толк, ‑у, м.

1. Сэнс, значэнне, сутнасць. Але ўсё ж даходзіць толку, пазнае ўсё лепш работу. Неслухмянай той іголкай ён [хлопец] штаны ўжо шые з корту. Дубоўка. // Розум, разважлівасць, кемнасць. Калі ў галаве тваёй толк, Жывецца па густу і толкам. А. Александровіч.

2. Карысць, добры вынік. [Луцко:] — Ведаю, што іду не на лёгкі хлеб. Але паспрабую, можа толк будзе. «Звязда». Маці лічыла, што лепш усё ж пасадзіць .. бульбу, якая вырасце напэўна. А з расады ці будзе яшчэ які толк? Якімовіч.

•••

Без толку — без патрэбы, без карысці, дарма. [Алесь:] — Што ты робіш, Платон! Ты ж і камяні без толку псуеш і збожжа людзям... Хіба ж гэта мука? Ракітны.

Ведаць толк у чым гл. ведаць.

Да толку — дарэчы, да месца. [Чалавек:] — Добрая была кабеціна, як у працы, так і на людзях — не пачырванееш, бывала, з-за яе: і слова да толку скажа, і за што возьмецца, тое зробіць. Гурскі.

Збіцца з толку гл. збіцца.

Збіць з толку гл. збіць.

З толкам — з розумам, разумна. [Апейка:] — Адкладваць не трэба, але трэба рабіць з толкам. Мележ.

Няма толку гл. няма.

Узяць (браць) у толк гл. узяць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

трапа́ць, траплю, трэплеш, трэпле; незак., каго-што.

1. Ачышчаць валакно спецыяльнай прыладай, выбіваючы кастрыцу. Можна было цэлы дзень трапаць поруч з .. [Аняй] лён або стаяць ля малатарні і не пачуць ад яе ніводнага слова. Васілевіч. Жанчыны, на хаду падвязваючы фартухі, па адной і чародкамі беглі паўз Ярыніну хату ў сушню церці і трапаць лён. Бажко.

2. Ласкава пагладжваць, пастукваць рукой, пальцамі. [Гарлахвацкі:] (Трэпле яе па плячах). Бядовая ты ў мяне, Нюра. Крапіва. — З табою, брат, не прападзеш, — сам сабе пасміхаецца Амяльян і трэпле каня па крутой шыі. Колас.

3. Тузаць, гайдаць (пра вецер). Гуллівы вятрыска трэпле падалы .. спаднічак [дзяўчат], і яны прытрымліваюць іх рукой. Асіпенка. Расшпілены кажушок трапаў вецер. П. Ткачоў.

4. Частым або неакуратным ужываннем рабіць якую‑н. рэч непрыгоднай. Шкада, што [Сафрон] новыя боты па лясных дарогах трэпле.. Але нічога не зробіш. На такую работу не ў лапцях ісці. Чарнышэвіч.

5. Разм. Ісці вялікую адлегласць. [Сцёпка:] — Я сам гатаваўся, сто вёрст [пехатой] трапаў, здаў экзамены... Колас.

6. Пачаць біць, калаціць, уцягваць ворага ў частыя баявыя сутычкі. Трапаць варожую армію.

•••

Трапаць нервы — хвалявацца; моцна нерваваць каго‑н.

Трапаць (мянціць, малоць) языком — гаварыць шмат і без толку, гаварыць бязглуздзіцу.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

факт, ‑а, М ‑кце, м.

1. Сапраўдны, нявыдуманы выпадак, з’ява, здарэнне; тое, што адбывалася на самай справе. Падзеі, якія адбываюцца ў п’есе «Раскіданае гняздо», абапіраюцца на жыццёвыя факты. Рамановіч. // Прыклад, выпадак. [Краўчанка:] — А факты адгрузкі пустой пароды? Гэта ж усё абгрунтоўваецца .. [Берднікавым] навукова. Мікуліч. Сам факт паездкі [моладзі] на цаліну зробіць карысны ўплыў на калгаснікаў, паспрыяе ўзмацненню працоўнай актыўнасці. Дуброўскі. // Матэрыял для якога‑н. вываду, заключэння. У час вайны Даніла Мікалаевіч не аднойчы сустракаўся з фактамі, якія прывучылі яго да больш разважлівых вывадаў. Паслядовіч. Шэркас расказаў.. падрабязна і кожны свой довад пераканальна пацвердзіў фактамі. Кулакоўскі.

2. Рэальнасць, рэчаіснасць. [Доктар:] — Я рэвалюцыі чакаў і нават памагаў яе рабіць, пакуль яна не была фактам. Чорны. // Наяўнасць чаго‑н. У падмацаванне факта гэтай распусты Аленчына маці расказала некалькі прыкладаў. Колас. / у знач. вык. Разм. Пра бясспрэчную ісціну. [Янукевіч:] — Нашым механізатарам цяпер ёсць чым пахваліцца — гэта факт. Хадкевіч. [Сцяпан Пятровіч:] — У мяне двое дзяцей. І што я іх люблю — факт. Ермаловіч.

3. у знач. сцвярджальнай часціцы. Разм. Ужываецца ў значэнні: сапраўды, зразумела, бясспрэчна. [Інжынер:] — Ох, і хітр[ы] ж .. гэты Маслабоеў! Чуў, куды ён гне? Залагоджвае начальства, факт! Каршукоў.

[Ад лац. factum — зробленае.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

халадзі́ць, ‑ладжу, ‑лодзіш, ‑лодзіць; незак., каго-што.

1. Рабіць халодным; ахалоджваць, астуджваць. Ралля дробна рассыпалася пад плугам і прыемна халадзіла босыя ногі. Чорны. На аўсе яшчэ не абсохла раса. Яна мочыць і халодзіць ногі. Крапіва. / у безас. ужыв. Сёння ў машыне не было да чаго прычапіцца, таму.. [Якаў] адчуў, як пачало халадзіць спіну, і хутка вылез. Кулакоўскі.

2. і без дап. Выклікаць адчуванне холаду. Два грузчыкі.. умасціліся спераду, каля самай кабіны, тварамі супроць ветру, які не пыліць ім у вочы, а толькі прыемна халодзіць. Брыль. Ніна прыпала да вады, якая здалася вельмі чыстай і прыемна халадзіла, — піла, піла і ўсё не магла задаволіцца. Мележ.

3. перан. (звычайна са словамі «сэрца», «душу», «кроў» і пад.). Агортваць холадам пры моцным хваляванні, страху і пад. [Сцяпан] моцна адчуў сваю самотнасць. Гэта пачуццё пракрадвалася і халадзіла яго душу і раней. Дуброўскі. / у безас. ужыв. Ад страху ўсяго.. [Лёньку] халадзіла, і ляцеў ён бы на крылах. Капыловіч.

4. безас. без дап. Пра халоднае надвор’е. Дні стаялі пагодлівыя, а па начах ужо халадзіла, сяды-тады націскаў марозік. Кулакоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

хрысці́ць, хрышчу, хрысціш, хрысціць; незак., каго-што.

1. Спраўляць над кім‑н. царкоўны абрад хрышчэння. Дзён праз дзесяць хлопчыка павезлі хрысціць. Лужанін. Як толькі Алімпа трохі акрыяла пасля родаў, маці захадзілася хрысціць у папа дзіця. Сабаленка.

2. Быць хросным бацькам або хроснай маці.

3. Рабіць знак крыжа (у 2 знач.) над кім‑, чым‑н. Як зірнулі [бабкі] на труну, напалохаліся.. Пачалі ілбы хрысціць ды галасіць. Лынькоў. На фоне акна Лялькевіч убачыў, як разгубленая, спалоханая Поля хрысціла ўслед брата і сястру. Шамякін.

4. Разм. Даваць мянушку. [Ларывон] апраўдваў сваю мянушку, якой яго паціху хрысцілі людзі: Бугай. Мележ. // Лаяць, абзываць. Глянуў стары на пустую раёўню, прынесеную пчалаводам, і раптам зноў пачаў хрысціць Юрку ўсякімі словамі. Кулакоўскі.

5. Разм. Біць, хвастаць. Я спытаўся: «І Хрысціна цябе б’е?» «Кожны дзень хрысціць, ратунку ніякага няма», — адказаў хлопчык і ўнурыў галаву. Гурскі. Хто захапляўся, гучна сёрбаў, дзед таго лыжкай па лбе хрысціў. Калачынскі.

•••

Не дзяцей хрысціць каму з кім — не мець інтарэсу да каго‑н., не жадаць мець справы з кім‑н.

Шалёны поп хрысціў каго гл. поп.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

це́рці, тру, трэш, трэ; тром, траце; пр. цёр, церла; заг. тры; незак., каго-што.

1. Націскаючы, вадзіць узад і ўперад па паверхні чаго‑н. [Зося] трэ па гарачай скаварадзе подмазкай, ад чаго скаварада шыпіць, і ад яе ідзе пахучы сіняваты дымок. Крапіва. Неўзабаве ў хату ўвайшла бабка і стала церці застылыя рукі. С. Александровіч. Антанюк узброіўся нажом, закасаў рукавы пінжака і скроб абсмаленую тушу, цёр мокрай саломай. Шамякін. // Водзячы ўзад і ўперад чым‑н. або па чым‑н., ачышчаць, мыць, надаваць бляск і пад. У святочныя дні дзед .. яшчэ важней цёр мелам свае медалі і, навесіўшы іх на грудзі, урачыста ішоў на станцыю. Лынькоў.

2. Размінаючы, націскаючы, змешваць, ператвараць у парашок, у дробную аднародную масу. Церці тытунь. □ [Стэфа] церла мак, рашчыніла цеста на бліны. Арабей.

3. і без дап. Будучы цесным, нязручным, выклікаць боль, пашкоджваць скуру. Чаравікі труць. □ І пакуль вылечыўся, [Вялічка] не мог насіць ботаў, халява церла яму хворую нагу. Чорны.

4. Пераціраць, рабіць мякчэйшым. У Малінаўцы лён церлі талакой. Чарнышэвіч. Жанчыны, на хаду падвязваючы фартухі, па адной і чародкамі беглі паўз Ярыніну хату ў сушню церці і трапаць лён. Бажко.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шале́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; незак.

1. Захворваць шаленствам (пра жывёлу).

2. Прыходзіць у крайняе раздражненне, гнеў; вар’явацца, лютаваць. Шалець ад злосці. □ Б’ючы, .. [Яўхім] не толькі не спатольваўся, а шалеў яшчэ больш. Мележ. Толькі дарэмна бандыты З лютае злосці шалеюць, — Не задушыць ім свабоды, Не заняволіць Карэі! Танк. // перан. Вельмі бурна, інтэнсіўна праяўляць сваё дзеянне, сілу. Шалее вецер. □ Шалелі ўдалечыні салаўі, выдумляючы самыя мудрагелістыя грэлі. Хадкевіч. Плынь вады, справа адносна запаволеная, часам аж шалее злева, пад зараснікамі вербалозаў, што густа навісаюць над вадою з крутых лугавых абрываў. Кірэенка. Каторы дзень шуміць наўкола, Шалее лютая зіма, Аж дрэвы хіляцца да долу. Каторы дзень цябе няма. Танк.

3. Рабіць учынкі, пазбаўленне разважлівасці, здаровага розуму; паводзіць сябе як шаленец. Маладыя лейтэнанты проста шалелі, выклікаючы на сцэну на дзіва прыгожую самадзейную артыстку. Навуменка. А Любка шалела, цалавалася з усімі афіцэрамі. Лынькоў.

4. перан. Вельмі хутка расці, буяць. Рэдкі і маленькі, на пяску.. [ячмень] цяпер зусім пасох і пакорчыўся. Але ў ім шалеюць баравікі — беленькія, з чорнымі галоўкамі і тоўстым карэннем. Пташнікаў.

•••

Шалець з раскошы — перабіраць, капрызіць (пра асоб, якія перанасычаны ўсім, маюць усё ў дастатку).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шурава́ць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; незак.

1. што і без дап. Перамешваць у топцы палаючае паліва, увесь час падкідаючы новае. Стараваты ўжо чалавек у ботах, галіфэ і ніжняй кашулі шураваў у топцы доўгай жалезнай качаргой. Нядзведскі. // Ачышчаць паверхню дна, каласнікі печкі, топкі і пад. ад шлаку, попелу. Хлапец завіхаўся з жалезнай лапатай, падкідваў у палаючую топку вугаль, шураваў каласнікі і ўсё ўсміхаўся. Лынькоў.

2. што і без дап. Разм. Старанна, энергічна мыць, церці, скрэбці, чысціць што‑н. [Валодзька:] — Бяры [Надзя] во швабру і шуруй. Падобраму — і я памог бы. Гроднеў.

3. перан. Разм. Развіваць бурную, энергічную дзейнасць; дзейнічаць, рабіць што‑н. энергічна, з запалам. І вось шуруюць — ездзяць [камісіі] на палі, Кароўнікі ды свірны правяраюць, Гросбух у бухгалтэрыі гартаюць... Корбан. Васіль шуруе граблямі — Працуе ля капніцеля. Ставер. // Хутка куды‑н. рухацца, крочыць, ісці і пад. [Алег:] — Аддайце яму ўсё... А ты, бацька, шуруй адсюль, чуеш? Радкевіч. Умова была простая: паставіш на ногі [грузавік] — сядай і шуруй!.. Ракітны.

4. перан.; што. Садзейнічаць хутчэйшаму развіццю чаго‑н., падштурхоўваць, паскараць наступленне чаго‑н. І каб «справа» не заглухла, ён [Іван Іванавіч] узмоцнена яе «шураваў». «Вожык».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прыд ’выраз у ніжняй частцы бочкі ці цэбра, у які ўстаўляюць дно’ (Мат. Маг.), прыд, прыдо́к ’край у дне драўлянай пасудзіны’ (Нас.), прыды́ ’выразанае заторам шнуравіднае заглыбленне ўнізе драўлянай пасудзіны, куды ўстаўляецца дно’ (Мядзв.); з працягам і развіццём семантыкі прыд ’пруг, край палатна’: не садзіся на край красён — прыд адціснеш (Бяльк.). Разам са смал. прид ’ніжняя частка бочкі (разам з днішчам)’ утварае адзіны арэал. Узыходзіць да прасл. *pridъ, дзе pri‑ — прэфікс, а d‑ — нулявая ступень кораня *dě(ja)ti < і.-е. *dhe‑ ’ставіць, класці; рабіць, дзейнічаць’ ці *dati ’даць’ < і.-е. *dō‑, прадстаўленне, напр., у такіх праславянскіх лексемах, як *sǫ‑dъ ’суд; пасудзіна’, *obъ‑do ’скарбніца’, *na‑da ’надзея; настаўка, дадатак; сталь’ і інш. (падрабязна гл. Пятлёва, ОЛА, Исследов., 1994–1996, 207–209 з амаль вычарпальнай папярэдняй літ-рай; без уліку беларускага матэрыялу). У зах.- і паўд.-слав. мовах зафіксаваны фармальна ідэнтычныя лексемы, але з семантыкай, якая істотна адрозніваецца ад папярэдняй: чэш. příď ’пярэдняя частка; нос (судна)’, каш. přid ’даплата пры куплі’, балг. прид ’прыданае і пад.’, дыял. (Самоков) прит ’дадатак (пры размене)’, серб.-харв. при̂д, ж. р. при́да ’прыдача (пры абмене); прыбаўка (пры куплі-продажы)’, славен. prìd, prída ’карысць’, дыял. pŕda ’адзенне, якое нясуць за нявестай у дзень вяселля’ (< *pridъ ’тое, што прыбаўляецца, дадатак, карысць’, гл. Бязлай, 3, 120–121); стараж.-рус. придъ ’прыбытак, карысць’, ц.-слав. придъ ’абмен’ (’прыдача’). Семантычная калізія вырашалася па-рознаму. Так, Запрудскі (дыс., 86–87) узводзіў, як, дарэчы, і Скок (1, 382), серб.-харв. словы да прасл. *pridъ з коранем d‑, а бел. прыд прапанаваў суаднесці з брыды́ ’канцы клёпак ля дна кадушкі’ (гл.), дзе аглушэнне пачатковага б такое ж, як і ў пары бро́варпарыц. про́вар (Некр.), што, зразумела, вельмі няпэўна — і не толькі з-за адзінкавасці фіксацыі. Пятлёва, аналізуючы гэтыя лексемы з боку суадноснасці іх з семантыкай дзеясловаў *dě(ja)ti < і.-е. *dhe‑ ’ставіць, класці; рабіць, дзейнічасць’ і *dati ’даць’ < і.-е. *dō‑, лічыць, што *pridъ магчыма звязаць як з першым значэннем ’штосьці прыстаўленае, дададзенае, прыробленае’ альбо ’дададзенае, прыбаўленае’ (магчыма, пра днішча ці, дададзім, пра нос (судна), як у чэшскай), так і з другім — у гэтым выпадку гаворка пойдзе пра адзіны *pridъ з двума значэннямі ’прыдача, прыбаўка’ і ’ніжняя частка бочкі з днішчам’ (там жа, 209). Інакш БЕР, 5, 706–707, дзе балг., серб.-харв. і стараж.-рус. лексемы (іншыя славянскія не адзначаны) лічацца аддзеяслоўнымі ўтварэннямі ад прасл. *pridāti. Паводле Папоўскай–Таборскай (SEK, 4, 128), каш. přid ’даплата; дадатак’ і адпаведныя формы з гэтым значэннем у іншых славянскіх мовах, насуперак Трубачову (Слав. языкозн., V, 182), не звязаны са словам. Спецыяльна пра польск. дыял. przyd гл. Шыманскі, JP, 53, 1973, 48–50. Параўн. прыда́нае (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Трысці́ць1 ‘зводзіць дзве або тры ніткі ў адну для далейшага сукання’ (Нас., Некр. і Байк., Ласт., Бяльк., Мядзв., Варл., Янк. 1, Сцяц., Янк. 1, Сцяц., Сл. ПЗБ; арш., мёрск., в.-дзв., Шатал.; мсцісл., Жыв. сл.; рагач., Арх. ГУ, ЛА, 4, Мат. Маг.; круп., Нар. сл.), ‘падрыхтоўваць ніткі для сукання’ (Жд. 2), тросці́ць ‘тс’ (ТС), трасці́ць ‘тс’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ). Параўн. рус. тростить, тра́щивать, трестить ‘скручваць, звіваць, сплятаць, віць (вяроўку), сукаць, здвойваць пражу на верацяне’, ‘зліваць, ссыпаць у адно месца’, ‘змешваць’: не трости жита с ячменем (Даль), сюды ж, відаць, і балг. дыял. тръсти́на ‘вяроўка з конскага хваста або грывы’. Паводле Мяркулавай (Очерки, 47), дзеяслоў вытворны ад *trъstь/*trьstь (гл. тросць1;) з двума супрацьлеглымі значэннямі ‘віць, звіваць’ і ‘драбіць, расшчапляць на часткі’ (гл. трысціць2). Вывядзенне дзеяслова з тросць1 пацвярджаецца выразай трысьці́ць бе́рда ‘ўстаўляць новыя трысцінкі ў бёрдзе замест выпаўшых або паламаных’ (Нік. Очерки), а таксама трысці́ць аснову ‘ўводзіць аснову ў бёрда’ (там жа), трасці́цьрабіць новае бёрда, устаўляць у яго трасцінкі’ (в.-дзв., Шатал.). Крытычны разгляд ранейшых версій з канстатацыяй іх недастатковай агрументаванасці гл. у Фасмер, 4, 108. Сюды ж трэ́шчаны ‘ссуканы’ (Сцяшк. Сл.; чэрв., ст.-дар., лід., Сл. ПЗБ), тры́шчаны ‘злучаны з 2–3 столак, нітак’ (Нас.; мсцісл., Жыв. сл.), трышчо́ны ‘злучаны разам (пра ніткі)’ (Ск. нар. мовы, Сцяц., Янк. 1, Мат. Гом.), тро́шчаны ‘складзены ўдвая’ (стол., ЛА, 4), тро́шчэны ‘ў якім зведзены дзве ніткі разам’ (ТС).

Трысці́ць2 ‘біць, разбіваць’ (Мат. Маг.), ‘ламаць з трэскам, без разбору’ (Юрч. Сін.), ‘ламаць на дробныя кавалкі, трэскі’ (Растарг.), тры́сціць ‘ламаць што-небудзь слаістае’ (Нас., Гарэц., Байк. і Некр.), сюды ж тры́шчыцьрабіць, шчапаць, ламаць’ (Нас.) і трашчыць2 (гл.). На рускай тэрыторыі — толькі на мяжы з беларускай, параўн. рус. смал. растрысти́ть ‘драбіць на кавалачкі’, потрысци́ть ‘пашчапаць, паламаць на дробныя часткі’ (Дабр.). На думку Мяркулавай (Очерки, 47), ідэнтычна паводле паходжання трысціць1 (гл.), што, відавочна, грунтуецца на фіксацыі Даля (без указання тэрыторыі) рус. трести́ть лучину «расшчапляць мелка, на запалкі» ад тре́ста ‘чарот, траснік’. Аднак больш шырокая семантыка дазваляе зблізіць словы з іншымі дзеясловамі з варыянтным вакалізмам, як у трусці́ць ‘біць, разбіваць на кавалкі’, тру́шчыць, тру́скаць (гл.), укр. тро́скати ‘ўдараць пугай’, польск. trzaskać ‘раптоўна ўдараць па чым-небудзь, выклікаючы моцны розгалас’, ‘біць, таўчы’, ‘лопацца з трэскам’, чэш., славац. trosky ‘абломкі, рэшткі, руіны’, харв. trȍska, серб. тро̏ска ‘гараль, акаліна’, ‘шлак’, што да прасл. *trъstiti/*troskati гукапераймальнага паходжання, гл. троскат, трэск. Параўн. Фасмер, 4, 107; ЕСУМ, 5, 649; Борысь, 647.

Трысці́ць3 ‘крыць хату’, ‘перабудоўваць хату’ (слуц., Жыв. сл.). Відаць, пашырэнне значэння трысціць1 ‘складваць, злучаць’, магчыма, з канкрэтызацыяй ‘пакрываць чаротам’, што да тросць1, трысцё, гл.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)