвайце, што ў вас новага?

•••

Новы год гл. год.

Новы завет гл. завет.

Новы свет гл. свет.

Новы стыль гл. стыль.

Новыя мовы гл. мова.

Помніць да новых венікаў гл. помніць.

Спяваць на новы лад гл. спяваць.

Як баран на новыя вароты (глядзець) гл. баран.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

план, а, м.

1. Чарцёж, які паказвае ў паменшаным выглядзе мясцовасць, прадмет, збудаванне і г. д. у гарызантальнай праекцыі. План зямельнага ўчастка. План школьных будынкаў. □ Раз увечар віхор кучаравы Да настаўніцкіх вокнаў прылёг. І за шклом размалёваным, зорным, У міганні вясёлкавых мараў Ён убачыў у хаце прасторнай Карты-планы балотных абшараў. Багун.

2. Праграма заданняў і прац у гаспадарчай, культурнай і інш. галінах, якія павінны быць выкананы ў адпаведны тэрмін. Пяцігадовы план. Народнагаспадарчы план. □ [Паўліна:] Я калі пабыла на першай сесіі,.. паслухала як прымалі пяцігадовы план, — нібы на свет нанава нарадзілася. Шамякін.

3. Праект, праграма якога‑н. дзеяння. Віця і Міхась шмат накрэслілі планаў, як правесці лета. Чарнышэвіч. Свідравала мозг гэтая страшная думка, і ў той жа час у галаве борзда, борзда складаўся план дзеяння. Колас. І тады адразу з’явіўся ў Міколкі план, як спрытней узяць ворага. Лынькоў.

4. Парадак, паслядоўнасць, сістэма, кампазіцыя чаго‑н. План урока. План даклада. □ [Святлана] разгарнула тоўсты сшытак у цыратовай вокладцы, каб аднавіць у памяці план свайго наступнага ўрока. Шахавец.

5. Месца, занятае асобай або прадметам у перспектыве, вызначанае паводле адлегласці яго ад назіральніка, ад камеры. На заднім плане [карціны] за спіной дзецюка, за яго канём, выступаюць абрысы вясковай вуліцы. Ліс. // перан. Месца, якое займае хто‑н., што‑н. з пункту гледжання яго значнасці, важнасці. І Галя чамусьці ўзнікала большым планам і засланяла сабою Альбіну. Сабаленка. [Сухадольскі:] Цяжка памірыцца з тым, што цябе адціскаюць на задні план. Крапіва. На першы план у рамане выступаюць сацыяльна-палітычныя матывы. «Полымя».

6. Галіна, сфера праяўлення чаго‑н.; спосаб разгляду чаго‑н. Ролі гераічнага плана занялі ў яго [Кістава] рэпертуары бадай што асноўнае месца. «Беларусь». Можна было б выказаць пажаданні аб большай разнастайнасці планаў у перадачы. «ЛіМ».

7. Спец. Маштаб паказу прадметаў ці асоб пры здымках, у творах і т. п. На экране тым часам буйным планам быў паказаны велізарны бамбардзіроўшчык. Васілёнак. Буйным планам робіць Міцкевіч у паэме накіды краявідаў Навагрудчыны. Лойка.

•••

Адысці на задні план гл. адысці.

[Ад лац. planum — плоскасць.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сце́рці, сатру, сатрэш, сатрэ; сатром, сатраце; пр. сцёр, сцерла; зак., што.

1. Тручы, зняць, счысціць што‑н. з паверхні; выцерці. Сцерці пыл са стала. □ Далонь лягла на халоднае шкло і сцерла лёгкую пару, што асела на ім. Савіцкі. Сцерці ржу з вінтоўкі .. не было чым. Кулакоўскі. Алесь скамянеў, а .. [Зіна] ўжо з-за брамкі весела крыкнула: — Не забудзьце памаду сцерці! Шыцік. // Сціраючы што‑н., зрабіць чыстым. Сцерла [Жэнька] стол, узяла ляльку Ганульку і выйшла з Петрыкам на руках на вуліцу. Крапіва. Галіна сцерла рукой лаву, прысела, паклала на стол сумачку, пасунула яе далей. Пташнікаў. // Выціраючы, саскрэбваючы, знішчыць (што‑н. напісанае, намаляванае і пад.). Дошка ў класе вісела на ранейшым месцы. З яе толькі сцерлі непрывычнае для нас рашэнне задачы па геаметрыі. Навуменка. Слоў на рэйхстагу не сцерці! Мы помнім пажар ягоны. Дарма пагражаюць смерцю Смертнікі хіжага Бона. Вялюгін. // перан. Знішчыць, згладзіць. Дзе ж вы, мае вясёлыя сябры? Як многа вас загінула дачасна .. Памяці аб вас З душы маёй ні выпаліць, ні сцерці. Глебка. Боль у сэрцы і час не сцёр. Стук у дзверы — маці павернецца. За жыццё — аддала б жыццё, Толькі сын хай дадому вернецца. Тармола.

2. Трэннем, дотыкам пашкодзіць скуру або верхні пласт чаго‑н. [Грэчка:] — Эх, усю нагу сцёр рубец. Мележ.

3. Тручы, раздрабніць, ператварыць у аднародную масу. Сцерці тытунь на парашок.

4. Трэннем апрацаваць (пра лён). Трэба было скарэй сцерці гэты лён, каб аслабаніць ток. Чарнышэвіч.

5. перан. Патраціць, змарнаваць без карысці час. Тады .. [Макар] і пайшоў за Ёсіпам, адбіўся ад калгаса, далей увайшло ў звычку туляцца. Гады сцёр, нічога не нажыўшы... Дуброўскі.

•••

Сцерці (змесці) з (твару) зямлі — вынішчыць, знішчыць. І Сцёпка яшчэ больш грозна блісне вачыма і зробіць намеры сцерці .. [Алёнку] з твару зямлі, пасля чаго імчыцца далей. Колас. Захопнікі прыйшлі ў маю краіну, Жадаючы з зямлі народ наш сцерці. Аўрамчык.

Сцерці на парашок — расправіцца з кім‑н. [Фашысты да абаронцаў крэпасці:] — Даём вам дванаццаць гадзін, — гучала над крэпасцю пагрозлівае папярэджання — Калі будзеце супраціўляцца, сатром усіх на парашок. Кухараў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

цёплы, ‑ая, ‑ае.

1. Які змяшчае ў сабе пэўную колькасць цяпла; сярэдні паміж гарачым і халодным. Цёплая вада. Цёплае паветра. Цёплае малако. □ Дзякуй цёплым дажджам і халоднай расе за жыты, што ўзраслі ў небывалай красе. А. Вольскі. Шурпатая кара дрэва была цёплай, пахучай. Лынькоў. У хаце прыемна пахла цёплым хлебам і напаленай печкай. Мележ. // Які з’яўляецца крыніцай цяпла. Цёплая печ. □ Ты закурыш пры цёплым дарожным агні І пачуеш у сэрцы шчаслівы спакой. Кірэенка. // Які вызначаецца цяплом, уласцівым жывому арганізму. Людзі.. беглі, уцякалі ў пушчу. Схапіўшы .. сваю сонную, цёплую Верачку, — паляцела і Ліда. Брыль. // Які мае адносна высокую тэмпературу паветра. Дзень быў ціхі, ясны, цёплы, нават гарачы. Колас. Вясна выдалася дружнай і цёплай. Лынькоў. // З высокай сярэднегадавой тэмпературай. Цёплыя краіны. Цёплы клімат. □ Застаўся Іліко жыць у цёплым горадзе Поці. Самуйлёнак.

2. Які добра засцерагае ад холаду; добра сагравае. Цёплае адзенне. Цёплая коўдра. □ На плечы .. [маці] была накінута цёплая хустка. Шахавец. // Які добра захоўвае цяпло. Я знайшоў цёплае гняздо для пакалечанай ластаўкі. Бядуля. Уцякала Бандароўна У поле з цёплай хаты. Купала. // Які ацяпляецца, абаграецца; уцеплены (пра памяшканне). Цёплая палавіна хаты. Цёплы хлеў.

3. перан. Які вызначаецца душэўнай цеплынёй; ласкавы, добразычлівы; сардэчны. — Я люблю дзяцей, — з цёплай, пяшчотна задуменнай усмешкай кажа Іра. Гарбук. // Прасякнуты добрымі пачуццямі да каго‑н. Можа, ніхто так не сумуе па цёплым слове з дому, як салдат. Скрыган. // Які складаецца з блізка знаёмых людзей; прасякнуты сардэчнымі, душэўнымі адносінамі. Марына Паўлаўна і Саша вячэралі ў цёплым кругу чужой і такой блізкай з гэтага вечара ім сям’і. Васілевіч. І ў цёплым сяброўстве За гэтым сталом Раскрыем душу Для ўваходу Вялікага слаўнага Новага года І чаркі напоўнім Віном. Хведаровіч.

4. перан. Мяккі, прыемны для зроку, слыху. Цёплая музыка. □ І здаровае, крамянае надвор’е, і яркія цёплыя фарбы маглі б толькі радаваць і бадзёрыць нашых хадакоў. Якімовіч. // Пра чырвона-карычневы тон спектра ў процілегласць сіне-блакітнаму. Цёплы тон пейзажу.

•••

Цёплае месца гл. месца.

Цёплая кампанія гл. кампанія ​1.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

чарга́, ‑і, ДМ ‑рзе; мн. чэргі, ‑аў; ж.

1. Пэўны парадак, паслядоўнасць у адбыванні чаго‑н. Была ўстаноўлена чарга сачыць за тэрмометрам, уваткнутым у зямлю ў полі. Ермаловіч. Чалавек падышоў да касы, паказаў пасведчанне і без чаргі купіў білет. Гурскі. // Адна з асобных частак чаго‑н., кожная з якіх выконваецца, уводзіцца ў карыстанне ў пэўнай паслядоўнасці. Першая чарга метро. □ Брыгада ўзводзіла другую чаргу завода, з месяца ў месяц перавыконвала нормы. Астрэйка.

2. Чыё‑н. месца ў якой‑н. чарговасці, права каго‑н. дзейнічаць адпаведна чарговасці. Чакаць сваёй чаргі. □ — Раскажыце, дзядзька, што тут было, — прасілі .. [студэнты]. — Цяпер ваша чарга! В. Вольскі. [Дзесяцкі:] — Амелька, заўтра запрагай сваю кабыліцу ды збірайся ў дарогу. Пракоп, табе таксама чарга. Скрыган. Прыходзіў стары Нічыпар, казаў, што яны адбудуць чаргу толькі за карову. М. Стральцоў.

3. Група людзей, якія чакаюць атрымання чаго‑н. у парадку чарговасці і размяшчаюцца звычайна адзін за адным. Заняць чаргу. □ Доўгія чэргі стаялі амаль ля кожнага будынка вакзала. Кулакоўскі. // Спіс асоб, якія атрымліваюць што‑н. у парадку чарговасці. Чарга на атрыманне кватэр. // чаго. Вялікая колькасць каго‑, чаго‑н. Прастор мой любы, неабдымны, Чарга нясходжаных пуцін, Узор лясоў у далях дымных, Шнуры жыццёвых каляін. Хведаровіч. // у знач. прысл. чаргой (‑ою). Адзін за адным. З суседскай памяці не сцёрта, Як цераз месяц і другі Чаргой Міколы, Янкі, Пётры Ішлі на покуць, як багі. Семашкевіч.

4. Пэўная колькасць патронаў, снарадаў, выпушчаная аўтаматычнай зброяй за адзін прыём. Аўтаматная чарга. Выпусціць чаргу. □ Кулямёт ударыў доўгай чаргой. Шамякін.

•••

Выстаяць чаргу гл. выстаяць.

Жывая чарга — чарга, якая патрабуе абавязковай прысутнасці ўсіх, хто заняў яе.

На чарзе (быць) — з’яўляцца, быць чарговым, неадкладна патрабаваць вырашэння.

Па чарзеа) паслядоўна, у парадку чарговасці. Ад пускаць тавар па чарзе; б) зменьваючыся, чаргуючыся. На другім завале на ўсіх не хапіла рыдлёвак, і тут працавалі па чарзе. Краўчанка.

Сваёй (‑ёю) чаргой (‑ою) — незалежна ад каго‑, чаго‑н. (ісці, змяняцца). Адна работа за другою ідзе-плыве сваёй чаргою То ў агародзе, то на полі І не спыняецца ніколі. Колас.

Стаць на чаргу гл. стаць.

У першую чаргу — перш за ўсё; неадкладна.

У сваю чаргу — са свайго боку, у адказ; адпаведна.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

цягну́цца, цягнуся, цягнешся, цягнецца; незак.

1. Размяшчацца дзе‑н., працягваючыся, выцягваючыся (пра канат, вяроўку і пад.). Цягнуліся густыя правады. Адамчык. // Распаўсюджвацца, размяшчацца ў якім‑н. напрамку (пра шэраг прадметаў). Агарод цягнуўся паўз дарогу. Чорны. // Размяшчацца на вялікай адлегласці, прасторы. На далёкія вёрсты цягнецца лес. Скрыган. Каля пасады лесніковай Цягнуўся гожаю падковай Стары, высокі лес цяністы. Колас. Адразу за вёскаю пачынаўся і цягнуўся па абодва бакі дарогі на некалькі кіламетраў сад. Сачанка.

2. Мець уласцівасць павялічвацца ў даўжыню, шырыню. Рызіна цягнецца. Скура цягнецца.

3. Працягваць руку, галаву да каго‑, чаго‑н., падавацца ўсім корпусам у якім‑н. напрамку. Палкоўнік паволі ўзнімаўся на сваім крэсле і, ухапіўшыся рукамі за край стала, цягнуўся да твару Васіля. Лынькоў. Да папярос цягнуліся мазолістыя пальцы, і каробка ўмомант пусцела. Шамякін. Цягнецца ручка, каб месяц забраць: Добра, каб з небам у хатцы гуляць! Грамыка. // Выцягвацца, імкнуцца ў якім‑н. напрамку пры росце (пра расліны). Шумяць бары, І сосны, як прамяні, цягнуцца да сонца. Танк. [Сцяпан:] — Я гляджу, жыта нішто будзе. І лён добра цягнецца. Гіль.

4. Мець схільнасць, імкнуцца да каго‑, чаго‑н. Людзі цягнуцца да культуры. «ЛіМ». [Уля] бачыла, як цягнуўся.. [Мікола] да яе, зусім малады і нявопытны. Паўлаў. Дачка шчырэла з году ў год, Цягнулася да ведаў. Барадулін.

5. Разм. Станавіцца навыцяжку (перад начальствам; пра ваенных).

6. З цяжкасцю ісці; ледзь перастаўляць ногі, плесціся. Нібы разбіты паралюшам, ледзь валочачы ногі і спатыкаючыся, Мікалай цягнецца дадому. Дамашэвіч.

7. Заставацца пасля руху (пра след). А след мой цягнецца істужкай. Журба. Імчацца МАЗы ў цемнату Ад вечара да раніцы, І пыл за імі на хаду Бясконцым шлейфам цягнецца. Грахоўскі.

8. Рухацца ў адным напрамку цугам, чарадой. Цягнуцца доўгім ланцугом абозы. Шынклер. Праязджаеш далей і бачыш, як цягнуцца ў поле адна за адной фурманкі, гружаныя мінеральным угнаеннем. Краўчанка. // Наплываць (пра думкі). І думкі цягнуцца нясмела — і сумна, сумна на душы. Машара. Цягнуцца дзедавыя думкі тоненькай доўгай ніткай. Бядуля.

9. Павольна распаўсюджвацца слабым струменем (пра дым, пах і пад.). Дымок цягнуўся спачатку скупымі струменямі. Мележ. Дым не ўзнімаўся ўгору, а слаўся па балоце, цягнуўся доўгімі пасмамі. Шамякін.

10. Быць адстаючым; адставаць па якіх‑н. паказчыках. Падумаць толькі: Коля Раманаў, які ледзь цягнуўся на тройках, раптам атрымлівае пяцёрку. Рунец. Саўгас сапраўды карыстаўся дрэннай славай, цягнуўся ў хвасце. «Звязда».

11. Працягвацца, праходзіць марудна, доўга (пра час). Дзень улетку вялікі. Доўга цягнуўся ён, пакуль цень ад ціхай ночы не лёг на зямлю. Чорны. Драпеза, аднак, не верыў, што гэты неафіцыйны нейтралітэт можа цягнуцца доўга. Паслядовіч. Час цягнуўся пакутліва доўга. Калодзежны.

12. Раздавацца, гучаць (пра мелодыю, песню). Цягнуўся альт, Грымеў басіла. Глебка.

13. Струменіцца. Ад акна да падлогі цягнуўся сіняваты пучок промняў. Беразняк.

14. Валачыся па зямлі. Лейцы цягнуліся па зямлі.

15. Зал. да цягнуць.

•••

Цягнуцца на нітку — старацца з апошніх сіл.

Цягнуцца (плесціся) у абозе — адставаць ад іншых, быць у хвасце.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)