Туск ‘выпат, пот’ (пін., Нар. лекс.), ‘пот, вільгаць’: гарачка, аж туск з его іде (Альп.). Няясна. Найбольш блізкім фармальна і семантычна з’яўляецца серб.-харв. ту̀ска ‘вытапкі, выжаркі’, якое Скок (3, 507) выводзіць з trȕska ‘шлак, нагар’, параўн. таксама рус. бранск. туска́ ‘невялікая, малая колькасць’ (СРНГ). Далёкія семантычна рус. дыял. туск ‘змрок, бяльмо’ < прасл. *tǫskъ (Страхаў, Palaeoslavica, 22, 1, 224), ту́ски ‘вочы’, як здаецца, з’яўляюцца выпадковымі супадзеннямі. Гл. таксама рус. туск ‘туман, цемната’, гл. Фасмер, 4, 126 (з няпэўнай этымалогіяй).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Іва́н-ды-Ма́р’я ’расліна Melampyrum nemorosum’ (Кіс.). Рус. Ива́н‑да‑Ма́рья (з XVIII ст.); гл. Шанскі, 2, I, 4–5. Назва тлумачыцца спалучэннем двух процілеглых колераў у гэтай расліне, параўн. ням. Tag und Nacht ’Melampyrum nemorosum’, бел. брат‑сястра, рус. брат и сестра, укр. брат‑і‑сестра, польск. brat‑siostra ’тс’ і звязаныя з раслінай Melampyrum паданні аб перуновай кветцы, аб Іване і Мар’і — браце і сястры. Падрабязней гл. Фасмер, 2, 114; Шанскі, 2, I, 4–5.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Ілюстра́тар. Ст.-бел. иллюстраторъ, олюстраторъ ’рэвізор’ (1710 г.) запазычана з лацінскага праз польскае пасрэдніцтва (Булыка, Лекс. запазыч., 23) ці непасрэдна (Булыка, Зала зыч.). Сучасная семантычная структура сфарміравалася, відаць, пад уплывам рускай мовы, для якой адпаведную ролю адыгралі нямецкая ці французская. Крыніца: лац. illustrator ’той, хто асвятляе’. Дзеяслоў ілюстрава́ць з лац. illustrare ’асвятляць, упрыгожваць’ праз польск. ilustrować. Тым жа шляхам ілюстра́цыя з лац. illustratio ’выява, жывое апісанне’. Гл. SWO, 297–298; Фасмер, 2, 127; Шанскі, 2, I, 51–52.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Імбі́р ’трапічная травяністая расліна з мясістым коранем, багатым на эфірны алей’ (ТСБМ), інбе́р (Бяльк.). Ст.-бел. имберъ (имбаръ, имбиръ, инберъ, инкберъ) 1498 г. < ст.-польск. imbier, inbir, ingbier < с.-в.-ням. ingebër, ingewër, imbër < лац. zingiber < с.-грэч. ζυγγίβερις < ст.-інд. śr̥ñgaveram (літаральна ’рогападобны’); гл. Булыка, Лекс. запазыч., 150; Слаўскі, 1, 451. Для рус. имби́рь, инби́рь, укр. імби́р таксама пасрэднік польская мова (Праабражэнскі, 1, 271; Фасмер, 2, 129); з польск. і літ. im̃bieras (Скарджус, Slav., 84).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Брат. Ст.-рус. братъ, рус. брат, укр. брат, польск. brat (ст.-польск. bratr), чэш. bratr, ст.-слав. братръ, братъ, балг. брат, серб.-харв. бра̏т і г. д. Прасл. *bratrъ (форма *bratъ узнікла дысіміляцыяй двух r), старая аснова на ‑er. І.‑е. *bhrāter‑: ст.-прус. brāti, літ. brotė̃relis, гоц. broþar (ням. Bruder), лац. frāter, грэч. φρᾱ́τηρ, ст.-інд. bhrā́tar‑ і г. д. Бернекер, 82; Траўтман, 36; Фасмер, 1, 207–208; Слаўскі, 1, 41; Трубачоў, История терм., 58 і наст.; Шанскі, 1, Б, 189–190.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Брус, брусо́к. Рус. брус, ‑ок, укр. брус і да т. п., польск. brus, чэш. brus, балг. брус, серб.-харв. бру̑с і г. д. Слав. *brusъ ’брус; тачыльны камень’. Аблаутная форма да *brъs‑ (параўн. ц.-слав. бръснѫти ’скрэбці, брыць’). Далей параўноўваюць літ. braũkti ’выціраць і да т. п.’; ст.-ісл. brúna ’тачыць’ і інш. Бернекер, 91; Праабражэнскі, 1, 42; Брукнер, 42; Фасмер, 1, 220; Слаўскі, 1, 45 (*bhrou‑k̑‑ ’церці, здзіраць’); Махэк₂, 68 (іншая версія). Булыка (Запазыч.) лічыць ст.-бел. брус паланізмам. Няпэўна.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Брызглі́на ’расліна Evonymus L.’, бразгуліна, брызгуліна, брызгеліна (Кіс., Інстр. II, 68), бружмель, бружмень, бруслён, бружэль і г. д. (Кіс.). Рус. берескле́т, бересдрень, брускле́н, брусклет, бружме́ль, брусли́на і г. д., укр. бересклет, бруселина, бруслина, брузлелина, бружмель, бересклен, бружлевина і г. д. Чэш. brsniel, brslen, польск. przmiel, przmielina, харв. bršlenka і г. д. Вельмі цёмнае слова. Відавочна, былі кантамінаваныя этымалагічна розныя назвы (напр., бяроза, бераст, брусніка). Няясная і праформа: *bersk‑, *bьrsk‑? Гл. Фасмер, 1, 156. Няпэўны вопыт этымалагізавання Махэк, Jména rostl., 141–142.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Брыль 1 ’казырок летняй шапкі; шляпа’ (Касп., Бяльк., Бір. Дзярж., Шн., Гарэц., Інстр. I, Тарн., Маш., БРС, КЭС, лаг., Мядзв.). Укр. бриль. Запазычанне з польск. bryl ’тс’ (якое лічыцца запазычаннем з італ. ombrello ’парасон’; Варш. сл., 1, 215). Рыхардт, Poln., 37; Фасмер, 1, 214; Рудніцкі, 208 (лічыць, што польск. bryl < укр. < італ.?); Бернекер, 93.
Брыль 2, брылёк ’невялікі выступ над жаралом печы’ (Янк. Мат., Шушк., Інстр. I), ’карніз’ (Шат.). Відавочна, метафарызацыя да брыль 1 (гл.): ’брыль, казырок’ → ’казырок, навес’ → ’навес, выступ’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Бузіна́ ’Sambucus nigra L.’ (Кіс., БРС, Шат.), бузі́на (Сцяшк. МГ). Рус. бузина́, буз, боз, укр. бузина́, боз; у значэнні ’бэз, Syringa’ — бел., укр. буз, бузо́к, польск. bez, чэш. bez, балг. бъз, серб.-харв. баз, ба́за і г. д. Слав. *buzina, *buzъ, *bъzъ ’бузіна, Sambucus; бэз, Syringa’ лічыцца роднасным з і.-е. словамі, якія азначаюць ’дуб’ і ’бук’: лац. fāgus ’бук’, грэч. φηγός, φᾱγός дуб’, ст.-ісл. bók, ст.-в.-ням. buohha ’бук’ і г. д. Гл. Фасмер, 1, 233; Бернекер, 111.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Бунава́ць сварыцца, лаяцца, шумець’ (Шат.), ’сварыцца’ (Жд.), ’гаварыць з самім сабой’ (Бір. Дзярж.). Параўн. рус. буне́ть, буни́ть ’гусці’, укр. буні́ти ’тс’, серб.-харв. бу̏нити ’шумець, балбатаць; падбухторваць’, балг. бу́ня ’падбухторваю’ і да т. п. Бернекер (101) лічыць, што ўсё гэта гукапераймальныя словы, якія не маюць непасрэдных паралеляў у іншых мовах; так і Фасмер, 1, 241; Рудніцкі, 1, 255–256. Балг. словы БЕР (1, 90) адносіць да *bujati, што вельмі няпэўна (Рудніцкі, там жа). Параўн. бонова́ты. Гл. Краўчук, БЛ, 1975, 7, 67.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)