Райці́ннікі ’выхавацелі і пастухі коней’ (Карскі, Труды, 320), ст.-бел. ройтиник (з 1510 г.) ’шляхціч (’путный боярин’) вялікага князя’, ’даглядчык коней, конюх, канявод’. Лічыцца запазычаннем з літ. raĩtininkas ’вершнік’ (Лаўчутэ, Балтизмы, 94). Трэба думаць, што літ. raĩtininkas утворана паводле мадэлі dainininkas ’спявак, пясняр’ (< daina ’песня’), mokslininkas ’вучоны’ (< mokslas ’навука’) і інш., адсюль raĩtininkas, магчыма, ад літ. raitija ’конніца, кавалерыя’, што, імаверна, звязана з ням. reiten ’ехаць’, Reiten ’язда на кані’. Такім чынам, у якасці здагадкі, паколькі бел. райціннік мае іншую афіксацыю, можна дапусціць самастойнае яго ўтварэнне пры дапамозе суф. ‑нік непасрэдна з ням. *reiten‑nik, магчыма, з прамежкавай аддзеяслоўнай формай *райцінне ’язда на кані’. Падобна, як і ст.-польск. rojćnicki (1561 г.) створана з уласнай патранімічнай суфіксацыяй < *rejtьn‑icki. Гл. таксама ройтаннік.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Талма́ч ’перакладчык’ (Некр. і Байк., Варл., Скарбы), то́лмач ’тс’ (Янк. 1), ст.-бел. толмачъ ’перакладчык, тлумачальнік’ (Ст.-бел. лексікон); сюды ж талма́чыцъ ’перакладаць’ (Варл.), ’тлумачыць’ (Ян.), толмачыць ’тс’ (ТС). Укр. товма́ч, толма́ч, рус. толма́ч, польск. tłumacz, в.-луж. tołmač, чэш. tlumač, славац. tlmač, славен. tolmá, серб.-харв. ту́ма̑ч, балг. тълма́ч, макед. толмач ’перакладчык, тлумачальнік’. Старажытнае запазычанне, мяркуецца прасл. *tъlmačь, з цюркскіх моў, найбольш блізкімі да славянскіх формаў з’яўляецца палавец. і караім. tolmač ’перакладчык, тлумач’ (Булыка, БЛ, 23, 67), параўн. таксама кыпч. tylmač, казах. tilmäč, тур. dilmač, ст.-цюрк. tïlmači ’тс’, што звязаны з цюрк. til ’мова’ (ЕСУМ, 5, 588; Фасмер, 4, 72; Брукнер, 572). Паводле Глухака (643), вандроўны тэрмін, які ў цюркскіх мовах зблізіўся з dyl, dil ’мова’ і мае аналагічныя семантычныя адпаведнікі ў іншых мовах.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тулу́п ‘доўгі кажух’ (Бяльк.), ‘кажух’ (Сцяшк., Пятк. 2, ПСл), ‘тс’ (валож. і ўсх.-бел., ЛА, 4). Відаць, запазычана з рус. тулу́п ‘тс’, параўн.: “Доўгі да пят кажух прамога крою з шырокім каўняром называўся тулупам. Служыў ён дарожным адзеннем і быў характэрны для Магілёўскай губерніі” (Бел. нар. адзенне, 60), а таксама, магчыма, праз дэфармаваную назву tołpy мн. л. у польскай гаворцы на беларускай аснове на Сейненшчыне: długʼe takʼe kožuxʼi šylʼi, tolpy nazywalʼі (Тэксты, 24); у каментарыі Т. Зданцэвіча ідэнтыфікуецца з tołuby, гл. тулаб. Змяшэнне названых лексем дэманструе tołúp ‘туша, сала, цалкам знятае са свінні, якое потым рэжуць на кавалкі’ (Пятк. 1, 134), tołúb, túłub ‘тс’ (Пятк. 3, 7, 340). Сюды ж тулу́павішча ‘тулава’ (воран., Сл. ПЗБ) у выніку кантамінацыі лексем тулу́п і ту́лавішча (гл. тулава).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Біндзю́га ’край зямлі непасрэдна над возерам ці над рэчкай’ (Мат. Гродз., Сцяшк. МГ). Здаецца (параўн. і геаграфію слова), запазычанне з польск. binduga ’месца каля ракі, дзе кладуць лес на сплаў’ (а гэта, як мяркуе Брукнер, 27, можа быць звязана з рус. бендюга, биндюга, бендюжник). Параўн. ст.-бел. бендюга ’месца сплаву лесу’ (Булыка, Запазыч.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ва́хта1 ’вахта, пост’ (Нас., БРС). Ст.-бел. вахта (з XVI ст.; Булыка, Запазыч.). Рус. ва́хта, укр. ва́хта. Запазычанне з польск. wachta < ням. (Гараеў, 40; Фасмер, 1, 280; Шанскі, 1, В, 27) або прама з ням. Wacht (Праабражэнскі, 1, 68).

Ва́хта2 ’хвалі на рацэ; кругі ад кінутага ў ваду прадмета’ (Сцяц.). Няясна.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Вершнік ’коннік, верхавы’ (Яруш.). Укр. ве́ршник ’чалавек, які едзе на кані’, паўн.-рус. ве́ршник ’коннік’. У бел. мове кніжнае, запазычанае, відаць, са ст.-рус. вершникъ ’коннік’ (з XVI ст.). У рус. гаворках роднаснымі з’яўляюцца ве́ршний, вершно́й ’верхні, коннік’, табол. ве́ршна ’спіна каня’ (СРНГ, 4, 176). Лексема ўзнікла ў выніку субстантывацыі прыметніка vьrxьnъ.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ветэрына́р (КТС, БРС), сюды ж сапсаваныя дыялектныя формы віціна́р, веціна́р (КТС, Сцяшк. МГ, Мат. Гом.), а таксама ветэрынарыя, ветэрынарны, ветэрынарскі. У бел. мову запазычана з рус. < ням. Veterinär < лац. veterinarius < лац. veterīnus ’цяглавая скаціна’ < першасн. veheterinus < vehere ’ехаць’ (Фасмер, 1, 306; Шанскі, 1, В, 78; КЭСРЯ, 78; БЕР, 1, 138; Голуб-Ліер, 506).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ледзь ’нямнога’ (ТСБМ, Гарэц., Бяльк., Касп., Шат., Яруш.), стол., драг. лэдь (Нар. лекс.), ледзь ’насілу, з вялікімі цяжкасцямі; ледзьве’ (ТСБМ, КЭС, лаг.), ледзь‑ледзь ’зусім трошкі’ (Шат.). Укр. ледь ’ледзь’, ’ледзь-ледзь’. Бел.-укр. ізалекса, якая ўзнікла ў выніку скарачэння ледзьве (< ledъvo), пасля чаго з’явілася мяккае д > дзʼ (В. Мартынаў, вусн. паведамл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ле́йстры ’рэестр’ (Мядзв.), ’запісная кніга гандляра з даўгамі’ (Шат.), ст.-бел. лейстръ і інш. гл. Булыка, Запазыч., 277. Укр. лейстер ’рэестр’, лейстровик ’рэестравы казак’. Запазычана з польск. rejestr, rejestry, якое з с.-лац. regestrurtK < лац. regestum ’запісанае’ (Фасмер, 2, 460; Шат. 146). Пачатковае л‑ у выніку распадабнення рр. Гл. таксама рэестр.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ле́ля, лёля, лёлё, люли ’анёл-абаронца’, ’купідон’ (КЭС), рус. лель ’тс’, а таксама прыпеў у песнях лелё, лёлем‑ю, лёлюшки, укр. лелё. Відавочна, да прасл. leleti/lelejati > бел. лялёць (гл.) (Брукнер, 294; Фасмер, 2, 479). Семантычна (вобразнае пераасэнсаванне) сюды можна дадаць і лёля ’кашуля’ (гл.), як покрыва, якое абараняе ад негатыўных уплываў.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)