струга́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., што і без дап.

1. Зразаць тонкі слой з паверхні драўніны, металу і пад. рэжучым інструментам. Вадзік сядзеў у кутку, стругаў ножыкам дошку. Гамолка. Цэлае лета Арцём стругаў кару і настругаў сто пяцьдзесят рублёў. Пянкрат. Сваім разцом люблю я Стругаць тугую сталь, За змену адшліфую Я не адну дэталь. Русак. Рабочыя разышліся па месцах і прыняліся хто наразаць, хто тачыць, хто шліфаваць, хто стругаць, хто вастрыць на наждаку разцы ды зубцы. Гартны. [Ляснік] заўзята стругаў арэхавы кій і нібы забыўся на хлопчыкаў. Паўлаў. // Вырабляць што‑н., апрацоўваючы драўніну, метал такім чынам. Занятак быў не дужа споры, Гарэлі пальцы ад ляза, Ды дзед стругаў упарта корань, Унуку лыжку выразаў. Чарняўскі.

2. Рэзаць, наразаць пры дапамозе якой‑н. прылады (нажа і пад.) тонкія вузкія палоскі, кавалкі. Стругаць бульбу саломкаю. □ Надзя рэзала буракі, відаць, карове на падкормку... — Навошта ты буракі стругаеш? — спытаў яе дзед. — Што, бацвінне карове кепска? Мыслівец.

3. Абл. Абіраць (бульбу і пад.). Маня сядзела на парозе варывенькі, стругала бульбу. Якімовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

урэ́шце, прысл.

1. Пасля ўсяго, напаследак; нарэшце. Хлопчыкі гаварылі яшчэ доўга, дамаўляючыся, як і што яны будуць рабіць у горадзе, якім чынам будуць шукаць прафесара і як потым яго павязуць. Урэшце яны вырашылі чакаць раніцы, каб на світанні зноў рушыць у дарогу. Сіняўскі. Тым часам гульня працягвалася, і мы з Вандай урэшце адолелі сваіх праціўнікаў. Марціновіч. Апынуўшыся тут,.. [Міколка] не мог уцярпець, каб не паглядзець, а чым жа ўрэшце скончыцца ўся пакгаузная справа. Лынькоў.

2. у знач. далучальнага злучн. (часта ў спалучэнні са злучнікам «і»). Ужываецца для далучэння асобнага слова або цэлага сказа. Агонь усё слабеў... урэшце знік паволі... Багдановіч.

3. у знач. пабочн. Паказвае на завяршэнне працэсу, дзеяння, з’явы. Хвілін праз колькі, відаць, скончыўшы,.. [дзяўчына], урэшце, адарвала ад кнігі чырвоныя ад слёз вочы. Шамякін.

4. у знач. пабочн. Паказвае, што мера цярпення, чакання і пад. скончылася, або падкрэслівае што‑н. [Карзюк:] — Калі ж, урэшце, можна будзе з ёю [Марысяй] пагаварыць?! Баранавых. [Лёдзя:] — А ўрэшце, з кім хачу, з тым і гуляю. Карпаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

уці́снуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак., каго-што.

1. Націскаючы з сілай, прымусіць паглыбіцца, увайсці ў глыб, унутр чаго‑н. Уціснуць корак у бутэльку. □ Неўзабаве важкія машыны так уціснулі ў гразь бярвенні, што іх не стала відаць. Мележ.

2. З намаганнем умясціць у што‑н. цеснае, запоўненае; увапхнуць. — Я, здаецца, не ў час прыйшоў, — разгублена прамовіў Лабановіч. — Нічога, нічога, — сказала жанчына.. Яна ўзяла паліто і ўціснула яго між адзежы, ужо вісеўшай на вешалцы. Колас. Людскі натоўп абхапіў мяне, узняў на прыступкі і ўціснуў у вагон. Ус. // перан. Падаць вялікі змест твора ў сціслай форме. З’яву такога парадку, як паэзія Купалы, з’яву, якая па-мастацку адлюстроўвае цэлую гістарычную эпоху ў жыцці народа, цяжка ды, бадай, і немагчыма ўціснуць у рамкі пэўнага літаратурнага стылю, скажам, рэалізму або рамантызму. Навуменка.

3. Абвязваючы што‑н., зменшыць у аб’ёме. Жніво. Смуга над плёсам. Воз снапоў Уціснуў дзед вяроўкаю тугою. Пысін.

4. Уцягнуць, увабраць унутр. Уціснуць галаву ў плечы. □ Дзяўчына скурчылася ў кутку, уціснула галаву, засланіла рукамі свой твар і пачала чакаць смерці. Маўр.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Надалу́жыць Зэканоміць, нагнаць час’ (Сцяц.), ’пажыць добра’ (Сцяшк. Сл.), надалу́жваць ’дабаўляць’ (лях., Сл. ПЗБ), надолу́жыць ’надбавіць, задаволіць патрэбу’, надолу́жваць ’надбаўляць, дапамагаць пакрыць нястачу’ (ТС), параўн.: ja swaje nadałużu (= пакрыю, адраблю, вярну) (Пятк. 2, 192), укр. надолужити ’нагнаць, навярстаць, пакрыць, кампенсаваць, дапоўніць’, ’насаліць; надаесці’, магчыма, сюды і рус. надалуга ’гультайка’. Відаць, корань той жа, што і ў прыметніку недалугі, недалужны ’слабы, хворы’, што суадносіцца (запазычаны?) з польск. niedołężny ’тс’, dolę g а ’сіла, моц; дастатак, запас’ (варыянт dolęka звязваюць з łączyć ’лучыць’, Брукнер, 360); тады першаснае значэнне дзеяслова ’прыдбаць сілу, дастатак’. Згодна з Махэкамг (393), усе славянскія формы (чэш. nedoluźny, польск. niedołężny, укр. недалуга, рус. недолугий) даюць падставу рэканструяваць прасл. *nedolężbriъ і дзеяслоў *nedolęgati з асновай ‑lęg‑, роднаснай ням. langen ’быць дастатковым’, што большасцю даследчыкаў лічыцца праблематычным. Найбольш блізкімі фармальна да разглядаемых усходнеславянскіх слоў з’яўляюцца славен. nadlegovati ’надаядаць, дакучаць’, nadloga ’бяда’, nadlega ’цяжкасць, прыкрасць’, на якія, на думку Бязлая, паўплывала народнаэтымалагічнае збліжэнне з *lęgti, lęźiti (Бязлай, 2, 211), чым, відаць, і тлумачыцца іх семантыка, супадаючая з усходнеславянскай толькі часткова.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Жоўць1 ’жоўта-зялёная горкая вадкасць, якую выдзяляе печань’, перан. ’злосць’. Рус. желчь, укр. жовч, палес. жовть, польск. żółć, н.-луж. žołś, žołe, в.-луж. žółć, чэш. žluč, славац. žlč ’тс’, балг. жлъч ’злосць’ уст. ’атрута’, жлъчка ’жоўць’, ’жоўцевы пузыр’, макед. жолч ’жоўць, жоўцевы пузыр’, серб.-харв. жу̑ч ’тс’, славен. žôlć ’жоўць’. Ст.-слав. злъчь, пазней таксама жлъчь, ц.-слав. жлъть ’тс’, ст.-рус. жьлчь ’тс’. Бел. поўнасцю адлюстроўвае (як і ўкр. палес., польск., н.-луж.) уплыў слова жоўты на форму слова (пачатковае ж‑ і канчатковае ‑ць замест з‑ і ‑чь). Першаснае значэнне да кантамінацыі з жоўты было, відаць, ’горыч’, што паслужыла асновай для старажытнага пераносу значэння ’злосць, раздражненне’. Захоўваючы гэта пераноснае значэнне слав. мовы, аднак кантамінавалі слова з жоўты, што прывяло і да семантычнага зруху (адлюстраванага ў першым слове слоўнікавага тлумачэння). Гл. жоўкнуць.

Жоўць2 ’жоўтая фарба, жоўты колер’. Рус. желть, польск. рэдк. żółć, в.-луж. žołć, чэш. žluť, славац. žlť Ст.-рус. жлъть ’тс’. Утворана, як адцягнены назоўнік са значэннем апрадмечанай адзнакі на ‑ь (< *‑ĭ) ад прыметніка жоўты, відаць, яшчэ ў прасл. мове, як напрыклад, чэрнь (< *čьrnь): *žьltь.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Туро́к1 ‘юрок або цыганчык — гульня і конусападобная цацка, якая круціцца на спічастым канцы, падганяецца маленькім (з тоненькага раменьчыка) бізунком’ (Нас., Яруш., Гарэц., Байк. і Некр.). Відаць, да тураць, туры́ць ‘хутка ганяць’, гл. Насовіч (644) тлумачыць паходжанне гэтага слова гукаперайманнем.

Туро́к2 ‘закавулак’ (Бяльк.), ‘тупік, вуліца паміж хатамі’ (Растарг., Пал.), ‘вузкая прастора паміж печчу і сцяной, запечак’ (касцюк., ЛА, 4; слаўг., ЛА, 5). Параўн. укр. дыял. туро́к ‘заліў на рэчцы’ (Чарапанава, Геогр.). Не зусім ясна. Магчыма, звязана з турыць ‘заганяць, запіхваць’, гл.

Туро́к3 ‘дзікі голуб-туркаўка, Columbia turtur’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Ласт.), слова перадае крык туркаўкі (галубкі). Гукапераймальнае ўтварэнне, параўн. таксама ту́ркаўка1, ту́рчык (гл.).

Туро́к4 ‘мядзведка, Glottotalpa vulg. hatr. ’ (Жд. 1, Рэг. сл. Віц., Сл. ПЗБ). Гукапераймальнага паходжання, параўн. таксама турчок, туркаўка2 (гл.). Параўн. ілюстрацыю: турок — рыжэнькі, у зямлі тырчыць, турчыць ноччу на двары (Сл. ПЗБ).

Туро́к5 ‘конік (насякомае)’ (Рэг. сл. Віц.). Гукапераймальнае ўтварэнне. Сюды ж, відаць, туро́к ‘жарабя’ (круп., Полымя, 1980, 8, 254), ‘падзыўная назва жарабяці’ (Мова Сен.). Ласкальна ад назвы насякомага?

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Лыго́ўка ’луг для мыцця бялізны’ (Шат.). Відаць, да луг3 (з пераходам у > ы), аднак, беручы пад увагу балг., банацк. ли́га ’адцэджаная вада з хатняга мыла’, можна дапусціць сувязь бел. лексемы таксама і з польск. варш. ligać się ’слізгацца’, серб.-харв. ligùrati ’ездзіць на санках’, макед. лизга се ’коўзацца’, лизгач ’канькабежац’, лига і балг. лига ’сліна’, ’слізь’, якія да прасл. liga < і.-е. *(s)lei‑g‑ ’слізкі, ліпкі’ (БЕР, 3, 392–393; Слаўскі, 4, 250; Бязлай, 2, 139–140).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Вільго́та1 ’адліга’ (Яруш., Нас., КТС). Запазычана з польск. wilgota ’макрата, вільгаць, вільготнасць’.

Вільго́та2 ’ільгота, аблягчэнне’ (Нас.); ’выгада’ (карм., Мат. Гом.), перан. ’прыволле, раздолле’ (Юрч.). Укр. вільгота ’ільгота, аблягчэнне’, палес. вильгота ’тс’, рус. вольгота ’вольнае жыццё, воля, вольнасць, аблягчэнне’; ’прастор’; ’вызваленне ад дзяржаўнай павіннасці’. Беларуская лексема ўзнікла з ільгота з прыстаўным в‑. Рускія дыялектныя формы, магчыма, з’яўляюцца вынікам кантамінацыі з лексемай воля. Параўн., аднак (Шанскі, 1, В, 154–155). Украінская лексема, відаць, запазычана з бел. мовы.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Нашу́лка ’ахапак чаго-небудзь (акрамя сена), які бяруць пад паху’ (навагр., Нар. сл.), ’ношка’ (іўеў., маладз., Сл. ПЗБ), нашу́лкі ’насілкі; дзве жэрдкі, на якіх пераносяць сена’ (ашм., смарг., Сл. ПЗБ). ГТамянш. да ноша ’груз, вязка, якія нясуць на сабе ці з сабой’, ношы ’насілкі’ (гл.); у < о пад націскам, відаць, адлюстроўвае закрытае або дыфтангічнае вымаўленне галоснага, характэрнае для названага арэала, гл. Нарысы па бел. дыял., 37 і інш. Параўн. нашоука, нашоукі, нашолкі ’ношка’ (навагр., іўеў., Сл. ПЗБ).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Наўда́ку ’наўрад, наўрад ці’ (Нас., Яруш., Растарг., Юрч.), ’наўрад, малаверагодна, на ўдачу’ (Гарэц., Бяльк.), наўдачу ’тс’ (Яруш., Нас.). Да удацца, удача (гл.), заканчэнне -/сі/, відаць, пад уплывам іншых прыслоўяў, дзе яно адлюстроўвае канчатак род.-месн. скл. назоўнікаў на -къ (гл. Карскі 2–3, 69), паколькі назоўнікаў тыпу *удак няма; няправільна збліжаецца з наўда ’карысць, маёмасць; асаблівасць, важнасць’ (гл.) на аснове значэння ’нічога асаблівага, нічога важнага’, перш за ўсё па лінгвагеаграфічных меркаваннях (параўн. Арашонкава і інш., БЛ, 3, 1973, 31).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)