І́хні займ. ’які належыць ім’ (ТСБМ, Шат., Нас.), і́хны ’тс’ (ТСБМ, Бяльк.), і́хі ’тс’ (Сл. паўн.-зах.), и́хный ’ім уласцівы’ (Нас.). Рус. дыял. и́хний, и́хный, и́хий ’іх’ (у рускай пісьменнасці з XVII ст.), укр. і́хній ’тс’. Вытворнае з суф. ‑н‑ (< ьnъ) ад іх, формы р. скл. мн. л. прасл. займ. *jь (гл. ён). Гл. Фасмер, 2, 145.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Прылуча́й ’выпадак’ (Нас.), таксама вытворныя прылу́чка ’тс’ (Бяльк.), прылучэ́нне ’збег абставін, здарэнне, прыгода’ (Нас.). Сюды ж таксама вытворнае, якое захавала спрадвечны націск, прылу́ка ’здарэнне, выпадак; прыгода’ (Нас., Гарэц., Ласт., Байк. і Некр., Бяльк., Жд., Стан.) з рэгулярным (тут “адваротным”) чаргаваннем у фіналі асновы. Узыходзіць да прасл. *prilučějь < *prilučiti (sę), прэфіксальнага да *lučiti (sę), гл. лу́чыць (гл. таксама ЭССЯ, 16, 162–163 з падрабязным аналізам семантыкі). Ст.-слав. прилоучаи: по прилоучаю ’выпадкова’, ст.-рус. прилучаи ’абставіны; выпадак; няшчасце, бяда; лёс’, балг. прилу̀ка ’зручны выпадак; прыгода’ (БЕР, 5, 720: аддзеяслоўнае вытворнае ад прылуча), рус. дыял. при́лучь ’выпадак; здарэнне’, прилу́чай ’выпадак’, а таксама прилукну́ть ’набыць выпадкова’, прилуча́ться, прилучи́ться ’здарацца, адбывацца’, укр. прилуча́тися, прилучи́тися ’здарацца, здарыцца’. Варбат (Этимология–1972, 48–49) лічыць роднасным і польск. дыял. przyłyka ’жанчына, якая прыехала з мужам з іншай мясцовасці’, што адрозніваецца ступенню каранёвай галоснай.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Бабі́нец ’царкоўны цвінтар’, ’бабінец’ (БРС, Нас., Гарэц., Бесар.). Укр. баби́нець ’бабінец, месца, дзе збіраюцца старыя жанчыны’ (рус. бабине́ц, мабыць, запазычана з укр. мовы, але адкуль такі націск?). Вытворнае ад ба́ба1 (суфікс ‑иньць). Першапачаткова — ’месца, дзе збіраюцца бабы’. Параўн. таксама польск. babiniec, чэш. babinec. Можна ставіць пытанне і аб запазычанні з зах.-слав. моў, дзе суфікс ‑inьcь у nom. loci вельмі прадуктыўны.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Вы́ручыць (БРС, Бяльк., Яруш.). Рус. вы́ручить, укр. ви́ручити. Ст.-рус. вытворнае з прыст. вы‑ ад згубленага ручити ’паручыцца’, якое ад рука (Сразнеўскі, 3, 200). Булахоўскі (Деэтимологизация, 187) лічыць, што зыходным быў вобраз ’падаць руку выратавання’. Значэнне ’выручыць грошы’ ўзнікла лексіка-семантычным спосабам на базе першага значэння і, як лічыць Булахоўскі (там жа), праз прамежкавае прадстаўленне ’выратавацца ад страты’ (Шанскі, 1, В, 231).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Вяту́х ’вятох’ (Бяльк.). Рус. дыял. ветух, вётух, ветух ’месяц; месяц у апошняй фазе’ (калуж., арханг. і інш., СРНГ). Як паказвае геаграфія, бел. слова можа быць і незалежным ад рус. форм. Верагодней усяго вятух — вынік дээтымалагізацыі, калі першаснае вятох стала ўспрымацца як вытворнае з дапамогай суф. ‑ох, які і замяніўся на больш прадуктыўны ‑ух. Адносна апошняга гл. Слаўскі, SP, 74–75.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ві́дзенне ’зрок’; ’твар’; ’вочы’; ’від’; ’прывід, здань’ (Нас., Касп.). Рус. видение ’зрок, здольнасць бачыць’; ’пачуццё’; ’вочы’, ст.-рус. видѣние ’бачанне’; ’зрок’; ’вока’; ’відовішча’; ’від, выгляд’; ’прывід’, польск. widzenie ’здольнасць бачыць’; ’спатканне з кім-небудзь’; ’тое, што бачым, бачанае’; ’прывід, здань’, в.-луж. widźenje ’бачанне’ і г. д. Прасл. viděn‑ьje. Вытворнае ад дзеепрыметніка залежнага стану viděn‑ъ і суф. ‑je.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Гню́сны ’гнюсны’ (БРС, Нас., Шат.). Рус. гну́сный, польск. gnuśny ’інертны, вялы’, балг. гну́сен, серб.-харв. гну̏сан, ст.-слав. гнѫсьнъ і г. д. Прасл. *gnusьnъ. Вытворнае ад *gnus‑, якое параўноўваецца са ст.-ісл. gnúa ’церці’, грэч. χναύω > ’скрэбці, драпаць’. Формы тыпу гню́сны (з палатальным нʼ) тлумачацца экспрэсіўным характарам слова. Гл. Фасмер, 1, 422; Трубачоў, Эт. сл., 6, 184; Брукнер, 147; Слаўскі, 1, 305–306.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Душа́ ’душа і да т. п.’ (БРС). Рус. душа́, укр. душа́, польск. dusza, чэш. duše, серб.-харв. ду́ша, балг. душа́, ст.-слав. доуша. Прасл. *duša, вытворнае з суфіксам ‑j‑ ад *duxъ. Магчыма, аднак, што было ўжо і.-е. слова *dhou̯si̯ā (параўн. літ. daũsios ’паветра; рай’, мн. л.). Гл. Фасмер, 1, 556; Бернекер, 1, 239; вельмі падрабязна Трубачоў, Эт. сл., 5, 164.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Карзі́на ’кашолка’ (ТСБМ, Сл. паўн.-зах., Яруш.), ’кош з лазы’ (Нар. сл., Яшк.), карзінка ’кош’ (Мат. Маг.). Зыходзячы з формы і значэння лексемы корзаць (гл.), карзіна вытворнае ад корзаць: бел. корзаць ’плесці’, укр. корзити ’плесці, моршчыцца’. Магчыма, сюды ж рус. корза ’старая (= маршчыністая)’. Параўн. лат. kur̄za ’маршчына’ (Фасмер, 2, 327). Праз значэнне ’плесці’ корзаць звязана з карзіна. Адносіны ўсходнеславянскіх і латышскіх паралелей няясныя.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Клі́віна ’тое, што і вітка’ (З нар. сл.). Да калівіна. Гл. калівах. Словаўтварэнне ўказвае на зборнасць (Сцяцко, Афікс. наз., 107). Улічваючы, што каліва можа азначаць ’асобна ўзятую сцябліну, саломіну’, вытворнае на ‑іна — ’скрутак, пучок’, чаму семантычна адпавядае клівіна. Некаторая няпэўнасць гэтай версіі заключаецца ў тым, што разгледжаная мадэль адпавядае адпрыметнікавым вытворным, а ў даным выпадку мы маем справу з лексемай, утворанай ад назоўніка.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)