шу́снуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.

Разм.

1. Шмыгнуць, пабегчы, кінуцца куды‑н. Адзін толькі Кандрат заўважыў, як Андрушка шуснуў за дзверы. Лобан. Сымон.. шуснуў у бакоўку і борздзенька выскачыў адтуль з запаленай свечкай. Караткевіч. // Хутка залезці куды‑н., схавацца пад чым‑н., дзе‑н. Шуснуць у ложак. □ Тут якраз за дзвярыма пачуўся дзедаў голас, і Косцік шуснуў назад пад дзяружку. С. Александровіч.

2. Саскочыць, зваліцца адкуль‑н. — Я зноў скачу першым! — крыкнуў Юзік і шуснуў уніз. Даніленка. Бондар не бачыў, як шуснула ў адхон Надзя, як упаў, зрашэчаны кулямі, машыніст. Навуменка.

3. Нечакана, імгненна праваліцца, упасці куды‑н. Кінуў я сваю вуду і бягом на выручку. Але пакуль дабег, мой сябар спатыкнуўся і шуснуў амаль па самыя пахі ў ваду. Ляўданскі. Лёд праламаўся, і я шуснуў пад яго. Скрыган.

4. Хутка, з сілай выліць што‑н. вадкае. Ухапіў [Віктар] у сенцах вядро халоднае вадзіцы, выскачыў на двор, азірнуўся і шуснуў на сябе. Сташэўскі. // Раптам паліцца, выліцца, пасыпацца. У тую ж секунду на .. [Віцю] шуснула гарачая вада. Яна заліла нос, вушы, вочы. Нядзведскі. Шуснуў дождж, серабро ручаінаў Зазвінела на сотні ладоў. Лойка.

5. Імкліва, хутка ўзняцца, падняцца; узляцець уверх. Адразу шуснулі ўгару сотні абсівераных чырвоных рук і пакацілася гамана. Грахоўскі.

6. Утварыць лёгкі шум, шолах. Раз толькі, далёка недзе, шуснулі галіны, быццам нехта аступіўся. Караткевіч. У гэты момант нешта шуснула ў каноплях і над самымі галовамі Бегуна і Хацяноўскага празвінела важкая і замашная жалезіна. Кулакоўскі.

7. што. З размаху, з сілай высыпаць што‑н. [Галя] набрала ў лапату пяску і, як толькі вогненны коўш апусціўся, шуснула ў яго пясок. Грахоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

збіць, саб’ю, саб’еш, саб’е; саб’ём, саб’яце; зак., каго-што.

1. Ударам, рэзкім рухам аддзяліць што‑н. ад чаго‑н., прымусіць адваліцца, зваліцца. Збіць снег з ботаў. Збіць попел з папяросы. □ Васіль знайшоў на антонаўцы пераспелы яблык, збіў яго. Гаўрылкін. Салдат штурхнуў яго ў бок, і толькі па версе галавы перабежчыка слізгануў кулак Сяргея Карагі і збіў шапку. Колас. // Патушыць (агонь, полымя). Самалёт загарэўся. Збіць агонь пікіраваннем не ўдалося. Матрунёнак. Вось вецер пайшоў на таполі І полымя збіў з верхавін. Кірэенка.

2. Ударам, штуршком паваліць, прымусіць упасці. Збіць з ног. □ Цімошка затрымаў дух, як бы над ім узнялі булаву, каб збіць яго адным махам. Колас. // Падстрэліўшы, падбіўшы на ляту, прымусіць упасці. Збіць самалёт. Збіць птушку.

3. Ударам, рэзкім рухам ссунуць, перамясціць каго‑, што‑н. з належнага месца. Музыка не спяшаючыся сеў, закінуў нагу на нагу, збіў на левае вуха шапку-вушанку, падміргнуў Пецю і шырока расцягнуў чырвоныя мяхі тальянкі. Сіняўскі. Сімен не паспеў адказаць: хлынуўшы натоўп збіў .. [яго і Рыгора] з месца і адапхнуў на некалькі крокаў назад. Гартны. // Ссунуўшы, парушыць правільнасць чаго‑н. Збіць прыцэл. // З боем адцясніць, выбіць адкуль‑н. Збіць ворага з пазіцыі. // Прымусіць сысці з правільнага напрамку. Збіць з курсу. Збіць з дарогі. □ Толік уважліва паглядзеў наперад. — Яны тут... Глядзі, сляды пасыпаюць нечым... — Гэта каб сабаку збіць са следу, — шэптам растлумачыў Васілёк. Зуб. // Прымусіць зрабіць што‑н. насуперак сваім намерам, меркаванням. — Ужо два тыдні дыхнуць [бацька] не дае — усё ўгаворвае мяне ісці ў прымы к Іллюкевічу. Усё думае — мяне тым саб’е, што там хутар багаты. Чорны.

4. Моцна пабіць, знявечыць пабоямі. Збіць да смерці. □ Усіх сялян [казакі] моцна збілі бізунамі. □ Ягору адсеклі правую руку, каб другі раз не чапаў панскага дабра. Скрыпка. Сварыўся .. [бацька] з людзьмі, і, мусіць, аднойчы збілі яго. Лужанін.

5. Ударамі сапсаваць, зрабіць непрыгодным. Збіць лязо. Збіць падковы. // Разм. Стаптаць, знасіць (абутак). Косцік за вясну збіў бацінкі. □ Валі туфлі цесныя зрабіліся. Васілевіч. // Разм. Здзерці, абадраць скуру аб што‑н. Збіць калена. □ [У Леаніда] шчыміць барада, дзе збіў скуру. Намацаць пальцамі, — здаецца, прыгаілася. Пташнікаў.

6. Прыбіць адно да другога, змацаваць адно з другім цвікамі. Збіць дошкі. □ Румам у нас называюць тое месца, куды вывозяць зімою калоды з лесу, каб вясною збіць іх у плыты і сплаўляць па рэчцы. Колас. // Зрабіць, вырабіць што‑н., прыбіваючы адну частку да другой. Збіць стол. Збіць скрынку.

7. Дамагчыся знікнення або рэзкага памяншэння чаго‑н. Збіць тэмпературу ў хворага. // Выклікаць зніжэнне, падзенне чаго‑н. Збіць цану. // перан. Разм. Прымусіць знізіць, зменшыць праяўленне чаго‑н. Старшыня добра ведаў вось такіх, раззлаваных, якія ішлі з яўным намерам пакрычаць, пасварыцца, і ўмеў улагодзіць іх ці хаця б збіць ваяўнічы запал. Шамякін.

8. Зблытаць, прымусіць памыліцца. Не заходзячы ў хату, [Аўгіння] заскочыла да Лукаша ў клуню і накрычала на яго, што ён, не святкуе і яе збіў і ўвёў у грэх. Колас. // Выклікаць замяшанне, прымусіць разгубіцца. — Пранюхваеш? — насмешліва спытаў Сяўрук з яўным разлікам збіць ціхага чалавека, не прывыкшага выступаць. Кулакоўскі. Гэтая абыякавасць Гардзея зусім збіла Насцю. Мележ.

9. Зблытаць, змяць (валасы, шэрсць і пад.). Замест ложкаў ці нараў у бараку ўздоўж сцяны была паслана салома. Яе збілі, перацерлі на мякіну. Якімовіч. // Палажыць, паблытаць, стаптаць (аб пасевах). Летась град збіў жыта. Васілевіч.

10. Прыгатаваць што‑н., узбіваючы, узбоўтваючы. Збіць масла. Збіць мус.

11. Разм. Б’ючы, таўкучы, зрабіць што‑н. глінабітнае. Збіць печ. Збіць сцяну.

•••

Збіць гонар — прымусіць каго‑н. не задавацца.

Збіць з (правільнай) дарогі — прымусіць адступіць ад правільных думак, меркаванняў; штурхнуць на што‑н. нядобрае.

Збіць з панталыку (з толку, з тропу) — а) выклікаць замяшанне, заблытаць; б) тое, што і збіць з дарогі.

Збіць (зрэзаць) на горкі яблык — моцна пабіць, адсцябаць.

Ногі збіць — тое, што і ногі адбіць (гл. адбіць).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пакаці́цца, ‑качуся, ‑коцішся, ‑коціцца; зак.

1. Пачаць рухацца, пераварочваючыся ў якім‑н. напрамку (пераважна пра круглыя прадметы). Мяч стукнуўся аб шыбу майго акна, перакуліў на паперы чарніліцу, саскочыў са стала і пакаціўся па падлозе. Васілевіч. // Пачаць каціцца ўніз па нахіленай плоскасці. [Курачка], як мяшок, пакаціўся па каменных прыступках і ўжо нежывы зваліўся на траву. Чарнышэвіч. // перан. Пайсці на спад, заняпасці. Гаспадарка не толькі не пайшла ўгору, а наадварот, пакацілася ўніз. Сергіевіч.

2. Паехаць, пачаць рухацца (аб транспартных сродках). [Максіма і Раговіча] пазнала і пакацілася па дарозе лёгкая брычка, запрэжаная паркай сытых коней. Грахоўскі. Балоты скончыліся; дарога пашыбавала па горку, калёсы мякка пакаціліся па жоўценькім пясочку. Колас. // Разм. Пачаць хутка адступаць, адыходзіць назад. Сілы.. [белапалякаў] надарваліся, упартасць іх была зламана. Яны захісталіся, падаліся і пакаціліся назад, пакідаючы зброю, забітых, раненых і здаючыся ў палон. Колас. Вайна пакацілася на захад — з бразганнем танкаў, з прапозлівым гулам самалётаў, свістам і разрывамі бомбаў. Пестрак. // перан. Адысці, адступіць ад чаго‑н. (звычайна перадавога, прагрэсіўнага). [Хлопец:] — Мы верылі.. [Алесю] .. А от прамаргалі, і былы таварыш адкалоўся. Адкалоўся, а потым — пакаціўся ўніз. Дакаціўся да таго, што стаў прыслужнікам нацдэмаў! Мележ.

3. Разм. Упасці, паваліцца. [Пунтус] аступіўся і пакаціўся, затрымаўшыся на момант на вострых каменнях. Шыцік. [Вольга] тузанула .. [Лявона] за рукаў, і той затрашчаў, а сам Лявон пакаціўся, пацягнуўшы за сабой і яе. Кудравец.

4. перан. Пачаць распаўсюджвацца (аб гуках). Крыкі, рогат, воплескі пакаціліся па пустыннай пратоцы. Маўр. Далёка па лесе пакацілася рэха. Скрыпка. / Аб чутках. Маланкай пакацілася па мястэчку вестка, што паліцэйскія ў пастарунку катуюць арыштаваных. Машара.

5. Пацячы (пра слёзы, пот). У Буракова пакаціліся слёзы, і ён зусім не хаваў іх, неяк застыўшы на месцы. Ермаловіч.

•••

Пакаціцца (паехаць) ад (са) смеху (ад рогату, з рогату) — гучна і нястрымна засмяяцца, зарагатаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

па́сці, паду, падзеш, падзе; падзём, падзяце, падуць; пр. паў, пала; зак.

1. Упасці. Пасці на калені. □ І слязінка адна з воч матулі старой пала ў гэта вядзерка з крынічнай вадой. Дубоўка. Заслона важка пала на падлогу. Гартны.

2. Легчы, распаўсюдзіцца (пра цемень, змрок і пад.). На лес, на шлях, На поле пала ноч. Астрэйка.

3. перан. Прыйсціся, трапіць (пра выбар, падазрэнне і пад.). Падазронасць ксяндза пала на сына арганіста, касцельнага вартаўніка і сваіх парабкаў. Машара. Але калі справа павернецца ўсур’ёз? Падзе цень і на яго, Ваўчка. Хадкевіч.

4. Перастаць існаваць, быць знішчаным, звергнутым. Стары лад паў. □ Мы ўпэўнены, Што недалёка той час, Калі ўсе падуць перашкоды І прыйдуць на свята Камуны да нас З’яднаныя дружбай народы. Танк.

5. Быць пераможаным, здацца, скарыцца (пра горад, крэпасць і пад.). Пала варожая крэпасць. □ Ды толькі не здаўся народ Беларусі, Не стаў на калені, не паў, не сагнуўся. Броўка.

6. Загінуць на полі бітвы. Гавораць людзі: — Паў ён за айчыну У бітве смерцю смелых, Як герой. Зарыцкі.

7. Здохнуць (пра жывёлу). — Бяда... Ратуйце!.. — шаптаў, стукаючы зубамі ад хвалявання, пастух Іван Багатоўскі. — Пала адна карова. Місько.

8. Маральна апусціцца, стаць нікчэмным. [Маёр:] Я не паду так нізка, каб гэтыя бачылі, што робіцца ў маёй душы. Кучар.

9. Нар.-паэт. Апусціцца на ваду (пра гусей, лебедзяў). Ой, ляцелі гусі дый з-пад Беларусі, Селі яны, палі на сівым Дунаю! Селі яны, палі, ваду замуцілі. З нар. Селі гусанькі — Гусі-лебедзі, Палі шэрыя на ваду. Трус.

•••

Ні села ні пала — нечакана, без прычыны. — Набылі б яшчэ тыдзень які. А то ні села ні пала, узняліся, як тыя птушкі з перапуду, і толькі іх бачыў. Пальчэўскі.

Пасці духам — замаркоціцца, занудзіцца, страціць надзею.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

апусці́ць, апушчу, апусціш, апусціць; зак., каго-што.

1. Перамясціць у больш нізкае становішча; паставіць, палажыць ніжэй, чым было. Баец апусціў аўтамат і паспяшыў Пракопу на дапамогу. Якімовіч. Павал апусціў хамут з калень на зямлю і слухаў. Чорны. // Нахіліць, нагнуць. Юрка зачырванеўся і таму апусціў галаву, каб не заўважыла Люська. Навуменка. Жоўтымі матылямі злятае з бярог дачасна засохлае лісце, у знямозе апусцілі вецце гнілабокія вербы. Шашкоў. // Скіраваць уніз (позірк, вочы). [Бабуля:] — Не... — адказала я, паглядзела на .. [Ціхана] і апусціла вочы. Бядуля.

2. Змясціць куды‑н., у што‑н., у сярэдзіну чаго‑н. Апусціць невад пад лёд. □ Па дарозе Рыгор апусціў у скрынку лісты. Гартны. Верачкі больш няма: сёння мы апусцілі ў глыбокую, вузкую яму сасновую трунку з найбольшым шчасцем маёй сястры. Брыль.

3. Спусціць; вызваліўшы замацаваны край, даць упасці. — Апусціце шторы, — захваляваўся Бергнер. Гурскі. Апусцілі заслону, выйшаў ніўскі настаўнік, падняў руку, каб суцішыць расхваляваных дзяцей. Пальчэўскі. // Перавесці з вертыкальнага становішча ў гарызантальнае, адчыняючы або зачыняючы што‑н. Апусціць шлагбаум.

4. Зрабіць пропуск, прапусціць, выключыць (з тэксту і пад.). Скараціўшы так лёгка і механічна свой даклад, Бародка, знарок ці незнарок — невядома, апусціў даволі важную частку. Шамякін.

5. Аслабіць догляд; запусціць, занядбаць. Як і гаспадаром застаўся [Верамейчык], папікаў усе жылы, каб гаспадаркі не апусціць, каб прыдбаць яшчэ што ды ад людзей не астацца. Крапіва.

6. Абл. Перастаць займацца чым‑н. [Садовіч:] — І самае важнае — ніякае стравы для галавы. Не чытаў нічога і школу апусціў. Колас.

•••

Апусціць вушы — а) зрабіцца пасіўным, абыякавым па якой‑н. прычыне; б) завянуць (пра расліны).

Апусціць крылы — страціць энергію, бадзёрасць.

Апусціць нос — тое, што і павесіць нос (гл. павесіць).

Апусціць рукі — страціць здольнасць або жаданне займацца чым‑н.

Апусціць (падтуліць) хвост — стаць больш сціплым, менш прэтэнцыёзным, збавіць самаўпэўненасць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

утрыма́ць 1, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.

1. Трымаючы або падтрымліваючы, не даць упасці каму‑, чаму‑н. Рукі дрыжаць і не слухаюцца, не могуць утрымаць вясла. Ваданосаў. Дзяўчына хацела падняцца, каб выйсці з пакоя, але пабаялася, што ногі яе не ўтрымаюць, і засталася сядзець на месцы. Сіняўскі.

2. Спыніць, прыпыніць рух каго‑н.; стрымаць. Панця рвануўся бегчы, але бацька зноў утрымаў яго за крысо світкі. Кулакоўскі. Ганна цяжка дыхае, спрабуе ўскочыць, корчыцца, і мне з цяжкасцю ўдаецца ўтрымаць яе на ложку. Савіцкі.

3. Прымусіць застацца дзе‑н.; не адпусціць, затрымаць. — Уладзімір Мікалаевіч, прараба Мамкіну трэба ўтрымаць на будоўлі, — сказаў Мароз, прыгладжваючы касматыя сівыя бровы. — Утрымаць. Мыслівец. Язэп кінуў шапку на зямлю, сеў. Факт, утрымаць мінёраў ён не можа, не мае права. Другім яны не менш патрэбны. Асіпенка.

4. Стрымаць праяўленне якіх‑н. жаданняў, пачуццяў, учынкаў і пад. Ведаў.. [дзед], што варта каму-небудзь не ўтрымаць слязу, усхліпнуць, як не вытрымаюць і ўсе астатнія. Хадкевіч. Майстар глянуў на маёра: — Ваша знаёмая? Нешта ўтрымала Смірына ад прызнання. — Сваячка... Блізкая... Алешка.

5. Захаваць за сабой, не ўступіць каму‑н. іншаму. Утрымаць першынство. □ [Жанчына:] — А-а, зяцёк!.. Што ж [г]эта ты не ўтрымаў нявесту? Чыгрынаў. // Зберагчы ў памяці, не даць магчымасці знікнуць. — А памятаеш, дзе мы з табою ўпершыню спаткаліся? — пытаўся Валошын. [Купрыянаў:] — Шмат год прайшло, хіба ўсё ўтрымаеш у галаве... Гурскі. // Не здаць непрыяцелю пазіцыю, крэпасць, горад і пад. Палякі намагаліся з усіх сіл, каб адбіць атаку і ўтрымаць свае пазіцыі. Колас.

6. Вылічыць, не выплаціць (якой‑н. сумы). Утрымаць пяць рублёў з зарплаты.

•••

На ланцугу не ўтрымаць — сілай не ўтрымаць.

утрыма́ць 2, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго.

Забяспечыць сродкамі для існавання, пракарміць. [Косця:] — Бацька распрадаўся зусім, а ўтрымаць мяне ў гімназіі не здолеў. Карпюк.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

валі́ць, валю́, ва́ліш, ва́ліць; незак.

1. каго-што. Прымушаць упасці; абарочваць, перакульваць. Бура валіць лес. □ Лявон хапае Ганецкага за плечы і валіць на зямлю. Козел. // што. Сячы, пілаваць (лес, дрэвы). Прыйшлі туды лесарубы і пачалі без разбору валіць дуб, граб, ясень і іншыя каштоўныя пароды дрэў. Гурскі. // перан.; каго. Разм. Губіць у мностве (пра хваробы).

2. што. Кідаць, скідаць што‑н. у вялікай колькасці; складаць без разбору. Валіць зямлю. □ Самалёты ўсё валілі і валілі бомбы на Ласіны брод. Асіпенка.

3. што на каго. Разм. Перакладаць (работу, адказнасць, віну і пад.) на каго‑н. Валіць віну на другіх. □ [Міхась:] — Ты ж сама такую гамонку павяла. А цяпер на мяне валіш. Б. Стральцоў.

4. Разм. Імкліва ісці, рухацца натоўпам, патокам. Сёння нават у царкву мала хто ішоў, валілі да Канцавога. Карпюк. Фурманкі баляць. Пыл-завея Курыць, бы ўзрушыўся віхор. Колас. // Паднімацца, падаць у вялікай колькасці. З вокнаў валіў чорны дым, языкі агню шугалі ўверх. Гурскі. З мяне ў снег сцякала вада і валіла пара, быццам маю вопратку абліў хто варам. Карпюк. Снег валіць такі, што фарамі правіць нельга. Кулакоўскі.

5. заг. валі́(це). Разм. Ужываецца ў сэнсе: ідзі(це). Стараста.. зашпіліў пад расхрыстаным кажухом камізэльку верхнім гузікам на ніжнюю дзірку і перабягаў з-пад акна да акна... — Мацвей, вечарам, на сход валі! Чорны.

6. што. Качаючы, размінаючы, рабіць шэрсць, сукно больш шчыльным, цвёрдым. З суседніх вёсак людзі неслі і везлі часаць воўну і валіць сукно. Сабаленка.

•••

Валам валіць — ісці, рухацца натоўпам, суцэльнай плынню. Валам валіў народ да нас [у тэатр]. Вярцінскі.

Валіць з хворай галавы на здаровую — сваю віну перакладваць на таго, хто не мае ніякіх адносін да яе. [Моцкін:] Таварыш Гарошка, не валіце з хворай галавы на здаровую. Такі нумар не пройдзе. Макаёнак.

Валіць (усё) у адну кучу — змешваць неаднолькавыя рэчы, з’явы, не бачыць розніцы паміж імі.

Валіць цераз пень калоду — рабіць што‑н. абы-як, як папала.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

кале́на, ‑а, н.

1. мн. кале́ні, ‑яў і ‑ле́нь. Частка нагі, дзе злучаюцца бядровая і галёначная косці; месца згібу нагі. Сагнуць нагу ў калене. Абхапіць рукамі калені. □ Пракоп сеў, зняў шапку і павесіў яе на заціснуты між каленяў кій. Колас. Валодзька з размаху грымнуўся аб ганак, моцна збіўшы калена. Гамолка. // Частка адзення (штаноў, панчох і інш.), якая прыкрывае гэту частку нагі. Залатаць калені штаноў.

2. мн. кале́ні, ‑яў і ‑ле́нь. Нага ад каленнага сустава да таза. Пасадзіць дзіця на калені. □ Унукі ўзбіраліся [дзеду] на калені, церабілі яго бараду, лашчыліся. Лынькоў.

3. мн. кале́ны, ‑ле́н. Частка чаго‑н. сагнутага, непрамога ад аднаго згібу або павароту да другога. Флейта складаецца з галоўкі і двух кален. Калена ракі. Калена дарогі. // Сам вугал згібу, павароту. У самавара не здымалася бляшаная, заломаная вострым каленам і ўстаўленая ў чалеснік труба. Дуброўскі.

4. мн. кале́ны, ‑ле́н. Разм. Асобная частка, закончаны матыў у музычным творы. Ударыў барабан на другое калена, на тое самае, дзе кракавяк ідзе на манер віхрыстай полькі. Кулакоўскі. Кадрылю ў пяць Ці сем кален, Сплючы, ён [скрыпач] мог іграць. Броўка. // Асобнае адметнае месца ў спевах птушак. Калены салаўінай песні. // Фігура ў танцы, скоках. Мы скакалі польку, танцавалі кадрылю аж па шаснаццаць кален, што нават падлога дрыжала. Гурскі.

5. мн. кале́ны, ‑ле́н. Пакаленне ў радаслоўнай. У Дабрынічах гэтых Пальчыкаў добрая палова, і ўжо цяжка разабрацца, хто каму сваяк і ў якім калене. Дамашэвіч. — Цяпер, калі я вам расказаў у двух словах радаслоўную Мухтара аж да шостага калена, вы мусіце зразумець, кім ён павінен быў стаць. Васілёнак.

•••

Вераб’ю па калена гл. верабей.

Выламаць з калена гл. выламаць.

Мора па калена гл. мора.

Поўзаць на каленях гл. поўзаць.

Ставіць на калені гл. ставіць.

Станавіцца на калені гл. станавіцца.

Стаць (упасці) на калені гл. стаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Ка́верт ’невялікая глыбокая яма з вадой на лузе’, ’лужына, роў’ (стол., Яшк.), ’вір’ (маз., Мат. Гом.; слаўг., Яшк.), ’вокнішча сярод дрыгвы’ (стол.), ’невялікае забалочанае паніжэнне’ (палес., тур., Яшк.; Крывіцкі, вусн. паведамл.). Магчыма, сюды ж адносіцца кавець ’роў з вадой’ (стол., Яшк.). Тураўскі слоўнік дае значэнне ’калдобіна, яма на лузе, запоўненая вадой’, аднак існаванне памянш. кавярток і некаторыя прыклады (параўн. «каверты булі, як болота булі, вулезці не можно. То ў гэтых кавертох рыбу було!») дазваляюць думаць, што значэнне слова нельга зводзіць толькі да ’яма’. Жакава (Совещание по ОЛА, 1975, 198) паведамляе, што ў беларускім Палессі слова каверть ’невялікая глыбокая яма з вадой’ вядома ў Петрык. і Мазыр. раёнах. Анкета Жакавай наконт тэрміна каверт выявіла яго ў крупск. у значэнні ’топкае месца ў балоце’. З укр. Палесся вядома каверт ’глыбокае месца ў рацэ’. Шматлікія даныя прыводзіць Ніканчук, Этимология–1977, 123. Слова адзначаецца толькі ў цэнтральным і ўсходнім Палессі (паводле Талстога, Геогр., 215, «лакальнае», і магчыма, архаічнае ўсходнепалескае). Вывад адносна архаічнасці, зроблены на падставе словаўтваральнай структуры і лінгвагеаграфічных даных, можна падтрымаць, улічыўшы наяўнасць слова ў іншым беларускім арэале (можна ўявіць, што слова было вядома больш шырока, аднак на большай тэрыторыі забыта і захавалася ў зоне «лексічнай кансервацыі». Этымалогія тэрміна была прапанавана ўпершыню Талстым, Геогр., 215. Паводле Талстога, каверт можна прадставіць як *ka‑vьrt‑ь, дзе ka‑ — займеннікавая прыстаўка, а аснова — vьrtь, звязаная з дзеясловам *vьrt‑ě‑ti ’вярцець’. З боку семантыкі гэту этымалогію падтрымліваюць такія прыклады, як палес. каверчане дʼерево ’чачотка’, каверчʼі ’дрэнны, няякасны лес, дрэнная, няякасная драўніна’ (Ніканчук, там жа), рус. пск. верть ’лунка для рыбнай лоўлі’ (Жакава, там жа). Параўн. яшчэ рус. вертей ’узвышша, груд’; ’рэчка ў балоцістых, імшыстых, багністых берагах’, калуж., смал. і інш., што датычыць словаўтварэння, то структура слова патрабуе ўдакладнення. Аналогія са структурна тоесным каверзь ’лухта’, якое, відаць, з каверзіць дае падставу меркаваць, што і каверт, каверць таксама паходзіць ад адпаведнага дзеяслова, параўн. укр. ковертати ’перакульваць’, палес. кавернутьупасці з вышыні’ (Ніканчук, там жа), кавярзень ’лапаць’, кавярзаць ’плесці лапці’. Адзначым, што ў такім выпадку можна растлумачыць фанетыку (ка‑ ў назоўніку, ко‑ ў дзеяслове). Цяжка прапанаваць для кожнага назоўніка з гіпатэтычным ка‑ прэфармантам адпаведны дзеяслоў з прэфармантам, магчыма, што некаторыя з такіх назоўнікаў утвораны суфіксальна-прэфіксальным спосабам, параўн. кадаўб, кадаўба (гл.). Да словаўтварэння канкрэтных слоў параўн. бел. дыял. верч, рус. дыял. верть, верч, верча > вертети (у розных значэннях).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

чу́вство ср.

1. (способность воспринимать внешние впечатления) пачу́цце, -цця ср.;

о́рганы чувств о́рганы пачу́ццяў;

чу́вство зре́ния пачу́цце зро́ку;

чу́вство слу́ха пачу́цце слы́ху;

чу́вство вку́са пачу́цце сма́ку;

чу́вство обоня́ния пачу́цце ню́ху;

чу́вство осяза́ния пачу́цце до́тыку;

2. (сознание) прыто́мнасць, -ці ж.;

лиши́ться чувств стра́ціць прыто́мнасць, знепрыто́мнець, самле́ць;

прийти́ в чу́вство прыйсці́ да прыто́мнасці, апрыто́мнець;

быть без чувств быць непрыто́мным;

упа́сть без чувств упа́сці непрыто́мным;

привести́ в чу́вство прыве́сці да прыто́мнасці;

3. в др. знач. пачуццё, -цця́ ср.; (ощущение) адчува́нне, -ння ср.;

чу́вство го́рдости за свою́ ро́дину пачуццё го́нару за сваю́ радзі́му;

чу́вство ме́ры адчува́нне ме́ры;

с чу́вством з пачуццём;

чу́вство но́вого адчува́нне но́вага;

чу́вство хо́лода адчува́нне хо́ладу;

большо́е чу́вство вялі́кае пачуццё;

чу́вство ло́ктя адчува́нне пляча́;

шесто́е чу́вство шо́стае пачуццё;

в растрёпанных чу́вствах расхвалява́ны (растрыво́жаны).

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)