Ара́п ’негр’, ’ашуканец’ (БРС). Рус., укр. арап. Ст.-бел. прыклады з канца XVI ст., таксама арапин, арапчик. Найбольш верагодна ўсходнеславянскае слова з цюркскай, дзе слова вядома ў значэнні ’негр’. Беларускае запазычана з турэцкай ці крымска-татарскай мовы, магчыма, праз украінскую (менш верагодна — праз рускую). Праабражэнскі (1, 7), Шанскі (1, А, 134) лічаць запазычаным з грэчаскай, аднак з грэчаскай запазычана з ‑в‑ на месцы β аравиискъ, аравлянинъ (ст.-слав., ст.-бел. у Александрыі). Саднік-Айцэтмюлер (1, 24) пішуць пра падвойнае (з захаду і ўсходу) запазычанне. Развіццё значэння ’ашуканец’ вядома ў раманскіх мовах, а таксама ў цюркскіх (Дзмітрыеў, Строй, 492); не выключана, але малаверагодна самастойнае развіццё гэтага значэння на ўсходнеславянскай глебе. Супрун, Зб. Крымскаму, 124–125.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
◎ Па́цепнік, паціпнік, пацапнік, пацяпнік, пацемнік, пацэп‑ нік, поцепнік ’драбналессе, хмызняк, кусты’, ’густы невялікі лес’ (Нас., Мядзв., Юрч., ТС), слаўг. поцябнік, поцяпнік ’тс’ (Яшк.), ’дробныя, абцярэбленыя сукі; дробныя дровы з парасніку’ (Нас.; маг., Яшк.), ’дробны лес, які застаўся на месцы высечанага лесу’ (Касп.). Беларускае. Утворана, як і па‑рас‑нік ’малады лес’. У якасці роднасных іншаславянскіх лексем можна ўказаць польск. ciepać, ciepnąć, ćpać, ćpić ’кідаць, кінуць, ціснуць’, ’ударыць’, ’махнуць’ (параўн. фразу: Глядзі, які лес вымахаў/), якія можна зблізіць семантычна са значэннем бел. слова ’дробныя, абцярэбленыя сукі, дровы’. Другая група значэнняў ’драбналессе; густы, невялікі лес на месцы высечанага’ працягвае семантыку літ. stieptis ’выцягвацца, цягнуцца ўверх’, лат. stiepties ’тс’, ’расці’ пра хуткі рост. У гэтым выпадку можна бачыць балтызм.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Сві́гаць (сьві́гаць) ‘бліскаць, мігаць’ (Ласт.), свігну́ць (сьвігну́ць) ‘паказацца, бліснуць’ (Скарбы, Ласт.), сюды ж сьвігаві́ца ‘пробліск у хмары, маланка’ (Ласт.), відаць, і сві́га ‘мінога рачная’ (Скарбы). Магчыма, балтызм, параўн. літ. sviégti, sviégiu ‘кідаць, шпурляць; біць, стукаць’, лат. sviêžu ‘кідаю’. Назва міногі, хутчэй за ўсё, звязана з хуткімі рухамі і яркай афарбоўкай. Параўн. аднак укр. дыял. шви́гати ‘кідаць, шпурляць’, што, магчыма, сведчыць пра славянскі характар слова. Куркіна (Диал. структура, 126) са спасылкай на Пятлёву (ОЛА 1974, 125–129) супастаўляе беларускае сьві́гаць ‘бліскаць’ з славен. svígati ‘хутка рухацца, мільгаць’, рус. дыял. свигать ‘гуляць, шляцца’, што дае падставы для рэканструкцыі прасл. *svigati, роднаснага літ. svaĩgti ‘ганяць, ездзіць туды-сюды; круціцца’, svíegti ‘паварочваць, кідаць, біць’ < і.-е. *su̯ei‑g‑ ‘згібаць, гнуцца, круціць’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Стэп ‘бязлесная раўніна, пусташ’ (ТСБМ, Ласт., Байк. і Некр., ТС), сцеп (сьцеп, степ) ‘тс’ (ТС, Бяльк., Косіч). Параўн. укр. степ, рус. степь. Мяркуецца, што з’яўляецца метафарычным пераносам у геаграфічную тэрміналогію анатамічнага тэрміна прасл. *stьpь ‘хрыбет, спіна (у жывёл)’, параўн. рус. степь ‘хрыбет, спіна (у быка, каровы, каня, сабакі)’, гл. Мяркулава, Этимология–1968, 86–91), харв. stȃpi ‘свіныя лапаткі’, stȇpi ‘кавалак свінога мяса з лапаткамі’ (Борысь, Etymologie, 407–408), утворанага з дапамогай суф. ‑ь (< ‑ĭ‑) ад асновы, засведчанай у літ. stìpti ‘затрымлівацца, марудзіць; цапянець’, stiprùs ‘моцны, цвёрды’, лат. stipt ‘рабіцца цвёрдым’, лац. stipes ‘пень, калода’ (< і.-е. ste̯ip‑, stip‑). Іншыя версіі гл. Фасмер, 3, 755–756; ЕСУМ, 5, 409. Беларускае слова, відаць, з украінскай і/ці рускай моў.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Асігна́цыя. У Гарб. адзначана assignatio ў розных значэннях: ’распараджэнне, квітанцыя, прызначэнне’. Рус. ассигнация (у канцы XVII ст. з польскай — Вінаградаў, Очерки, 51; Шанскі, 1, А, 161), укр. асигнація, паводле Паўтарака, як і беларускае, з польскай, дзе з заходнееўрапейскіх (Бел. лекс., 153), польск. asygnacja мае крыніцай лац. assignatio. Слова asygnować сустракаецца ў польскай з XVI ст.; цалкам верагодна, што бел. асігнаваць сапраўды з полькай, калі гэта слова сустракалася ў старабеларускай, што, аднак, невядома. Асигнация ў стараўкраінскай вядома з канца XVIII ст. у кантэксце, які ўказвае на рускую крыніцу запазычання (рускія асігнацыі былі ў хаду з 1796 да 1843 г.). Да XVII ст. asygnacja не засведчана і ў польскіх слоўніках. Таму можна дапускаць, што асігнацыя запазычана з рускай мовы ў канцы XVIII — пачатку XIX ст.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Атну́ць ’бесперапынна, раз за разам’ (Сцяц.). Ст.-слав. отънѫдь ’зусім, галоўным чынам’. Паводле Міклашыча, 217, падтрыманага Ван Вейкам, IF, 30, 386–388, з otъ + nǫd‑ь, дзе корань супастаўляецца з рус. нужно, нужна і пад. Рус. форма отнюдь, якую Шанскі (КЭСРЯ, 318) лічыць запазычанай з стараславянскай, магла б тлумачыцца мяккаснай асіміляцыяй. Аднак Мейе (Études, 158 і наст.) прапануе іншае тлумачэнне. Першаснай формай тады лічыцца *otьnǫdъ, і корань (‑ьn‑) супастаўляецца з адзін, іншы і г. д. Гэта быццам бы лепш тлумачыць рускае мяккае н, а таму прымаецца Фасмерам, 3, 172. Нельга выключыць, што тут маем супадзенне двух слоў: стараславянскае і беларускае ўказваюць на значэнне ’заўсёды’ і могуць этымалагізавацца паводле Міклашыча, а руская форма са значэннем ’ні ў якім разе’ можа мець паходжанне з кораня in згодна з меркаваннямі Мейе і інш.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Ахіне́я ’бязглуздзіца, выдумка’, укр. ахінея, рус. ахинея. Звычайна лічыцца т. зв. семінарысцкім словам, узнікшым на базе спалучэнняў тыпу «афинейские плетения», «ахинейская премудрость» сумбурная, цяжкая для зразумення прамова’ ад грэч. ἀθηνατος ’афінскі’ (з Афін), гл. Фасмер, 1, 97; Рудніцкі, 1, 43; паводле Шанскага, 1, А, 180, беларускае і ўкраінскае словы з рус. ахинея. Згодна з Вінаградавым (РР, н. с., 3 (1928), 28–46), ад хинить ’лаяць, ганьбіць’, хинь ’бязглуздзіца, глупства’ з адлюстраваннем на пісьме акання, што сведчыць пра паўднёварускае паходжанне слова (аднак пры гэтым не ўлічваецца, што зыходныя словы вядомы пераважна на паўночнай тэрыторыі). Па семантыцы бліжэй да царкоўнаславянскага (серб.) хынити ’хлусіць’, серб.-харв. хи́нити ’прытварыцца, быць няшчырым, хлусіць’, якія фанетычна адпавядаюць польск. chynąć, бел. хі́нуць ’сагнуць’, параўн. прастамоўе загнуць, загібаць, ’выдумляць, гаварыць бязглуздзіцу’, а таксама мсцісл. пускаць хі́нню ’марнатравіць’ (Юрч. Фраз. 2).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Кло́пат 1 ’неспакойная думка пра што-небудзь’ (ТСБМ, Нас., Шат., Касп., Сержп. Грам., Гарэц., Сцяшк., КЭС, лаг., Ян.). Гл. клапаціцца. Насуперак Кюнэ (Poln. 64) не з’яўляецца пранікненнем з польск. kłopot.
Кло́пат 2 ’квактанне’ (Сл. паўн.-зах., Яруш.). Утварэнне на ‑otъ ад гукапераймальнага дзеяслова. Гл. клопалка.
Клопат 3 ’у жорнах дошчачка ад жалабка, якая прыціскаецца да чатырохграннай часткі корбы і пры вярчэнні механічна рэгулюе перадачу зерня на камень’ (Нар. словатв., Выг., Кліх, Дразд.). Укр. клопіт ’тс’, польск. kłopot ’тс’. Да прасл. klopotъ ’стук, шум’, але ў значэнні ’частка жорнаў’ толькі польскае, беларускае і ўкраінскае. Паколькі рускія дыялекты (апрача заходніх) практычна не ведаюць гэтага слова, можна меркаваць аб тым, што яно ўзнікла як тэхнічны тэрмін на польскай моўнай глебе і адтуль распаўсюдзілася на беларускі і ўкраінскі арэалы (Смулкова, Бел.-польск. ізал., 117).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Садэ́нне ’нутро (сын бацьку ўсё садэньне пірывярнуў сваім былаўством)’ (Бяльк.). Ізаляванае слова. Цвёрдасць ‑д‑ указвае на запазычанне, хутчэй за ўсё з польскай мовы, але ў польскай эквівалента няма. Відаць, рэгіянальнае ўтварэнне ад кораня ден‑, які ў ст.-польск. denna, denna niemoc ’артрыт, хвароба суставаў’ і, далей, у чэш. dna ’падагра’, ст.-рус. дна ’тс’, балг. дыял. дънек ’кішкі’, дъняк ’сляпая кішка’, якія ўзыходзяць да прасл. *dъno ’дно’, якое ўжывалася таксама ў значэнні ’ніжняя частка цела’, параўн. польск. дыял. dno ’матка’, укр., дна ’тс’; па хворай частцы цела была названая і хвароба. Параўн. Зубаты, Studie I, 922; Фасмер, 1, 517; Слаўскі, 1, 149; Махэк₂, 121; БЕР, 1, 457. Такім чынам, беларускае слова можна рэканструяваць як са‑денн‑je з суф. зборнасці ‑ьje, прыстаўка са‑ тыповая для магілёўскіх і гомельскіх гаворак.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Арты́кул ’невялікае сачыненне, частка дакумента; тып вырабу’ (БРС, КТС, Касп., Нас.). У старабеларускай пісьменнасці ўжо з 1388 г. у форме артыкулъ ’частка дакумента’ з лац. articulus (Гіст. мовы, 1, 53; Гіст. лекс., 110; Вясноў, Бел. лекс., 35), магчыма, праз польскую (Крапівін, Бел. лекс., 88; Гіст. лекс., 90), супраць чаго фіксацыя слова ў польскай мове з XVI ст. У «Нашай ніве» пачынаецца паслядоўнае ўжыванне слова ў значэнні ’невялікае сачыненне’ (Шакун, Гісторыя, 300), магчыма, пад польскім уплывам. Першаснае лацінскае значэнне articulus ’частка’ (ад artus член’) дало магчымасць развіць значэнне тавар’ (ням. Artikel, польск. artykuł), адкуль, напэўна, і рускае, беларускае ’тып тавару’ (Шанскі тлумачыць рус. артикул ’тып тавару’ як семантычнае ўтварэнне на базе значэння ’параграф’ у XX ст. — 1, А, 148, аднак гэта не вельмі пераканаўча, таму што ў рускай значэнне ’параграф’ у той час не было пашырана: ужо Даль адзначаў яго як архаічнае).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)