чарга, ‑і, ДМ ‑рзе; мн. чэргі, ‑аў; ж.

1. Пэўны парадак, паслядоўнасць у адбыванні чаго‑н. Была ўстаноўлена чарга сачыць за тэрмометрам, уваткнутым у зямлю ў полі. Ермаловіч. Чалавек падышоў да касы, паказаў пасведчанне і без чаргі купіў білет. Гурскі. // Адна з асобных частак чаго‑н., кожная з якіх выконваецца, уводзіцца ў карыстанне ў пэўнай паслядоўнасці. Першая чарга метро. ▪ Брыгада ўзводзіла другую чаргу завода, з месяца ў месяц перавыконвала нормы. Астрэйка.

2. Чыё‑н. месца ў якой‑н. чарговасці, права каго‑н. дзейнічаць адпаведна чарговасці. Чакаць сваёй чаргі. ▪ — Раскажыце, дзядзька, што тут было, — прасілі .. [студэнты]. — Цяпер ваша чарга! В. Вольскі. [Дзесяцкі:] — Амелька, заўтра запрагай сваю кабыліцу ды збірайся ў дарогу. Пракоп, табе таксама чарга. Скрыган. Прыходзіў стары Нічыпар, казаў, што яны адбудуць чаргу толькі за карову. М. Стральцоў.

3. Група людзей, якія чакаюць атрымання чаго‑н. у парадку чарговасці і размяшчаюцца звычайна адзін за адным. Заняць чаргу. ▪ Доўгія чэргі стаялі амаль ля кожнага будынка вакзала. Кулакоўскі. // Спіс асоб, якія атрымліваюць што‑н. у парадку чарговасці. Чарга на атрыманне кватэр. // чаго. Вялікая колькасць каго‑, чаго‑н. Прастор мой любы, неабдымны, Чарга нясходжаных пуцін, Узор лясоў у далях дымных, Шнуры жыццёвых каляін. Хведаровіч. // у знач. прысл. чаргой (‑ою). Адзін за адным. З суседскай памяці не сцёрта, Як цераз месяц і другі Чаргой Міколы, Янкі, Пётры Ішлі на покуць, як багі. Семашкевіч.

4. Пэўная колькасць патронаў, снарадаў, выпушчаная аўтаматычнай зброяй за адзін прыём. Аўтаматная чарга. Выпусціць чаргу. ▪ Кулямёт ударыў доўгай чаргой. Шамякін.

•••

Выстаяць чаргу гл. выстаяць.

Жывая чарга — чарга, якая патрабуе абавязковай прысутнасці ўсіх, хто заняў яе.

На чарзе (быць) — з’яўляцца, быць чарговым, неадкладна патрабаваць вырашэння.

Па чарзе — а) паслядоўна, у парадку чарговасці. Ад пускаць тавар па чарзе; б) зменьваючыся, чаргуючыся. На другім завале на ўсіх не хапіла рыдлёвак, і тут працавалі па чарзе. Краўчанка.

Сваёй (‑ёю) чаргой (‑ою) — незалежна ад каго‑, чаго‑н. (ісці, змяняцца). Адна работа за другою ідзе-плыве сваёй чаргою То ў агародзе, то на полі І не спыняецца ніколі. Колас.

Стаць на чаргу гл. стаць.

У першую чаргу — перш за ўсё; неадкладна.

У сваю чаргу — са свайго боку, у адказ; адпаведна.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)